слане́чнік, ‑у, м.

1. Аднагадовая травяністая расліна сямейства складанакветных з буйным жоўтым суквеццем на высокім сцябле (вырошчваецца ў асноўным для атрымання алею з насення). На палях, апрача пшаніцы, рассцілаюцца цэлыя лясы сланечніку. Пестрак. Ніжэй згіналі цераз плот цяжкія шапкі цыбатыя сланечнікі. Адамчык.

2. Насенне гэтай расліны, якое ядуць як ласунак. [Максім Сцяпанавіч:] — І танцаваць не ўмею. Не навучыўся, бачыш, у маладосці, бо гэта, як і лусканне сланечніку, страшэнным мяшчанствам лічылася. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тамо́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да таможні. Таможны склад. □ [На цеплаход] узыходзілі чарадой таможныя і паліцэйскія чыны. Мележ.

2. Які мае адносіны да кантролю за правозам тавараў цераз граніцу і збіраннем пошлін за такі правоз. Таможная пошліна. □ З дапамогай таварышаў, якія прыехалі мяне сустракаць, і камандзіра самалёта я хутка адшукаў свае рэчы і прайшоў таможныя фармальнасці. Новікаў. Хочацца хутчэй на бераг, але наперадзе яшчэ непазбежныя таможныя працэдуры. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тараба́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.

Разм.

1. Моцна стукаць, утвараючы шум, грукат. Там, дзе былі сабакі,.. [хлопчык] замаруджваў хаду і, каб раззлаваць іх, тарабаніў палкай па штакецінах. Гамолка.

2. што. Несці што‑н. цяжкае, вялікае, грузнае. Азірнуўся — зямляк-аднакашнік Алесь Садовіч. Ідзе — калыхаецца, чамадан з распёртымі бакамі тарабаніць, а цераз плячо накідка звешваецца. Колас. А пасля .. [Антону] карцела схадзіць на рынак — і ён тарабаніў па вуліцы скрынкі і зэдлікі. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шархо́ткі 1, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які ўтварае шорхат, шуміць, шапаціць. Вецер .. гнаў цераз чыгунку ў шэрую далеч шархоткія статкі лісцяў. Быкаў. Дым імпэтна, нібы хто цягне яго, узвіваецца над гнуткімі шархоткімі лазнякамі і знікае бясследна ў блізкай зусім цемры. Савіцкі.

шархо́ткі 2, ‑так; адз. шархотка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

Абл. Бомы, шамкі. Жарты, відаць, цягнуліся б і далей, каб раптоўны бразгат шархотак на двары не ўзбударажыў усіх. — Маладыя прыехалі!.. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шумаві́нне, ‑я, н.

1. Пена, накіп, шум на супе і пад. пры кіпенні. Пачала закіпаць на трынозе бульба, гонячы шумавінне цераз край і заліваючы агонь. М. Стральцоў. // Пена, якая ўтвараецца пры хваляванні вады на моры, возеры і пад. І зноў чакала [Ірма], пакуль белае шумавінне не выкінула Яругіна зноў на бераг. Карамазаў. // Рознае смецце. Трэба было ўсюды пападграбаць шумавінне, пазвозіць яго на ферму, утаптаць у гной. Сачанка.

2. перан. Разм. Падонкі грамадства.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перагна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак.

1. каго-што. Прымусіць перайсці з аднаго месца на другое; перамясціць. Перагнаць табуны на лепшую пашу. □ Маёр загадаў усе плыты перагнаць у вусце рачулкі, замаскіраваць іх у чароце. Няхай. Навальніца была нядоўга, яе вельмі хутка бокам перагнаў вецер. Сачанка. // Гонячы, прымусіць перайсці, перамясціцца цераз што‑н., куды‑н. Перагнаць статак цераз чыгуначны пераезд. Перагнаць лодкі на другі бераг. □ Спачатку перагналі цераз ручаёк кароў. Следам за імі, падкасаўшы да калень, перайшоў Грыша. Пальчэўскі. // Разм. Гонячы, мінуць, прапусціць які‑н. пункт.

