раскі́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Легчы, шырока раскінуўшы рукі, ногі. Ля ганка, на каменні ў нязручных позах раскінулася некалькі чалавек. Лынькоў. // Шырока, у розныя бакі працягнуць свае галіны, лісты; пышна разрасціся. Разгалістыя сосны, быццам зялёныя шатры, раскінуліся на пясчаным узгорку ўскрай лесу. Колас.

2. Размясціцца дзе‑н., заняўшы сабой вялікую прастору; далёка працягнуцца. Вунь аж да Нёмана раскінуўся бяскрайні луг. С. Александровіч. Ад вакзала да самага Амура раскінуўся вялікі новы горад. Грахоўскі.

3. Разм. Патраціцца на што‑н. Гаспадарлівы не надта раскінецца. Прымаўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ры́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Утвараць рып; рыпець. Сям-там рыпалі дзверы, калодзежныя жураўлі. Чарнышэвіч. Рыпаў калодзежны вочап, бразгалі кацялкі і булькалі біклажкі. Грахоўскі. // чым. Утвараць рып, рыпець чым‑н. Бацька з Колем выйшлі на двор. Даўгавата там стукалі тапаром, рыпалі варотамі ў хлеў. Мыслівец.

2. Разм. Іграць непрафесійна на якім‑н. музычным інструменце (звычайна на гармоніку). На процілеглым канцы [вёскі], бадай ля самай шашы, рыпае гармонік, глуха бухае бубен. Навуменка. Звычайна, нудна, усюды адну і тую ж польку рыпае прывітальна мясцовы гармонік. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

счарне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Стаць чорным, пачарнець. Адліга. Капае са стрэх, І вецер дзьме вільготны з поўдня, Счарнеў і асядае снег. Грахоўскі. У нас — не змерзла ніводнага каліва, а ў беднага імянінніка нават бульбоўнік увесь счарнеў. Дубоўка. А бацька, стары ўжо чалавек, счарнеў увесь за гэтыя тыдні. Кулакоўскі.

2. Пацямнець. Неба над лесам зусім счарнела ад хмар. Быкаў. / у безас. ужыв. Наставала ноч. Пара было дамоў. Але Грыша яшчэ доўга стаяў на сваёй строме. Толькі калі зусім счарнела, ён нехаця пасунуўся на ціхія Паронькі. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

язда́, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. ездзіць (у 1, 2 і 4 знач.). Язда вярхом. Марудная язда. □ [Сцёпка] захапляўся яздою і тымі новымі малюнкамі, што мільгацелі перад яго вачамі. Колас.

2. У складзе спалучэнняў, што абазначаюць час, паказвае на пэўную адлегласць паміж якімі‑н. пунктамі. Тут жа і язды той на нейкія пятнаццаць хвілін. Грахоўскі.

•••

Спараная язда — на транспарце — абслугоўванне лакаматыва, аўтамашыны і пад. дзвюма брыгадамі, двума работнікамі, што змяняюць адзін аднаго.

Строеная язда — абслугоўванне лакаматыва трыма брыгадамі, якія працуюць пачаргова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

му́ка, ‑і, ДМ му́цы, ж.

1. Фізічная або маральная пакута. Душэўныя мукі. Мукі няпэўнасці. Мукі тугі. // у знач. вык. Аб чым‑н. вельмі цяжкім, пакутлівым. Не жыццё было, а мука, Мы старэлі ў дваццаць год. Грахоўскі.

2. Фізічны здзек, катаванне. Маці ў лагеры смерці разам з намі была, Мук усіх перанесці Там яна не змагла... Смагаровіч. Чым здраднікам быць — лепш у муках памерці. Панчанка.

мука́, і́, ДМ муцэ́, ж.

