зга́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.

Разм. Даць ганьбу каму‑, чаму‑н., дрэнна адазвацца аб кім‑, чым‑н. Аксіння Хвядосаўна зганіла амаль усё, што да яе прыходу нагатавала Раіса. Шамякін. Цімох ганарыўся ім, і быў гатоў біцца з тым, хто асмельваўся зганіць Чорана. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мацава́цца, мацуюся, мацуешся, мацуецца; незак.

1. Цвёрда, стойка трымацца, выяўляць вытрымку ў чым‑н.; стрымлівацца. Коля мацаваўся, стараючыся схаваць сваё хваляванне. Рунец. // Старацца быць бадзёрым. Адразу пасля вайны яшчэ мацавалася Адарка, а тут во здаваць пачала. Лупсякоў.

2. Зал. да мацаваць (у 1–3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ка́нькаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Назойліва прасіць аб чым‑н., скардзіцца на што‑н. — Як ні канькала, ні маліла, не даў каня ў нядзелю завезці парсючка ў Лашычы. Хадкевіч. Марта ішла следам, крыху супакоіўшыся, але ўсё яшчэ не пераставала канькаць аб сваіх патрэбах. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

капітулява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак. і незак.

1. Спыніўшы ваенныя дзеянні, здацца (здавацца) пераможцу на прадыктаваных ім умовах. Рэшткі нямецка-фашысцкай арміі безагаворачна капітулявалі. «Беларусь».

2. перан. Адступіць (адступаць) перад цяжкасцямі, перашкодамі; прызнаць (прызнаваць) сваё бяссілле ў чым‑н. Капітуляваць перад пагрозай. Капітуляваць у спрэчцы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карабе́йнік, ‑а, м.

Даўней — дробны гандляр, які разносіў па вёсках свае тавары (мануфактуру, кнігі, дробныя рэчы асабістага ўжытку і інш.). Праходзілі праз Пасадзец розныя людзі: дзегцяры,.. карабейнікі-пешаходы. Бядуля. А ў кузаве сапраўды поўна тавараў, больш, чым у таго карабейніка ў вядомай рускай песні. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дысана́нс, ‑у, м.

1. Негарманічнае спалучэнне музычных гукаў, парушэнне сугучнасці; проціл. кансананс.

2. перан. Разлад, няўзгодненасць з чым‑н., супярэчнасць чаму‑н. І толькі адзін дэлегат выступіў з прапановай, якая прагучэла дысанансам у агульнай дыскусіі. Лынькоў. Першы стрэл прагучаў дысанансам да.. спакойнай ранішняй цішыні. Дамашэвіч.

[Фр. dissonance.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

журы́цца, журу́ся, жу́рышся, жу́рыцца; незак.

Знаходзіцца ў стане журбы; сумаваць, маркоціцца. Над рэчкай журацца каліны, Іх радасць ветрам аднясло. Пушча. З прыгожай доляй я заручаны; Ты, маці, не журыся. Пысін. // па кім-чым. Нудзіцца, сумаваць. І маці родная мая Ўсё журыцца па мне. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жыга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. каго-што і без дап. Калоць, праколваць чым‑н. вострым, напаленым. // Балюча кусаць. Пчолы жыгаюць. // Апякаць. Крапіва жыгае босыя ногі.

2. Бліскаць (пра маланку, агеньчык і пад.). За акном жыгалі маланкі, сцены ўздрыгвалі ад грому. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завіну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Разм. Спешна і старанна пачаць рабіць што‑н.; рупна заняцца чым‑н. Дзеці палезлі за стол, а Юстына завінулася каля печы. Гартны. Паклала [бабка Параска] дроў у печ, падпаліла іх і завінулася з венікам каля хаты, старанна падмятаючы пакойчык. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завя́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. завя́з, ‑ла; зак.

Засесці, загрузнуць у чым‑н. топкім, сыпкім, цесным. Завязнуць у снезе. Машына завязла ў балоце. □ Зняможаны кот трапіў у дзірку між плота і завяз. Пальчэўскі. Ці ногі ў пяску завязлі, ці стома ісці не дае?.. В. Макарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)