Рысь1 ’спосаб бегу жывёлы’ (ТСБМ), рысі́ць ’бегчы рыссю’ (ТСБМ), рыса́к ’пародзісты, рысісты конь’ (ТСБМ), ры́сом ’рыссю’ (ТС), рысяко́м ’рыссю’ (Юрч.), рус. рысь, ры́сью, рысцо́й, укр. ристь, ст.-руск. ристію. Звязана з рус. риста́ть, ристаю, рищу ’бегчы’ (Фасмер, 5, 531). Няпэўна.

Рысь2 ’драпежная жывёліна’ (ТСБМ, Сцяшк.), ры́ся (Нас., Байк. і Некр.), рус. рысь, укр. рись, ст.-рус. рысь, польск. ryś, славац., чэш. rys, славен. rȋs, rȋsa, серб.-харв. ри̏с, балг. рис. Прасл. *rysъ: *rysь ’рысь’ з’яўляецца, хутчэй за ўсё, вынікам кантамінацыі з rysъ (< ryd‑sъ) ’руды’, ’чырванаваты’, засведчанага праз в.-луж., н.-луж. rysy ’руды’, польск. rysawy ’рудаваты’, славац. rysý, rysavý ’стракаты’, чэш. rysý, rysavý, ryšý, ryšavý ’рудаваты’, ryšán ’рудагаловы’, ’ліс’ і далей роднаснае да ры́жы, руда́, ру́сы (БЕР, 6, 265). Але такое тлумачэнне адрывае славянскую назву ад іншых і.-е. назваў звера. Таму больш верагодным падаецца тлумачэнне з *lysь з другасным r пад уплывам *rysъ ’руды, плямісты’. У апошнім выпадку трэба збліжаць з літ. lúšis ’рысь’, лат. lusis ’рысь’, ст.-пруск. luysis, ст.-в.-ням. luhs ’рысь’, ст.-англ. lox, грэч. λῡγξ (Махэк₂, 527). Кантамінацыя з *rysъ магла абапірацца на матывы табу. Менш верагоднае тлумачэнне ‑r‑ уплывам *rzkati (> бел. рыкаць) або словам рваць. Нельга даказаць запазычанне *rysь з іранскага, паколькі падобнае слова да гэтага часу не занатавана ў іранскай мове (Фасмер, 5, 530–531 з літ-рай; Брукнер, 473; Чарных, 2, 131). Пачатковае r‑ можна тлумачыць і як адзінкавае пранікненне гукавой нормы іншага і.-е. дыялекта — іранскага — у славянскі. У іранскай і індыйскай адбыўся перабой агульнаеўрапейскага плаўнага l у іншы плаўны r (арыйскі ратацызм). “Іранская” форма *rusi і адлюстравана ў слав. *rysь. Гаворка тут ідзе не пра запазычанне з іранскай (у іран. мове слова не зафіксавана), а пра тое, што фанетычная заканамернасць (l > r), якая выступае як норма у адной групе моў, арыйскай, магла, у выглядзе выключэння, праявіцца адзінкавымі выпадкамі ў іншай групе, славянскай (Абаев, Этимология–1966, 261–262). Фанетычныя хістанні ў славянскіх назвах могуць тлумачацца спецыфікай самой семантэмы ’назвы жывёл’. Этымалагічна гэтыя назвы звязаны з і.-е. коранем *leuk​[h]:*luk​[h] ’свяціць’ па прыкмеце колеру светлай ззяючай скуры або вачэй звера (параўн. лат. lûša spalvas zirgs ’конь колеру рысі’) (Гамкрэлідзэ-Іванаў, 511–512). Па версіі Махэка (Махэк₂, 527) тут было і.-е. *lŭkʼ‑ з асновай на зычны, верагодна ад асновы *leu̯kʼ‑ ’глядзець’ (грэч. λεύσσω). Ён мяркуе, што тут былі 2 часткі слова, якія па сэнсе адпавядалі чэш. ostrovid (рысь бачыць і ноччу); у слэнгу старажытных паляўнічых слова было скарочана шляхам адкідання першай часткі. Пры такой моцнай дэфармацыі замест l пачало ўжывацца r, магчыма, з мэтай табу. Аб табу сведчыць і тое, што стара-рускія помнікі стараюцца не ўжываць назву рысь, а карыстаюцца лютый зверь. Па іншай версіі, славянскае r было першасным. Іншыя даводзяць, што слав. *rysь наклалася на слав. *rysъ ’стракаты’, ’каляровы’, ’чырванаваты’, ’рудаваты’, параўн. славен. risága ’вінаградная лаза’, польск. дыял. rysawy ’чырвоны’, чэш. rysý ’тс’, rysavý (Мацэнаўэр; Безлай, 3, 182).