сімфо́нія, ‑і, ж.

1. Вялікі музычны твор для аркестра, звычайна з 3–4 частак, якія адрозніваюцца адна ад другой характарам музыкі і тэмпам. Малады кампазітар.. запрасіў мяне паслухаць сваю новую сімфонію. Бядуля. Трэцяя сімфонія Бетховена — грандыёзны па задуме і філасофскай глыбіні твор. «Звязда».

2. перан. Гарманічнае спалучэнне розных з’яў — гукаў, фарбаў, тонаў і пад. А ў гэтых дрэвах, лістах і былінках пераклікаюцца птушкі, кузуркі, і іх галасы зліваюцца ў адну сімфонію дзівоснай музыкі жыцця. Колас. Смех, вясёлыя галасы, шорганне ног, музыка, лёгкае шапаценне кранутага вячэрнім ветрам лісця ліп і каштанаў — усё злівалася ў невыразную, але жыццярадасную сімфонію. Хадкевіч.

[Ад грэч. symphōnia — сугучча.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скі́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Зрабіцца кіслым; пракіснуць. Крупеня скісла. // Зрабіцца кіслым (пра малако). — Каня, нябось, не даў, мы на воліку возім, і ў нас малако ні разу не скісла. Шамякін.

2. перан. Разм. Страціць бадзёрасць, упэўненасць, стаць вялым, сумным. [Гэля:] — Што з табою, Адачка? Неяк ты адразу скісла. Пальчэўскі. [Дымар:] — Ды я спакойны, грамадзянін следчы. Я ўжо спакойны, — раптам скіс, згорбіўся арыштаваны, нахіліўся, кранаючыся кепкай падлогі. Шамякін.

•••

Каб (бадай) ты скіс (скісла) — ужываецца як нязлосны праклён. — Андрэй! А бадай-жа ты скіс! — радасна выгукнуў Янка. Колас. — Ах, каб ты скіс! — засмяялася гаспадыня і звярнулася да Карніцкага. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

склюд, ‑а, М ‑дзе, м.

Цяслярская сякера для склюдавання, абчэсвання бярвення. Цімохава хата была моцная, ёмкая, пабудаваная з тоўстага сасновага дрэва, гладка спушчанага пад склюд. Колас. Частыя ўдары сякер і склюдаў абганялі сухія сукі і зялёныя ралы... Гартны. Мабыць, жадаючы шчыра дабра, Бацька мне рана пачаў давяраць Молат у кузні, каня ў баразне, Склюд на будоўлі і цэп у гумне. Непачаловіч. // перан. Разм. Пра худога, згорбленага чалавека або жывёліну. У вагон трапіла група студэнтаў з будаўнічага факультэта. Адзін з іх — галалобы, худы, гарбаносы, як склюд. Карпаў. Конь, высокі худы склюд, нязграбна перастаўляе ногі і вязе Ёселеву краму далей па вёсцы. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слу́жка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑жцы, Т ‑ай (‑аю), ж.

1. м. і ж. Работнік (работніца), слуга. Ішлі, нябожчыка хвалілі, Як чалавека й служку князя, Як і вядзецца ў такім разе. Колас. Хлопцы вы з вусамі, Гаспадарцы самі; Не шукайце служкі Папраўляць падушкі. Пысін. Што цяпер рабіць са служкам? Дзе яго надзець? Чарнышэвіч. Хто ж суніме гора служкі, З кім жа ёй пагаварыць? Броўка.

2. м. Слуга ў манастыры, царкве або пры архірэю. Манастырскі служка. Архірэйскі служка. Будучы строгім рэалістам, пісьменнік не адмаўляе станоўчых рыс, уласцівых і некаторым служкам царквы. Навуменка. // Слуга ў сінагозе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сляпа́к, слепака, м.

Разм. зневаж.

1. Сляпы чалавек. / у перан. ужыв. Бедны мы і цёмны, Ходзім слепакамі. Колас. А на фронце .. хто быў смелы? Не той, хто пер на ражон, як сляпак, а той, хто адолеў у сабе страх і рабіў, што трэба... Місько.

2. перан. Чалавек, які чаго‑н. не заўважае, якога ашукалі ў чым‑н. Не веру ў фокуснікаў цуды.., Што ў ход пускаюць хітра ўсюды Туман на цёмных слепакоў. Купала. // Цёмны, неадукаваны чалавек. — Вучыся, ёлуп, — зрывістым ад захаплення голасам крычаў Ржашэўскі. — Вучыся, сляпак! Вучыся, доўбня! Караткевіч.

3. Тое, што і сляпыш.

