усталява́цца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; зак.

1. Надзейна ўстанавіцца, умацавацца. Міналі гады... У нас усталявалася Савецкая ўлада. Астрэйка. Палкавы камітэт разагнаў эсэраў і бундаўцаў і памог бальшавіцкай меншасці ўсталявацца ў пасялковым Савеце. Чыгрынаў. // Перастаць змяняцца, зрабіцца ўстойлівым. Зіма ўсталявалася ўжо ў лістападзе. □ Пасля непагодлівых дзён з дажджамі і сцюдзёнымі вятрамі нарэшце ўсталявалася ціхае яснае надвор’е. Шчарбатаў. / у перан. ужыв. А ў нас усталяваўся цудоўны пах перасушанага сена: відаць, ад таго раскошнага сенніка, на якім спіць маці. Каршукоў. // Стаць прыгодным для карыстання (пра дарогу і пад.). Гулі машыны, мчалі з Асіпаўскага ў Грыні і назад. Для іх усталявалася дарога, як цэмент. Пташнікаў.

2. Асесці, уладкавацца дзе‑н. Усталяваўшыся на сталай базе ў лесе, Алег з групай партызан выйшаў на заданне. «Маладосць». [Маці:] — Няхай едзе, усталюецца, напіша, з’ездзіш паглядзіш, а пасля таго — забірай дзяцей і ўсе рэчы. Дубоўка. Мы дамовіліся перапісвацца, калі ўсталюемся на рабоце. Марціновіч.

3. Наладзіцца, замацавацца. Толькі пасля вайны ўзаемаадносіны ў нашай сям’і ўсталявалася, як прыязныя: мачыха, мабыць, ужо не баялася, што я буду прэтэндаваць на нейкую часціну спадчыны. Сабаленка. У літаратурным асяроддзі ўсталявалася думка, што другая кніжка часцей за ўсё бывае слабейшая за першую. Грахоўскі. // Стаць звычаем, традыцыяй. Леанід Ляонцьеў выказаў, бадай, агульную думку ўсіх удзельнікаў семінара: — Каб нам часцей так сустракацца, каб усталявалася гэтая традыцыя — традыцыя творчых сустрэч, творчага адзінства! «Маладосць». // Разм. Устанавіцца, наступіць. Нарэшце гоман сціх. Усталявалася цішыня. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мяша́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што і без дап. Размешваць, перамешваць што‑н., боўтаючы, пераварочваючы лыжкай, мешалкай і пад. Мяшаць кашу. □ — Узяла датаўкла б проса, чым дарэмна бегаць па хатах, — мяшала .. [маці] рукой у ступе напалавіну стоўчанае проса і адначасова адчытвала дачку. Васілевіч. Бабка Баландзіха мяшала лыжкай у чыгунку і шамкала бяззубым ротам. С. Александровіч.

2. што. Змешваць, злучаць у адно што‑н. разнароднае. Мяшаць цэмент з пяском. Мяшаць салому з канюшынай. // што і без дап., каму. Замешваць корм для жывёлы. Чарнушчыха ў запале пашукала, ці няма поблізу дубца, не знайшла і раптам ухапілася мяшаць свінням зелле. Мележ. — Хто гэта парсюку ўчора мяшаў? — буркнула старая, глянуўшы ў ражку. Крапіва. // што. Перамешваючы, парушаць парадак. Мяшаць карты.

3. перан.; каго. Разм. Уцягваць, умешваць, ублытваць у што‑н. — А ты мяне, калі ласка, — сказаў.. [Міхась], — у гэтую кампанію не мяшай. Я кроў праліваў за Савецкую ўладу. Брыль.

4. што і без дап. Разм. Пераворваць паўторна. Араў доўга Мацей на полі, мяшаў на пшаніцу-радоўку. Баранавых. Аралі свой папар Амяльян і Рыгор, а там яшчэ далей іх мяшаў ворыва Вінцэсь. Нікановіч.