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ска́лка1 ‘крэмень, кавалак крэмень дня крэсіва’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Нас., Ласт., Касп., Гарэц., Бяльк., Др.-Падб., Байк. і Некр., Мядзв., Маш., Янк., Шат., Пятк. 2, Мат. Гом., Сцяшк., Сл. ПЗБ, віц., паўн.-маг., паўн.-гродз., ЛА, 4), ‘цвёрды камень, крэмень, які ідзе на выраб млынавых камянёў, а раней скарыстоўваўся для здабывання агню’ (БРС), ска́ліца ‘тс’ (віц., Яшк.). Улічваючы спецыялізацыю значэння, хутчэй за ўсё, з польск. skałka ‘востры асколак крэменю для выкрасання агню, які ўжываўся раней у агнястрэльнай зброі’, якое ад skała (гл. скала́1) (Брукнер, 493; Варш. сл. 6, 127). Сюды ж і ўкр. ска́лка ‘крэмень у стрэльбе’. З другога боку, параўн. адлюстраванне ў фальклоры вераванняў, што кавалкі крэменю, якія раней выкарыстоўваліся для здабывання агню — гэта асколкі двух жорнаў, з дапамогай якіх Пярун здабывае агонь (Іванаў, Тапароў, Иссл., 86 і наст.), параўн. польск. skałka piorunowa (Варш. сл.). Гл. таксама Страхаў (Palaeoslavica, 12, 2, 251).

Ска́лка2 ‘кропля тлушчу ў вадкай страве’ (ТСБМ, Шат., Бяльк., Янк., Байк. і Некр., Янк. 2, Некр., Мат. Гом., Мат. Маг., ТС, Сл. ПЗБ, Сцяц., З нар. сл., паўд.-зах., ЛА, 4), ска́лька ‘тс’ (Вешт.), skałka ‘плямка ў супе’ (беласт., Лапіч, Term. geogr.). Укр. ска́лка, польск. skałka ‘тс’. Ад таго ж кораня скала́1 (гл.), што да і.-е. кораня *skel‑ ‘біць, расчляняць’, г. зн. ‘нешта аддзеленае, адбітае’, аналагічна набору значэнняў у іншых гнёздах слоў з коранямі *sker, *skab‑, параўн. скабка; гл. Пятлёва, Этимология–1972, 84 (мяркуе, што значэнне развілося на базе параўнання ‘як лускавінка’, ‘як скурка’, ‘як плёнка’). З іншым вакалізмам параўн. ско́лька: жырные сколькі (Куч.), што да прасл. *skoliti ‘расшчапляць’, параўн. Борысь, Etymologie, 402. Першаснае значэнне ўсё ж, відаць, ‘пырска, пена’, ‘водбліск’: А як пеніцца вада! Як гуляе на ёй скалка! (Я. Колас); параўн. у Шымкевіча ўкр. прыснули на сине̂мъ морѣ скалки.

Ска́лка3, ска́лька ‘рачныя ракавіны, чаропкі’ (Дразд.), ‘слімак з ракавінай’, ‘ракавіна слімака’ (драг., Нар. лекс.), скал ‘бяззубка (ракушка)’ (ТС), скаль, ска́лка ‘слімакова ракавіна’ (Сл. Брэс.). Укр. ска́лка, рус. ска́лка, ска́лька ‘тс’. Да скала́1 (гл.) (Праабражэнскі, 2, 221–222; Фасмер, 3, 631). З іншай ступенню каранёвай галоснай параўн. укр. скойка ‘ракавіна бяззубкі’, балг. ско́лка ‘рачная мідзія, Anadonte cygnea’, скойка ‘мідзія, ракавіна мідзіі’, серб.-харв. сколка, скољка ‘тс’, славен. skoljka, ст.-слав. сколька, сколъка ‘ракавіна’ (БЕР, 6, 771; Фасмер, 3, 647).

Ска́лка4, ска́лька ‘від рыбалоўнага снараду’ (Касп.). Фармальна да скалька ‘ракавіна’ (гл. папяр. слова), але матывы намінацыі няясныя.

