жы́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Памянш. да жыла (у 1 знач.); тоненькая жыла. Коркія зусім блізка бачыў адрузлы, маршчыністы твар з чырвонымі жылкамі на пераноссі. Самуйлёнак. Вось з-за лесу ўстала сонца, Рассыпае каснікі, Залатыя ручнікі, І цалуе праз аконца Збітых кудзер валаконцы, Жылкі сінія рукі. Колас.

2. Ніць, вырабленая з сухажылля, капрону і пад.; лёска. Па дзень нараджэння тата падарыў сыну дзве вуды з капронавай жылкай. Юрэвіч.

3. Сасудзіста-валакністае патаўшчэнне ў выглядзе ніці ў лістах раслін і крылах насякомых. Павел Ільіч разглядаў малады, шыракалісты фікус, у якім на сонцы прасвечваліся тоненькія жылкі. Гурскі.

4. Ніцепадобная палоска ў горнай народзе, якая вылучаецца колерам. Мармур з чорнымі жылкамі.

5. перан.; якая або чыя. Здольнасць або прыродная схільнасць да чаго‑н. Працоўная жылка. Творчая жылка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падпра́віць, ‑праўлю, ‑правіш, ‑правіць; зак., каго-што.

1. Паправіць крыху, у некаторых месцах; выправіць. [«Буржуй»] загадаў пафарбаваць вагон, падправіць дах, змяніць некалькі дошак у падлозе. Лынькоў. Лоўгач перачытаў.. [артыкул], трохі падправіў, замяніў асобныя словы і там, дзе гаворка ішла аб задачах зеленгаса, рашыў дапісаць цэлы абзац. Савіцкі. // Прывесці ў парадак, надаць належны выгляд. Малады ўрач сеў зручней, непрыкметна падправіў капялюш і плашч. Шамякін. Нават больш за сабой [Ніна] наглядаць стала. Косы падправіць, хустку прыгажэй завяжа. Галавач.

2. Разм. Аднавіць, палепшыць, наладзіць што‑н. разбуранае, заняпалае. Завод [Хурс] падправіў і пусціў так, як ішоў і раней. Чорны. Душа [Сузона] поўнілася спакоем і ўпэўненасцю: прыеду, за зямельку вазьмуся, падпраўлю гаспадарку. Галавач.

3. Разм. Крыху паправіць чыё‑н. здароўе; падлячыць. Аляксей заўважыў цяпер, што шчочкі.. [дачкі] нездарова блеклыя.., локцік завостраны, пальчыкі тонкія. «Трэба падправіць дзяўчынку», — падумаў ён з пяшчотаю і з жалем. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скла́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Складзеная ў дзве столкі і загнутая палоска (на тканіне, паперы і пад.). Сынклета Лукічна апусціла галаву і доўга моўчкі перабірала складкі спадніцы. Шамякін. // Прамалінейны згіб на тканіне, паперы і пад. Усё было тое самае ў абліччы гэтага чалавека: у яго акуратным касцюме, у дакладнай складцы штанін. Лынькоў.

2. Няроўнасць, хвалісты згіб на тканіне, паперы і пад. Шаўковая накідка павісла пышнымі складкамі па баках. Мурашка. [Васіль] пакручваў вусікі, рыпеў па хаце новымі ботамі, без патрэбы зганяў на спіне складкі на гімнасцёрцы. Васілевіч. // Адвісласць або маршчына на скуры, целе. Дуброўскі быў яшчэ малады чалавек, вельмі паўнацелы, з гладзенькай адвіслай складкай пад падбародкам. Мележ. — Антаніна Мікалаеўна? — задумаўся Бярозін, і ў яго між [броваў] з’явіліся тры рэзкія складкі. Шчарбатаў.

3. Хвалепадобны згіб пластоў зямной кары. Складкі зямной кары. Складкі горных парод.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарнавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Напісаны, зроблены начарна; неканчатковы. Чарнавы чарцёж. □ І на самай справе, як аб гэтым сведчаць даты на лістах чарнавога рукапісу паэмы, некаторыя дні прыносілі па 30 і больш вершаваных радкоў. У. Калеснік. У асобе Міколы Аўрамчыка беларуская літаратура якраз мае вельмі патрабавальнага паэта, які .. не спяшаецца друкаваць яшчэ чарнавыя накіды вершаў. Бугаёў. // Прызначаны для запісаў начарна, з такімі запісамі. Чарнавы сшытак. □ — Вось, малады чалавек, — сказаў інжынер Блок, — тут два аркушы — чарнавы і чысты. На чысты аркуш вы перан[есяце] папраўленыя лічбы... Колас.

2. Дапаможны, падсобны; цяжкі, брудны (пра работу). Рабочых сцэны не было, артысты самі выконвалі ўсе чарнавыя работы. Сабалеўскі. Купала не цураўся ніякай чарнавой работы, толькі б падтрымаць маладых пісьменнікаў. Ярош.

