Асмо́л ’смалістая драўніна хвойных парод’ (БРС), ’пень, які выкопваюць для вырабу смалы’ (Інстр. III). Рус. осмол ’смалістая драўніна’, укр. дыял. осмів ’трухлявы пень’; рус. і ўкр. осмол таксама дзеянне па дзеяслову осмолить. Польск. osmoł ’жывіца, што цячэ са скалечанага месца на пню’, ’асмальванне’. Яшчэ усмал ’амярцвелая частка ствала, налітая смалой’ (Янк. I), укр. усмол ’тс’ (Ніканчук, Бел.-укр. ізал., 63). Утворана, магчыма, ад дзеяслова асмаліцца ’наліцца смалой’, бо іначай прэфіксальна-бяссуфікснае ўтварэнне цяжка растлумачыць. Сюды ж памяншальнае асмолкі ’смалістыя трэскі’ (Інстр. I).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Маля́р ’рабочы, які беліць, фарбуе дамы, памяшканні’ (ТСБМ, Касп., Бяльк.), ’дрэнны мастак’, ’мастак’ (Грыг., Нас.), маляровая, маляровачка, маляры́ха ’жонка мастака’, маляроўна ’дачка мастака’, маля́рня ’майстэрня’ (Нас.), ст.-бел. маляръ, маларъ, малеръ, малерь, молеръ ’жывапісец’ (XV ст.) запазычана са ст.-польск. malarz, malerz ’тс’, якое з с.-в.-ням. mālaere, mālaer (Булыка, Лекс. запазыч., 160; Карскі, Труды, 312; Кюнэ, 75; Чартко, Бел. лінгв. зб., 151). Параўн. таксама польск. malarzowa, malarka ’жонка мастака’, malarnia ’майстэрня’, malarz pokojowy ’маляр’ (Варш. сл., 2, 856).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ма́рка ’значок аплаты паштовых і інш. збораў’, ’кляймо прадпрыемства на тавары’, ’гатунак, тып тавару, вырабу’ (ТСБМ, Яруш.). З рус. мовы, у якой з новав.-ням. Marke ’адзнака, знак’ < с.-в.-ням. marc ’тс’, спачатку ў сярэдневякоўі ’пагранічны знак, абазначэнне граніц’ < merken ’адзначаць’ (Фасмер, 2, 574). Ст.-бел. марковати ’тс’, аднак са ст.-польск. markować, якое таксама з с.-н.-ням. merken ’заўважаць, звяртаць увагу’ (Чартко, Пыт. мовазнаўства і метад., 122). Сюды ж маркаваць ’намячаць радкі для пасеву’ (зэльв., Сцяшк. Сл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Матэрыя ’аб’ектыўная рэальнасць, якая існуе незалежна ад свядомасці чалавека’, ’рэчыва, з якога складаюцца фізічныя целы прыроды’, ’тканіна, матэрыял’, ’шаўковая тканіна’ (ТСБМ, Нас.), ’кроў’, ’гной з раны, сукравіца’ (Нас.; смарг. Шатал.; шальч., Сл. ПЗБ), матэравы ’тканкавы’ (Нас.), ст.-бел. материя (матерея, матерыя, матэрыя) ’матэрыя’ (XVI ст.). Запазычаны са ст.-польск. materyja ’тс’ (Краўчук, Праблемы філал., 60; Булыка, Лекс. запазыч., 191), якое з с.-лац. māteria ’рэчыва’, першаснае значэнне ’будаўнічае дрэва’, якое лічылася «маткай» (= асновай) усяго (Жураўскі, Зб. Крапіве, 142; Голуб-Ліер, 306).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ма́хер 1, ма́хяр ’майстар, спец’ (Бяльк., Сцяц.) паходзяць з ідыш macher < новав.-ням. Macher ’вытворца; завадатар’. Кюнэ (74) выводзіць бел. лексему з польск. macher ’чалавек, які ўмее рабіць усё’.
Ма́хер 2 (арго) ’нож’ (Рам. 9). З с.-грэч. μάχαιρα, якое са ст.-грэч. μάχαιρα ’нож, кінжал’.
