фатагра́фія, ‑і, ж.
1. Атрыманне вобразаў прадметаў на святлоадчувальных матэрыялах пры дапамозе аптычнага апарата пад уздзеяннем светлавых прамянёў. Каляровая фатаграфія. Маментальная фатаграфія. // Мастацтва, майстэрства ўзнаўлення каго‑, чаго‑н. такім чынам. Захапляцца фатаграфіяй.
2. Фатаграфічны адбітак каго‑, чаго‑н.; здымак. Напаследак спынілася.. [Марына Паўлаўна] перад пісьмовым сталом Сымона Карызны, узяла з яго даччыну фатаграфію і доўга глядзела на яе. Зарэцкі. Калі плёнку праявілі і разгледзелі фатаграфію, то аказалася, што на ёй.. бачны таксама і белы гіпсавы дыск. Матрунёнак. // перан. Дакладная перадача чаго‑н. — Кожнае, самае праўдзівае апавяданне, разумеецца, не ёсць фатаграфія, але ў яго аснове ляжыць праўда. Колас.
3. Майстэрня, дзе займаюцца фатаграфаваннем. Не памятаю, з якой прычыны мы пайшлі ў фатаграфію зрабіць сямейны здымак. А. Александровіч.
4. чаго. Спец. Назіранне і фіксацыя якіх‑н. дзеянняў, падзей. Фатаграфія рабочага дня.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гру́па, ‑ы, ж.
1. Некалькі чалавек, прадметаў і пад., якія знаходзяцца блізка адзін ад аднаго. Група дамоў. □ На ўзлеснай вуліцы, якая была дагэтуль бязлюднай, раптам з’явілася група дзяўчат і хлопцаў. Шахавец. // Графічны малюнак, скульптура або фатаграфічны здымак некалькіх асоб. Скульптурная група.
2. Сукупнасць прадметаў, з’яў, рэчываў, аб’яднаных паміж сабой якой‑н. агульнай прыметай, уласцівасцю і пад. Група крыві. □ У значнай колькасці вугор водзіцца ў возеры Нарач і некаторых азёрах Нарачанскай групы. Матрунёнак.
3. Аб’яднанне некалькіх асоб, арганізацыя, падраздзяленняў і пад., звязаных агульнымі мэтамі, ідэямі, сумеснай дзейнасцю. Камсамольская група. Ударная група войск. Група армій. □ А калі ў партызанскай групе сур’ёзна загаварылі аб узрывах чыгункі, .. [Ірына] проста сказала: — Гэта зраблю я... Лынькоў. // Аб’яднанне некалькіх асоб для сумесных заняткаў. Група падоўжанага дня. □ Жэня Жук — адзіная ў групе дзяўчына — з крэйдаю ў руках нешта тлумачыла.. ля дошкі. Карпаў.
[Ням. Gruppe.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ка́ртка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Прамавугольны лісток цвёрдай паперы або кардону для запісу на ім якіх‑н. звестак (звычайна як адзінка картатэкі). У картатэцы Івана Іванавіча акуратна, як кніжкі ў добрай бібліятэцы, стаяла шмат картак. Карпюк.
2. Разм. Фатаграфічны здымак. Цёмныя, крыху прыжмураныя, з доўгімі вейкамі вочы хітравата пазіралі на .. [Паходню] з карткі. Хадкевіч.
3. Пасведчанне, уліковы дакумент і пад. у выглядзе невялікага ліста цвёрдай паперы. Уліковая картка. Карэспандэнцкая картка. □ [Камендант] запісаў прозвішчы тых, чые літары супадалі, і завёў на іх крымінальныя карткі. Якімовіч.
4. Бланк з адразнымі талонамі, які дае права на атрыманне прадуктаў пры нарміраванай сістэме іх размеркавання. Прадуктовыя карткі. □ Калі хлеба па картках сям’і не ставала, рукі матчыны зналі, што трэба рабіць. А. Вольскі.
•••
Візітная картка — картка з імем, імем па бацьку і прозвішчам, часам з адрасам і званнем асобы, якая ўручае яе пры візіце, знаёмстве і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)