мянці́ць, мянчу, менціш, менціць; незак.

1. што. Вастрыць мянташкай. Неўзабаве касцы выйшлі да дарогі і прыпыніліся на хвіліну адпачыць. Некаторыя сталі мянціць косы. Даніленка.

2. перан.; што, чым і без дап. Разм. Гаварыць многа і без толку, гаварыць бязглуздзіцу; трапацца, лапатаць. Языкі быццам з прывязі пазрываліся і мянцілі немаведама што. Сабаленка. [Даміра:] — А вы языком толькі менціце. Мы ды мы. А дзе тыя брыгады, што на сходзе старылі? Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накірава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак.

1. Пайсці, паехаць куды‑н., да каго‑, чаго‑н., рушыць у якім‑н. кірунку. Накіравацца на сход. Накіравацца да знаёмага. □ Шпаркімі крокамі, а дзе і подбегам накіраваўся дзед на сваю сядзібу. Колас. З кабіны самазвала вылез начальнік зборачнага цэха і вайсковым крокам накіраваўся да трыбуны. Карпаў.

2. Узяць, набыць які‑н. кірунак руху, развіцця. Апошнія прамяні .. [сонца] слізганулі па воднай прасторы, а затым накіраваліся ўгору. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напа́д, ‑у, Мдзе, м.

1. Хуткае дзеянне, накіраванае на каго‑, што‑н. для захопу, грабяжу, забойства і пад. На вялікім скрыжаванні адбыўся напад на нямецкую аўтакалону. Чорны. Загарэўся бензасклад — галоўны аб’ект нападу. Шамякін.

2. Абвінавачванні, папрокі, з якімі выступаюць супроць каго‑, чаго‑н. Напад ідэалагічнага праціўніка. □ Шумлівыя напады на апавяданне [Дудара] «Вецер з усходу» больш тлумачыцца тым, што крытыкі бачылі ў ім тое, чаго, па сутнасці, там не было. Звонак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нападзе́нне, ‑я, н.

1. Тое, што і напад (у 1 знач.). Нападзенне на лагер малаверагоднае — ні немцы, ні паліцыя ў лес пакуль не лезлі. Навуменка. — Заўтра, а можа нават і сёння, ты атрымаеш загад аб нападзенні на харчовы транспарт, які будзе ісці на мястэчка, дзе стаіць Н-ская дывізія. Чарот.

2. Частка каманды, якая непасрэдна вядзе атаку на праціўніка пры гульні ў футбол, хакей і пад. Цэнтр нападзення.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перасу́д, ‑а, Мдзе, м.

Разм.

1. Паўторны суд. [Сцяпан:] А добра, сватка, кажаш. Зробім суд, перасуд, добрым складам над гэтым гадам. Купала. — Што ж, схадзі ў сельсавет, Заявіся... Усё яны высветляць... — Не. З’яўлюся: адразу ж пад варту мяне, Покуль суд, перасуд той — За краты... Куляшоў.

2. звычайна мн. (перасу́ды, ‑аў). Нядобразычлівыя выказванні пра чые‑н. учынкі, словы, дзеянні; плёткі. Ты перасудаў не лякайся, Што людзі зложаць у паспех... Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плані́да, ‑ы, ДМдзе, ж.

1. Разм. уст. Доля, лёс. Клопікаў зноў з’явіўся быў на родных гарызонтах, але, як сам гаварыў ён, яго ўласная планіда пакацілася ўніз. Лынькоў.

2. Тое, што і планета (у 1 знач.). — Усё з зямлі жыве. Усё за яе трымаецца, і лішні ты чалавек на зямлі, калі не маеш свайго ўласнага месца на ёй, ці калі, скажам, цесна табе на такой вялікай планідзе. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́быт, ‑у, М ‑быце, м.

1. Тое, што і быт. Чытаў [Хэлд] у арыгінале творы савецкіх пісьменнікаў, каб хоць трошкі пазнаёміцца з душой, побытам рускіх. Сабаленка. Замаскіраваны вораг умеў схаваць сваё аблічча за гучным словам, за бездакорнымі паводзінамі ў побыце. Няхай.

2. Знаходжанне, прабыванне дзе‑н. За гэты час побыту ў школе Аленка значна змянілася. Колас. Праз увесь час майго побыту ў Жорнаўцы сюды не даходзілі ніякія газеты, ні лісты. Мядзёлка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прагаві́ты, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і прагны. Саўка неспакойнымі прагавітымі вачамі акінуў стол і закуску на ім. Колас. Смалякоў тым часам схапіўся за флягу, паднёс яе да губ, дрыжачых, пасінелых, зрабіў некалькі прагавітых глыткоў. Чыгрынаў. Асабліва нясцерпнай была туга вечарамі, калі з таго боку астрога, дзе сядзелі крымінальнікі, у камеру даляталі песні. Нудныя, поўныя жалю, прагавітага жадання волі. Машара. Такі прагавіты і скнарлівы чалавек [Аляксей Гусак], што аж дзіва. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ко́ратка і каро́тка,

1. Прысл. да кароткі (у 1, 2 і 3 знач.). Заве сябе хлапчук Не Якаў, а Якоб. Каротка падстрыгае лоб. Корбан. Коратка бліснула полымя, і дрэва пераламалася. Мележ. Ленін гаварыў не толькі каротка, але і проста. Гурскі.

2. безас. у знач. вык. Не хапае, малавата. Дзе каротка там і рвецца. Прыказка.

•••

Коратка кажучы (пабочн.) — у агульных рысах, без дэталізацыі (гаварыць, расказваць).

Ці доўга ці коратка гл. доўга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

краяві́д, ‑у, Мдзе, м.

Агульны выгляд якой‑н. мясцовасці, малюнкі прыроды. Палескі краявід. Паўночны краявід. □ Праз гэтыя акенцы вачам адкрываецца шырокі краявід палёў, акаймаваных лесам, а там далей паблісквае — калі сінню, калі залацістым россыпам — серадзіборскае возера. Пестрак. З Замкавай гары адкрываюцца цудоўныя і маляўнічыя краявіды ваколіц: у жоўтай аправе прысад змейкамі выгінаюцца дарогі на Ліду, Любчу і Карэлічы, на гарызонце відаць затуманеныя даллю наднямонскія лясы. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)