адабра́ць 1, адбяру, адбярэш, адбярэ, адбяром, адбераце; зак., каго-што.

1. Прымусіць каго‑н. аддаць які‑н. прадмет; сілай забраць у каго‑н., што‑н. Дубінка — скок, скок! Пабегла, адабрала ў ведзьмара гуслі. Якімовіч. Дануся, пакрыўдзіўшыся, адабрала касу і закінула за плячо. Карпюк. Ля сэрца ён хаваў іх [вершы] і бярог, Каб не знайшлі, не адабралі каты. Танк. // Пазбавіць каго‑н. права карыстацца чым‑н. Адабраў пан пасеку, і за гадоў дваццаць пяць парос на ёй густы ельнік ды бярэзнік. Гарэцкі. // Пазбавіць каго‑, чаго‑н., забраўшы сабе, забіўшы, зруйнаваўшы. [Наталля:] — А пасля да мяне прыйшла жанчына і сказала, што я адабрала ў яе мужа. Скрыган. Толькі адно пачуццё яскрава жыло ў Арыне: нянавісць.. да Патапчыка. Гэта ён зглуміў яе шчасце, адабраў у яе чалавека. Чарнышэвіч. [Наста:] Майго любага сына Адабрала вайна, І надзеяй адзінай Засталася яна [Таццяна]. Глебка.

2. Пазбавіць каго‑н. якіх‑н. пачуццяў, якасцей, права на што‑н. Стары Няміра стагнаў на саломе — трывога, здарожанасць адабралі ў яго ўсе сілы. Чорны. [Тася:] — А вайна ўсё зрабіла трагедыяй, усё ў мяне адабрала: і першае каханне, і сям’ю, і нават права быць матуляй. Гарбук. Вораг, якога мы пазналі ў верасні трыццаць дзевятага года, цяпер захацеў адабраць у нас волю і шчасце ўжо назаўсёды. Брыль. // Пазбавіць чаго‑н., што дае сродкі на існаванне. [Алаіза Пашкевіч:] — Я ведаю, што ў вас [рабочых] дзеецца на заводзе. Ведаю, што Суравіч звольніў трыццаць чалавек. Выгнаў іх з завода, адабраў кавалак хлеба. Арабей. У калгасе прыладзіўся [Хмыль] вупраж выдаваць: у старых работу адабраў. М. Стральцоў.

3. Выдаткаваць, патраціць нейкую колькасць часу (сілы, сродкаў, здароўя) на выкананне чаго‑н. Старшы лейтэнант, які то хадзіў туды-сюды, то паглядваў нецярпліва за рэчку, падумаў, што гэтая пераправа адбярэ ў яго многа часу. Мележ. Нямала адабраў здароўя апошні працэс — групавая справа малалетніх парушальнікаў. Васілевіч.

4. безас. Страціць здольнасць чым‑н. валодаць. У Мяфодзія Паўлавіча на некаторы час адабрала мову. Чарнышэвіч. Адабрала ногі, цела змарыла неадольная млявасць. Дуброўскі.

5. Выбраць з аднастайных прадметаў асобныя з іх, якія вылучаюцца пэўнай якасцю або прыкметай. Настаўнік прапануе вучням яшчэ адабраць патрэбныя словы... Самцэвіч. [Сакратар:] — Там [у парткабінеце] з ім [загадчыкам аддзела прапаганды] адбярыце неабходную літаратуру, парайцеся наконт тэмы і плана даклада і — дзейнічайце. Сіўцоў.

6. Спец. Выстругаць адборнікам фігурную паверхню чаго‑н.

адабра́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адобрыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кі́дацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Мітусліва рухацца. [Карась] кідаўся па днішчы лодкі і зяхаў жабрамі. Лобан. // Рассыпацца, разбягацца (пра многіх). Жывёла кідаецца ў бакі, топча спелае жыта. Паўлаў.

2. Разм. Жыць у беднасці, горы; перабівацца. Кідаецца, б’ецца Сцяпан: і ў сваёй гаспадарцы ўсё перарабіць і на людзей, як вол, варочае. Чарнышэвіч. // Гадавацца без патрэбных умоў, без належнага догляду. Дома дзед і бабка не вельмі былі рады лішняму роту, але ўжо калі з’явіўся чалавек на свет, дык нічога не паробіш, як-небудзь няхай кідаецца. Астрэйка.

