сук, ‑а, м.

1. Буйны бакавы парастак, які ідзе ад ствала дрэва. То шышка зваліцца з хваіны, То сук збуцвелы ападзе. Астрэйка. Стаяла .. [груша] голая, счарнелая, з вузлаватымі сукамі. Лынькоў. Хочаш — зверху страляй, забраўшыся на ёмкі сук; хочаш — прама з-за дрэва. Курто.

2. Астатак ад зрэзанага бакавога парастка ствала ў дошцы, бервяне. [Арлоўскі:] — Дошкі ў мяне ёсць, толькі вельмі сукаватыя, ёсць без сукоў, ды ў гразі — гэблі патупіце. Чорны. Стаў Максімка да станка, Гэблік сціснула рука. Шмаргануў — на дошцы сук... Дзеружынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уба́віць, убаўлю, убавіш, убавіць; зак.

1. што і чаго. Зменшыць, паменшыць што‑н. (памеры, аб’ём, колькасць і пад.). Убавіць выдаткі. Убавіць цану. Убавіць веку. □ І пасля вайны бярозы не ўбавілі соку. Грамовіч. // Зменшыць, аслабіць сілу чаго‑н. (дзеяння, стану і пад.). Убавіць крок. □ Ні акладу [Купчыну] не знізілі, ні гонару не ўбавілі, прызначыўшы майстрам. Мыслівец.

2. што і без дап. Устараніць, адкінуць што‑н., змяншаючы, скарачаючы (памеры, аб’ём, колькасць і пад.). [Мая:] Гісторыя, Васілій Паўловіч, што тая песня: не ўбавіш, не прыбавіш, як кажуць. Губарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

універсітэ́т, ‑а, М ‑тэце, м.

1. Вышэйшая навучальная і навуковая ўстанова з асобнымі аддзяленнямі (факультэтамі) па розных гуманітарных і прыродазнаўча-матэматычных навуках. Рэктар універсітэта. □ [Сцёпка:] — Я думаю, скончыўшы рабфак, падавацца ва універсітэт. Колас. // Будынак, дзе знаходзіцца гэта ўстанова. // перан. Тое, што дае вопыт, веды без навучальнай установы. [У Лукішках] .. [М. Танк] праходзіў той жыццёвы універсітэт, у якім адбывалася апошняя загартоўка сапраўдных рэвалюцыянераў. Бугаёў.

2. Назва навучальных устаноў па павышэнню агульнаадукацыйных і навукова-палітычных ведаў. Вячэрні універсітэт марксізма-ленінізма. □ [Сакратар партбюро:] — З калгаса прыслалі пісьмо. Універсітэт культуры адкрываюць. Просяць лектара. Марціновіч.

[Ад лац. universitas — сукупнасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што і без дап.

Улажыць, злажыць рэчы ў якую‑н. тару; спакаваць. Кожны хоча даць сваю параду: як і што лепш упакаваць, што пакласці на дно, а што зверху, каб не пацерлася. Шыловіч. — Як добра, што ты нідзе не затрымалася, — сустрэла Кацю Аўдоцця Сямёнаўна. Яна старанна забівала скрынку цвікамі. — Вось упакую і раскажу, што і да чаго. Гаўрылкін. // Умясціць поўнасцю што‑н. Усе.. рэчы я акуратна ўпакаваў у дарожную пляцёнку і ў поўдзень сеў на цягнік. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ускалыха́ць, ‑лышу, ‑лышаш, ‑лыша; зак.

1. што. Прывесці ў рух, прымусіць калыхацца. І нідзе я не змог бы Пражыць ні хвіліны адной.. Без вятроў, што мой Сож І што Волгу маю ўскалыхалі. Кірэенка. / у вобразным ужыв. І працаю вясёлай Напоўніцца прастор, І песняю дзяўчаты Ускалышуць звонкі бор. Русак.

2. перан.; каго. Разм. Узгадаваць, выхаваць, выпесціць. Знаю — шмат ты [Нарач] каго ўскалыхала, Умывала празрыстай вадой І нярэдка бурлівай бывала, Уздымаючы хвалі гарой. Прыходзька. Мяне з маленства ўскалыхала бура. Маё дзяцінства — на шляхах вайны. Ставер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ушало́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што, без дап. і з дадан. сказам.