3. Звязаны з першапачатковай стадыяй вытворчасці. Чарнавая апрацоўка.

4. Спец. Са значнай колькасцю прымесей (пра каляровыя металы). Чарнавы цынк. Чарнавая медзь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чуб, ‑а, м.

1. Пасма валасоў, якая спадае на лоб або ўзнімаецца над ілбом (звычайна ў мужчыны). За пісьмовым сталом сядзеў малады хлопец з задзёрыстым віхрастым чубам, камсамолец Грышка Гаруй. Колас. Светласці твару надаваў высокі, валікам завіты чуб над ілбом, на якім павуцінкай праляглі маршчынкі. Дуброўскі.

2. Даўней ва ўкраінцаў — доўгая пасма валасоў, якую пакідалі на цемені выбрытай галавы.

3. перан. Некалькі раслін, якія шчыльна злучаны ці растуць побач адной групай. Перахоплены вяроўчынай мех важка гойдаецца ў .. [Аксінні] на спіне і ківаецца чубамі травы над сівой галавой. Ракітны.

4. Прыўзнятае пер’е на галаве пеўня, курыцы ці іншай свойскай птушкі. Матрона .. падкрэсліла, што для таго,.. каб кураняты былі чубатыя, неабходна саджаць курыцу на захадзе сонца, скубці яе за чуб і паказваць ёй фігі. Крапіва.

•••

Брацца за чубы гл. брацца.

У чубы хадзіць гл. хадзіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Князь1 ’правадыр войска і правіцель вобласці ў феадальнай Русі’ (ТСБМ, Яруш.). Укр. князь, рус. князь, ст.-рус. кънязь ’тс’, ст.-слав. кънѧзь, балг. кнез, серб.-харв. кне̑з, славен. knȇz ’тс’, польск. książę, чэш. kníže, славац. knieža, в.-луж. knjez ’пан’, палаб. knąz ’шляхціц’. Прасл. kъnędzь было запазычана з германскіх моў, ва ўсякім разе задоўга да трэцяй палаталізацыі. Параўн. княгіня (гл.). Аб старажытнасці запазычання сведчыць, відаць, таксама рухомасць акцэнтуацыйнай парадыгмы пры кароткім галосным у корані. Прагерм. kuningaz ’правадыр, кароль’ тлумачыцца як утварэнне на ‑ingaz ад прагерм. kunja ’род’ (лац. genus, ст.-грэч. γένος, ст.-інд. jánaḥ ’тс’). Такім чынам, у прагерманскай мове наглядаецца словаўтваральная інавацыя афіксна-семантычнага тыпу (славянскія мовы не ведаюць ніводнага спрадвечнага слова з суфіксацыяй ędʼzʼь) (Мартынаў, Лекс. взаим., 47–48). Параўн. Кіпарскі Gemeinslav., 181; Экблум, ZfSlPh, 30, 6; Экблум, ScSL, 3, 176. Князь у значэнні ’жаніх’ — табуізм (гл. Хаверс у Фасмера, 2, 266). Такое ж трэба сказаць і аб княгіня ’нявеста’.

Князь2малады, жаніх’ (Нас., Яруш., Грыг., Гарэц., Нар. лекс., З нар. сл., Маш., Сержп. Грам.), ’дружка’ (Кольб.). Гл. князь1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прыхава́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Зрабіць амаль нябачным; часова схаваць. Малады бярэзнік і альшэўнік атулілі буданы зялёным аксамітам, прыхавалі ад чалавечага вока. Шчарбатаў. Падчас бойкі ля універсітэта яшчэ мінулай восенню.. [Вольга] памагла мне апрытомнець і прыхавала наган, калі ён выпаў у мяне з кішэні. Карпюк. — А я пайду ставіць каня і прыхаваю ў пуньку бярвенне. Чорны. // Зберагчы для будучых часоў; пакінуць на запас. — Трэба нам быць гатовым на ўсё і хоць што-небудзь прыхаваць. Прыйдзецца ў лес бегчы, тады з лесу выходзіць, дык застанешся ў чым стаіш... Карпюк. — Не, брат Стары, тут і танней пражыць можна. Будзеш сабе сталавацца ў бацькі, можна і капейку прыхаваць. Колас.