кіда́цца, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

1. Кідаць у каго‑, што‑н. чым‑н. або адзін у аднаго. Кідацца снежкамі. □ Між парт гойсалі вучні, кідаліся шапкамі. С. Александровіч. // перан. Не даражыць кім‑, чым‑н. Кідацца грашамі. □ [Наталля:] Харошыя людзі не так часта трапляюцца, каб імі кідацца. Крапіва.

2. Спешна накіроўвацца, бегчы куды‑н., да каго‑, чаго‑н. Выскаквалі з двароў дзеці, стрымгалоў кідаліся да калёс, крычалі на ўсе галасы: — Вяселле едзе! Лынькоў. Шэсць чалавек на конях кідаюцца на дарогу ў бок лясоў. Чорны. // Парывацца, імкнуцца да каго‑н. з якімі‑н. пачуццямі. Кідацца на шыю. □ Шалёхін парывіста ўстае, кідаецца да дзеда Талаша. Колас. // Нападаць, накідвацца на каго‑, што‑н. Сабака кідаецца на незнаёмага. □ Заўважыў Патапавіч вулей таму, што гулі пчолы і падчас кідаліся на чалавека. Кулакоўскі. // З прагнасцю брацца, прымацца за што‑н. Кідацца на ежу. □ — Здавалася б, адпачываць трэба, а ён кідаецца, як галодны, на работу. Чыгрынаў.

3. Тое, што і кідацца (у 1 знач.). Кідацца ў гарачцы. Кідацца ў сне.

4. (з інф. і са словамі, якія абазначаюць дзеянне). Паспешліва, імкліва пачынаць якое‑н. дзеянне. Кідацца дапамагаць. Кідацца ў спрэчку. □ [Толік] прычапіўся на вуліцы да Максіма, кідаўся біцца. М. Стральцоў.

5. Разм. Скакаць, падаць уніз. Мужчыны распраналіся ў лесе, пад дубамі, і з высокага абрыву кідаліся ў ваду. Шамякін. // Імкліва садзіцца, класціся. Рыгор кідаўся ў падушку і засыпаў. Гартны. [Коля] усх[оплі]ваўся, а пасля зноў кідаўся на ранейшае месца. Чорны.

6. Зал. да кідаць (у 1, 2 знач.).

•••

Кідацца словамі — гаварыць неабдумана, не адказваючы за свае словы.

Кідацца ў абдымкі да каго — наладжваць блізкія сяброўскія адносіны з кім‑н., выяўляць асаблівую прыхільнасць да каго‑н.

Кідацца ў амбіцыю — пакрыўдзіўшыся, выказваць нязгоду, незадавальненне.

Кідацца ў вочы — прыцягваць увагу, быць асабліва прыметным.

Кідацца ў істэрыку — выяўляць ва ўчынках і ў паводзінах вялікую нястрыманасць, узбуджанасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каці́цца 1, качу́ся, ко́цішся, ко́ціцца; незак.

1. Верцячыся, рухацца ў адным напрамку (пра што‑н. круглае, шарападобнае). Маленькая пацешная постаць цягнулася наперад, да гэтага капрызнага мяча, які можа так слаўна скакаць па траве, а потым раптам сарвацца куды-небудзь убок і каціцца, каціцца, каціцца... Лынькоў. Колы стукаліся аб карэнне, плюхалі па гразі і каціліся бокам. Колас. // Саслізгваць, з’язджаць па нахіленай плоскасці. То коціцца камень з высокай гары, То птушка крычыць спрасоння. Свірка. Нарэшце дэтанатар падагнаны пад рэйку, і Тоня першая коціцца з насыпу. Шчарбатаў. // перан. Разм. Апускацца, станавіцца горшым у якіх‑н. адносінах. — Мы коцімся, коцімся ўніз. Дакаціліся ўжо да таго, што жонка друга не верыць нам, баіцца нас. Брыль.