Ска́лка5 ‘бяльмо на воку’ (беласт., Лапін, Term. geogr.). Укр. ска́лка, польск. skałki (na oku) ‘тс’. Лапін (там жа, 32) тлумачыць ‘плямка на воку’ > ‘плямка ў супе’ і мяркуе, што апошняе значэнне запазычана з польскай мовы, што малаверагодна, параўн. архаічную палеска-карпацкую ізасему, гл. Дзендзялеўскі, Бел.-укр. ізал., 26. Да *skala (гл. скала́1); асабліва параўн. ска́ла ‘бяроста’, серб.-харв. ска̏ла ‘скала; кавалачак; скепка’ і г. д. У якасці семантычнай паралелі можна прывесці польск. łupież ‘скурка, плеўка ў воку’ < слав. кораня lup‑ (гл. лупіць). Падрабязна гл. Пятлёва, Этимология–1972, 81 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рай1 ’месца, куды накіроўваюцца і дзе знаходзяць шчаслівае існаванне душы праведнікаў пасля смерці’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Бел. міф.), ра́йства ’тс’ (Сл. ПЗБ), ра́йство ’збавенне, райскае жыццё’ (ТС), параўн. укр., рус. рай, польск., в.-луж., н.-луж. raj, чэш. ráj, славац. raj, славен. ràj, серб.-харв. pȃj, балг. рай, макед. paj, ст.-слав. рай. Слова выключна славянскага моўнага арэалу, не мае іншамоўных адпаведнікаў з такім самым значэннем; літ. rõjus ’тс’, хутчэй за ўсё, запазычанне са славянскіх моў. Перадусім азначаецца як ’месца, дзе жылі Адам і Ева’, ’прыгожая краіна’, у тым ліку ’сад, кветнік, жытло, прытулак прабацькоў’, ’чароўны край, дзе не бывае зімы’. Этымалогіі прасл. *rajь пераважна абапіраюцца на асноўныя хрысціянскія ўяўленні пра рай як пра сад, параўн.: кругом сад, бацца у раю (Сержп.). Прынята, што ў бел. міфалогіі захавалася “класічная, найстаражытная” канцэпцыя рай — ’сад, у якім заўжды шмат усяго, што душа прымае, і заўсёды цёпла, бо стаіць вечнае лета’ (Бел. міф., 421), тое ж адносіць Брукнер (452) да першаснага значэння рай, што не зусім правільна. Славянскія ўяўленні пра рай не абмяжоўваюцца значэннем ’сад’, і рай, відавочна, з’яўляюцца агульнаславянскім рэлігійным паняццем, якое перш за ўсё мела семантычную сувязь з дахрысціянскім светам памерлых, насуперак меркаванню Борыся (509), што сувязь рая з душамі памерлых усталёўваецца з прыняццем хрысціянства. Рай як агульнаславянскі хрысціянскі тэрмін мог замацавацца пазней. Пошукі роднасці слав. *rajь з ’сад’, відавочна, падмацоўваюць распаўсюджаныя ў іншых мовах утварэнні з грэч. παράδεισος, што звязана з паняццем ’сад, парк, агароджанае месца’ ці ’прыемнае прыгожае месца’. Фармаванне рэлігійнай семантыкі формы рай не мае адназначнага тлумачэння. Прызнаецца роднасць слав. *rajь з авест. rāy ’багацце, шчасце’, ст.-інд. rā‑, rās ’маёнтак, скарб, багацце’, rayís ’падарунак, уласнасць’ (Младэнаў, 556; Мацэнаўэр, Cizí sl., 16, 163; Фасмер, 3, 435; Глухак, 516; БЕР, 6, 163; ESJSt, 12, 746; Борысь, 509 і інш.). Адсюль выводзіцца першасная семантыка рай ’край багацця’ (Сной, 521), ’край, дзе пануе багацце і шчасце’ (Борысь, 509). Трубачоў (Этногенез₂, 189–190, 417, 421, 424) выказвае сумненні адносна сувязі слав. *rajь з інд.-іран. rāy‑ ’багацце’ паколькі названыя формы не з’яўляюцца сакральнымі. Менавіта вывядзенне рай з апафанічнага шэрагу *rei‑/*roi‑ з шырокай семантыкай дае новы накірунак этымалагічным даследаванням. Найбольш імавернае вывядзенне рай з дахрысціянскіх уяўленняў пра свет памерлых праз паняцці воднай прасторы, параўн. *raj < *roj, як свет памерлых, што знаходзіўся пад вадой, плынню (Голуб-Копечны, 309) *rajь < і.