прыгле́дзець, ‑гледжу, ‑гледзіш, ‑гладзіць і прыглядзе́ць, ‑гляджу, ‑глядзіш, ‑глядзіць; зак.

1. за кім-чым, каго-што і без дап. Паклапаціцца аб кім‑, чым‑н., стварыць добры догляд, дагледзець. Прыглядзець за дзецьмі. □ [Брыгадзір:] — Возьмеш трох дзяўчат, Хадося. Сама на поле не ходзіш, дык хоць за людзьмі прыгледзь. Навуменка. [Аўдоцця:] — Збіраюся паехаць у Ленінград, дык табе прыйдзецца некалькі дзён у мяне пагаспадарыць. Прыгледзіш тут. Гаўрылкін. — От вазьміце хаця звычайную грушку-дзічку. Калючая яна, нягеглая. А вазьмі яе ды прыгледзь, ды абкапай, ды прышчэпку зрабі, глядзі і выйдзе такая бэра слуцкая, што толькі людзям [надзіва]. Лынькоў.

2. каго-што. Спадабаўшы, выбраць; нагледзець. Сядзібу нашу прыгледзеў сусед недалёкі, на ёй паставіць меціўся хату для зяця. Барадулін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пэ́цкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. у што, чым. Забруджваць, вымазваць. Калі скажа [маці] Юльцы не пэцкаць спаднічкі, дык якраз прыйдзе запэцканая ў гразь з ног да галавы. Бядуля. [Агата] выцірала кулакамі вочы і пэцкала зямлёю твар. Чорны.

2. і без дап. Разм. Рабіць што‑н. няўмела, неахайна, брудна (пераважна маляваць, пісаць). — Але ж Платон і фарбы набыў не для забавы. Хіба прыемна, калі імі не малююць, а пэцкаюць, — з рэзкасцю адбіў напад Сандро. М. Ткачоў.

•••

Пэцкаць рукі аб каго, аб што — быць замешаным у што‑н. непрыстойнае, нізкае, звязвацца з кім‑н. [Васька:] — Мы заб’ём.. [інжынера]. Вы, старыя, не хочаце пэцкаць аб яго свае рукі, дык мы прыбяром яго. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шапкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

Разм.

1. Уніжальна прасіць каго‑н. аб чым‑н. [Зыдор Пніцкі:] — У мяне, каб не схлусіць вам, сані вельмі нялюдскія, а шапкаваць перад людзьмі, каб пазычыць .. дык... Чорны.

2. Рабалепстваваць, нізкапаклоннічаць. [Карл Раманоўскі:] — Можа, нам усім прыйдзецца дамоў вярнуцца. Вельмі бо надаела шапкаваць перад панам. Як ні ўгаджай — усё роўна кепска. С. Александровіч. // Вітацца, знімаючы шапку. [Кацярына:] Як апранеш ты [Рыгор] бурку з башлыком, боты добрыя абуеш, запражэш стаенніка ў вазок, ды як паедзем на кірмаш, дык усё мястэчка залюбуецца, гледзячы на нас. Нашы вясковыя хамулы толькі шапкаваць будуць перад намі. Крапіва. // перан. Залішне слугаваць каму‑н.; падхалімнічаць перад кім‑н. [Леапольд Гушка:] — То нам не трэба тут лішне шапкаваць перад гэтым дапытнікам. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зага́дзіць, ‑га́джу, ‑га́дзіш, ‑га́дзіць; заг. зага́дзь; зак., што.

Разм. Забрудзіць нечыстотамі, адкідамі. Марк паскардзіўся Шурку, што паліцаі на пляжы мыюць коней і так загадзілі ўсё навокал, аж пакупацца нельга. Васілеўская.

загадзі́ць, ‑гаджу́, ‑го́дзіш, ‑го́дзіць; зак., каго.

Разм. Задобрыць чым‑н., выклікаць прыхільнасць. Будавацца трэба, дык трэба загадзіць ляснічага. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падо́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Здохнуць (пра жывёлін, насякомых). — Мы худобу пракормім, — падвясельваў бацьку Папас, — сена дастанем, насячом гучкоў, вецця, галін — не падохне жывёла. Колас. // Груб. Памерці (пра людзей). [Селянін:] — А ў.. [брата] жонка там жа [у сібірскай тайзе] падарвалася і памерла.. Каб яшчэ там жыць, дык і самі падохлі б, як пацукі. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

недаўмява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Быць у недаўменні; выказваць, выяўляць недаўменне. Дык чаго ж ты прыйшла? — недаўмявае дзед Купрыян. [Аўгіня:] — Прыйшла забраць тое, што прынесла з сабою з дому. Колас. Калісьці кітайскія літаратары пускалі ў жыццё свае творы без подпісу, ананімна. Чытаў я пра гэта ў юнацтве і недаўмяваў. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наўскасы́, прысл.

Разм. Тое, што і наўскасяк (у 1 знач.). Вось маланка зігзагамі наўскасы прабегла па небе, і раскацісты грукат пракаціўся па небе. С. Александровіч. — Ты тычкі пусціў наўскасы, — гаворыць Яўхім, — дык з таго канца ні то што паўсажня, а на цэлую ляйчыну ты ў маё залез. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

знаха́р, ‑а, м.

Лекар-самавучка, які карыстаецца ўласнымі спосабамі лячэння: замовамі, травамі і пад.; шаптун. — Дзякаваць божаньку, як толькі знахар даў мне лякарства, дык як рукой зняло — другім чалавекам Сымон зрабіўся. Бядуля. І тут я ўспомніў пра сваё дзяцінства Пад цёмнай саламянаю страхою, З шаптухамі, панамі, знахарамі. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засту́пнік, ‑а, м.

Той, хто заступаецца за каго‑н.; абаронца. Ва ўсіх творах маладога Купалы чуецца голас паэта-гуманіста, б’ецца гарачае сэрца паэта-грамадзяніна, заступніка працоўных. Івашын. — Гэта ж галасаваць неўзабаве будуць. Дык ты, брат, глядзі, галасуй за дзевяты нумар, за бальшавікоў, за Леніна. Ён — наш бядняцкі заступнік. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здаво́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.

Разм. Тое, што і задаволіць. Калі сама яна сказала, што ўзяла водпуск на год і паедзе зноў вучыцца налета ўвосень, дык .. [Рыгор] толькі галавой кіўнуў, і нельга было пазнаць, ці гэта яго здаволіла, ці ён гэтым толькі паказвае, што чуў Шурыны словы. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)