жарало́, ‑а́; мн. жаро́лы (з ліч. 2, 3, 4 жаралы́), жаро́лаў; н.
1. Глыбокая адтуліна ў чым‑н. Жарало вулкана. □ Падаючы, [клён] прабіў сукам жарало ў зямлі. Лужанін. // Адтуліна ў ствале тоўстага дрэва. Уся гэта лука выглядала пышным старасвецкім садам, дзе замест пладовых дрэў раслі разложыстыя, дуплястыя, з асмаленымі жароламі дубы, убраныя чорнымі шапкамі буславых гнёздаў. Колас. // Назва пярэдняй адтуліны ствала гарматы. Гармату павярнулі жаралом у бок палякаў і пачалі біць. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жура́ў 1, ‑рава, м.
Разм. Тое, што і журавель 1. Высока-высока ў небе ляцелі ў вырай журавы і гусі. Васілевіч.
жура́ў 2, ‑рава, м.
Разм. Тое, што і журавель 2. Усе відаць, як на далоні: і кожнае дрэва на шляху, і калодзежны жураў у дальняй вёсцы, і зубчаты край лесу, і бялявы дымок далёка, далёка, дзе праходзіць чыгунка. Лынькоў. У вёсцы ляніва скрыпелі журавы, пелі пеўні. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жыха́р, ‑а, м.
1. Той, хто пражывае дзе‑н.; насельнік. На партах сядзеў чалавек у цёмнай вопратцы, зусім не падобнай да футравай вопраткі жыхароў поўначы. Шамякін. [Ніна] цяпер гарадскі жыхар, студэнтка універсітэта! Лупсякоў. / Пра жывёл, птушак, рыб і пад. Сярод лясных жыхароў .. [людзі] былі самыя слабыя, самыя няшчасныя. Маўр.
2. Той, хто жыве ў памяшканні; жылец. З парога .. [гаспадыня] баязліва паглядзела на тонкую перагародку майго пакоя, за якой ужо жылі новыя жыхары, Грачовы. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мянці́ць, мянчу, менціш, менціць; незак.
1. што. Вастрыць мянташкай. Неўзабаве касцы выйшлі да дарогі і прыпыніліся на хвіліну адпачыць. Некаторыя сталі мянціць косы. Даніленка.
2. перан.; што, чым і без дап. Разм. Гаварыць многа і без толку, гаварыць бязглуздзіцу; трапацца, лапатаць. Языкі быццам з прывязі пазрываліся і мянцілі немаведама што. Сабаленка. [Даміра:] — А вы языком толькі менціце. Мы ды мы. А дзе тыя брыгады, што на сходзе старылі? Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
накірава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак.
1. Пайсці, паехаць куды‑н., да каго‑, чаго‑н., рушыць у якім‑н. кірунку. Накіравацца на сход. Накіравацца да знаёмага. □ Шпаркімі крокамі, а дзе і подбегам накіраваўся дзед на сваю сядзібу. Колас. З кабіны самазвала вылез начальнік зборачнага цэха і вайсковым крокам накіраваўся да трыбуны. Карпаў.
2. Узяць, набыць які‑н. кірунак руху, развіцця. Апошнія прамяні .. [сонца] слізганулі па воднай прасторы, а затым накіраваліся ўгору. Маўр.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напа́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Хуткае дзеянне, накіраванае на каго‑, што‑н. для захопу, грабяжу, забойства і пад. На вялікім скрыжаванні адбыўся напад на нямецкую аўтакалону. Чорны. Загарэўся бензасклад — галоўны аб’ект нападу. Шамякін.
2. Абвінавачванні, папрокі, з якімі выступаюць супроць каго‑, чаго‑н. Напад ідэалагічнага праціўніка. □ Шумлівыя напады на апавяданне [Дудара] «Вецер з усходу» больш тлумачыцца тым, што крытыкі бачылі ў ім тое, чаго, па сутнасці, там не было. Звонак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нападзе́нне, ‑я, н.
1. Тое, што і напад (у 1 знач.). Нападзенне на лагер малаверагоднае — ні немцы, ні паліцыя ў лес пакуль не лезлі. Навуменка. — Заўтра, а можа нават і сёння, ты атрымаеш загад аб нападзенні на харчовы транспарт, які будзе ісці на мястэчка, дзе стаіць Н-ская дывізія. Чарот.
2. Частка каманды, якая непасрэдна вядзе атаку на праціўніка пры гульні ў футбол, хакей і пад. Цэнтр нападзення.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нара́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Афіцыйнае пасяджэнне, якое робіцца з мэтай абмеркаваць якія‑н. пытанні. Вытворчая нарада. Міжнародная нарада. Нарада камандзіраў. □ Кіраўнікі чыгуначнай партарганізацыі сабраліся на нараду. Новікаў. // Удзельнікі такога пасяджэння. Узняўся тлум, загаварылі ўсе разам, ажывіліся мужчыны, нарада разбілася на групы. Дуброўскі.
2. Сумеснае абмеркаванне якога‑н. пытання. Сямейная нарада. □ [Дзеці] аб нечым шушукаліся ў калідоры. Відаць было, што ў іх ідзе нейкая сур’ёзная нарада. Няхай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
неўрадлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, на якім культурныя расліны не могуць даваць добрага ўраджаю; які не вызначаецца ўрадлівасцю. Зямля тут неўрадлівая, пясок, нічога расці не хоча. Крапіва. // Які не ўрадзіў, які не абяцае добрага ўраджаю. Нават дзе і не было пустазелля, жытцо стаяла дробненькае, неўрадлівае. Кулакоўскі.
2. Які вызначаецца дрэнным ураджаем. У нейкай вёсцы.. [Надзю] пакінулі — ці то ў сваякоў, ці то ў знаёмых. Казалі, быў неўрадлівы год, не хапала хлеба... Бураўкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няго́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. звычайна мн. (няго́ды, няго́д і ‑аў). Няшчасце, ліхая гадзіна; непрыемнасці. Прамінуў час бяды і нягод, Каб ён больш не прыходзіў ніколі! Астрэйка. Як ні кажы: удваіх усё-такі лягчэй жыццёвыя нягоды пераадольваць, чым аднаму. Ігнаценка.
2. Дрэннае надвор’е; непагода. На дварэ нягода крыху супакоілася. Вецер сціх, толькі церушыўся дробны рэдзенькі дождж. Чарнышэвіч. Цёплаю парою, калі не было нягоды, Канстанцін Міхайлавіч сядзеў заўсёды.. [пад вязам]. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)