казыта́ць, казычу, казычаш, казыча; незак., каго-што.
1. Датыкаючыся да скуры, выклікаць лёгкае нервовае раздражненне, сверб. Сена казытала то шчаку, то шыю, то забівалася за каўнер. Лупсякоў. Лейба прыціснуў да губ голы жывоцік маленькае Ханы, і яна смяялася і дрыгала ножкамі, бо доўгая барада і вусы казыталі яе. Чарнышэвіч. // Выклікаць лёгкае раздражненне ў носе, горле (пра моцны пах, дым і пад.). Мядовы пах мурожнага сена пранік у нос, — такі моцны пах, што проста казытаў у горле. Бядуля. Прагорклы пах газы і гарэлага машыннага масла казытаў ноздры. Хадкевіч. // безас. Пра раздражненне ў горле, носе. Ад болю крывіўся.. [Бораў] твар, вочы наліваліся нечым пякучым, а ў горле казытала, нейкая горнасць апаноўвала ўсяго. Кавалёў. Пахла гарэлым, казытала ў носе, з вачэй сыпаліся слёзы. Гурскі.
2. перан. Прыемна ўзбуджаць. Тое, што Грамабой хваліў яго за добрасуседскае абыходжанне, казытала трохі Язэпаў гонар і як бы ўзнімала яго вышэй над Рыгорам. Крапіва. Анежка ходзіць, і ўспаміны дзяцінства прыемна казычуць яе сэрца. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пру́гкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які хутка прымае першапачатковую форму пасля сціскання або згінання. Пругкі мяч. □ На пругкім луку, выгнутым з ляшчыны, яшчэ пяе ледзь чутна цеціва. А. Вольскі. Ледзь-ледзь пакалыхваючыся буйным калоссем на пругкіх сцяблах, застыгла зялёнае возера пшаніцы. Сіўцоў. // Які не паддаецца сцісканню, згінанню. Лёня памятае яго — гладкага здаравілу .. ў ботах-«дудках» з такімі пругкімі халявамі, што, не разуўшыся, казалі, у іх нельга было прысесці. Брыль. Тыя, хто прыехаў учора, распакаваўшы чамаданы, пазасцілалі падсіненымі, пругкімі ад крухмалу пр[осціна]мі свае ложкі. Шахавец.
2. Не друзлы, не вялы; крамяны, моцны. Пругкія мускулы. Пругкая скура. □ Гамыра адвязаў каня, пагладзіў па крутой і пругкай шыі рукою знатака. Колас.
3. Лёгкі, спружыністы (пра рухі). Пругкі крок. □ Сабака пругкім скокам.. памчаў па крутой, звілістай сцежцы. Самуйлёнак.
4. Які мае вялікую сілу ціску; моцны. Раздзеўшыся, [студэнты] пускалі ваду і, пакуль хапала духу, мыліся і прытанцоўвалі пад ледзяным пругкім струменем, які сек цела. Карпаў. [Палянцаў] туліўся ад халоднага пругкага ветру і часта хапаўся за свой капялюш, каб яго не сарвала. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ко́нскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да каня, належыць яму. Конская грыва. Конскія падковы. Конскае ржанне. Конская збруя. □ Своеасаблівы і такі знаёмы Пракопу пах хлява і кепскага стойла востра б’е ў нос. Колас.
2. Разм. Вялікі, моцны. Вялізны, з конскімі сківіцамі мужчына носіць за плячамі вінтоўку, глядзіць спадылба, злосна. Навуменка.
3. Як састаўная частка некаторых батанічных назваў. Конскае шчаўе. Конская цыбуля. Конскі боб.
•••
Конская сіла гл. сіла.
Конскі капітан гл. капітан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лі́вень, ліўня, м.
1. Моцны, праліўны дождж. За якія пяць хвілін рэдкі дождж змяніўся страшэнным ліўнем. Шашкоў. Хлынуў цёплы вясенні лівень. Гурскі.
2. перан. Пра тое, што падае, рухаецца, сыплецца масай, вялікай колькасцю. Нас не было яшчэ зусім на свеце, Калі грымеў Аўроры залп, калі Пад ліўнем куль матросы і гвардзейцы Па штурм Палаца Зімняга ішлі. Гілевіч. Прырэчны арэшнік увесь дыміўся залатым пылам, вераб’і перасыпаліся буйным ліўнем са стрэх на гразкую вуліцу. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няўце́шны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, што немагчыма суцешыць, супакоіць. Хіліла маці галаву Над папялішчам, над магілай. Але няўцешную ўдаву Навала тая не скарыла. Шушкевіч.
