сагрэ́ць, ‑грэю, ‑грэеш, ‑грэе; зак., каго-што.
1. Грэючы, зрабіць цёплым, гарачым; нагрэць. Вясной, толькі сонца сагрэла зямлю, Кінуў калгаснік зерне ў раллю. Кірэенка. Сонца вясны той усходы на нівах Сагрэла шчыра. Вялюгін. // Награваючы на агні, давесці да якой‑н. ступені цеплыні. Сагрэўшы чайнік, Ганна Сымонаўна запрасіла гасцей да стала. Дубоўка. // Вярнуць азябламу целу (рукам, нагам) страчаную цеплыню. Дзядзька .. стараўся сагрэць у рукавах мокрага палапленага кажушка набрынялыя сінія рукі. Брыль. // Выклікаць адчуванне цеплыні ў арганізме. Кроў сагрэе за сняданнем чарка. І. Калеснік.
2. перан. Суцешыць спагадлівым словам, падбадзёрыць праяўленнем клопатаў. Слова «мама» раптам сагрэла хлопчыка і ласкай і шчасцем. Якімовіч. Юзя пазней гаварыла, што дзед сваім прыходам нібы сагрэў дзядзьку Харытона шчырай чалавечай спагадай. Бажко. // Ажывіць, асвятліць якім‑н. радасным пачуццём, думкаю. Тут Райніс жыў і сэрцам вечна юным Сагрэў і асвяціў прасторы свайго краю. Шушкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пахваля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак., чым і з дадан. сказам.
Разм. Хваліцца, выхваляцца. — З нашага калодзежа вада заўсёды смачная, — пахваляўся ў сваю чаргу бацька. Сабаленка. Атуленыя садамі і таполямі, дамы стаялі абапал шашы, як бы пахваляліся сваёй прыгажосцю, запрашалі да хатняй цеплыні. Лупсякоў. Заўтра ён, Барашкін, прыйдзе на працу ў гэты цэх, і зноў убачыць сваіх сяброў, і будзе зноў пахваляцца, якая ў яго слаўная дачка. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усце́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго.
Выклікаць у каго‑н. пачуццё задаволенасці, радасці. Павышэнне, якое Паўлу неўзабаве прапанавалі, не вельмі ўсцешыла яго. Брыль. Як нямнога трэба, каб усцешыць жанчыну. Пару збітых, банальных фраз і трошкі цеплыні ў голасе. Навуменка. // Супакоіць. Чыгуначнік доўга стаяў у роздуме, а потым сказаў няўпэўнена, мо толькі для таго, каб усцешыць няшчасную жанчыну, каб зараніць у яе душу хоць маленькую надзею. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ізаля́тар, ‑а, м.
1. Рэчыва, якое не праводзіць электрычнага току, цеплыні або не прапускае гукаў.
2. Дэталь для замацавання і ізаляцыі праваднікоў. Фарфоравы ізалятар.
3. Асобнае, спецыяльна прыстасаванае памяшканне (у бальніцах, санаторыях і пад.) для хворых з нераспазнанымі або заразнымі хваробамі. Перавесці ў ізалятар. Пакласці ў ізалятар.
4. Камера для аднаго чалавека ў турме. Перадалі, каб і тыя, што сядзяць у ізалятарах, выходзячы на прагулку, таксама мелі чырвоныя банцікі. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
павява́ць, ‑ае; незак.
1. Дзьмуць злёгку або час ад часу. З поля павяваў лёгкі ветрык. Броўка. Ноч ціхая, ледзь-ледзь павявае вецер. С. Александровіч. / у безас. ужыв. Цёплым пахучым ветрыкам павявала з палёў. Чарнышэвіч. // звычайна безас. Абдаваць павевам чаго‑н. (цеплыні, пары і пад.). Недзе ў кустах звінеў на каменьчыках ручай. Адтуль павявала халадком. Асіпенка.
2. безас.; перан. Адчувацца (пра набліжэнне чаго‑н.); мець адзнакі чаго‑н. Гэта была мясцовасць, дзе павявала першымі адзнакамі Палесся. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пе́ршасны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн.
1. Які з’яўляецца першай, зыходнай ступенню чаго‑н.; першапачатковы. Матэрыя — першасная, свядомасць — другасная. Першасная абмотка трансфарматара. Першаснае значэнне слова. □ Будынак.. царквы неаднаразова перабудоўваўся і рамантаваўся, і даследчыку прыйшлося карпатліва ўстанаўліваць першасны варыянт яго. Ліс. // у знач. наз. пе́ршаснае, ‑ага, н. Першааснова, сутнасць чаго‑н. Ды той «халодны» разлік амаль ніколі не забіваў «цеплыні» пачуццёвага — першаснага ў паэзіі. Лойка.