2. Ехаць, пасоўвацца (пра сродкі перамяшчэння на колах). Была ўжо восень з першымі прымаразкамі, і таму павозка лёгка кацілася па гладкіх сухіх каляінах. Якімовіч. Паволі коціцца па няроўнай дарозе трохтонка. Ваданосаў. // Хутка ехаць па слізкай паверхні. Гонка, гонка, з горкі, з горкі Санкі коцяцца мае. Кірэенка. // перан. Хутка ісці (пра нізкага, тоўстага чалавека). [Гамрэкелі], уздымаючы пыл, каціўся па вуліцы, круглы, як мяч. Самуйлёнак. // перан. Хутка рухацца, перамяшчацца (пра вялікую колькасць, масу людзей). У гэты час рэшткі разбітых часцей ворага сапраўды каціліся назад па шляху, што ляжаў кіламетраў за тры ад вёскі. Якімовіч. // перан. Разносіцца, раздавацца (пра гукі). Гулкі стрэл коціцца па Прыпяці і глухне ў прыбярэжных травах і чаротах. Колас. Водгулле грымотаў кацілася імкліва і бурна, бы гул рэактыўнага самалёта. М. Стральцоў.

3. Цячы, струменіцца (пра ваду і пад.). Жоўтая вада з шумам і бульканнем шпарка кацілася ў бок рэчкі, пакідаючы шматкі бруднай пены. Шамякін. Крыніца крышталёвая ў траве Булькоча, ў рэчку коціцца ля бору. Бялевіч. Хутка я ўвесь прамок, а па твары каціліся буйныя кроплі поту. Анісаў. // Расцякацца, плаўна перамяшчацца (пра туман, дым і пад.). Туман коціцца ў даліне, Змоўкла птушка на галіне. Бядуля.

4. Плаўна рухацца па небасхіле. Агніста-чырвонае сонца хутка кацілася за небасхіл. Васілёнак. І месяц коціцца румяны Па-над пуховай гладдзю стрэх. Гаўрусёў. // перан. Ісці, рухацца (пра час, жыццё і пад.). Над разбураным краем Бурна каціўся Ўстрывожаны час. Глебка. Устанаўліваўся мір, і жыццё зноў кацілася той жа дарогай. Васілевіч.

5. заг. каці́ся (каці́цеся). Разм. Ідзі (ідзіце) адсюль.

каці́цца 2, ко́ціцца; незак.

Нараджаць дзіцянят (пра авечку, казу і некаторых іншых жывёл).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

про́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Аднародны па саставу, элементарны; не складаны, не састаўны. Простае рэчыва. Просты арганізм. Просты лік.

2. Не складаны, не цяжкі для разумення, выканання, рашэння. Простая справа. Простае рашэнне. □ Цяпер я адчуў, што гэта дарога не такая простая і лёгкая, якою здавалася мне дома. Колас. — Але чым мы горшыя за іх? — Маці не магла адказаць на гэтае справядлівае простае пытанне. Шамякін.

3. Без асаблівых упрыгожанняў; не мудрагелісты, не вычварны. Сям-там узвышаліся ў рыштаваннях пабудаваныя ўжо гмахі простых, прыгожых дамоў. Карпаў. Кракталі жабы. Было нешта смутнае і жалобнае ў гэтай простай і аднатоннай іх песні.. Колас. Простыя, задушэўныя і шчырыя радкі.. змяняліся мужнымі і гнеўнымі словамі, у якіх бурліла нянавісць да прыгнятальнікаў. С. Александровіч.

4. Грубы па якасці; недастаткова апрацаваны. Мука простага памолу. □ Аснову для каптуроў маці рабіла з простага палатна. Бядуля. Новая мэбля, нефарбаваная, простая, відаць, работа чарніцкіх местачковых майстроў, была дасціпна парасстаўляна на сваім месцы. Чорны.

5. Які нічым не вызначаецца сярод іншых; звычайны. — Раз ты сельсаветчык, то ты можаш распараджэнне даваць. — Што ты гэта! Што я начальнік які ці што? Я просты чалавек. Чорны. Па задзірыстым тоне Цімоха і косых позірках астатніх мужчын Валюжынец зразумеў, што гэта не просты жарт. Б. Стральцоў.

6. Звычайны, не заказны (пра пісьмо, бандэроль і пад.).

7. Няхітры, прастадушны, адкрыты, не ганарлівы. [Дар’я:] — Я марыла, што муж у цябе будзе чалавек просты, свойскі... Шамякін. Пятроўна павяла [Хіму] на сход работніц з фабрыкі. Усе яны былі простыя, знаёміліся з Хімаю, расказвалі аб сваім жыцці. Каваль.

8. Разм. Наіўны, недалёкі. Простыя вельмі людзі яны: вераць нават у нячыстую сілу. Бядуля.