2. Вельмі моцны па сіле праяўлення (пра гора, слёзы і пад.). — Шабуня памёр, — сказаў Туравец. — Памёр? — перапытаў Крайко. — Эх! — У гэтым «эх» Туравец адчуў няўцешную крыўду і боль. Мележ.
3. Які не прыносіць суцяшэння; несуцяшальны. Няўцешныя весткі прыбываюць кожны дзень: Мінск у руінах, фашысцкае войска ідзе па Беларусі. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спружы́ністы, ‑ая, ‑ае.
1. Са спружынамі, зроблены на спружынах. [Ігнась] ляжаў на мяккай спружыністай канапе. Мурашка.
2. Пругкі, як спружына; здольны спружыніць. З гадзіну паваляліся [шафёры] па спружыністым цёплым дзірване. І зноў у дарогу. Б. Стральцоў. // Моцны, пругкі (пра рухі). Уся .. ладна збітая постаць [Куранёва] у цёмнай куртцы на «маланках» і запраўленых у боты чорных штанах была спружыністая, імклівая. Хадкевіч. Адным кароткім спружыністым рухам .. [вугор], як змяя, выслізне з вашых рук — і толькі яго і бачылі. Матрунёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сцю́жа, ‑ы, ж.
Разм. Моцны холад, мароз. Нават зімой у лютую сцюжу .. [Сарокін] праз палонку апускаецца на дно ракі і працуе. Данілевіч. / Пра завею, мяцеліцу. Не хадзіў я з табой па сцяжынцы адной, Калі сцюжа мяла. Прыходзька. // перан. Жыццёвыя нягоды, цяжкасці. Шчасце наша прайшло праз сувеі і сцюжы, Многім з нас давялося пабялець без пары. Вітка. Твая песня стыхіяю мора Адбівалася ў сэрцы лапцюжных, Разлівалася ў цёмным прасторы, Дзе спявалі мінулага сцюжы. Трус.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чарто́ўскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да чорта. Чартоўскае насланнё. □ Увішны-то увішны, але калі браць на маштабы, дык напроці .. [Сёмкі Фартушніка] Хурс, напрыклад, быў увішны не як чорт, а як сам старшыня ўсяго чартоўскага кодлішча. Чорны. // Такі, як у чорта; злы.
2. Пракляты, ненавісны, страшэнны. І хочацца вельмі Андрэю шпурнуць Гранату ў чартоўскую гэтую хату. А следам за ёй і другую гранату. Зарыцкі.
3. Разм. Незвычайна моцны, вялікі па ступені праяўлення. Чартоўская вышыня. Чартоўская хуткасць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Гвалт, гвалтава́ць (БРС, Касп., Шат., Бяльк., Нас., Жд. 2, Янк. III), гва́лціць (БРС, Нас.). Ст.-бел. кгвалтъ, гвалтъ, гвалтити, кгвалтовати і г. д. (Булыка, Запазыч.). Рус. гвалт, укр. гвалт. Запазычанне з польск. gwałt, gwałtować, gwałcić і г. д. (а гэта з с.-в.-ням. gewalt). Фасмер, 1, 398; Слаўскі, 1, 382. Параўн. Шанскі, 1, Г, 40. Сюды ж і прыметнік гвалто́ўны ’моцны’ (Нас.), ’гвалтоўны’ (Бяльк.) < польск. gwałtowny.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Крык ’вельмі моцны гук голасу’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш., Сержп. Пр., Бяльк., Сержп., Ск., ТС). Укр. крик, рус. крик ’тс’, макед. крик, серб.-харв. кри̑к, славен. krȋk ’тс’, польск. krzyk, чэш. křik, славац. krik, в.-луж. křik, н.-луж. kśik ’тс’. Прасл. krikъ зваротнае словаўтварэнне да kričati. Параўн. літ. krỹkti ’крычаць’. Іншыя паралелі больш праблематычныя (Фасмер, 2, 376–377; Слаўскі, 3, 240; Фрэнкель, 298–299).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)