2. Які ўзнікае, утвараецца на першай, пачатковай стадыі чаго‑н. Першасныя крышталічныя пароды. Першасныя солі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
флюі́ды, ‑аў; адз. флюід, ‑у, М ‑дзе, м.
Кніжн.
1. Газападобныя або вадкія рэчывы, якія вылучаюцца з магматычнага ачага.
2. Гіпатэтычная вадкасць, якой да 18 ст. тлумачылі з’явы цеплыні, магнетызму, электрычнасці.
3. Паводле ўяўленняў спірытаў — нейкія «псіхічныя токі», якія нібыта вылучаюцца чалавечым целам або якім‑н. іншым целам, прадметам. Спачатку думалі даць ход справе, але Растоўцаў быў мёртвы, а флюіды — рэч ірэальная і пасадзіць іх нікуды нельга. Караткевіч. // перан. Тое, што выходзіць ад каго‑, чаго‑н.
[Лац. fluidus — пякучы.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цеплыня́, ‑і, ж.
1. Нагрэтасць чаго‑н. Сашка Стафанковіч сядзеў, прыціснуўшыся да Любы.. ён адчуваў цеплыню яе твару. Чорны. Цёплымі аставаліся адны слёзы, ды і іх цеплыню.. [Лёдзя] адчувала не тварам, а далонямі. Карпаў. Дзверы расчыніліся, і Віктар з асалодаю нырнуў у густую цеплыню хаты. Зарэцкі. // Цёплае паветра ад чаго‑н. нагрэтага, гарачага; больш-менш высокая тэмпература, якая выходзіць ад чаго‑н.; цёплае асяроддзе. Ад торбы [з печанай бульбай] ішла прыемная цеплыня, прыграваючы Міколкаў бок. Лынькоў. [Марына] адразу ж падхапілася, бо ўспомніла, што цеплыня — гэта ўжо вораг адмарожаным.. нагам. Лупсякоў. // Цёплае надвор’е; цёплы клімат. Тым часам цеплыня з кожным днём бралася ў большую сілу, вясна наступала напорыста і ўпэўнена. Краўчанка. Бук добра расце ў парнай цеплыні Калхіды. Самуйлёнак.
2. Адчуванне ўнутранага цяпла, унутранай сагрэтасці. Лабановіч чуе, як прыемная цеплыня разыходзіцца па целе, і яму зусім добра тут. Колас. Гарачун адчуў, што па целе ў яго хваляю разлілася цеплыня. Васілёнак.
3. перан. Дабрата, сардэчнасць; добрыя, шчырыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Нам не забыць навечна Цудоўнай дружбы дні, Сяброўскіх слоў сардэчных, Сяброўскай цеплыні. Кірэенка. Стары ветэран друку з цеплынёй успамінае свае сустрэчы з беларускім паэтам [М. Багдановічам]. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мета́л, ‑у, м.
Хімічна простае рэчыва або сплаў, якім уласцівы бляск, коўкасць, добрая праводнасць цеплыні і электрычнасці. Лёгкія металы. □ Халаднаваты метал быў пакрыты васковай плёнкай тавоту. Паслядовіч. Метал, здавалася, сам знаходзіў літнік, каб папасці і забегчы ў форму. Скрыган. // Пра гукі, голас, якія нагадваюць металічны звон. Смелы, магутны, з металу скованы голас аэраплана залятае ў дзедаву хату. Колас.
•••
Высакародныя металы — золата, серабро, плаціна.
Каляровыя металы — усе металы і іх сплавы, акрамя жалеза і яго сплаваў.
Невысакародныя металы — металы, якія акісляюцца, ржавеюць.
Цяжкія металы — металы з удзельнай вагой звыш 5 грамаў.
Чорныя металы — чыгун, жалеза, сталь.
[Грэч. metallon.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чахарда́, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Гульня, у якой ігракі па чарзе скачуць цераз сваіх партнёраў, што стаяць сагнуўшыся ці на карачках. Маладыя жарабяткі не змаглі ўгнацца за дарослымі коньмі, таму спыніліся на раўнейшым месцы і давай гуляць у чахарду — пераскокваць адзін цераз другога. Рылько.
2. перан. Разм. Блытаніна, якая ўзнікае з-за пастаянных змен, перамяшчэнняў. І вось ідзе франтальная праверка: За тры гады ператрасаюцца паперкі! І часу не стае людзям для працы З-за гэткай чахарды. Валасевіч. Мора ўжо даўно не было, пачалася чахарда цеплыні і холаду. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)