Пляву́зґаць, плеву́зкаць, пляву́зкаць, блеву́зкаць, пляву́скаць, пляву́рзґьць ’гаварыць лішняе, пустое, без толку; гаварыць аб адным і тым жа; малоць языком; разводзіць плёткі’ (ТСБМ, Мядзв., Янк. 2, Шат., Касп., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., ТС, міёр., Нар. лекс.; ельск., Жыв. НС; карэліц., Шатал.; бялын., Янк. Мат.), ’гаварыць нейкую брыду’ (Варл.), бляву́згаць ’блюзнерыць’ (Стан.), пляву́здаць: плявуздае німа ведае што! (= “гаворыць ерунду”) (Воўк-Лев., Татарк., 182), пляву́згало ’хто шмат гаворыць’ (слонім., Сл. рэг. лекс.), пляву́рзґьла ’той, хто гаворыць не да месца’ (міёр., З нар. сл.). Балтызм. Параўн. літ. blevỹzgoti ’брыдкасловіць’; або pliáuza ’балбатун’, pliaũzaroti ’балбатаць’ (Саўка, Запісы 23, 55).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Праспе́кт1 ’вялікая, шырокая вуліца ў горадзе’ (ТСБМ). З рус. проспе́кт ’тс’ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 79) якое, як мяркуюць, праз ням. Prospekt ’від, перспектыва’ ўзыходзіць да лац. prōspectus ’від’, аб рус. слове гл. Фасмер, 3, 379. Ст.-бел. проспектъ ’агляд’ < польск. prospekt ’тс’ (Булыка, Запазыч., 267).

Праспе́кт2 ’падрабязны план, змест’ (ТСБМ). Новае запазычанне з рус. проспе́кт ’тс’, якое, магчыма, праз польск. prospekt ’тс’ з заходнееўрапейскіх моў: параўн. ням. Prospekt ’аб’ява, прэйскурант’, англ. prospektus ’праспект (кнігі вучэбнай установы і г. д.)’. Як і праспект1, слова ўзыходзіць да лац. prōspectus.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Праста́к ’дурань’, ’неахайны’ (Ян.), сюды ж прастакава́ты ’праставаты, ніякаваты’ (Нас., Ян.). Рус. проста́к ’прасцяк’, укр. проста́к ’просты чалавек’, польск. prostak ’прасцяк, неадукаваны чалавек, просты чалавек’, чэш. prostáček ’прасцяк’, серб.-харв. проста́к ’прасцяк, неадукаваны, нявыхаваны чалавек’, славен. prosták ’звычайны, просты чалавек’, балг. проста́к ’неадукаваны, нявыхаваны чалавек’, макед. простак ’тс’. Ад просты з суф. ‑ак. Суфікс яшчэ праславянскі, гл. Слаўскі (SP, 1, 89), але першапачаткова слова, відаць, мела значэнне ’просты чалавек’ у процілегласць высакароднаму, што гаворыць аб самастойным утварэнні ў розных славянскіх мовах, параўн. Банькоўскі, 2, 788; Сной₂, 586 і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Працэ́нт ’сотая доля ліку’, ’даход за кожныя сто рублёў капіталу’, ’плата за пазыку’ (ТСБМ), про́цэнт ’тс’ (Нас.), працэ́нты ’надзел сенакосу ў разлік за працу ў калгасе’ (Сцяшк. Сл.). Як сведчыць націск, праз рус. проце́нт з ням. Prozent, якое, у сваю чаргу, з італ. per cento, якое потым набыла лацінізіраваную форму pro cento ’за сто’ (аб рус. слове гл. Фасмер, 3, 386, з літ-рай). Форма про́цэнт у Насовіча з польск. procent ’працэнт’, хаця параўн. рус. пар. про́цент ’працэнт’. Пра гісторыю слова ў беларускай мове гл. Дода, Тэрм. бюлетэнь, 1, 42–45.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Пру́чацца, пру́чатысь ’намагацца, сіліцца’ (Клім.), пру́чатіся ’тс’ (брэсц., Нар. лекс.), пру́чаті ’падымаць што-небудзь цяжкае’ (беласт., Сл. ПЗБ). Укр. пруча́тися ’ўпірацца, натурыцца, супраціўляцца’, пручну́тися ’ірвануцца, кінуцца’, чэш. дыял. vypručiť (‑čať, ‑čovať) ’прагінацца, каробіцца (аб сценах дому, дошчачках бочкі)’, ’ганарыцца’, (vy)prúčat sa ’ганарліва прагінацца назад’, славац. pručiť ’выгінаць, згінаць’. Прасл. *pručiti ’надзімацца, выгінацца, намагацца’, ’працівіцца’ < прасл. *pruk‑ працягвае і.-е. аснову *(s)preuk‑ (Варбат, Этимология–1975, 31). Борысь (Зб. Русэку, 41–44) далучае сюды харв. чакаўск. пру̏čit ’марнатравіць, раскідваць (грошы)’ і выводзіць першаснае значэнне прасл. *pručiti ’прымушаць рассыпацца, разлятацца, растрэсквацца’, суадноснага з ітэратывам *pručati.