9. Уст. Які належыць да непрывілеяванага класа, саслоўя. Асцярожна, пан Канеўскі! Будзе ліха, будзе, Не забудзься, што сумленне ёсць і ў простым людзе! Купала. // Які належыць да працоўнай часткі грамадства; працоўны. Простыя людзі стварылі Дзяржаву на ўсходзе. Куляшоў.

10. Прамы, роўны, без выгібаў. Улетку .. [Тамара з Юркам] выпраўляліся на шашу, якая ідзе паўз самую вёску, простая, як страла. Ермаловіч. Бацькавы забінтаваныя ногі ляжалі простыя і тоўстыя, як бярвенні. Крапіва.

11. Яўны, адкрыты. — Падумаць трэба, — ухіліўся Мартын ад простага адказу. Колас.

12. Разм. Не спутаны (пра каня). — Кось, кось, кось!.. — крычыць малы, ідучы за простым канём, выставіўшы шапку, каб падманіць, што дасць аўса. Калюга.

•••

Простая мова гл. мова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разне́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. разнёс, ‑несла і ‑нясла, ‑несла і ‑нясло; заг. разнясі; зак., каго-што.

1. Носячы, даставіць кожны прадмет у пэўнае месца, пэўнай асобе. А цяпер, брат, паштар у нас, з сумкай, кожную хату абыдзе, да паперачкі ўсё разнясе. Ермаловіч. Ніхто за .. [Андрэя] .. [коням] ні сена не разнясе, ні гной з-пад ног на двор да паветкі не выкіне. Пташнікаў. // Ходзячы, вандруючы, распаўсюдзіць што‑н. сярод каго‑н., дзе‑н. Разнесці заразу. // і без дап. Разм. Паведаміць многім, зрабіць вядомым усюды. Не дай бог трапіць .. [дзецям] на вока, разнясуць на ўсю вёску. С. Александровіч. На другі ўжо дзень газеты і радыё на ўвесь свет разнеслі звестку аб ашчасліўленым латарэяй чалавеку. Быкаў.

2. Размеркаваць, запісаўшы ў розных месцах; распісаць. Разнесці па графах.

3. Разм. Расцягнуць па частках, раскрасці. Зладзеі маглі б разнесці сад за два дні. Корбан.

4. Рассеяць, развеяць; разагнаць. Вецер ужо абарваў з дрэў пажоўклае лісце, разнёс яго па лесе. Ляўданскі. Вецер выдзьмуў з нечай цыгаркі зыркія іскрынкі, падхапіў іх і разнёс. М. Стральцоў.

5. Разм. Разбурыць, разбіць, разламаць. Непаваротлівая, цяжкая, прызначаная для стральбы з тылу гаўбіца сваім магутным снарадам разнесла танк на кавалкі. Быкаў. Спрытныя суседчыны рукі ўмомант разнеслі старую арфу на трэскі. Васілевіч. / у безас. ужыв. — Разнясе станок, — усё яшчэ з разгубленым здзіўленнем на твары сказаў Піліп. Кулакоўскі. // Забіць, разарваўшы на кавалкі. Нейкія людзі, у парыве сыноўскай удзячнасці, кінулі дзве бомбы ў цара-вызваліцеля і разнеслі яго ў шматкі. Караткевіч. / у безас. ужыв. Па інструкцыі, калі міна «на батарэйку» не ўзарвецца, кранаць яе нельга: замыканне можа наступіць зусім нечакана і партызана разнясе на кавалкі. Карпюк. // Перакуліць, выкінуць (пра коней). Іншага двухгодка сам чорт у аглоблях не ўтрымае, разаб’е, разнясе ўсё, а Нямко возьме яго за повад, і адразу дзікая жывёліна становіцца рахманым кацянём. Кулакоўскі.

6. перан. Разм. Моцна аблаяць, падвергнуць знішчальнай крытыцы. Не думаў .. [Шаройка], што яго, лепшага гаспадара, могуць так разнесці. Шамякін.

7. безас. Разм. Пра ўтварэнне апухласці на чым‑н. Занылі ў вавёркі зубы. Даводзіць боль яе да згубы, Шчаку разнесла як падушку. Валасевіч. // Пра чыю‑н. празмерную паўнату. [Матруна:] — І прападзеш, калі піць не кінеш! Вунь цябе ўжо як разнесла... Зуб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ру́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак. і незак.

