нацэ́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.
1. Навесці зброю на цэль; прыцэліцца. Я аблакаціўся на камень, каб быў упор, спакойна нацэліўся і стрэліў. Шамякін. // Накіраваць што‑н. на каго‑, што‑н. Стары.. падняў галаву, нацэліўся позіркам на мае рукі. Ракітны. Дастаў мой спадарожнік фотаапарат з чамаданчыка, нацэліўся на.. домікі, а пасля ўздыхнуў, безнадзейна махнуўшы рукою. Бялевіч.
2. перан. Падрыхтавацца, сабрацца што‑н. зрабіць. Запрыкмеціўшы, што я ўпотай пачаў збіраць свае рэчы, дзядзька Харытон паклікаў мяне ў канюшню, пасадзіў на парозе, памаўчаў і запытаўся: — У дарогу, значыцца, нацэліўся? Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падмо́сце, ‑я, н.
Разм.
1. Месца пад мостам. Ноччу так, як і ўдзень, Спіць усё і маўчыць, Толькі недзе струмень У падмосці цурчыць. Хведаровіч. Вада тут у сярэдзіне вясны яшчэ ідзе поўным, імклівым ходам — перавальвае цераз дамбачку.. і, падаючы з метровай вышыні, шуміць і булькоча ў сцюдзёным змроку падмосця. Ракітны.
2. Месца пад падлогаю. Хвошч выбраўся з падмосця, паклаў на месца дошкі і сеў на падлозе. Лупсякоў. Неяк я корпаўся на двары, абкідваў заваліны, каб на зіму праз сцены ў падмосце не забіраліся маразы. Кухараў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пані́клы, ‑ая, ‑ае.
1. Схілены, прыгнуты. Высокія травы, звялыя і паніклыя ўдзень ад гарачыні, цяпер узнімаліся ў вільготным дыханні.. зямлі. Самуйлёнак. Спякота... І пад сонцам залатым Паніклыя, задумлівыя лозы Яшчэ ніжэй прыпалі да вады. Чарняўскі.
2. перан. Прыгнечаны, засмучаны; разбіты духоўна. Адчуў бяду. Стаяў паніклы: Даруе мілая ці не? Бялевіч. Вочы дзяўчыны радасна смяяліся, хоць выгляд у яе быў паніклы і разгублены. Ракітны.
3. Абл. Падслепаваты. Пасля таго як Шэмета не ўзялі на вайну, Халуста інакш не зваў яго, як паніклы або сляпы чорт. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пара́дкам, прысл.
Разм.
1. У значнай ступені, даволі моцна. Што там ні кажы, а пастарэў бацька ўсё ж парадкам. Васілёнак. // Даволі многа. І вось падаўся я з незвычайнай камандзіроўкай па франтавых дарогах.. У блакноце ў мяне ўжо парадкам імён з адрасамі. За адзін толькі тыдзень. Ракітны.
2. Як мае быць, добра, толкам. Паехалі — яна, Ігнатка Ды дзядзька з цёткай, іх сынок. Куды? Ніхто не знаў парадкам, Дзе іхні спыніцца чаўнок. Колас.
3. Па парадку. [Пархвен] парадкам пачаў заходзіць у кожную хату, стукаў у вокны і дзверы. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыцэ́л, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыцэльваць — прыцэліць і прыцэльвацца — прыцэліцца.
2. ‑а. Прыстасаванне на агнястрэльнай зброі для прыцэльвання. Пад рукой ляжала новенькая снайперская вінтоўка з аптычным прыцэлам. Шамякін.
3. ‑у; перан. Разм. Тое, да чаго хто‑н. імкнецца; мэта. Не ведаю, які быў .. план [бацькі з сынам], але, мусіць, такога прыцэлу трымаліся: баржа баржай, а яно нядрэнна будзе хутарок свой мець. Ракітны. Іншы раз яму здаецца, што ў хлопцаў пэўны прыцэл, разлік, а разліку Веньямін не любіць. Навуменка.
•••
Браць (узяць) на прыцэл гл. браць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пылі́ць, пылю, пыліш, пыліць; незак.