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыла́зка (прыла́ска) ’вялікая дарога’ (Касп.). Разам з серб.-харв. прѝлаз ’падыход, подступ’ утварае сепаратную ізаглосу, працягваючы, такім чынам, прасл. *prilazъ ’прасека; дарога і пад.’ < *lazъ з вельмі шырокай семантычнай базай (ЭССЯ, 14, 72–76), у якую ўваходзіць магчымае зыходнае значэнне ’месца, што стала праходным пасля раскарчоўкі лесу’ (Бернекер, 1, 696–697). Параўн. укр. полазо́к ’палянка ў чорным лесе’. Ст.-бел. прилазъ ’выбіранне мёду з вуллёў’ звязана з лазити (гл. ла́зіць2) > ст.-рус. лазити пчелъ, медъ ’тс’ (падрабязней аб гэтым значэнні гл. ЭССЯ, там жа, 66). Параўн. балг. подлез ’праход пад мостам’ (БЕР, 5, 452).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыну́ка́ць, ’прымушаць, патрабаваць’ (Нас., Ласт., Байк. і Некр., ТСБМ), пріну́кыць ’тс’ (Бяльк.). Сюды ж вытворныя назоўнікі прыну́ка ’прымус, прымушэнне’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб., Янк. БП), пріну́ка ’тс’ (Бяльк.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад ну́ка́цьЭСБМ адсутнічае), параўн. панука́ць (гл.), якое, верагодна, праз ну́ка́ць, адносяць да ўзмацняльнай часціцы ну (гл.). Больш абгрунтаванай падаецца версія аб праславянскім характары адносін *nukati () і *nu (ЭССЯ, 26, 30–32; 43–44). Прэфіксальныя ўтварэнні ўсходне-славянскага характару, параўн. рус. зах. принука́ть ’прымушаць’, укр. прину́кувати ’прымушаць, вымушаць’. Польск. przynukać, przynuka, верагодна, усходнеславянскія запазычанні (Брукнер, 352).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Садавіна́ ’плады садовых дрэў’ (ТСБМ), ’садавіна; садовыя дрэвы’ (ТС), садо́віна ’садавіна’ (Сцяшк., Байк. і Некр., Нар. словатв.), садаві́на ’садавіна, садовыя дрэвы’ (Сл. ПЗБ), ’садавіна’ (Бяльк.), ’сад; адно пладовае дрэва ў лесе’ (Яшк.). Укр. садовина́ ’садавіна; садовыя дрэвы’, польск. старое sadowina ’тс’, в.-луж. sadowina ’садавіна; усё, што датычыцца саду’, серб.-харв. садо́вина ’гадавальнік; віно з маладога вінаградніку’, макед. садо́вина ’зямля, якая не прапускае ваду’. Ад прым. *sadowy < *sadъ (гл. сад) з суф. ‑ina. Аб суфіксацыі гл. SP, 1, 120 і наст. Улічваючы адрозненні ў семантыцы, відаць, познія дэрываты ў розных славянскіх мовах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сала́та ’аднагадовая агародная расліна’, ’страва з лісцяў гэтай расліны’, ’халодная страва з парэзанай сырой або варанай гародніны, часам мяса, рыбы і пад., палітых якім-небудзь соусам’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Кіс., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ). З польск. sałata ’тс’ (Кюнэ, Poln., 95), якое з італ. insalata, salata ’пасоленая гародніна’ ад італ. salare ’саліць’; у аснове ляжыць лац. sal ’соль’; гл. Голуб-Ліер, 430. Ст.-бел. салата (XVII ст.) узыходзіць да ст.-польск. salata (Булыка, Лекс. запазыч., 151). Варыянт сала́т з рус. сала́т, аб якім гл. Фасмер, 3, 549.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сво́йскі ‘не дзікі, выгадаваны ці прыручаны чалавекам (пра жывёл, птушак, расліны), ‘прыязны, знаёмы, таварыскі’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Др.-Падб., Байк. і Некр., Ян., Варл., Сл. ПЗБ, ТС), сюды ж сво́йсклівы ‘рахманы’ (Сл. ПЗБ). Укр. сві́йський ‘хатні, прыручаны’, рус. сво́йский ‘свой, дружалюбны, фамільярны’, польск. swojski ‘свой, не чужы, звычайны’, ‘хатні, прыручаны’, славац. svojsky ‘свой, родны, не чужы’, серб.-харв. svȏjski ‘свой’, балг. сво́йски ‘дружалюбны, фамільярны’. Прасл. *svojъskъ ад *svojь ‘свой’ з прыметнікавым суф. ‑ъsk‑; першаснае значэнне ‘свой, не чужы’. У беларускай, украінскай і польскай мовах семантычная інавацыя ‘хатні, прыручаны’ (аб жывёлах).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)