пільнава́ць, ‑ну́ю, ‑ну́еш, ‑ну́е; незак., каго-што.

1. Наглядаць, назіраць, вартаваць, сцерагчы. Коней папраўдзе не трэба было пасвіць, толькі пільнаваць ад ваўкоў, якіх у Маргах вадзілася шмат. Чарнышэвіч. Пільнуй гаспадаркі, будуць у гаршку скваркі. Прыказка.

2. Падсцерагаць, сачыць. Зноў пільнаваў Глушак, як Апейкавы вочы бегаюць па паперы, загадзя прагнуў уведаць свой лёс. Мележ. [Рыгор:] — Ці ж гэта ты знарок дагэтуль стаяў за плотам ды пільнаваў мяне? Гартны. Аднаго разу чатыры чалавекі па чарзе пільнавалі выдру шэсць тыдняў і не маглі злавіць. Маўр.

•••

Чужую хату пільнаваць — бавіць, траціць час у суседа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыскака́ць, ‑скачу, ‑скачаш, ‑скача; зак.

1. Скачучы, наблізіцца да чаго‑н., апынуцца дзе‑н. Тады падняўся з кювета і на адной назе прыскакаў да машыны той баец, што назваўся шафёрам. Кулакоўскі. [Вавёрка] учора была на гэтай яліне і пакінула некалькі нераструшчаных шышак, каб заўтра прыскакаць і датрушчыць іх. Лобан.

2. Прыехаць на кані наўскач (верхам або ў экіпажы, фурманцы). Неўзабаве на плошчу прыскакалі казакі. Гурскі. Запраглі мы па пары коней лепшых, расселіся на дзве фурманкі ў форме паліцаяў ды без супынк[у] ад лесу да Дабрадзееўкі гадзіны за дзве і прыскакалі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упра́ўны, ‑ая, ‑ае.

Спрытны і жвавы ў рабоце. Стала.. [цётка] жвавая, упраўная, усё ў руках гарыць: снеданне гатуе, .. па бадоўлі цесляру памагае. Сяркоў. [Анішчук:] Упраўная [Вясніна] каля работы. Калі возьмецца ці то араць або касіць, работа ў яе гарыць. Гурскі. / Пра рухі, рукі. [Салдаты] ўпраўнымі, звычнымі рухамі земляробаў, не разгінаючыся, моўчкі закідвалі тугімі лустамі.. зямлі вузкую, чорную яму. Самуйлёнак. // Які паспяхова спраўляецца са сваімі абавязкамі. Чалавек, што памагаў.. [Марыне] сеяць,.. распрагаў коней і пахмура бубніў: — Твой дзевер, Марына, вельмі ж упраўны. Куды ні прыеду, а ў яго ўжо гатова. Узарана і пасеяна. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пла́віць1 ’сплаўляць (лес)’ (в.-дзв., лід., Сл. ПЗБ; ТС; Варл.), укр. пла́вити, рус. пла́вить ’сплаўляць па вадзе, гнаць з плынню’, ст.-рус. плавити ’тс’ (1504 г.), ’перапраўляць уплаў коней’, польск. pławić ’сплаўляць тавар’, ’купаць (скаціну)’, ’акунаць у ваду, рабіць так, каб нешта плыло’, н.-луж. plawiś ’сплаўляць (лес)’, ’купацца’, в.-луж. plawić ’сплаўляць’, чэш. plaviti, славац. plaviť, славен. pláviti ’тс’, серб.-харв. пла̏вити ’разлівацца (пра ваду) у разводдзе’. Прасл. *plaviti — каўзатыў да прасл. *pluli > плысці, плыць (гл.).

Пла́віць2 ’пераўтвараць цвёрдае цела ў мяккае шляхам награвання’ (ТСБМ), укр. пла́вити, рус. пла́вить, стараж.-рус. плавити (1229 г.), польск. старое pławić (з 1466 г.), чэш. plaviti, славац. plaviť, славен. plavíti. Прасл. *plaviti ’тс’ — каўзатыў да прасл. *pluti ’плысці’ < і.-е. *pleu̯‑ ’цячы’ (Бязлай, 3, 51; Банькоўскі, 2, 621).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ле́шчаткі, лэшчаткі ’хірургічныя шыны’ (брэсц., Нар. лекс.; драг., Сл. паўн.-зах.), ’расшчэпленая палка’ (Сцяшк. Сл.), (к)ляшчоткі ’прыстасаванне для пакладання жывёл’, ’дошчачкі, якія ўдараюцца адна аб адну для атрымання гуку’, лешчотка ’драўляныя ціскі’ (ТС). Укр. лещата, лёшчати ’шчамлёткі’, ’шыны’, ’ляшчоткі для пакладання коней’, рус. лещотка ’тс’, лещадь ’распілаваная палка, жэрдка для здымання фруктаў з дрэва’, польск. leszczota, leszczoty, leszczotki ’шыны’, ст.-польск. leszczotka ’расшчэпленае паленца, якое ўжывалася для пакладання’, магчыма, чэш. мар. lesta ’дошчачка, на якую вешаюць карціны’. Паўн.-прасл. lešce‑etь, leščetka, leščedъ, роднасныя да leskati, leščati, — паводле Бернекера (1, 702). Больш падрабязна гл. Куркіна (Этимология–1974, 47–49), Фасмер (2, 491), Слаўскі (4, 174–176). Сюды ж з семантычным пераносам (паводле падабенства) лексема лешчаткі ’сцёгны’ (свісл., Шатал.). Гл. таксама ляшчоткі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

