экзаменава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак., каго-што.

Правяраць веды па якім‑н. вучэбным прадмеце. [Ірына] спрабуе пажартаваць: — Вы мяне быццам экзаменуеце. А я ўсе экзамены здала, Платон Назаравіч. Шамякін. Прафесар, які гатоў быў ісці, безнадзейна махае рукой і зноў садзіцца ў сваё крэсла. Такіх музыкантаў яму яшчэ не даводзілася экзаменаваць. Вітка. // Разм. Падрабязна распытваць, дапытвацца пра што‑н. Кожную нядзелю Гена экзаменуе мяне. Пры цётцы Куліне ён наўмысля мяне хваліць, кажа, што ў школе я быў бы ўдарнікам вучобы. Жычка. Слухаю, — а той [Вейс] Зінчанку строга так экзаменуе. Шынклер. // Правяраць на трываласць, надзейнасць. Тэхніку экзаменуе ўраджай. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

элева́тар, ‑а, м.

1. Збудаванне для захоўвання вялікай масы збожжа з механічным абсталяваннем для прыёму, ачысткі, сушкі і разгрузкі зерня. Удзень і ўночы стэпам пылілі грузавікі, везлі на элеватар у мяхах і проста ў кузавах золата — у поце запрацаваны хлеб. Даніленка. Асабліва важна, каб збожжаўборачны канвеер дзейнічаў зладжана і бесперабойна ва ўсіх звеннях — ад нівы да элеватара. «Звязда».

2. Канвеер для перамяшчэння грузаў вертыкальна або пад вялікім вуглом да гарызонта. З элеватара густа сыпалася ў .. кузаў [машыны] сіласная маса. Паслядовіч.

3. Водаструменная помпа, якая выкарыстоўваецца ў сістэме ацяплення для змешвання гарачай і халоднай вады.

[Ад лац. elevator — які падымае.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абшы́ць, ‑шыю, ‑шыеш, ‑шые; зак., каго-што, чым.

1. Прышыць (галун, футру і пад.) па краях чаго‑н., аблямаваць. Абшыць паліто футрам. // Абкідаць швы ў чым‑н.

2. Абабіць усю паверхню дошкамі, лістамі бляхі і пад. Рабочыя паставілі каркас, абшылі яго плітамі, накрылі дах, і праз пяць дзён на будаўнічай пляцоўцы ўжо ўзвышаўся новы прыгожы дом. «Звязда». Сяк-так звязаць жэрдкі.. [Манг] паспеў праз тры дні, але засталося самае галоўнае: абшыць іх. Маўр. // Нашыўшы (матэрыю, скуру і пад.), абцягнуць. Абшыць пасылку.

3. Пашыць усё неабходнае для каго‑н. Трэба абмыць і абшыць сям’ю, а вечарам аж да поўначы — прасніца, пад вясну — кросны. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

задво́рак, ‑рка, м.

1. Задняя частка двара. Юрка падняў лямпу і ўбачыў, што ў адзіным акенцы, якое выходзіла на задворак, няма шыбін. Курто.

2. толькі мн. (задво́ркі, ‑аў). Месца за дварамі, ззаду двароў. У садах, што пачыналіся з задворкаў і спускаліся аж да паплавоў, было змрочна і туманна. Сіўцоў. Задворкамі, каб не кідацца людзям у вочы, як злодзей, [Лабановіч] накіраваўся на дарогу ў бок станцыі. Колас. // перан. Пра глухую, закінутую мясцовасць, ускраіну чаго‑н. і пад. З адсталага аграрнага прыдатка імперыялістычных дзяржаў, з задворкаў Еўропы Латвія ператварылася ў высакаразвітую індустрыяльную .. рэспубліку. «Звязда».

•••

На задворках чаго — на заднім плане, убаку. Апынуцца на задворках гісторыі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заклі́каць, ‑клі́чу, ‑клі́чаш, ‑клі́ча; зак., каго-што.

1. Паклікаць, запрасіць прыйсці куды‑н. Заклікаць у госці. □ Алесь, спаткаўшы Алёнку, заклікаў яе ў хату і паказаў ёй Сцёпкаву фатаграфію. Колас.

2. да чаго, на што. Звярнуцца з заклікам да каго‑н., прапанаваць прыняць удзел у якой‑н. важнай справе, зрабіць што‑н. Давераная асоба падрабязна расказала аб жыццёвым шляху кандыдата ў дэпутаты, заклікала ўсіх выбаршчыкаў акругі ў дзень выбараў аднадушна аддаць за яго свае галасы. «Звязда». Хочацца [Сымону] заклікаць людзей на вялікую новую працу. Колас. // Запатрабаваць ад каго‑н. весці сябе належным чынам. Заклікаць да парадку.

закліка́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да заклі́каць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кры́тыка, ‑і, ДМ ‑тыпы, ж.

1. Абмеркаванне, разбор каго‑, чаго‑н. з мэтай ацаніць вартасць, выявіць і выправіць недахопы. Крытыка і самакрытыка. Разгортваць крытыку. Крытыка недахопаў. □ Крытыка — незаменны сродак у выхаваны кадраў. «Звязда».

