адкало́ць, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак., каго-што.
1. Колючы, аддзяліць; адламаць, адшчапаць. Хвалі крыгу адкалолі, Вір пад крыгай забурліў. Лодку ўзяць Сымон не здолеў, Так на крызе і паплыў. А. Александровіч. [Максім] секануў другі раз на вяршок вышэй і адкалоў тоўстую трэску. Шамякін.
2. перан. Разлучыць з кім‑н., аддзяліць ад каго‑, чаго‑н.
3. Разм. Зрабіць, сказаць што‑н. нечаканае, недарэчнае. Адкалоць штуку. □ Пры сустрэчы з Шаманскім Якуб Малашчыцкі адкалоў той жа завучаны рэверанс са словамі: «Ваша чэсць». Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ве́зці, вязу, вязеш, вязе; вязём, везяце; пр. вёз, везла і вязла; заг. вязі; незак., каго-што.
1. Перамяшчаць каго‑, што‑н. пры дапамозе транспартных сродкаў. Вязуць бярвенні гонкія У вёску вазакі. Бядуля. // Перапраўляць каго‑н. куды‑н. сілай. Калі [Віцю] везлі.. з турмы ў Нямеччыну, хлопец прарэзаў сценку.. у вагоне і зноў вярнуўся ў атрад. Брыль.
2. безас.; перан. Тое, што і шанцаваць. Не вязе, падумаў я, І за што гарую? Доля горкая мая — Халастым памру я. А. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абра́з 1, ‑а, м.
Малюнак бога або святога ў выглядзе партрэта як прадмет рэлігійнага пакланення. Старая паляшучка, знахарка Мар’я, набожна перахрысцілася, падняўшы вочы на абраз. Колас. Дзеці баяліся бога, што сярдзіта пазіраў з абразоў на покуці. С. Александровіч.
абра́з 2, ‑а, м.
Тое, што і вобраз (у 1 знач.). Скарылася стыхія, Змяніла свой абраз. Колас. Лапці ды сярмягі — як абраз не боскі: Гэта нашы людзі, Людзі нашай вёскі. Купала. Абразы змагання за волю прыгнечаных праходзяць кінастужкай перад Міхалкам. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
крыву́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
Разм.
1. Тое, што і крывуля (у 1 знач.). — Ну хай бы ты крывульку якую спіл[ава]ла, а то... ах ты... Такую бярозу зглуміла. Асіпенка.
2. Неакуратна, некаліграфічна напісаная літара. Дробным почыркам, наўскасяк крывулькамі пісаў Андрэй, унук Рыгора Яўхімавіча. Асіпенка.
3. Палка з загнутым верхнім канцом, на якую абапіраюцца пры хадзе. [Пан] не любіў дзіцячага крыку, страшыў дзяцей крывулькай, і тыя, як спуджаныя вераб’і, разбягаліся па сваіх надворках. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кула́к 1, ‑а, м.
1. Кісць рукі з прыгнутымі к далоні пальцамі. Булай скамечыў ліст ватмана, сціснуў кулакі, аж пабялелі пальцы. Шыцік.
2. перан. Сканцэнтраваныя ў адным месцы ваенныя ўзброеныя сілы для рашаючага ўдару. Спецгрупа збіралася ў адзін кулак. Новікаў.
3. Дэталь машыны, якая мае форму выступу і штурханнем прыводзіць у рух другія механізмы.
кула́к 2, ‑а, м.
Багаты селянін-уласнік, які эксплуатаваў беднякоў; вясковы буржуа. Гаспадар — кулак багаты, — Як заўсёды стаў круціць, Толькі б меней заплаціць. А. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ліхале́цце, ‑я, н.
Час вялікай нягоды; гора; ліха, няшчасце ў такія часы. Ваеннае ліхалецце. □ Разбураныя ліхалеццем, Зноў падняліся гарады. Гаўрук. Партызанам атрада Ларывончыка не ўпершыню даводзілася прымаць людзей, ратаваць іх ад ліхалецця. Сабаленка. [Беларускі] народ пранёс праз усе цяжкія выпрабаванні і ліхалецце чужаземнага ўціску кнігу — самы дарагі скарб свайго жыцця. С. Александровіч. [Купала:] Дзякуй, мае дарагія, .. і за першы дзень нашай сустрэчы, і за многа-многа дзён, якія мы [беларусы і узбекі] прайшлі разам — і ў цёмнае ліхалецце, і ў гэтыя ясныя дні. Вітка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
за́стаўка, ‑і, ДМ ‑стаўцы; Р мн. ‑ставак; ж.
Шчыт для затрымання вады, якая падае на кола вадзянога млына. Старое кола і застаўка, што пазелянелі ад часу і многа прапусцілі вады за свой век, стракацяць пасля рамонту новымі дошкамі. С. Александровіч.
•••
На ўсе застаўкі — на ўсю моц, з усёй сілы (хваліць, працаваць і пад.).
заста́ўка, ‑і, ДМ ‑ста́ўцы; Р мн. ‑ста́вак; ж.
Малюнак, звычайна на ўсю шырыню старонкі, перад пачаткам тэксту главы або разднела кнігі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ма́тухна, ‑ы, ж.
Разм.
1. (звычайна з адценнем павагі). Маці. — Добры вечар, матухна! — прывітаўся сын. Якімовіч.
2. Ласкава-фамільярны зварот да пажылой жанчыны.
3. (звычайна ў прыдатку). Нар.-паэт. Аб тым, што з’яўляецца самым родным і блізкім. Тут, на беразе Волгі-матухны, прайшлі дзяцінства і юнацтва беларускага песняра Максіма Багдановіча, у Горкім пачынаў ён сваю літаратурную працу. С. Александровіч. І няма ў такія хвіліны нічога даражэйшага за матухну-зямлю, адзіную надзею на жыццё, адзіную заступніцу. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кара́бкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Лезці ўгору, чапляючыся рукамі і нагамі, хапаючыся за што‑н.; караскацца. Косцік абхапіў рукамі камель і, перабіраючы нагамі, пачаў карабкацца на хвою. С. Александровіч. Учапіўшыся рукамі за пачарнелую траву на ўзбочыне, Соня карабкалася з канавы на дарогу. Курто. // Разм. Падымацца, узбірацца куды‑н. з вялікай цяжкасцю. Адразу, як толькі Марыя канчае свае справы з прарабам, карабкаемся ўдзвюх на трэці паверх. Васілевіч. З парасніку вытыркаецца фурманка і, нібы сонная, павольна карабкаецца на ўзгорак. Мурашка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кардо́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Каробка з кардону для лёгкіх рэчаў. Кардонка з-пад чаравікаў. □ Калі Віктар Сяргеевіч замест звычайнай доктарскай трубкі дастаў з кардонкі нейкі невядомы ёй апарат, бабка пачала часцей міргаць вачамі і прыглядацца. Якімовіч. Ішлі мадысткі, хаваючы кардонкі пад плашчамі. Караткевіч.
2. Разм. Невялікі кавалак кардону. Кардонка пад насценны каляндар. □ Закончыўшы запаўняць картку, пісар кінуў мне за бар’ер вузенькую кардонку з нумарам: — Насіць у левай кішэні. Ідзі. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)