Махе́р ’воўна ангорскай казы’ (ТС). Праз рус. мову (мохер ’тс’) з англ. mohair ’тс’, ’лёгкая тканіна з такой воўны’. Параўн. франц. mohair, moire, ням. Machaier. З араб. muh̯ajjar ’тканіна з казінай шэрсці’ (Махэк₂, 372).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мешчані́н, мяшча́нка, мяшча́не ’карэнны жыхар мястэчка, местачковец’, ’прадстаўнік мяшчанскага саслоўя’ (ТСБМ, Яруш., Бяльк., Янк. 2, Сцяц.), смал. ’анучнік’, ст.-бел. мещанинъ, мещанка, предмещанинъ (XV ст.). Са ст.-польск. mieszczanin, mieszczanek ’гараджанін’ (Булыка, Лекс. запазыч., 202; Кохман, 86). Значэнне ’абывацель’ бел. лексема атрымала ў савецкі перыяд з рус. мещанин ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 151), якое прыйшло ў рус. мову ў XVIII ст. (Фасмер, 2, 616) з бел. (Козыраў, Бел.-рус. ізал., 59). На Палессі ў значэнні ’абывацель’ ужываецца мешчанчу́к (ТС; драг., КЭС).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мурча́ць, мурчэць ’бурчаць’, ’ціха вурчаць (пра ката), муркаць’ (Грыг., Сл. ПЗБ, Ян; мазыр., Шатал.), ’мармытаць’ (Крыў., Са сл. Дзіс.). Укр. мурча́ти ’тс’, рус. мурчать, мурчеть, польск. mruczeć ’тс’, чэш. mručeti, mrukati, mrčeti, славац. mručať, славен. mŕčati, серб.-харв. мр́штати ’бурчэць у жываце’. Старое гукапераймальнае ўтварэнне, мае паралелі першай зычнай m‑/b‑/v‑. І.‑е. паралелі: літ. ur̃kti ’бурчаць’, ’вурчаць’, лац. urcare ’раўці, крычаць (аб рысі)’ (Міклашыч, 384; Траўтман, 353; Буга, Rinkt., 1, 492; Фасмер, 3, 14; Махэк₂, 381; Бязлай, 2, 200).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мільён ’лік і лічба 1 000 000’, ’вельмі многа, мноства’ (ТСБМ, Касп., Яруш.), міліён ’тс’ (КЭС, лаг.), мільёншчык, мільянер ’уладальнік багацця’ (ТСБМ), ст.-бел. милионъ, мелионъ, миллионъ ’мільён’ (XVI ст.) запазычаны са ст.-польск. milijon ’тс’, якое з с.-лац. millio, ‑onis (Булыка, Лекс. запазыч., 154). Аднак аўтары SWO (1980, 478) мяркуюць, што у польск. мову лексема прыйшла з франц. million < італ. millione, якое з павелічальным суфіксам ад mille ’тысяча’ (так Марка Пола, апавядаючы аб кітайцах, ужыў mille + one ’тысячышчы’ («Звязда», 1.5.1987, 4)).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Надаража́цца ’здзекавацца’ (Бяльк.), ’рабіць наперакор, на злосць; дражніцца, кпіць’ (жлоб., Жыв. сл.), надражицца ’ганьбаваць, здзекавацца, рабіць прыкрасць’ (Нас.), надара́жывацца ’дражніцца з кім-н., злаваць каго-н.’ (міёр., Нар. сл.), надаражы́цца ’зрабіць што-небудзь назло’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), рус. надорижа́ваться ’фанабэрыцца, выхваляцца чым-небудзь’, надражня́ться ’насміхацца’. Калі прыняць за зыходную форму са слоўніка Насовіча, найбольш верагодна да дражніць (гл.), якое можа выступаць у рускіх гаворках у форме дражить, драживать (СРНГ), тады іншыя формы ўзніклі шляхам устаўкі галоснага перад р (другаснае поўнагалоссе?).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
На́зімка ’азімая пшаніца’ (Сцяшк.; брэсц., Нар. лекс.). Хутчэй за ўсё вынік семантычнай кандэнсацыі словазлучэння тыпу пшаніца на зіму (пасеяная) або са сцягнутага *назімая пшаніца, параўн. укр. назімий ’азімы’, такая мадэль з прыназоўнікам *na вядома і іншым славянскім мовам, параўн. серб.-харв. на́зиме ’парася да аднаго года’, назимац ’паршук’; іншае значэнне прыназоўніка (прэфікса) у в.- і н.-луж. nazyma ’восень’, першапачатковая семантыка ’ў напрамку зімы, паказваючы на зіму’ (Шустар-Шэўц, 13, 995), польск. дыял. nazima ’позняя восень’, параўн. налёцце ’будучы год’ (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)