2. каго-што. Рухаючыся хутчэй, апярэдзіць; абагнаць. Алена падхапілася і пабегла .. Але праз некалькі крокаў яе перагналі другія партызаны. Шамякін. // перан. Дасягнуць большых поспехаў у параўнанні з кім‑н., выйсці ўперад у якіх‑н. адносінах. Надоі малака ў іх кароў пайшлі ўверх. Цяпер часта можна было чуць, як Ганна Тамашкевіч гаварыла: — Ого, Тоня, сёння ты перагнала ўсіх — сто пятнаццаць літраў маеш. Шчарбатаў.

3. што. Раскласці, расшчапіць на састаўныя часткі пры дапамозе перагонкі (у 1 знач.); зрабіць перагонку. Перагнаць нафту. Перагнаць малако. // Разм. Ачысціць перагонкай. Перагнаць спірт. // перан. Разм. Перавесці што‑н. у іншы стан, у іншыя велічыні, знакі і пад. У гэтую раніцу быў замаразак, але сонца ўзнялося высакавата, паспела прыгрэць зямлю, перагнаць шэрань на траве ў расу. Дуброўскі. [Навум:] — Ён табе і стог сена вылічыць, і капец абмерае і кілаграмы ў пуды перагоніць. Ермаловіч.

4. каго. Надта стаміць, замучыць яздой. [Бурак Ціхон да Хрысціны:] — Вось і я! Добры дзень у хату! Я даваў табе каня На вяселле к брату? Конь ледзь ногі прывалок, Каня перагнала. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перасадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак.

1. каго. Пасадзіць на другое месца; прымусіць, памагчы перасесці. Перасадзіць вучня на пярэднюю парту. □ Вера перасадзіла Уладзіка на левую руку і дастала з бакавой кішэні ключ. Кулакоўскі. // Перамясціць, памагчы перайсці з аднаго транспарту на другі. Перасадзіць пасажыраў з аўтобуса на тралейбус. // Перавесці на якую‑н. іншую работу або на іншае месца работы. У часе вайны Яўгенію Лучанок перасадзілі з трактара-тралёўшчыка на лесавоз. Сабаленка. // Перавесці для ўтрымання ў другое месца, памяшканне. Перасадзіць птушку ў другую клетку. □ Віця тым часам выняў з Міколавага кошыка трусіка і перасадзіў яго ў свой. Скрыпка.

2. што. Выкапаўшы, пасадзіць (расліну) у другім месцы. Перасадзіць капусту. Перасадзіць вагон. □ Рабіны гэтыя некалі бацька перасадзіў з лесу. Хомчанка. // Перанесці (частку косці, тканкі, орган) для прыжыўлення на другім месцы або ў другім арганізме. Перасадзіць нырку.

3. што. Насадзіць, надзець на што‑н. іншае. Перасадзіць сякеру на другое тапарышча.

4. каго. Падняўшы, перамясціць цераз што‑н., памагчы пералезці цераз што‑н. Перасадзіць дзіця цераз парог.

5. перан.; на што. Разм. Пачаць карміць чым‑н. другім. Перасадзіць на малочную страву. □ Дзён пяць мы харчаваліся нішто: быў яшчэ сякі-такі запас прадуктаў. А потым .. перайшлі на Барысава ўтрыманне. Перш-наперш ён перасадзіў нас на чай. Асіпенка.

6. каго-што. Пасадзіць усё, многае або ўсіх, многіх. Перасадзіць усе дрэвы. Акупанты перасадзілі ў турмы нямала людзей. □ Да нас прыехаў ляснічы Пятро Максімавіч, дзядзька Косця. Яны заставаліся ў нас, пакуль мы не перасадзілі ўсіх сасонак. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кла́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. класці (у 7 знач.). Новы метад кладкі. Кладка сцен. // Спосаб размяшчэння паштучнага матэрыялу, які складваецца. Кругавая кладка снапоў. □ Кладка замка паводле тыпу найбольш блізкая да т. зв. «галандскай», у якой мяшаныя рады чаргуюцца з радамі, пакладзенымі тарчаком. «Помнікі».

