адзе́ржацца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.

Разм.

1. Устаяць на месцы, захаваць раўнавагу, не ўпасці. У галаве.. [парабчыхі] ад слабасці закружылася, яна не магла адзержацца на вышках. Чорны. Голас старога ўзняўся ад дрыжання, у нейкім адчаі ён падняў уверх галавешку і з усяе сілы выцяў ёю па галаве Хвядзька. Той захістаўся і не адзержаўся на нагах. Лобан.

2. Застацца дзе‑н., прабыць; затрымацца. Жаўнеры нядоўга адзержаліся ў нашым краі. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адлучы́цца, ‑лучуся, ‑лучышся, ‑лучыцца; зак.

Пакінуць якое‑н. месца на пэўны час; выйсці, адысці. Адлучыцца з дому. □ Марынка ўспомніла, як Паходня.. падышоў і пацалаваў яе, сказаўшы, што адлучыцца на якую гадзіну на калгасны двор па справах. Хадкевіч. // Аддзяліцца, адысці ад каго‑, чаго‑н. □ Гадзіны дзве ўся калона рухалася разам з партызанамі. Потым партызаны адлучыліся і пайшлі кожны сваім маршрутам. Колас. Віктар адлучыўся ад варот і знік у цемрадзі. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даара́ць, ‑ару, ‑арэш, ‑арэ; ‑аром, ‑араце; зак., што і без дап.

1. Закончыць ворыва; узараць увесь які‑н. участак. — Да чэрвеня яшчэ паспею даараць! — супакоіла.. [Зося] сябе і занялася другімі думкамі. Гартны. Папас і яшчэ два маладыя хлапцы хутка выехалі даараць кавалак жытнішча. Галавач. // Узараць да якога‑н. месца. Даараць да лесу. □ Дааралі [Пракоп з Мацвеем] да палка, павярнулі каня. Лобан.

2. Прапрацаваць на ворыве да якога‑н. часу. Даараць да самага вечара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́рак, ‑у, м.

1. Разм. Змрок, цемра. Цямнелася. Моракі клаліся на пыльны брук, на гароды, хавалі далёкія гумны. Пташнікаў. Напружыўшы зрок, Максім разабраў у мораку ледзь прыкметы чалавечы прывід. Машара. // перан. Цемрашальства, дурман. Рэлігійны морак. // перан. Пра што‑н. невядомае, загадкавае. Дзьме холадам ад старажытнага муру, Жыццё тут знямела, захутана ў морак... Тарас.

2. Абл. Мор; пошасць. Пастукалася ў сенцы Палажка — ні гу-гу. Як морак па сядзібе прайшоў. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ры́цца, рыюся, рыешся, рыецца; незак.

1. Капацца ў чым‑н. рыхлым, сыпкім (пра жывёл). Мыкалі каровы, на прызбах грэбліся куры, каля платоў рыліся парсюкі. Грахоўскі.

2. перан. Разм. Перабіраць, перакладваць, шукаючы што‑н. Неўзабаве ноччу прыйшлі рабіць вобыск: перавярнулі кнігі, рыліся ў рукапісах і забралі іх з сабою. С. Александровіч. У сваім кабінеце застаў Гаварушку. Той, не чакаючы прыходу Шэмета, рыўся ў шуфлядзе стала. Калі ўбачыў, засунуў прыскрынак і ўсхапіўся. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэвера́нс, ‑а, м.

Пачцівы паклон з прысяданнем, прыняты ў буржуазна-дваранскім побыце як знак прывітання, падзякі і пад. — Добры дзень, — сказаў Лаўрыновіч, убачыўшы дзяўчынку. Тая адказала і, узяўшы пальчыкамі за спаднічку, зрабіла рэверанс. Лобан. Дзяўчына ў чырвонай хустачцы няўмела прысядала, стараючыся зрабіць рэверанс. Чорны. // перан. Перабольшанае выказванне пачцівасці. Асаблівай апекай заходне-беларускія нацыянал-фашысты атулілі інтэлігенцыю. Робячы рэверансы перад ёй, яны прыпісвалі ёй нават першую ролю ў гістарычных, працэсе. У. Калеснік.

[Фр. révérence.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сатана́, ‑ы, м.

У некаторых рэлігіях — злы дух, які супрацьстаіць богу; д’ябал. Колькі надзеі паклаў.. [«брат Міша»] на тое, што прывядзе, нарэшце, «к госпаду» гэтую «заблудную авечку». А тут — зноў сатана не дрэмле. Косцік і ўчора і пазаўчора хадзіў у лес па чужыя дровы. Брыль. // м. і ж. Разм. Ужываецца як лаянкавае слова. — Адкасніся, сатана, — замахаў Ціток сваім кіем. Параска сарвалася і пабегла ўперад. Лобан. [Кацярына:] — Базыль, сатана ты сіберная!.. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыста́нішча, ‑а, н.

Месца, дзе можна прыстаць, прытуліцца, прыпыніцца; часовае жыллё. Драпеза загадаў патушыць усе пячуркі ў зямлянках, каб іх дым не выдаваў ворагу партызанскага прыстанішча. Паслядовіч. Стогнуць Бусліныя сосны: даўганосыя птахі сёлета занялі ў Грынях .. нечае шматгадовае прыстанішча. Пташнікаў. Па дарозе на горад выцягнуўся абоз у пошуках новага прыстанішча. Лобан. // перан. Пра таго (тое), хто (што) служыць аховай, абаронай. Абстрактная мара часам была адзіным прыстанішчам ад кашмараў жыцця. Перкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыці́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Шчыльна наблізіцца, прытуліцца да каго‑, чаго‑н. [Цімошка] залез на печ, скурчыўся, прыціснуўся спінай да гарачага коміна і накрыўся кажушком. Хомчанка. Абодва хлопцы прыціснулася да дна [лодкі] і не толькі хістацца, але і дыхаць перасталі. Маўр. [Параска] ўзяла разбэрсала .. [Андрушку] валасы, потым абхапіла за шыю, прыціснулася. Лобан.

2. Размясціцца на вельмі блізкай адлегласці ад чаго‑н.; наблізіцца да чаго‑н. Натоўп замоўк, прыціснуўся да ганка. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

п’я́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм.

1. Гулянка, дзе многа п’юць спіртных напіткаў. [Хлопцы] думалі, што казакі перад адыходам у Ванькоўшчыне п’янку спраўляюць, аж было мірна і ціха. Лобан. — Выпі, дачка, тут не п’янка, а сяброўская вячэра. За нашу перамогу грэх не выпіць каліва... Машара.

2. Тое, што і п’янства. Аналізуючы прычыны прагулаў і парушэнняў дысцыпліны працы, прыходзіш да высновы, што пераважная большасць іх звязана з п’янкай. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)