2. Даследаванне, навуковая праверка правільнасці, дакладнасць чаго‑н. Крытыка гістарычных крыніц.

3. Літаратурны жанр, задачай якога з’яўляецца аналіз, тлумачэнне або ацэнка твораў літаратуры, навукі, мастацтва. Тэатральная крытыка. Музычная крытыка. □ Крытыка і літаратуразнаўства — гэта тая галіна літаратурнага жыцця, у якой абагульняецца самае перадавое, самае каштоўнае ў мастацкай творчасці. «Беларусь».

4. зб. Крытыкі.

•••

Аглабельная крытыка — грубая, неабгрунтаваная крытыка; крытыканства.

Навесці крытыку гл. навесці.

Не вытрымліваць (ніякай) крытыкі гл. вытрымліваць.

[Ад грэч. kritikē — майстэрства разбіраць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маро́з, ‑у, м.

1. Моцны холад, сцюжа. Мароз браўся мацней, гулка біў у сцены. Лынькоў. Пёк добры мароз, хоць і быў ужо красавік месяц. Шамякін. // Тэмпература паветра ніжэй нуля. Два градусы марозу. // Месца, дзе вельмі холадна, сцюдзёна. Вынесці мяса на мароз. Прыйсці з марозу. // Іней, наледзь на шыбах. Люда сядзела ў кутку, каля зацягнутага марозам акна. Брыль.

2. звычайна мн. (маразы́, ‑оў). Халоднае надвор’е з вельмі нізкай тэмпературай. Маласнежная зіма, маразы, ранні прыход вясны стварылі пэўныя цяжкасці ў правядзенні палявых работ. «Звязда».

•••

Дзед Мароз гл. дзед.

Мароз па скуры (па спіне) ідзе (прайшоў, прабег) — пра адчуванне холаду ад страху, моцнага хваляванне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наста́ўнік, ‑а, м.

1. Той, хто выкладае ў школе. Настаўнік пачатковай школы. Настаўнік сярэдняй школы. Настаўнік хіміі. □ Вакол .. [Фралова] збіраюцца тыя, хто толькі ўчора развітаўся з роднаю школаю, з блізкімі сябрамі і любімымі настаўнікамі. Грахоўскі. // Наогул асоба, якая вучыць чаму‑н. Настаўнік музыкі. Хатні настаўнік.

2. Той, хто наогул з’яўляецца натхніцелем, хто кіруе, вучыць чаму‑н. Духоўны настаўнік. Вялікія настаўнікі пралетарыяту. □ Купала і Колас былі першыя паэтычныя настаўнікі Максіма Танка. Бярозкін.

3. Той, хто дапамагае каму‑н. асвоіць спецыяльнасць на прадпрыемстве, прывівае працоўныя навыкі. Настаўнік моладзі. □ Берагчы час, планаваць яго расход не толькі па гадзінах, а і секундах — найпершы абавязак настаўніка рабочага. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

партнёр, ‑а, м.

Удзельнік якой‑н. гульні, размовы і пад. Твары партнёраў, рэзка змененыя прагавітасцю да грошай, яшчэ больш павялічвалі непрыемнае адчуванне. Колас. Пачутыя навіны так уразілі Клопікава, што ён адразу.. забыўся і на варожую пешку і на свайго партнёра. Лынькоў. // Той, хто разам з кім‑н. прымае ўдзел у тэатральных спектаклях, спартыўных гульнях, танцах і пад. На гэты раз Рыгорка адразу пачуў падказку, радасна ўскінуў галаву і на ўсю залу грымнуў свайму збянтэжанаму партнёру: «Не так!» Краўчанка. Танцавала Зіна лёгка папярэджваючы кожны рух партнёра. Шыцік. // Кампаньён у якой‑н. справе. Савецкі Саюз — буйнейшы гандлёвы партнёр Балгарыі. «Звязда».

[Фр. partenaire.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паяды́нак, ‑нка, м.

Баявая сутычка двух праціўнікаў. Паядынак, відаць, быў няроўны: адна з варожых куль скасіла .. [дзядзьку]. Якімовіч. Тут колісь у начной цішы Сышліся два на паядынак. Гурло. У спадчыну ад бацькі я атрымаў старога беркута з адным вокам, другое вока беркут страціў у паядынку з ваўком. Васілёнак. // У спартыўных спаборніцтвах — барацьба двух праціўнікаў. Лепшыя спартыўныя збудаванні беларускай сталіцы сталі месцамі цікавых паядынкаў. «Звязда». // перан. Наогул барацьба з кім‑, чым‑н. Свістам сініцы, хрустам ільдзінак Сцюжа з вясной пачала паядынак. Грахоўскі. Гутарка Андрэя з стар[астам] выступае як своеасаблівы паядынак, дзе зброяй праціўнікаў з яўляецца ідэалогія, светапогляд. Хромчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)