Налог ’дрэнная схільнасць, звычка’ (Нас.), ’звычка’ (міёр., Нар. сл.), налога ’тс’ (віл., Жыв, сл.), укр. налога ’звычка, звычай’, польск. nałóg ’схільнасць, прывычка, звычка да чаго-небудзь дрэннага’. Ст.-бел. налог ’прывычка’ (1598 г.) лічыцца запазычаннем з польск. nałóg (Булыка, Лекс. запазыч., 133); Булахаў (Развіццё беларускай літ. мовы ў XIX–XX стст. ва ўзаемаадносінах з іншымі славянскімі мовамі. Мн., 1958, 27) лічыць паланізмам у беларускіх творах Чачота, што зусім верагодна, улічыўшы значную колькасць дэрыватаў у польскай мове і адмоўнае сэнсавае адценне слова, што адсутнічае ў беларускім дзеяслове налажы́цца ’прызвычаіцца, прывыкнуць’ (гл.), які мог быць асновай утварэння аддзеяслоўнага назоўніка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
На́цыя ’нацыя, нацыянальнасць, народ’ (Яруш., Некр. і Байк., БРС, ТСБМ), на́цыя ’парода’ (Растарг.), нацая ’нацыя; мова; вёска’ (Ян.). Ст.-бел. нацыя (нацея, нация) ’народ, народнасць’ (1589 г.) са ст.-польск. nacyja, што ў сваю чаргу з лац. natio (Булыка, Лекс. запазыч., 32); магчыма, паўторнае запазычанне ў сучасную беларускую літаратурную мову з рус. нация (Крукоўскі, Уплыў, 81), адкуль трапіла і ў гаворкі; падобным шляхам праніклі таксама нацыянальны, нацыяналіст, нацыяналізм і інш. з адпаведнай адаптацыяй да норм новай беларускай літаратурнай мовы (‑ыя‑ на месцы рус. ‑ио‑ і інш.). Цікава, што ў выніку самастойнага развіцця ў народнай мове ўзноўлена адно з першасных значэнняў лац. natio — ’парода’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Нехлямя́жы ’неахайны, брудны, апушчаны’ (Сержп. Грам.; навагр., Нар. сл.), ’неакуратны, няскладны, няўдалы, абы-які’ (Сл. ПЗБ), ’непаваротлівы, няздольны’ (Бяльк.), нехлямʼя́жы ’несамавіты, непрывабны’ (ТС). Хутчэй за ўсё балтызм або прыметнік, утвораны ў беларускай мове на базе балтыйскага слова, пра што сведчаць геаграфія і фанетычныя варыянты з чаргаваннем к/х: ніклямяжы, ніклімажы (глыб., брасл., Сл. ПЗБ), параўн. літ. klem̃šinti, klemšióti ’няўклюдны ісці’. Не выключана таксама, што ў аснове народнае ўтварэнне тыпу ⁺хлямяга, параўн. ніклямяга ’няўклюда’ ніхлямяга ’няўдалы чалавек’ (Сл. ПЗБ), ад гукапераймальных хлямаць ’гучна есці’, хлэ́маць ’няўклюдна ісці’ і пад.; у абодвух выпадках не- мае ўзмацняльны характар, параўн. магіл. ха́лепа/неха́лепа ’дрэннае надвор’е’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
◎ Ну́тка ’ну, давай’ (Нас.), наткала ’калі падахвочваюць да падняцця цяжару’ (Чачот), рус. нутко ’ну, давай’. З ну (гл.) і ўзмацняльнай падвойнай часціцы ‑tk‑, якая можа адлюстроўваць кантамінацыю ўзмацняльных партыкул *‑to (параўн. серб.-харв. нито ’тс’) і *‑ka (параўн. рус. пука ’тс’) (ESSJ SG, 1, 331), або непасрэдна з ⁺нуте (гл. нуце) і ‑ka (параўн. тутака, тамака), што павінна было адбыцца яшчэ да пераходу т’ > ц у беларускай мове. Не выключаны ўплыў дзеяслоўных канчаткаў, пры якім ‑т адпавядае адз. л. ‑це — мн., а ‑ла — форме прошлага часу, параўн. славен. nut (адз. л.), ’бач’, nuta (падв. л.), nute (мн. л.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
◎ Нутра́к ’парсюк або жарабец з адным яйцом (другое выразана)’ (Цых.), ’нутрэц’ (беласт., Сл. ПЗБ), ’непакладаны кабан’ (Бесар.), параўн. укр. нутряк ’тс’, чэш. hutrák ’тс’, славац. znutrak, vnütrak ’тс’, серб.-харв. ну́трак ’тс’, балг. вътрак, вотрак ’тс’. Гл. нутро. Іншы словаўтваральны варыянт назвы вядомы на астатняй беларускай тэрыторыі, параўн. нутрэц (астрав., ашм., віл., Сл. ПЗБ; Бяльк.; ДАБМ, камент., 884), нутрэц, нытрэц ’конь, кабан напаўпакладаны або з прыроднай анамаліяй’ (ТС), мае працяг у рус. нутрёц ’тс’, што дае падставы выказаць меркаванне пра заходнеславянскае паходжанне першай назвы, якая, магчыма, звязана з вандроўнымі спецыялістамі па пажаданню, параўн. гродз. вэнёер ’кастратар’. Гл. Махэк₂, 403.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
◎ Падглы́бціць ’прысвоіць’ (Касп.). Бліжэйшы славянскі адпаведнік — польск. дыял. gląbać ’хапаць, забіраць сабе; абдымаць’. Польск. слова роднаснае слав. globa, globiti (аб апошніх гл. Трубачоў, ЭССЯ, 6, 131 і наст.), параўн. бел. аглобля. Лаўчутэ абгрунтавана (Балтизмы, 103 і наст.) на аснове семантычнага і арэальнага крытэрыяў ставіць пытанне аб запазычанні польск. gląbać з балцкіх моў, параўн. літ. globti, glėbti ’укрываць, ухутваць; хапаць, прысвойваць’, лат. glabät ’берагчы, захоўваць’ і г. д. Што датычыць канкрэтнага статуса беларускага слова, то яно можа быць прэфіксальным утварэннем на беларускай глебе як ад польск. gląbać, так і ад літ. globti з дыялектнай зменай а > ы і падваеннем інфінітыўнага канчатку.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
адраджэ́нне, ‑я, н.