Прадукт размолу збожжа. Жытняя мука. Пытляваная мука. Кукурузная мука. // Размолатыя або расцёртыя ў парашок якія‑н. жывёльныя ці мінеральныя рэчывы. Фасфарытная мука. Рыбная мука.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бэ́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

Драўляны, жалезны або жалезабетонны брус, які ўмацаваны канцамі ў дзве процілеглыя сцяны або ўстоі і служыць падтрымкай насцілу (падлогі, столі і інш.). Спачатку першыя бэлькі працягнуліся над адным паверхам, потым яны леглі над другім, затым над трэцім. Мележ. Дваццацідвухметровы вежавы кран спрытна падаваў на апошні паверх бетонныя бэлькі і цяжкія, пліты і ўкладваў іх на месца. Грахоўскі. // Трама. — На бэльцы праснака кавалак, дастань ды з’еш з малаком, — заўважыла Ганна, увайшоўшы з Якавам. Лобан. У хаце гарэла лямпа-пяцілінейка, падвешаная да бэлькі над сталом. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вір, ‑у, М у віры; мн. віры, ‑оў; м.

1. Кругавы, лейкападобны рух вады, які ўзнікае ад сутыкнення сустрэчных плыней. Сама рака цякла спакойна, толькі вір управа ад лодкі ўсё бурліў і пераліваўся. Кулакоўскі. // Месца ў рацэ, звычайна глыбокае, з ямай, дзе адбываецца завіхрэнне вадзяной плыні. Завівалася на вірах цёмная вада. Грахоўскі.

2. перан. Бурлівы, імклівы рух чаго‑н. Вір падзей. Вір пачуццяў. □ З першых дзён.. [Люба] з галавой акунулася ў вір студэнцкага жыцця. Васілевіч.

•••

У віру на калу — а) пра няўстойлівае, няпэўнае жыццё; б) далёка, невядома дзе.

Хоць у вір галавою — пра цяжкае, безвыходнае становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыцэ́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.

1. Падрыхтавацца да стральбы, навёўшы зброю на цэль. Чыжык прыцэліўся, але рукі дрыжалі і ўвесь час неспакойна скакала мушка. Лупсякоў. Рагозін ускочыў у акоп, схапіў вінтоўку, прыцэліўся і стрэліў. Гурскі. // Накіраваць што‑н. на каго‑, што‑н. Аніся ўжо выліла ўсю ваду з лейкі, а Шаевіч ніяк не мог прыцэліцца і сфатаграфаваць яе. Сабаленка.

2. перан. Разм. Намерыцца зрабіць што‑н.; абраць аб’ект дзеяння, уздзеяння. [Цярэшка:] — Скажам, табе захочацца ўхапіць лепшую валоку панскай зямлі, і я на яе прыцэліўся, от і счэпімся загрудкі — каламі не разбароніш. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пухі́р, ‑а, м.

1. Балючае ўздуцце скуры (ад апёку, трэння, укусу і пад.). На далонях ускочылі і палопаліся вадзяныя пухіры. Грахоўскі. [Мароз:] — Не быў жа я такі, не было ў мяне гэтай мяшчанскай далікатнай скуры, на якой ад дотыку крапівы ўсхопліваюцца пухіры. Лобан.

2. Тое, што і пузыр (у 1 знач.). Пачуць ён хоча голас мужны, Махнуць рукой на цёмны вір, Бо ў ім ты — бурбалка-пухір, Пакуль пануе звон ланцужны. Колас. Хваля.. разбіваецца з шумам, уся ў белых пухірах, якія растаюць у момант, і цяпер там, дзе былі яны, блакітны вір вады. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

размы́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад размыць.

2. у знач. прым. Сапсаваны, разбураны плынню, вадою. Русіновічу сніўся сон: ён едзе з бацькам па размытай, калдобістай дарозе. Дамашэвіч. Штоноч сніцца венцяроўцам самалёт... Здаецца, не ходзяць яны па размытай грэблі ды балоце, а на самалёце птушкай крылатай носяцца. Чарот.

3. у знач. прым. Які не мае ярка акрэсленых абрысаў; няясны, невыразны. Сонца заходзіла за брудную, празрыстую павалоку. Яно не хавалася, але здавалася нейкім размытым. Лобан. Пабразгаў [вецер] заінелай клямкай, Асыпаў з хвоі снег і знік, А з воблака размытай плямкай Туманным выплыў маладзік. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)