1. Разм. Зразумець, уцяміць; скеміць. [Тамара] ўслухоўвалася ў гаворку салдат, але, мусіць, таму, што нямецкую мову разумела з пятага на дзесятае, нічога не магла ўшалопаць. Сабаленка.

2. Абл. Узяць, убіць сабе ў галаву. — Ой, ой, які ты дзіўны! — не даючы сыну скончыць, перабіла яго Тадося. — І што ты ўшалопаў сабе? Прыдатны не аддасць за ця-а-бе-э дачкі?.. Хай яшчэ падзякуюць богу, што мы цябе згодны жаніць з ёю. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фала́нга 1, ‑і, ДМ ‑нзе, ж.

1. Баявы парадак пяхоты і конніцы ў старажытных грэкаў, шчыльна самкнуты строй з некалькіх шарэнгаў.

2. перан. Кніжн. Рад, шарэнга каго‑, чаго‑н. Без канца доўгая фаланга чаўноў і лодак упіраецца ў бераг вострымі насамі. Колас.

3. Вялікая абшчына, камуна (у сацыяльным утапічным вучэнні фур’ерыстаў).

4. Іспанская фашысцкая партыя.

[Грэч. phalanx.]

фала́нга 2, ‑і, ДМ ‑нзе, ж.

У анатоміі кожная з трох кароткіх трубчастых костачак пальца.

[Грэч. phalanx.]

фала́нга 3, ‑і, ДМ ‑нзе, ж.

Ядавітая жывёліна класа павукападобных.

[Грэч. phalanx.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хада́йнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., за каго-што, аб кім-чым, са злучн. «каб» і без дап.

Звяртацца з афіцыйнай просьбай аб чым‑н. Неспадзявана захварэла Андрэева маці, якая адна жыла ў вёсцы, і райваенкамат пачаў хадайнічаць, каб радавога Сячнёва дэмабілізавалі раней часу. Чыгрынаў. [Карпачоў:] — Вы [Марына Паўлаўна] прызначаны дырэктарам.. школы. Мы пайшлі насустрач неаднаразовым просьбам і заявам паважанага Івана Паўлавіча і хадайнічалі перад аблана аб вашым прызначэнні. Васілевіч. Цяпер Турава быццам хадайнічала за.. [Мурашку]. Савіцкі. Ездзіў [Мароз] некуды ў цэнтр, хадайнічаў — і хлопца пакінулі ў спакоі. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хны́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Жаласна плакаць, утвараючы адрывістыя насавыя гукі. Леначка крывіла губкі, хныкала, але зноў цэлілася на калені. Дуброўскі. Аднаму хлапчуку, які адарваў адзінае вуха ў плюшавага мядзведзя, [Яўсейчык] паспеў ужо даць кухталя, і малы паціху хныкаў у кутку. Даніленка.

2. перан. Скардзіцца на што‑н.; наракаць. Уладзік, даведаўшыся, што без яго вырашана, каму ісці заўтра ў лес, пачынаў хныкаць: — Усё мне ды мне пасвіць... С. Александровіч. [Чыжык:] — Вось што, Лёнька! Ты вельмі не хныкай. Як-небудзь пражывеш. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шнуро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шнураваць.

2. Р мн. ‑ровак. Шнур або шнурок на якім‑н. адзенні і пад., пэўным чынам размешчаны, працягнуты, а таксама прашнураванае месца. Скрозь слой бруду на блясе цьмяна віднеўся малюнак: бліскучы бот, а побач — чаравік без шнуровак. Карпюк. Шнуроўка колеру зары, Пагляд, што бляск рубінавы, І сарафан агнём гарыць, Каралі — арабініны. Ляпёшкін. // Уст. Частка жаночай сукенкі, якая сцягваецца шнурком; гарсэт. Мураўёўна нізка звесіла галоўку, Бо занадта зацягнулася ў шнуроўку. Багдановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)