Маляры́я, лудз. малярэй, круп. малярэя ’інфекцыйнае захворванне з характэрным для яго прыступам ліхаманкі’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ). З рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 88), у якой маляри́я паходзіць з італ. malaria < mala aria ’дрэннае паветра’ (malo з лац. malus ’дрэнны’). Меркавалі, што выпарэнні з балот былі прычынай ліхаманкі (Голуб-Ліер, 300).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Манта́ж ’зборка і ўстаноўка машын, збудаванняў з гатовых частак’, ’падбор і аб’яднанне асобных частак мастацкага твора ў адно цэлае’ (ТСБМ). З польск. або рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 83), у якіх з франц. montage ’пад’ём, зборка, устаноўка’ (Лёхін, 462) < monter ’выцягваць у вышыню, устанаўліваць’ < лац. montare < mons, Р. скл. montis ’гара’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Памяра́нец ’субтрапічнае вечназялёнае цытрусавае дрэва з аранжава-чырвонымі пладамі; плод гэтага дрэва’ (ТСБМ). З рус. помера́нец ’тс’ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 89), якое ў рус. мове запазычана з ням. Pomeranze ’горкі сорт апельсінаў’ ад італ. pomo ’яблыкі’ і arancia ’апельсін’. Апошняе слова з перс. (Мацэнаўэр, 280; Клюге-Гётце, 452; Фасмер, 3, 322).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Памідо́р ’аднагадовая агародная расліна сямейства паслёнавых з чырвонымі або жоўтымі пладамі, прыдатнымі для яды; плод гэтай расліны’ (ТСБМ, Кіс.), памідо́ра, памідо́рына ’плод памідора’ (Янк., Янк. 1). З рус. помидо́р(ы) ’тс’ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 73, 88), дзе запазычана з італ. мн. pomidʼoro < pomo dʼoro літар. ’залаты яблык’ (Фасмер, 3, 323).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Папуга́й ’трапічная лясная птушка з яркім стракатым апярэннем, якая здольна пераймаць розныя гукі’ (ТСБМ). З рус. попуга́й ’тс’ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 87 і наст.). У рус. мове праз зах.-еўрап. мовы са ст.-франц. papegai, ісп. papagayo ад араб. babaghā (гл. Фасмер, 3, 328; там жа і інш. літ-ра).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пацёк, пацёкі, поцёк ’рагі, струменьчыкі, ручаі’, ’зацёкі’, ’кровападцёкі’ (Нас., Грыг., Юрч., Сл. ПЗБ, Ян., ТС; в.-дзв., Шатал.), пацёкі, поцяк(і), поцягі, паця́гвіны ’мокрае месца, тонкія ручайкі на крынічным месцы’ (слаўг., Яшк.). Да па‑ (< прасл. po‑) і цячы́ (гл.). У лексемах з ‑г‑ (замест ‑к‑) уплыў народнай этымалогіі — ад’ідэацыя з цягну́цца.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вібра́цыя ’рытмічнае хістанне пругкага цела’ (КТС, БРС). Запазычана праз рус. мову (Крукоўскі, Уплыў, 89) з франц. vibration ’хістанне, ваганне’ (Шанскі, 1, В, 91) < лац. vibratio < vibrare ’дрыжаць, хістацца’ (Даза, 750). Не выключана магчымасць запазычання з польск. wibracja, асабліва з музычнай тэрміналогіі. Сюды ж вібрант, вібратар, вібрацыйны (КТС, БРС), вібрыён (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Лейтэна́нт ’афіцэрскае званне’, ’асоба, якая носіць гэта званне’ (ТСБМ). З рус. лейтенант ’тс’ (з XVII ст.), якое праз ням. Leutenant з франц. lieutenant ’тс’, а першапачаткова ’намеснік’ (< lieu ’месца’ + tenant ’які займае’ — калька з с.-лац. locum tenens ’тс’) (Клюге₁₇, 437; Фасмер, 2, 477; Слаўскі, 4, 123; Крукоўскі, Уплыў, 82).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ветэра́н ’стары, бывалы воін; чалавек, які даўно працуе ў якой-небудзь галіне дзейнасці’ (КТС, БРС). Запазычана з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 76) < франц. vétéran < лац. veteranus < vetus, veteris ’стары’ (Фасмер, 1, 306; КЭСРЯ, 78; Шанскі, 1, В, 78; БЕР, 1, 138; Махэк₂, 686). Не выключана магчымасць запазычання з польск. мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Во́браз ’мастацкае адлюстраванне ідэй і пачуццяў у гуках, словах, фарбах і інш.’; ’створаны мастаком ці акцёрам характар, тып’ (БРС, КТС); ’абраз’ (БРС, КТС, Нас., Касп., Шат., Мал.). Гл. абраз. Першае і другое значэнні з’явіліся пад уплывам рускай мовы (Крукоўскі, Уплыў, 149). Дэрываты вобразны і вобразнасць — гэта калькі адпаведных рускіх слоў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)