Ту́бель ‘від гэбля’: тубелям дзелаюць філінговыя дзверы (свісл., Шатал.), ту́блі выбіраюць вузкія фальцы на абшыўцы (Сцяшк.). Не зусім ясна. Відаць, з ням. dóppelt, ці ⁺Doppelhobel ‘гэбель, які выбірае падвойныя пазы’ (гл. яшчэ дубальт).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тушні́ ‘від туфель’ (Касп.). Няясна. Лаўчутэ (Балтизмы, 134) упершыню аднесла слова да балтызмаў, прыняўшы кантамінацыю літ. pùšnys ‘доўгія боты ў паляўнічых і рыбакоў’ ад puškė́ti ‘брысці па вадзе’ і туфлі (гл.), што малаверагодна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Нарэ́чанька ’назва танца’ (светлаг., чач., Мат. Гом.), наричэнька ’від танца’: Нарэчэньку танцэвалі по парах, адзін подпеваў (ТС), «на рэчаньку» ’тс’ (Полымя, 1988, 8, 175). Ад слоў песні, якой суправаджаўся танец: «Выйду я на рэчаньку…»
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Аблі́чча ’аблічча, твар, воблік’ да прасл. ob‑lik‑ije, гл. лік. Бел. аблічча, укр. обличча маюць генетычна тоесныя адпаведнікі ў серб.-харв. о̀блічје ’знешні від’, славен. obličje ’аблічча’, што сведчыць аб праславянскім характары слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Рэге́ля, рагеля ’від кломлі (рыбалоўная прылада)’ (ТС). Укр. раге́ля ’рэдкая сетка для лоўлі ракаў’. Магчымая сувязь з літ. назвай палазоў для перацягвання бараны ragelės. Параўн. семантыку назваў рыбалоўных прылад полаз (гл. полаз 2), сані.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Скрыпу́н ‘расходнік пурпуровы, Sedum purpureum L.’ (Кіс., Касп.), ‘від пустазелля’ (Скарбы). Рус. скрипу́н ‘расходнік’. Да скрыпець — расліна скрыпіць у руках, калі яе церці або ціснуць, гл. Аненкаў, 325; іншая народная назва — заячча капуста (Кіс.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жа́бнік 1 ’пасудзіна для захоўвання жаб’ (ТСБМ). Ад жа́ба 1, відаць, праз прым. жабн‑ы з суф. ‑ік (*жабнае месца).
Жа́бнік 2 ’расліна Hydrocharis L. (парэз), водарасць, якая свабодна плавае’. Відаць, ад жа́ба 1 паводле суіснавання ў вадаёме або іншых прыкмет. Выкарыстоўваецца і як назва іншых раслін (параўн. рус. дыял. жабник ’Filago L. Ranunculus ficaria L., Menyanthes trifoliata L.’ і інш., укр. жабник ’Filago L.’).
Жа́бнік 3 ’від шчупака’ (навагр., Жыв. сл., 9). Ад жа́ба 1, паводле таго, што гэты від паядае жаб. Параўн. рус. дыял. жабник ’журавель’ (СРНГ), укр. жабоїд ’бусел’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Праспе́кт 1 ’вялікая, шырокая вуліца ў горадзе’ (ТСБМ). З рус. проспе́кт ’тс’ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 79) якое, як мяркуюць, праз ням. Prospekt ’від, перспектыва’ ўзыходзіць да лац. prōspectus ’від’, аб рус. слове гл. Фасмер, 3, 379. Ст.-бел. проспектъ ’агляд’ < польск. prospekt ’тс’ (Булыка, Запазыч., 267).
Праспе́кт 2 ’падрабязны план, змест’ (ТСБМ). Новае запазычанне з рус. проспе́кт ’тс’, якое, магчыма, праз польск. prospekt ’тс’ з заходнееўрапейскіх моў: параўн. ням. Prospekt ’аб’ява, прэйскурант’, англ. prospektus ’праспект (кнігі вучэбнай установы і г. д.)’. Як і праспект 1, слова ўзыходзіць да лац. prōspectus.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сяля́нка 1 ’ідылія, пастараль’ (Некр. і Байк.). Запазычаю з польск. sielanka ’від паэтычнага твора, які ідэалізуе жыццё пастухоў і пастушак’, ’сялянскі побыт’, ідэнтычнага sielanka ’сельская жыхарка’ (гл. селянін), што паводле Брукнера (491), у сваю чаргу, запазычана з усходнеславянскіх моў. Калькуе лац. bucolica ’песні пастухоў’, pastoralis ’пастухоўскі’.
Сяля́нка 2 (селя́нка) ’страва са смятаны, зваранай з маслам, у якую крышаць падсохлы сыр’ (кобр., Шн. 3). Параўн. рус. селя́нка ’гарачая поліўка’, польск. sielanka ’від яешні са смятанай’. Магчыма, у выніку семантычнай кандэнсацыі *сялянская страва; паводле Фасмера (3, 598), першапачаткова ’сялянская ежа’, гл. селянін, сяляне.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бры́ка ’воз для сена і снапоў’ (Арх. Бяльк., слонім., Бяльк.), ’від воза’ (Касп.). Рус. дыял. бри́ка, бры́ка, укр. бри́ка. З польск. bryka ’тс’ (дзе новаўтварэнне ад bryczka). Гл. Фасмер, 1, 214, 215, і бры́чка 1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)