1. Узнімаць пыл. Перасадзіла [Агата] цераз нізкі паркан [Стасюка] і глядзела, як пабег ён на той бок вуліцы і пыліў па зямлі босымі пятамі. Чорны. Пад вішнямі, млеючы ад гарачыні, капашыліся куры — грэбліся, пылілі, закапваліся глыбей у пясок. Ракітны. // Разм. Ехаць, ісці, узнімаючы пыл. Ліпеньскім надвячоркам машына пыліла на Каралін. Сабаленка. З палеткаў каменне калгаснікі звозілі, Пылілі нястомныя грузавікі. Панчанка.
2. Тое, што і пыліцца (у 2 знач.). Пацямнеўшая вуліца пыліла ад прайшоўшага з поля быдла. Чорны. За леспрамгаскімі прычэпамі пыліла перасохлая дарога. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэ́дкасць, ‑і, ж.
1. Якасць чаго‑н. рэдкага. Рэдкасць насельніцтва. Рэдкасць лесу.
2. Прадмет, выпадак, з’ява, якія рэдка сустракаюцца, бываюць не часта. А баравік — рэдкасць. Таму і не любяць грыбнікі гэтых мясцін. Кандрусевіч. У Запаляр’і, дзе навокал ляжыць тундра і жывыя кветкі з’яўляюцца рэдкасцю, .. [Нарыльск] увесь у кветках, дагледжаных чалавекам. Скрыган.
•••
Музейная рэдкасць — пра што‑н. устарэлае, што выйшла з ужытку, не мае практычнага прымянення.
На рэдкасць — у вышэйшай ступені, выключна. Вось Мірон Сцяпанавіч Бельскі. Добры, на рэдкасць мілы чалавек. Ракітны. Дні стаялі на рэдкасць пагодлівыя. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да упасці (у 3 знач.).
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.), у што. Улівацца, уцякаць. Там, дзе ў раку ўпадае вузенькі ручаёк, я спыніўся. Ваданосаў. Неўзабаве [людзі] апынуліся каля невялікай рэчкі, якая ўпадала ў Нёман. Гурскі.
3. за кім-чым. Разм. Даглядаць каго‑, што‑н. Не ўпадаў стары ні за гаспадаркаю, ні за ўласнаю зямлёю. Лужанін. Ласкавая, дагодлівая і яшчэ рухавая кабета, [цётка Макрына] вельмі ўпадала за сваімі «нявестачкамі». Ракітны.
4. за кім. Разм. Заляцацца да каго‑н. Упадаць за дзяўчынаю.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фэст, ‑у, М ‑сце, м.
Царкоўнае прастольнае свята (часцей каталіцкае). Увесну, у дзень Ефрасінні — заснавальніцы манастыра.. наладжваўся квяцісты і шумлівы фэст, на які прыязджаў народ з шырокага наваколля. Хадкевіч. // Наогул свята з кірмашамі і пагулянкамі. Яны [дочкі] думаюць, што тут па-ранейшаму спраўляюць старыя фэсты, і пераходзяць па чарзе з хаты ў хату сваёй шматлікай радні. Ракітны. // Разм. Якое‑н. мерапрыемства пад гэтай назвай. — Мы свой «фэст» наладзім, — казаў Сцёпка, бо моладзь згаварылася пусціць канал якраз у гэты дзень, калі збярэцца народ каля «святога калодзежа». Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хале́ра, ‑ы, ж.
1. Вострая інфекцыйная кішэчная хвароба, якая суправаджаецца рвотай, паносам. // Эпідэмія гэтай хваробы. У вёску ўвалілася халера.
2. Разм. груб. Ужываецца як лаянкавае слова. [Рыгор:] Шпіёна ловім. Мы стаім на сваім месцы, а ён не ідзе, халера. Чорны. [Клаўдзя:] — Прызнаюся, таіла тады думачку ў сабе, што Павел ужо мой будзе, а ён... да цябе [Дуняхі], халеры, прысох. Ракітны.
•••
Адна халера — тое самае, усё роўна.
Да халеры — вельмі многа.
Халера яго (цябе, яе, вас, іх) ведае — тое, што і бог яго (цябе, яе, вас, іх) ведае (гл. бог).
[Лац. choléra.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)