1. зак. Пачаць рух, крануцца з месца. Камбайн рушыў. Пад нажамі яго зазвінела салома, у бункер пасыпаўся густы струмень важкага зерня. Дуброўскі. / Пра рух лёду на рацэ ў пачатак крыгалому. Месцамі вада ўжо выйшла наверх, лёд асеў, гатовы ламацца і рушыць. Чорны. / Пра рух сонца пры вызначэнні часу. Сонца рушыла з паўдня, і Віцьку з Сярожам трэба было падавацца ў дарогу. Паўлаў. // у безас. ужыв. — Адась! — гукнула .. [маці], адумаўшыся, але раптам схамянулася: — гэта ж з паўдня ўніз рушыла! Чорны. // Накіравацца, адправіцца куды‑н., да каго‑, чаго‑н. Дзядзька Папас рушыў да кузні, дзе ладзілі плугі і бароны. Лынькоў. Лейтэнант і другі пагранічнік рушылі дарожкай у бок зарасніку. Колас. Нешта прыгадаўшы, .. [вайсковец] усміхнуўся сабе і рушыў цераз вуліцу, парыпваючы ботамі і рамянямі. Ракітны. «Пабудзем дзянёк у старога, — піша Максім, — і рушым на Нёман, у пушчу, да нас, лесавікоў». Брыль. // перан. Атрымаць далейшае развіццё. — Няўжо .. [Мікульскі] не ўбачыў, што за гэтыя пяць год кожны калгас моцна рушыў наперад... Марціновіч.

2. незак. Тое, што і рухацца (у 1 знач.). Цераз .. поле мы рушым немаведама куды. Чорны. Маладыя, пушыстыя лісцейкі грушы, А за імі на скалах дубоў галізна. Ў беласнежным прыбоі, у квецені рушыць Маладая вясна. Караткевіч.

3. зак. і незак., каго-што. Прымусіць (прымушаць) рухацца, прывесці (прыводзіць) у рух. Хмыль пастаяў з лейцамі ў руках, рушыў каня з месца. М. Стральцоў. Малое кола круціцца як след, а вялікага не рушыць. Зарэцкі. Вось малады дубок, як ні руш — не зрушыш, глыбока ў родную глебу паўрастала карэнне. Лужанін. // Адправіць, накіраваць каго‑, што‑н. куды‑н. Фельдмаршал фон Клюге рушыў супраць бужскай цытадэлі цэлы армейскі корпус генерала Шрота. «Звязда».

4. незак., што. Разбураць, развальваць на часткі. А з якою сілай воды Б’юць у бераг, рушаць камень. Кірэенка.

5. перан.; што. Разладжваць, парушаць. — Вы збіраецеся за яго замуж? — Які там замуж? Можа б і прыйшоў, каб я захацела. Але не вольны ён, сямейны, а рушыць сям’ю не хачу. Навуменка. Гаспадыню .. [Мірон Сцяпанавіч] слухаў цярпліва, пакутаваў ад нуды і, не жадаючы рушыць таго свету, што ўстаяўся ў яе галаве, са скрухай уздыхаў. Ракітны.

6. незак. (звычайна з адмоўем). Разм. Чапаць, закранаць. І мы, пяцёра студэнтаў, пайшлі ў тавар з намерам пагаварыць з цыганамі начыстату. — Рамана не рушце, — прыгразілі мы. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ступі́ць 1, ступлю, ступіш, ступіць; зак.

1. Зрабіць крок. Сяржант ступіў пару крокаў, адсунуў плячом Цімоха. Асіпенка. Аднак не паспеў [Пеця] ступіць і некалькі крокаў, як прыкмеціў у змроку шэрую пляму. Анісаў. Ступіць Сёмка раз, а яго сусед тры (ногі ў суседа кароткія). Чорны. // Наблізіцца, падысці да каго‑, чаго‑н. Бацька ступіў да .. [сына] першы, працягнуў абедзве рукі: — Дзякуй богу! Гэта ты, сынок? Кулакоўскі. Антанюк ступіў да штыкетнага паркана: дарога і тратуар слізкія. Шамякін. // Пераступіць цераз што‑н. Сярожа знайшоў клямку, адчыніў дзверы і ступіў цераз парог. Паўлаў. // перан. Пачаць дзейнічаць, працаваць і пад. Вялікая мужнасць патрабавалася ад Адэлі, каб зрабіць вырашальны крок, парваць з хутарам і ступіць на іншы, новы шлях. Кучар. Але здарылася так, што [Лінкевіч] у крутую хвіліну ступіў не на тую дарогу. Дуброўскі. / у перан. ужыв. На савецкую зямлю ступіла вясна — вясна завяршаючага года пяцігодкі. «Звязда».