4. Тое, што і сляпень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

снегавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да снегу; з снегу, з снегам. Снегавыя сумёты. Снегавая лінія. Снегавыя хмары. □ Тысячамі дарог і ў розных кірунках збягае вясною снегавая вада. Колас. Шмат дзён было такіх — хмурных, снегавых і мокрых. Чорны. // Зроблены з снегу, у снезе; снежны. Зрабіць снегавую гару. Снегавая хатка. Снегавая баба.

2. Пакрыты снегам. Высокія горы са снегавымі вяршынямі. □ Бязлюднае снегавое поле супакойвала. Гарэцкі.

3. Прызначаны для збірання і пад. снегу. Снегавы шчыт. Снегавая машына.

4. Падобны колерам на снег. З чупрынай белаю, як лунь, І з барадою снегавою, Зямлёй прапах[л]ы і сасною, Ён [мужык] пільна ўсё глядзіць на рунь. Багдановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сні́цца, снюся, снішся, сніцца; незак.

Бачыцца ў сне, мроіцца. Пачало цягнуць да мора, снілася яно па начах. Кулакоўскі. [Максім:] — Кароў, кароў! Табе, Кацярына Васільеўна, толькі каровы і сняцца. Шамякін. Ці харошыя сняцца сны, Ці чуваць табе шум лясны? Бураўкін. / у безас. ужыв. Вярзецца — ні то сніцца, ні то думаецца Агею пра тое страшнае, што здарылася з ім у асеннюю раніцу, калі ўсе Мядзеедзічы ўзбуджаны былі пакражаю чацвярых коней. Крапіва.

•••

І (у сне) не снілася — пра тое, чаго нельга было ўявіць, прадбачыць. Вось.. [Аленка] што зробіць: яна возьме сваю кнігу, а такая кніга.. [Сцёпку] і не снілася, і пойдзе сабе пад магазін чытаць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́вацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да сунуцца (у 1, 2 знач.).

2. Хадзіць з месца на месца, мітусіцца. — Ах, матухны, — зноў пляснула рукамі Аўгеня: — Усе людзі святкуюць, адна я, як тая дурная калатоўка, соваюся: ні свята, ні спакою не бачу. Колас. [Даўгулевіч:] Я ўвесь дзень соваўся з кутка ў куток, не знаходзячы сабе месца. Гурскі.

3. Перамяшчацца, перасоўвацца куды‑н. [Манг] падышоў да вады, паказаў, як соваецца па вадзе човен. Маўр. // Плысці, пасоўвацца (пра туман, хмары і пад.). На небе соваецца наперад круглы чырвоны месяц. Бядуля.

4. Зал. да соваць (гл. сунуць у 1–3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́ты 1, ‑аў; адз. няма.

Ячэйкі з воску, якія робяць пчолы і восы для захоўвання мёду і адкладвання яец. Рупная пчала Умее ў соты мёд сабраць і з горкіх кветак. Багдановіч. [Чалавек] наглядаў.., як напаўняюцца янтарным мёдам тысячы васковых каморак-сотаў. Паслядовіч.

со́ты 2, ‑ая, ‑ае.

1. Ліч. парадк. да сто. Соты дзень. Соты вылет. // Шматлікі, незлічона. «І што яно будзе?» — у соты, у тысячны раз пытае сябе Пракоп і не знаходзіць адказу. Колас.

2. Які атрымліваецца пры дзяленні на сто. Сотая частка кіламетра. // Малы, нязначны. Не зроблена і сотай долі... А сіл ужо бракуе... крыўдна, горка! Гарбук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стараве́р, ‑а, м.

Чалавек, які належаў да адной з рэлігійных груп, што не прынялі царкоўных рэформ 17 ст. у Расіі і варожа адносіліся да афіцыйнай праваслаўнай царквы. Хоць .. [пісар] чалавек і малады, — яму толькі дваццаць восем гадоў, — але барада вырасла, як у добрага старавера. Колас. [Лявон:] А чаму стараверы выйгралі [справу па судзе], хоць пазней за бацькавага дзеда ў Барках пасяліліся? Купала. Дзяды дзядоў хадзілі стараверамі, Народы гладзілі чарней ад засланкі. Барадулін. // перан. Чалавек, які прытрымліваецца ўстарэлых звычаяў, прывычак, густаў і пад. Літаратурныя стараверы, эстэтычны густ якіх выхаваўся па папулярным шырспажыве, не зразумеўшы тое новае, што выходзіць з-пад пяра мастака, накідваюцца на яго з абвінавачваннямі. Пшыркоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)