-е. roi̯‑ з першапачатковым значэннем ’зарэчны’ ў сувязі з *rěka (дыскусію гл. Этимология–1994–1996, 13–14; 23–24; Этногенез, 173–175; Этногенез₂, 190), гл. рака. Аднак у дахрысціянскіх славянскіх вераваннях не існуе адназначнай сувязі паміж раем і менавіта ракой, параўн. сведчанні даследчыка славенскай міфалогіі З. Шмітака, што ў славенскай абраднасці вандроўны на той свет павінен перайсці шмат водаў, паколькі воды аддзяляюць гэты свет ад таго, а ў старажытнай карынційскай малітве памерламу жадаюць, каб на моры яму дзьмуў добры вецер (Шмітак, Mit., 42). Бязлай (Onomastica Jugoslavica, 6, 57–70) лічыць, што слав. рай суадносіцца з паняццем не толькі воднай прасторы, але і паветранай, можа азначаць ’мора’ і ’неба’, ’край мора’ і ’край гарызонтаў што пацвярджаюць і іншыя вераванні (скандынаўскія, сірыйскія — Бязлай, там жа), параўн. таксама авест. źrayas‑ ’мора, сусветны акіян’, ст.-інд. jrayas ’мора, прастора’. Паводле Трубачова (Этногенез₂, 417, 421), рай у славян не з’яўляўся супрацьлеглым паняццем да пекла (гл.), як гэта прадстаўлена ў хрысціянскіх уяўленнях, а мог азначаць “потусторонний мир вообще”, куды “переселяются все умершие”, гэта проста “тот свет”, месца, “связанное c/или находящееся за водой”. Сной (521), як варыянтнае, разглядае першаснае значэнне рай як ’тое, што звязана з патокам, цячэннем, адносіцца да воднай ці падводнай сферы’. Вывядзенне рай з прасл. *iroi‑ (параўн. і.-е. *erei‑ ’цячы, рухацца’) дазваляе параўноўваць рай з вір (гл.; пра гатую сувязь згадвалася ў літ-ры, гл. Жураўлёў, Язык и миф, 920) і вырай (гл.), а таксама з іх славянскімі варыянтамі: вырай ’далёкі, чароўны, цёплы край, куды адлятаюць на зімоўе птушкі’ і ’старажытная назва раю’, укр. вир, вірій, ірій ’край, куды адлятаюць увосень птушкі і дзе жывуць памерлыя’, укр. обрій ’гарызонт’, рус. дыял. ирей, вырей, ирий ’далёкі, чароўны, цёплы край, куды адлятаюць на зімоўе птушкі’, ст.-рус. ірій ’далёкі казачны край, магчыма, рай’, польск. wyraj ’тс’, польск. iść na wyraj ’пачаць лепей жыць, адысці на пакой’. Істотна для параўнання рай, вырай з вір. Параўн. бел. вір ’вір, вадаварот’, рус. вир, выр ’тс’, славен. ir, virij, izvir ’вір’. Параўн. да гэтага славен. rajanje ’завіванне і адвіванне ўдзельнікаў абраднага танца на могілках’ (Шмітак, Mit., 45–46). Rajanje сімвалічна павязвала жыццё і смерць, як бы заключаючы ў лабірынт нячыстую сілу, у тым ліку душа памерлага праходзіла праз вадаварот, кола, лабірынт забыцця ў краіну мёртвых (там жа). Параўн. рус. дыял. вырей ’рачны вядзьмак, вадзянік’ і славенскую міфалагічную постаць вадзяніка, што праз вір уцягвае ахвяры ў свет памерлых. Роднасць рай, рус. дыял. райдуга ’вясёлка’, вір і вырай можа пацвярджаць імавернасць міфалагічнага ўяўлення, што райдуга ўцягвае ў сябе дождж, ваду, з’яўляецца нябесным вірам (Даль, 3; Талстой, ОЛА, Исследов., 1974, 22–76), насуперак меркаванню Талстога, што райдуга (падае Даль, 4, 56) мае народна-этымалагічнае паходжанне (Талстой, тамжа, 29). Адсюль рай‑дуга можа азначаць ’мяжу свету памерлых’, ’акрай, браму рая’, ’нябеснае акно’ (Талстой, там жа, 56), а сам рай, роднасны да вір і вырай, магчыма, даўней