2. Паставіць нагу куды‑н., наступіць на каго‑, што‑н. — Ну? — нецярпліва кінуў насустрач .. [Валі] стары, ледзь яна ступіла на падножку. Мележ. Лета ў самым пачатку, і столькі курынай слепаты, што не ступіць нагою, каб не трапіць на краску. Мыслівец. // Ідучы, зрабіць упор (на нагу, пальцы і пад.). Ступіць на пятку. Ступіць на хворую нагу.

3. Увайсці куды‑н. Гаспадыня, яшчэ ні пра што не здагадваючыся, запынілася на парозе. Асцярожна пр[ы]чыніла за сабой дзверы. Ступіла ў пакой і зразумела ўсё. М. Стральцоў. На стол пакласці ўсё, што ёсць, — Такі ўжо звычай наш спрадвечны. Як толькі ў хату ступіць госць — Адразу смажыцца яечня. Сіпакоў. // Трапіць куды‑н., апынуцца дзе‑н. Адчыніў я веснічкі, ступіў на бацькаў двор, ды так быццам і прырос да зямлі... Васілевіч. Так веку чвэрць ваюючы за шчасце, Ступіў баец на родную зямлю. Звонак.

•••

Кроку не ступіць без каго-чаго — а) немагчыма самастойна зрабіць што‑н.; б) немагчыма абысціся без чыёй‑н. дапамогі, падтрымкі, без каго‑, чаго‑н.

Куды ні ступі — усюды, скрозь.

Нага чыя не ступіць гл. нага.

Не даваць кроку ступіць гл. даваць.

Не ступіць на парог — не бываць у каго‑н., не заходзіць да каго‑н.

ступі́ць 2, ступлю, ступіш, ступіць; зак., што.

Зрабіць тупым, затупіць. Ступіць пілу. □ Спрабаваў Леў высякаць Іскры, ды дарма. Толькі кіпцюры ступіў, А агню — няма. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

учапі́цца, учаплюся, учэпішся, учапіцца; зак.

1. Моцна ўзяцца, ухапіцца за каго‑, што‑н. Дзяўчаты ўчапіліся за барты, каб адкрыць [кузаў], і адразу запішчалі, завохалі. Місько. Маці пакінула мяне, хацела дагнаць.. чалавека, але хутка стамілася, учапілася за агароджу, каб не паваліцца ў снег... Мыслівец.

2. Уплесціся за што‑н., у што‑н. Дзяўчынка радасна загудзела і ўчапілася ручкамі ў маміны валасы. Шамякін. Нарэшце, падкраўшыся з-за куста, Саньку ўдалося ўчапіцца за грыву, і жарабок здаўся. Сяркоў. // перан. Упіцца рукамі ў што‑н. Далінка.. тэатральным жэстам расшпіліў каўнер кашулі, сутаргава ўчапіўся пальцамі ў горла. Асіпенка.

3. Зачапіцца за што‑н. Учапіўся кручок вуды за водарасці. □ [Мікіта:] Вой, вой, вой!.. Стой, стой, абора [за дзверы] ўчапілася! Чарот. // перан. Разм. Замацавацца, умацавацца дзе‑н. На карнізе ў расколіне, парослай зялёным мохам, учапілася карэньчыкамі тоненькая, гнуткая бярозка. Хомчанка. // перан. Разм. Пасяліцца дзе‑н. Перад вачыма роўнае, скрозь аднолькава разробленае поле, хоць бы невялічкі кавалак горшага, каб за яго можна было ўчапіцца думкамі пра сядзібу. Галавач. [Ганна Сяргееўна:] — Дайце мне ўчапіцца за горад, зжыцца з яго паветрам. Няхай. // перан. Разм. З’явіцца, укінуцца (пра хваробу). А трэба вам ведаць,.. што за вашы лёгкія, за ваш арганізм такая хвароба можа вельмі проста ўчапіцца. Арабей.

4. Закрануць што‑н. у час руху, зачапіцца чым‑н. за што‑н. Учапіцца воссю калёс за шула варот. □ — Правей! — крычаў насустрач [Яўгену] Анісь. — А то [санямі] учапіцца можна. Баранавых.