мяша́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Тое, што і перашкаджаць. Маці адвярнулася і прашаптала: — Нелюдзь... Яму ўсё мяшае... Сачанка. А мамка заўсёды мяне адганяе, калі я да стала падбіраюся. Не мяшай, кажа. Даніленка.

•••

Не мяшае (не мяшала б) — трэба; трэба было б. Ядзя кіўнула на Янушка. — Гэта таму не мяшала б даць добрую праборку, хто кожны дзень п’яны. Дайліда.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трыва́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Моцны, які з цяжкасцю паддаецца разбурэнню, псаванню. Трывалая драўніна. □ Гураля хата, якіх нямала У гэтым краі Арлінай волі: Такія ж сцены З хваін трывалых, Такі ж арнамент па бэльках столі. Танк. // Надзейны, моцны, устойлівы. Сілівон .. выстругваў зуб’е для грабляў .. І такія трывалыя выходзілі граблі — гады па тры служылі. Лынькоў. Але ж дзе яе [лодку], лёгкую ды манеўровую, ды з плоскім днішчам, ды трывалую, знойдзеш у нас, мой пане? В. Вольскі. Вы ведаеце, што такое цэмент? Парашочак, з выгляду рахманы, А робіць трывалым пастамент Генію І тырану. Жычка. Дзе гразь мясіў адвеку Ды кладкі клаў народ — Трывалую грав[і]йку Насыпалі за год. Гілевіч. Пад нагамі адчуваўся трывалы, увесь у купінах грунт. Мележ. // Які доўга захоўваецца і праяўляе свае якасці. Трывалы пах. // Добра засвоены (пра веды, навыкі і пад.); грунтоўны. Трывалыя веды. Трывалыя навыкі. // Сапраўдны, добры. Дамоў ад’язджаў ён [Пракоп], Далі яму боты з майстэрні дзяржаўнай — Трывалай работы. Куляшоў. // перан. Правераны часам. Трывалае шчасце. Трывалы аўтарытэт.

2. Які не мяняецца, надзейны, устойлівы. Трывалы мір. Трывалая сям’я. Трывалыя сувязі. □ Яна [ленінская канцэпцыя асобы] метадалагічна ўзбройвае літаратуразнаўства і стварае трывалую аснову для навуковага асэнсавання праблемы творчай індывідуальнасці. Івашын. Была закладзена трывалая сацыяльна-палітычная і эканамічная аснова збліжэння нацый, іх непарушнай дружбы і ўсебаковага супрацоўніцтва, стварэння шматнацыянальнай савецкай дзяржавы. Машэраў. — Савецкі Саюз стаў адной з індустрыяльных дзяржаў свету толькі таму, — падхапіў Іван Якаўлевіч, — што ўся наша эканоміка, народная гаспадарка базіруецца на трывалым падмурку энергетыкі. Гроднеў.

3. перан. Здольны многае вынесці, перажыць; стойкі, загартаваны. Зямля мая! Якім трывалым быў Іван Сусанін, Сягоння буду я такім. Пушча. Пішы ёй проста: «Любая, цалую. Вайну закончым і — чакай дамоў. Калі спалілі хату — адбудую. Не зломак я — з трывалых мужыкоў». Прыходзька. // Уласцівы такому чалавеку. — Гануля ўмее несці крыж пакуты, — казалі пра яе людзі, дзівячыся яе трываламу характару. Гурскі. // Здольны пераносіць неспрыяльныя знешнія ўмовы (аб раслінах). Пайшлі мы з жонкай, з сынам, разбілі лехі і, што можна паводле часу, — усё пасадзілі: буракі, моркву, часнок і падобныя трывалыя расліны. Дубоўка.

4. Разм. Сытны, пажыўны (пра яду). Трывалае снеданне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пацягну́цца, ‑цягнуся, ‑цягнешся, ‑цягнецца; зак.