злодзей, раскрадальнік; зладзюга (разм. пагард.); тарбахват (разм.) / што крадзе з узломам: узломшчык / што крадзе з кішэні: кішэншчык / што крадзе коней: канакрад / што крадзе ў лесе: парубшчык

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

паклапаці́цца, ‑пачуся, ‑поцішся, ‑поціцца; зак.

1. Патурбавацца, панепакоіцца з выпадку чаго‑н., каб забяспечыць кім‑, чым‑н. Здаецца, можна было б і адпачыць трохі цяпер. Але адпачынак не ў дзядзькавай натуры: цяпер якраз і аб зіме час паклапаціцца. Колас. [Камлюк:] — Паклапаціся пра коней, калі матацыкл не наладзіш. М. Ткачоў. — Хлопцы, паклапаціцеся адносна вячэры. Машара.

2. Праявіць клопат аб кім‑, чым‑н. — Калі не хочаш, падумаць пра сябе, дык пра сына паклапаціся. Пальчэўскі. — Вы ж разумееце, што да восені мы павінны пасяліць маладых рабочых у інтэрнат, паклапаціцца, каб у іх было цёпла, светла і ўтульна, і абавязкова — весела, — працягвае Катаводаў. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лёт, ‑у, М лёце і на ляту́, м.

Дзеянне паводле дзеясл. лётаць (гл. лятаць у 1 знач.) і ляцець (у 1–5 знач.). Дзеці доўга пазіралі за лётам шэршняў. Рылько. Здаецца, думак быстры лёт выразна кожнаму чуцён — такая ціш. Вялюгін. Варанецкі хапаецца за білы, ловіць лейцы, каб спыніць лёт .. коней. Дуброўскі.

•••

З лёту — з разбегу, хутка рухаючыся. З лёту Верачка абхапіла Барыса, прытулілася да яго грудзей. М. Ткачоў.

Лавіць на ляту гл. лавіць.

На ляту — у час лёту, руху ў паветры. [Талімон:] — Былі зімы, што ад марозу дух займае.., птушка на ляту падае... Кулакоўскі.

Страляць (біць) у лёт гл. страляць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нараві́сты, ‑ая, ‑ае.

Упарты, з норавам (звычайна пра коней). — У майго бацькі быў конь наравісты, дык як стане, як укопаны. Хоць кол на галаве чашы — ні з месца.. — гаварыў меднабароды Язэп Рудзько. Дуброўскі. [Ячны:] — Кабыла ў .. [Цупрона] была наравістая. Упудзілася раз і панясла з гары. Брыль. // Разм. Натурысты, капрызны (пра ўпартага чалавека). Але ж і наравісты хлопец! Далі ім тут, відаць, волю. Во ён табе, упёрся, як баран. Савіцкі. // Які выражае ўпартасць, наравістасць. Наравісты характар. / у перан. ужыв. Як выцягнутае срэбнае вужышча з дзесяткамі, сотнямі, тысячамі прыгожа акругленых кален павіваецца, бы пасмейваецца на сонцы, стары наравісты Нёман у высокіх берагах. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пале́гчы, ‑ляжа; ‑ляжам, ‑ляжаце, ‑лягуць; пр. палёг, ‑лягла і ‑легла, ‑лягло і ‑легла; зак.

1. Прыняць ляжачае, гарызантальнае становішча — пра ўсіх, многіх. Мужчыны пазаганялі коней у лозы і паляглі тут жа ў засені. Хадановіч. Калі дзеці палезлі спаць, Іван Пракопавіч падышоў да этажэркі, да кніг. Навуменка.

2. Прыгнуцца сцяблом да зямлі (пераважна пра збожжавыя расліны). Палягло на вытаптанай і размоклай зямлі пацямнеўшае жыта. Лынькоў. Густая, рослая трава палегла, пераплялася, зблыталася. Сачанка.

3. перан. Быць забітым, загінуць — пра ўсіх, многіх. Але суровы лёс салдацкі Ім выпаў — выжыць не змаглі. Ляжаць яны ў магілах брацкіх — За мір, за шчасце паляглі. Ляпёшкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)