5. Узяцца за якую‑н. справу. Нібы клешч учапіўся ён за пасаду памочніка валаснога пісара, маючы на мэце зрабіцца пісарам. Колас. Думаў і многа думаў — толькі я ж кажу, завошта мне ўчапіцца дома? Гартны.

6. Далучыцца самавольна, без папярэдняй згоды да тых, хто ідзе куды‑н. Начапіў я козліку аборачку на рогі і павалок.. А малых дык цэлая чарада за намі ўчапілася. Брыль. З Пскова ў Пецярбург хацеў бацька ісці адзін, а Павэлак ізноў учапіўся. Гарэцкі.

7. перан. Праявіць асаблівую цікавасць да каго‑, чаго‑н., гатоўнасць выкарыстаць каго‑, што‑н. у якой‑н. справе. Вярнуўся ў свой Бараўлянскі Андрэй Лялюга. У рыбгасе за яго дзвюма рукамі ўчапіліся. Б. Стральцоў.

8. перан. Разм. Знайсці які‑н. повад для чаго‑н. Помню, сказаў мне Сярмяжка: — Тут галоўнае — слабінку ў чалавеку знайсці, за што ўчапіцца можна. Дадзіёмаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хілі́цца, хілюся, хілішся, хіліцца; незак.

1. Прымаць нахіленае становішча; нахіляцца, нагінацца. Выносныя стромкія хвоі з хрыпаватым стогнам хіліліся зялёнавалосай аснежанай галавой. Крапіва. І хіліцца хмызняк, І сцелецца лазняк. Бабоўнік, сітнік, хвошч Страсаюць росны дождж. Пушча. // Кланяцца. Стараліся ўсе ім у пояс хіліцца — сваты былі важныя — Воўк і Лісіца. Танк. // Хістацца ад знямогі. [Андрэй] зноў павярнуўся да яе [Балюты] спінай і нагнуўся ўперад. Пачуў, што і яна хіліцца разам з ім. Пташнікаў. [Палонныя] хіляцца ад лёгкага подыху ветру, ад лёгкага дотыку.. кованага бота. Лынькоў. // Прысланяцца да чаго‑н., апускацца на што‑н. Хілілася галава на гармонік. Валасы лезлі ў вочы, гарманіст хвіліну спаў, потым рэзка ўзнімаў, шырока расцягваў гармонік. Мікуліч. Аксана хіліцца галавой да .. [Кастусёвага] пляча. Галавач. // Падыходзіць, падступаць да чаго‑н. Там, дзе к рэчцы хіліцца бальшак, Можа век стаіць, людзьмі пакінуты, З крыл[а]мі зламанымі вятрак. Астрэйка.

2. Нахіляцца набок (пра судна, самалёт і пад.). А потым бег, падскокваючы па мёрзлым полі, самалёт. Падняўся. Хіліўся на адзін бок, робячы круг над мястэчкам. М. Стральцоў. Хрупнула пад перадком падводы, і яна памалу пачала хіліцца набок. Капыловіч.

3. перан.; да чаго. Набліжацца да якой‑н. мяжы, пэўнага моманту. Дзень хіліцца к вечару, і пакрысе цямнее панурае неба. Чарнышэвіч. Ноч хілілася да свайго канца, калі.. [Валодзя] зноў пастукаў да Наталі. Чорны. / у безас. ужыв. Калі пачало хіліцца к вечару, Грыцко ніводнай хвіліны не мог уседзець на месцы. Кулакоўскі. // Схіляцца (пра нябесныя свяцілы). Сонца ўжо зусім хілілася за лес, і цень зрабіўся шэры, невыразны. Асіпенка.

4. перан. Накіроўвацца, ісці да чаго‑н. (пра гутарку, справы, учынкі і пад.). Хаця справа даўно ўжо хілілася да такога канца, Люба раптам падумала: — А ці дасць шчасце Віне такая самаахвярнасць? Васілевіч. З кожным днём рабілася відавочней, куды хіляцца падзеі. Новікаў.

5. Пяшчотна туліцца, гарнуцца да каго‑н. Тацяна хілілася да маленькага, што ляжаў побач з ёю, і глыбока ўдыхала паветра. Кавалёў. // перан. Мець цягу да каго‑н., сімпатызаваць каму‑н. Але да бабы.. [Косця] так прывык, што хіліўся больш, чым да маці. Грамовіч. Выбіраў, сама, хіліся да таго, хто любы, ідзі з ім, шануй знойдзенае шчасце, бо лепшага за гэта ў жыцці не бывае. Дуброўскі.