1. Выпрастаць стомленыя ў аднастайнай паставе канечнасці, стан. Галас падняўся, пацягнуўся і пазяхнуў. Колас. У паясніцы нібы завесы заржавелі — не разагнуцца. Але пацягнешся моцна да хрусту касцей, лінеш на твар халоднай вады, пройдзеш разы два па хаце і сціхне патроху нудны боль у плячах. Крапіва. [Казік] выцягнуў з-пад посцілкі рукі і з асалодай пацягнуўся. Чарнышэвіч.

2. Падацца корпусам у якім‑н. напрамку, працягнуць руку, галаву да каго‑, чаго‑н. [Гаварушка] пацягнуўся яшчэ, каб злавіць яе [Ніны] руку, але яна адбеглася. Лобан. Васіль узняў галаву, і рука яго міжвольна пацягнулася да пісталета. Шашкоў. Перабіраючы адвіслымі губамі, да .. [Міколы] пацягнулася конская морда. Новікаў. // Пачаць цягнуцца ўгору, расці (пра расліны). І зямля наверх пагнала сокі З тых глыбінь, дзе дбайна берагла, І адразу ясакар высокі Пацягнуўся лісцем да святла. Кірэенка.

3. Пачаць рухацца, накіравацца ў адным напрамку цугам, чарадой. У калгасны склад паплылі цэмент, цвікі, жалеза, пацягнуліся фурманкі з лесам. Сергіевіч. Кароўкі ў парадку, адна за другою, пацягнуліся ў лес. Колас. Пераклікаючыся ў небе, роўнымі шнурамі пацягнуліся на поўдзень гусі. Скрыпка. // Павольна пайсці следам за кім‑, чым‑н., разам з кім‑н. Саўка з начальнікам пайшлі па вёсцы. Паліцэйскія пацягнуліся ўслед. Федасеенка. Табун павольна пацягнуўся за .. [Алесем]. Караткевіч. / Пра думкі, успаміны. Ну, скажы ты, якія чэпкія гэтыя ўспаміны! Успыхне ў памяці адно, за ім пацягнецца другое... Палтаран.

4. Павольна, з цяжкасцю пайсці; паплесціся. Міхал сабраўся, апрануўся і ў лес павольна пацягнуўся. Колас. // Пачаць павольна распаўсюджвацца, рухацца ў якім‑н. напрамку (пра дым, пыл і пад.). Чорныя шлейфы .. дыму [ад месераў] перакрыжаваліся і пацягнуліся да зямлі. Алешка. Гануля і не заўважыла, што не прыкруціла кноту, языкі агню пацягнуліся ўверх, пацямнела шкло. Гурскі.

5. Пачаць павольна, аднастайна праходзіць (пра дні, гадзіны, гады). Дні пацягнуліся аднастайныя, страшэнна падобныя адзін на другі. Навуменка.

6. Працягнуцца, размясціцца на вялікай адлегласці, прасторы, уздоўж чаго‑н. Абапал дарогі пацягнуліся шэрыя, апусцелыя палі. Гамолка. На многія кіламетры пацягнулася камяністая пустыня. Шыцік. // Быць працягнутым у якім‑н. напрамку. Вакол гарнізонаў .. пацягнулася павуцінне калючых дратоў. Брыль. // Пралегчы, выдзяляючыся на чым‑н. Па лужынах пацягнуліся бліскучыя сінія пісягі — ад масла і дыму. Пташнікаў. Гусіныя лапкі маршчакоў пацягнуліся на скроні. Алешка.

7. перан. Адчуць цягу, схільнасць да каго‑, чаго‑н. Ён першы загаварыў у Руднічах пра калгас і першы ўступіў у яго. За бацькам пацягнулася ўся бедната. Курто. Калі прыйшла канчатковая перамога, дзеці былых беднякоў пацягнуліся да навукі. Сергіевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)