азначаў не столькі ’свет памерлых’, сколькі ’праход у свет памерлых’, так званы “апошні шлях”, вадзяны ці паветраны вір, праз які душы трапляюць на той свет, параўн. да гэтага ўстойлівае рус. проводить в последний путь, рус. дыял. птичья дорога ’назва Млечнага шляху’, славен. večna pot, bogova cesta ’назва Млечнага шляху’, што звязвала душы з богам (Шмітак, Mit., 38), славенскае міфалагічнае ўяўленне пра тое, што па mavrici ’вясёлцы’ нябожчыкі, як па нябесным мосце, пераходзілі ў рай. Адносна сувязі рай і рака, адпаведна вырай і райдуга, параўн. с.-ірл. rīan ’рака, дарога’, ням. Rain ’мяжа’, швед. ren‑ ’мяжа’ і ’край канавы’. Да таго ж у беларусаў — змеі ідуць у вырай у норы (Чарвонцава, Куфэрак Віленшчыны, 3, 142), што адначасова пераносіць (вы)рай не толькі да нябеснай, але і да падземнай прасторы і можа азначаць, што (вы)рай мог звязваць неба і падземны свет як сферы незямныя. Сумніўна параўнанне рай з рад‑ і прасл. *radъ як ’край радасці’ (Бязлай, 3, 145; Сной, 521), а таксама з рости/расти (Страхаў, Palaeoslavica, 11, 2, 115). Агляд праблематыкі і літ-ры гл. Жураўлёў, Язык и миф, 920–921.

Рай2 ’дажыначная песня’, ’пучок нязжатага жыта, прыбраны кветкамі’ (глыб., віл., Сл. ПЗБ): нада рая́ убраць (ЛА, 3), ’міфічная істота, што дапамагае жнейкам жаць жыта, клапоціцца пра зжатае збожжа’, адсюль заклік Рай, Рай, хадзі да нас! (Пятк., 2), гл. раёк. Як назва абраду лексема вядомая на ўсходзе Украіны, параўн. харк. ходи́ти в рай ’звычай абмывання рук парадзіхі і інш. на другі дзень хрэсбінаў, пасля чаго ўдзельнікі (апрача парадзіхі) ідуць у шынок частавацца за кошт бабкі’, а таксама ў рэдукаваным выглядзе на паўднёва-рускай тэрыторыі, параўн. тыпалагічна блізкае стаўрап. рай ’абрад, які здзяйсняецца на другі дзень пасля хрэсбінаў, калі гасцей абвязваюць стужкай’. Не зусім ясна. Магчыма незалежнае развіццё ад формы і семантыкі рай1 (гл.). Відавочна, вынікае з язычніцкай абраднасці славян і ад міфалагічнай істоты ці назвы міфалагічнай прасторы, напрыклад, вялікага лесу, ад чаго пазней, магчыма, адбыўся перанос на песню, на сноп жыта ці каравай. Параўн. таксама рус. паўдн. раи́на ’пірамідальная таполя’, рай‑дерево ’бэз’, райник ’вялікі лес’, што звязанае з уяўленнямі пра рай як пра міфалагічнае рытуальнае дрэва ў славян (Іванаў-Тапароў, Слав. яз. мод. системы, 247; ІванаўТапароў, Зб. Крапіве, 163–175). Таксама Глухак (Глухак, 516) апісвае святое дрэва *rajь як паганскі пантэон. Праз семантычную сувязь з багаццем, дастаткам, урадлівасцю не выключана блізкасць да інд.-іран. rāy‑ ’багацце, шчасце (гл. рай1). Меней верагодна сувязь з рад‑, што да ра́дасць (гл.), аднак параўн. пачатак дажыначнай песні: “Рада, рада баба, што лета даждала, што жыта пажала” (Сл. ПЗБ).

Рай3 у фразеалагізме з добрага раю ’дабравольна, з хацення’; ’нізавошта, без прычыны’ (Янк. БФ, Сержп. Прык.). У пэўнай ступені супрацьлеглыя ў адносінах адно да аднаго значэнні ўстойлівага выразу сведчаць на карысць існавання незафіксаванага *рай ’парада’ < ра́іць (гл.). Але ў адносінах семантыкі параўн. яшчэ рус. уладз., раз. рай у значэнні выказніка ’удача, шчасце’, ’аб чым-небудзь прыемным, лёгкім’, што, безумоўна, звязана са стрыжнёвай семантыкай рай1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)