6. Мець схільнасць, ахвоту да чаго‑н., захапляцца чым‑н. Да работы па гаспадарцы [у Казіміра] не хілілася сэрца, не падымаліся рукі. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́цны, ‑ая, ‑ае.

1. Які цяжка парваць, разбіць, зламаць і пад.; трывалы. Моцная вяроўка. Моцныя карэнні. Моцны будынак. □ На возеры пры млыне лёд яшчэ быў моцны. Бядуля. Замок быў вялікі, цяжкі і, мабыць, вельмі моцны. Курто. // Цэлы, не парваны. Боты яшчэ моцныя.

2. Здаровы, дужы. Моцны арганізм. Моцнае сэрца. □ Гаспадар быў з выгляду моцны і дужы. Чорны. Аж уздыбіліся коні, спыненыя моцнай рукой старога Архіпа. Лынькоў. // Які робіцца з вялікай сілай. Моцны ўдар. □ Вось Чоран зрушыў Лысага,.. адкідае яго моцнымі штурханамі рагатае галавы. Колас. // Інтэнсіўны, сканцэнтраваны. Спачатку вораг абрушыў на гэты адрэзак фронта гвалтоўны і моцны агонь артылерыйскай падрыхтоўкі. Брыль.

3. Значны па ступені свайго праяўлення, моцы, велічыні. Моцны вецер. Моцны сон. □ На дварэ стаяў моцны мароз. Гартны. Нават у моцную навальніцу .. [дубы] варушацца неахвотна, уздымаючы нездаволены суровы шум. Дуброўскі. // Гучны. Моцны трэск. □ Два сабакі спаткалі .. [Нахлябіча] моцным брэхам. Чорны. Моцны стук у шкло кабіны перапыняе цяжкія развагі. Кулакоўскі. / Пра голас. — Што вы робіце? Апомніцеся! — прагучаў чыйсьці моцны, абураны голас. Пестрак.

4. Надзейны, устойлівы; трывалы. Моцная дружба. Моцныя сувязі. □ Моцная дысцыпліна замацоўвала спайку. Брыль. // Глыбокі, вялікі (аб пачуццях, перажываннях і пад.). Моцнае ўражанне. □ Марына ў моцным узрушэнні Бліжэй к танкісту падышла. Колас. Засталося толькі адно моцнае пачуццё: нянавісць да ворага, тая вялікая, святая нянавісць, якую адчуваў у тыя дні кожны савецкі чалавек. Шамякін.

5. Магутны, аўтарытэтны. Моцная дзяржава. □ Больш моцную пазіцыю [у ААН] пачалі займаць краіны Азіі і Афрыкі. Філімонаў. // Значны па свайму ўздзеянню, пераканаўчы. Моцны ўплыў. □ На гэтым лісце было напісана тое, што называецца незвычайным і вельмі ж, мусіць, моцным словам — пратэст. Брыль.

6. Добра ўмацаваны. [Свірын:] — Вось таму і моцная наша граніца, што разам з пагранічнікамі яе ахоўвае ўвесь савецкі народ. Пальчэўскі. Даволі значны стратэгічны пункт Рагачоў ператвараўся захопнікамі ў моцны апорны вузел. Брыль. // Добра ўзброены, шматлікі. Моцны гарнізон. Моцная ахова. □ Навокал стаяў моцны канвой. Лынькоў.

7. Насычаны, канцэнтраваны; не разбаўлены. Моцны настой. □ Увайшоў Сцёпка да пана і закашляўся пасля моцнага тытуню. Якімовіч. // З вялікай колькасцю градусаў. Моцнае віно. // Рэзкі, востры. Моцны водар мяты. □ З пуні патыхнула моцным, такім знаёмым Сцяпану пахам сырой зямлі і свежага сена. М. Стральцоў.

8. Разм. З вялікім дастаткам; багаты, заможны. Моцны калгас. Моцная гаспадарка.

9. перан. Дасведчаны, вопытны, спрактыкаваны; з добрымі ведамі. Моцны вучань. □ У польскай мове Васіль Бусыга быў не дужа моцны. Колас.

•••

Заднім розумам моцны — аб непрадбачлівым, някемлівым чалавеку.

Моцнае слова (слоўца) гл. слова.

Моцны арэх гл. арэх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)