2. перан. Схаваць, утаіць, скрыць што‑н. У Марыі кальнула ў сэрцы, але яна старалася прыхаваць гэта ад мацеры. Кулакоўскі. Каб прыхаваць сваю збянтэжанасць, я ўнурыўся ў школьны журнал, разглядаючы спісы вучняў мінулых гадоў. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тлума́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. што. Даваць якое‑н. тлумачэнне чаму‑н.; раскрываць сэнс, сутнасць чаго‑н. Тлумачыць закон. Тлумачыць вучэнне. Тлумачыць слова. □ І як ні хітрыў .. [Лабановіч] сам з сабою, як ні тлумачыў гэты факт, але аднаго не мог пабароць у сабе — не думаць аб панне Ядвісі. Колас. // Каменціраваць які‑н. твор пісьменніка, твор пісьменнасці. Тлумачыць «Раскіданае гняздо» Я. Купалы. □ Народную легенду .. [Міровіч] успрымае і тлумачыць па-свойму. Сабалеўскі.

2. што і без дап. Асвятляць якое‑н. пытанне, дапамагаючы засвоіць, зразумець сэнс чаго‑н. Потым [Вера Адамаўна] пачала нячутна хадзіць па класе і вольна, без усякага напружання голасу, тлумачыць новую тэму па літаратуры. Ермаловіч. — Саўгас наш малады, — тлумачыў Іван Іванавіч рабятам, — можна сказаць, на голым месцы ўсё пачынаем. Даніленка. Захар Пятровіч паставіўся да .. [Міхася] уважліва: падрабязна тлумачыў яму, што для чаго служыць, і навошта тое ці іншае робіцца. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ура́жанне, ‑я, н.

1. Вобраз, след, які застаецца ў свядомасці чалавека ад убачанага, пачутага, перажытага. Уражанні дзіцячых год, звязаныя са штодзённаю яздою па чыгунцы, на ўсё жыццё захаваліся ў Хвядоса Шынклера, і пасля ён вельмі жыва апісаў гэтыя паездкі ў сваёй аповесць «Сонца пад шпалы». Арабей.

2. Уплыў чаго‑н. на каго‑н. Моцнае ўражанне на здольнага хлопчыка рабіла бацькава ігра на скрыпцы. Каваленка. Ужо некалькі дзён Павел Гушчын знаходзіўся пад уражаннем вайны, адступлення нашых войск, ад чаго сэрца аблівалася крывёю. Гурскі.

3. Уяўленне, думка, што склалася ў выніку знаёмства, сустрэчы з кім‑, чым‑н. Малады бландзін невысокага росту рабіў уражанне вельмі сціплага чалавека. Машара. Сцены, пафарбаваныя пад колер летняга неба, ствараюць уражанне прасторы, спакою. Гамолка. Раману хацелася падзяліцца з кім-небудзь сваімі ўражаннямі, думкамі. Колас. [Кавалеўскі:] — Але складваецца ўражанне, што чужы вопыт у вас [Максім Сцяпанавіч] — як той шчыт. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ачуня́ць (БРС, Гарэц., Касп., Чач., КЭС, лаг., Клім.) ’апамятацца, апрытомнець; акрыяць’ (Янк. II), ’апрытомнець, выздаравець’ (Сцяшк.), ачунець, ачуняць ’ачухацца’ (Яруш.), ачуняць, ачуньваць і вычуняць ’паздаравець, выздаравець’ (Шат.), рус. смал. очунять, паўд.-рус. очунеть ’выздаравець, апрытомнець, ачнуцца’, паўн.-рус. оцюнеть. Сюды бранск. ачу́неть, вы́чунеть ’паздаравець, апрытомнець, ачнуцца’, укр. ви́чуняти. Звязваюць з рус. чваниться, чванный, гл. Патабня, РФВ, 3, 171; сумненні да гэтага выказвае Фасмер, 4, 321, 383 — адмаўляе сувязь з рус. чунеть ’прыходзіць у беспрытомны стан’ па семантычных прычынах; параўн. рус. очунѣти ’здурнець’, якое звязваюць з очюно́й ’дурны’, очунь ’дрэнна, вельмі’, гл. Львоў, ДСИЯ, 10, 1956, 68 і наст.; згодна з іншай версіяй (Львоў, Этимология, 1965, 194 і наст.), рус. очунь ад дзеяслова очутщ паводле Трубачова, Этимология 1971, 83, кароткая форма прыметніка, звязаная з в.-луж. cuni ’мяккі, пяшчотны’, ’тонкі’, славін. cȧ̃nï, cënï ’прыгожы’, што дае падставы рэканструяваць прасл. ot‑junъjь з пазнейшай дэкампазіцыяй o‑tjunъjь; развіццём значэння ад ’малады’ да ’мацнейшы, лепшы’ можна вытлумачыць як рус. очунь, очень ’вельмі’, так і, магчыма, рус. очунять, бел. ачуняць. Тады чуняць ’адчуваць сябе лепей’ (Нас.) і вытворныя вычуняць, атчуняць ’пазбавіцца цяжкай хваробы’ (Нас.), пачунець ’акрыяць’ (Пан. дыс.) трэба лічыць другаснымі ўтварэннямі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)