падзя́каваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., каму-чаму і без дап.

Выказаць падзяку за што‑н. добрае. Мы падзякавалі дзеду, паціснулі руку і пажадалі яму доўгіх год шчаслівага жыцця. Пальчэўскі. [Сазонаў:] Прывітаеце моладзь, гасцей, падзякуеце аўтазаводцам за добрыя машыны. Крапіва. Аляксандр устаў з-за стала, падзякаваў і пачаў збірацца. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праці́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Прабрацца, пранікнуць у што‑н. вузкае, цеснае ці паміж кім‑, чым‑н. Таццяна абышла вакол агароджы і на другім баку ўбачыла ладную такі шчыліну. Ёй удалося праціснуцца. Васілёнак. Свідраль устаў, апрануў паліто і праціснуўся праз парадзелы натоўп да дзвярэй. Дуброўскі. Статкевіч праціснуўся між лавак. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

укле́нчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

Стаць на калені, на калена. Цыганкоў з хваляваннем разгарнуў сцяг, перачытаў надпіс, потым укленчыў і пацалаваў ярка-чырвонае палатно. Якімовіч. Старэнькая бабуля падышла да высокага пагорка. Перахрысцілася, потым укленчыла і прыпала вухам да зямлі. Штыхаў. Прафесар устаў, укленчыў адной нагой на крэсла і нізка нахіліўся над картай. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ураўні́лаўка, ‑і, ДМ ‑лаўцы; Р мн. ‑лавак; ж.

Разм. Аднолькавае, нічым не апраўданае ўраўноўванне чаго‑н. — Бы жывяце ў абшчыне, — зноў устаў бургамістр, — але яна яшчэ не ўмацавалася. І ты, стары, не гні, ураўнілаўкі тут ніякай не будзе. Федасеенка. // Сістэма аплаты працы незалежна ад яе колькасці і якасці. Ліквідаваць ураўнілаўку ў зарплаце.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

камо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Тое, што і камора (у 1, 2 знач.). [Бацька] устаў, пайшоў у каморку .. і вярнуўся назад з поўнай місай марынаваных грыбоў і кавалкам сала. Бажко. [Рэдактар] пайшоў дамоў, у сваю цесную каморку, запаліў агарак свечкі і стаў пераглядаць сваю газету. Колас. Хворы кухар стагнаў на ложку ў сваёй каморцы. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перашчыкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.

Раздзяліць шчыпком надвае. Генерал устаў, узяў каля печы венік. Вылузаў з яго дубчык і даў зламаць. Ражэ перашчыкнуў яго ў двух пальцах. Алешка. Перастаўшы гайдацца, .. [грак] пасядзеў у спакоі, нібыта нешта думаў ці разважаў, потым прымерыўся да ніштаватай галінкі, сціснуў яе ў моцнай дзюбе і перашчыкнуў, як нажніцамі. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заляжа́цца, ‑ляжуся, ‑лежышся, ‑лажыцца; зак.

Праляжаць доўга, больш звычайнага, дазволенага. Бярозка сам устаў і нават пацягнуўся, як чалавек, які лішне заляжаўся ў пасцелі. Шахавец. // Праляжаць доўга без ужытку, збыту і пад. Праз дажджы ляцяць, праз буры, Быццам тыя галубкі, Не залежацца на пошце Нецярплівыя радкі. Куляшоў. // Страціць свежасць або сапсавацца ад працяглага ляжання, захоўвання. Дзесьці заляжалася і не мае збыту мыла. Філімонаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чуллі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан чуллівага. І толькі дома, за сталом, калі выпіў другую чарку і стаў да слёзнасці добрым — чуллівасць да сына ўжо не ўмесцілася ў ім, — і Даніла не вытрымаў, устаў з месца і працягнуў цераз стол Сцяпану руку: — Здароў яшчэ раз, сын! Капыловіч. Беларускай песеннай творчасцю некаторыя захапляліся шчыра, адчуваючы яе хараство, далікатную чуллівасць, паэтычнасць. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падло́га, ‑і, ДМ ‑лозе, ж.

1. Насціл у памяшканні, па якім ходзяць. Паркетная падлога. □ Глеб Іванавіч устаў і захадзіў па цеснай хаце, прыслухоўваючыся, як рыпіць падлога пад нагамі. Дуброўскі. Млын калаціўся, скрыпеў падлогаю, гуў камянямі. Чорны.

2. Дол, ніз (пераважна ў жыллёвым памяшканні). Насцілу ў хаце яшчэ не было, падлога засталася земляная. Кавалёў. У зямлянку з дзвярэй прарвалася вада, яна залівала гліняную падлогу. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уста́ць, устану, устанеш, устане; зак.

1. Стаць на ногі; падняцца з ляжачага, сядзячага становішча. — Устаць! — строга крыкнуў вартаўнік суда. Прысутныя ўсталі. Брыль. Бацька доўга яшчэ сядзеў на ўслоне каля стала. Затым устаў і палез на палаткі. Ляўданскі. Лось устаў на ногі, панюхаў лёд, прабег трушком, рассыпаючы капытамі снег. Пташнікаў. // Прачнуўшыся, падняцца з пасцелі. Маці адкінула коўдру з грудзей, заварушылася з намерам устаць. Якімовіч. — Помню, помню, маці, зараз устану! — адказаў.. [Рыгор] і злез з пасцелі. Гартны. // Паправіцца, выздаравець. [Алаіза] чуць выкачалася ад хваробы. Думала, што ўжо і не ўстане. Арабей. / Пра палеглыя расліны. Пшаніца ўстала пад дажджом. Вялюгін. // перан. Аднавіцца, адбудавацца. Глядзі! Ля нашай школы Устаў з руін Палац. Агняцвет.

2. Падняцца на абарону чаго‑н.; падрыхтавацца да барацьбы за што‑н. І ленінцы, яднаючы рады, За Леніным супроць царызму ўсталі. Астрэйка.

3. Узысці, з’явіцца на гарызонце (пра нябесныя свяцілы). На дварэ светла, толькі што ўстаў месяц. Лобан. / у вобразным ужыв. Нада мною Мядзведзіца ўстала, Замахнулася зорным каўшом. Ляпёшкін.

4. перан. Узнікнуць, з’явіцца; паўстаць. Прыпомніў ён падзеі мінулага дня. Цяпер яны ўсталі перад дзедам у другім святле. Колас. Калі ўсё сціхла і супакоілася — зноў устала пытанне пра дзялянку, пра дровы, а цяпер ужо ў дадатак і пра каня. Васілевіч.

•••

Устаць з зоркай — устаць вельмі рана.

Устаць з левай (не з той) нагі — быць у дрэнным настроі, злавацца без асаблівай прычыны.

Устаць з магілы — выздаравець, ачуняць пасля цяжкай хваробы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)