2. Частка якой‑н. пабудовы, зложанай з цэглы, каменю. Рабочыя вынялі некалькі цаглін, а затым разабралі ўсю кладку. «Маладосць».

3. Дошка, палена або некалькі пален, пакладзеныя для пераходу цераз раку, балота, гразкае месца і пад. Кладкі аселі на балотнае дно, зараслі мохам, і цяпер не ўсякі ўмее намацаць іх пад вадой, пад імхамі сваёй нагой. Галавач. Пераскакваючы цераз груды, пераходзячы па хісткіх кладках глыбокія канавы, няспынна снавалі людзі. Шамякін.

4. Невялікі драўляны памост на рэчцы, возеры і пад. для чэрпання вады і паласкання бялізны. Мыла дзяўчынка бялізну кужэльную ў крыніцы. Стаяла яна на кладцы. Бядуля.

5. Адкладванне яец (у насякомых). Назіранне над кладкай яец матылямі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэлегра́ф, ‑а, м.

1. Від сувязі, які забяспечвае хуткую перадачу паведамленняў на далёкую адлегласць пры дапамозе электрычных або светлавых сігналаў. Найвялікшае шчасце выпала на долю беларускага юнака. Ён па тэлеграфе перадаваў народу ленінскія дэкрэты аб міры і аб зямлі. Мяжэвіч. Ужо ў дзень 25 кастрычніка (7 лістапада) 1917 года тэлеграф прынёс у гэты дом вялікую радасную, хвалюючую вестку аб рэвалюцыйным паўстанні працоўных Петраграда. «ЛіМ». // перан. Перастук цераз сцяну як від сувязі зняволеных. Але Максім не паў духам — ён цвёрда вырашыў авалодаць гэтым турэмным тэлеграфам і пачаў трэніравацца. Машара. Адзінай формай .. зносін [Каладкевіча і Паліванава] быў турэмны тэлеграф — перастук цераз сцяну. Мехаў.

2. Спецыялізаванае прадпрыемства сувязі, якое ажыццяўляе перадачу, прыём і дастаўку тэлеграм, а таксама будынак, дзе знаходзіцца такое прадпрыемства. На плошчы — цэлы архітэктурны ансамбль прыгожых адміністрацыйна-грамадскіх будынкаў, а насупраць — універсальны магазін, пошта, тэлеграф. Грахоўскі.

3. Апарат, які перадае і прымае такія паведамленне. Адстукалі тэлеграфы віншавальныя тэлеграмы мантажнікам-вышыннікам, адсвяткавалі будаўнікі сваё вялікае свята. Дадзіёмаў.

[Ад грэч. tēle — далёка і graphō — пішу.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Арба́1 (БРС). Рус. арба́, араба́, укр. гарба́, рэдка арба́ ’павозка’, араба́, гараба́ ’цыганскі, малдаўскі ці татарскі воз’, польск. arba, чэш. arba (экзатызмы). Заходнеславянскія формы запазычаны праз рускую мову. Крыніца рускага слова, напэўна, татарская (Дзмітрыеў, Строй, 521); экзатычнае значэнне ўказвае на крымска-татарскую і азербайджанскую магчымыя крыніцы запазычання слова. Параўн. Фасмер, 1, 83; Шанскі, 1, А, 135. Гараеў, 5, слушна звярнуў увагу і на наяўнасць слова не толькі ў цюркскіх, але і ў іншых каўказскіх мовах, напрыклад у асецінкай, што садзейнічала пранікненню слова ў рускую мову. Бел. арба мае цюркскую крыніцу, але не без падстаў Крукоўскі (Уплыў, 74) адзначаў ролю рускай мовы ў перадачы слова да беларускай.

А́рба2 ’старажытнай прылада’ (Касп.). Параўн. арфа2 ’веялка’ (гл.). Субстытуцыя б — ф цераз п (арпа); нельга выключыць, што бел. арба < літ. дыял. árba ’арфа (веялка)’ (LKŽ), хаця літоўская форма зарэгістравана на паўночным захадзе.

Арба́3. Назоўнік ад дзеяслова араць (з суф. -ба).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)