1. Абуджэнне да новага жыцця; аднаўленне пасля перыяду разбурэння, заняпаду і пад. Мікалай усёй сваёй істотай адчуваў вясенняе адраджэнне. Дамашэвіч. З другой паловы XIX стагоддзя амаль адначасова пачалося адраджэнне ўкраінскай і беларускай пісьменнасці ва ўмовах царскага самадзяржаўя і развіцця капіталістычных адносін. Юргелевіч. У кароткіх і простых словах расказаў Сцёпка сходу аб задачах эканамічнага адраджэння краіны. Колас. // Аднаўленне, адбудова чаго‑н. знішчанага, разбуранага. Пасляваеннае адраджэнне завода. □ А нам варта было б з зялёнага дрэва, як з лёгкай рукі, і пачынаць адраджэнне свайго калгаса. Кулакоўскі.
2. (з вялікай літары). Перыяд у культурным і ідэалагічным развіцці раду краін Еўропы, які наступіў пасля сярэдневяковага застою, з зараджэннем капіталістычных адносін, і адзначаны росквітам навук і мастацтваў; Рэнесанс. Простая беларуская сялянка нагадвала партрэты жанчын італьянскіх майстроў часоў Адраджэння. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
класі́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Створаны класікам, класікамі (у 1 знач.); узорны, дасканалы. Паэма «Новая зямля» Я. Коласа справядліва лічыцца класічным тварам беларускай літаратуры. Шкраба. Руская класічная літаратура велічна тым, што з’яўлялася люстрам рэвалюцыі. Пшыркоў. // Тыповы, асабліва характэрны. Класічны прыклад. Беларусь — краіна класічнай партызанскай барацьбы. □ [Купала] стварыў класічныя ўзоры лірыкі, ліра-эпічнай паэмы. Івашын. // Разм. Лепшы ў сваім родзе; выдатны. Класічны падарунак.
2. Які мае адносіны да класіцызму (у 1 знач.), уласцівы паслядоўнікам гэтага напрамку. Класічная паэма.
3. Які мае адносіны да старажытных грэкаў і рымлян; антычны. Класічная грэчаская мова. Класічная антычная літаратура. // Звязаны з вывучэннем антычных моў і літаратуры. Класічнае аддзяленне філалагічнага факультэта. Класічная адукацыя. Класічная гімназія.
4. Які адпавядае ідэалу хараства ў рымлян і грэкаў; правільны. Класічны профіль. Класічны нос.
•••
Класічная барацьба гл. барацьба (у 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́мятка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Тое, што служыць напамінкам пра каго‑, што‑н. [Жанчына:] — Хаваю [дакументы]: мала што можа здарыцца. Не хачу, каб Людміла мяне ўпікнула, што не захавала памяткі аб бацьках. Васілевіч. Паміж пустак, балот Беларускай зямлі, На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай, Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт ўцяклі, — Удзірванелы курган векавечны. Купала. // Разм. Успамін, памяць аб кім‑, чым‑н. Курортнікі фатаграфаваліся на памятку аб паўдні, звычайна, гуртам. Хомчанка. Незабудкі, рамонкі, мядункі Ты ірвала на памятку мне. Журба.
2. Кніга або лісток з кароткімі звесткамі пра што‑н., з кароткімі настаўленнямі на ўсякі выпадак. Усім камісіям былі раздадзены памяткі. У іх пералічваліся пытанні, на якія трэба звярнуць асаблівую ўвагу пры праверцы. «Звязда». // Запіс таго, аб чым трэба помніць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цаліна́, ‑ы, ж.
1. Некранутая, ніколі не араная, але прыгодная для апрацоўкі зямля. На ўзаранай і шчодра ўгноенай попелам цаліне закаласілася жыта, проса, авёс, ячмень. В. Вольскі. // Разм. Цалінныя землі, пераважна Сібіры і Казахстана, якія пачалі інтэнсіўна асвойвацца ў 50‑я гады 20 ст. Ідуць шафёры і шахцёры, Геолагі свідруюць горы, Гідролагі шукаюць брод, І кожнаму — па дваццаць год. А нашы дочкі і сыны нам пішуць пісьмы з цаліны. Грахоўскі.
2. Тое, што і цалік. Снежная цаліна. □ Праваднік вядзе іх [партызан] патаемнымі мясцінамі, дзе малапрыкметнай сцежкай, а дзе проста цаліной. Кулакоўскі. — Вось зайчык бег, — паказаў Косцік, калі яны звярнулі з дарогі на цаліну, у кусты. Брыль.
3. перан. Недаследаваная, нявывучаная справа, галіна чаго‑н. Аўтар [Карпаў У.] узняў вельмі важную і некранутую ў беларускай літаратуры цаліну горадабудаўніцтва. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)