Ву́пар ’крывасмок, вампір’ (Касп., Сцяшк., барыс., Шн., 2, 404); параўн. у запісах Федароўскага: «Каб ты па смерці вупарам хадзіў» (слонім., навагр., Федар., 4, 417); ’ваўкаваты, пануры чалавек’ (карэліц., З нар. сл.; Жыв. сл.); ’упарты чалавек’ (Сцяц.; КЭС, лаг.; Жд., 3; Цых.); ’надзьмуты чалавек’ (Жд., 2). Семантыка і форма слова — вынік кантамінацыі слоў упы́р ’крывасмок, вампір’ (гл.) і упіра́цца ’упарціцца’; супадзенне націску з польск. upior ’крывасмок’ не дае падстаў лічыць бел. слова запазычаннем, бо само польск. слова лічыцца запазычаннем з усх.-слав. з-за пачатковага u‑; аналагічнае развіццё значэння параўн. у рус. упы́рь ’крывасмок’ і упы́рь ’упарты чалавек’ (Фасмер, 4, 165 і наст.). Гл. упор, упі́ра ’упарты чалавек’, ’неслух’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прывалачы́, ‑лаку, ‑лачаш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце, ‑лакуць; пр. прывалок, ‑лакла, ‑ло; заг. прывалачы; зак., каго-што.

Валочачы, цягнучы, даставіць куды‑н. [Косцік] бягом прывалок дзве жэрдкі і па слізкім лёдзе насунуў іх танчэйшымі канцамі да Аксінні. Пальчэўскі. — Будзеш упірацца, то паклічу Рыгора і Язэпа і, далібог, прывалачом вось так, як ты цяпер ляжыш. Колас. Прывалаклі [партызаны] нават два цяжкія кулямёты. Шахавец. // Разм. Прынесці (звычайна што‑н. цяжкае, вялікае). [Чыжык] прывалок у яміну новенькі нямецкі карабін і патроны, знойдзеныя сярод забітых гітлераўцаў. Лупсякоў. Гарыдавец Шарона праз сяло Адзін дамоў на плечах прывалок. Танк. // Разм. Сілаю прывесці, прымусіць прыйсці. [Сашка:] — На чорта ён мне, твой гэты працаўнік, ты маеш з ім справы, то ідзі да яго, а чаго ты мяне сюды прывалок? Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упарціцца, супраціўляцца, працівіцца, упінацца, наравіцца; натурыцца, казырыцца, муліцца, капырсціцца (разм.); упірацца, брыкацца, гнуцца (перан.) □ станавіцца на дыбы, капыліць нос

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

утыка́тьсяI несов., разг.

1. (ткнувшись, погружаться во что-л.) утыка́цца; (прятаться во что-л.) хава́ць (што ў што);

2. (наталкиваться на что-л.) упіра́цца;

3. перен. (сосредотачиваться на чём-л., поглощаться чем-л.) утыка́цца; см. уткну́ться.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

упо́р, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Дзеянне і стан паводле дзеясл. упіраць — уперці (у 3 знач.) і упірацца — уперціся (у 1 знач.).

2. ‑а. Прадмет, месца, у якое ўпіраюцца. Ён [шэф] пяць патронаў у кішэнь, Нагледзеў лепшую мішэнь, Прылёгшы на ўпор, І стрэльбу да пляча прыпёр. Крапіва. Буфер адыгрывае ў час лоўлі ролю ўпора для рукі пры закідванні насадкі. Матрунёнак.

3. ‑а. Падпора, якая падтрымлівае што‑н. І раптам — думка: а што, калі віхура пабярэ сілы, сарве кран з упораў і перакуліць. Гарбук. // Прадмет, пры дапамозе якога абмяжоўваецца перамяшчэнне чаго‑н. Чыгуначны ўпор. Падлажыць упоры пад калёсы аўтамашыны.

4. ‑у; перан. Сканцэнтраванне ўвагі на адным чым‑н. У рашэнні Пленума галоўны ўпор робіцца на ўсямернае выкарыстанне аб’ектыўных эканамічных законаў. «Звязда».

•••

Ва ўпор — а) пільна, прама (глядзець, разглядаць каго‑, што‑н.). Прыпыніўшыся, Рая паглядзела на.. [Севу] ва ўпор і прыжмурылася. Карпаў. — Ну што, даражэнькі, будзем рабіць? — нарэшце спытаў Аляксей Аляксандравіч, паклаўшы абодва кулакі на стол і ва ўпор пазіраючы на Пятра. Ваданосаў; б) адкрыта, без хітрыкаў (сказаць, спытаць што‑н.). І раптам [Шыковіч] павярнуўся да капітана, спытаў ва ўпор: — Скажыце, Сербаноўскі, па-чалавечы шчыра: а што вы думаеце, пазнаёміўшыся са справай Савіча? Шамякін; в) з блізкай адлегласці, амаль упіраючы дула (страляць, расстрэльваць). [Пушка] біла ва ўпор па ганку, што ішоў праз лес. М. Ткачоў. Батура страляе з пагана тры разы. Ва ўпор, у росхрыст паркалёвай сарочкі па грудзях. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Агу́раць ’надаесці’ (Бір. дыс.), агурэць ’разленавацца, стаць непаваротлівым’ (КЭС, лаг.), агурыцца ’абвыкнуцца, апусціцца’ (Бір. дыс., Нас.), агура ’неслух, непаслухмяны’ (Бяльк.), агурань ’грубіян, неслух’, агурства (Нас.), ст.-бел. огурный ’непаслухмяны, бестурботны’ (Гарб.), огуритися ’не слухацца, упірацца’ (1557), огурство ’ўпартасць’ (1554) (Нас. гіст.), рус. огурь ’упартасць, ленасць’, огурный ’упарты, гультай’ і інш. (гл. Львоў, Зб. Вінаградаву, 172), укр. огурний, угурний ’упарты, непаслухмяны’ (гл. Патабня, Из записок, 3, 51). Булахаў (Бел. мова, 46–47) параўноўвае беларускія словы з велягурісты (гл.). Супрун, Веснік БДУ, 1, 2, 69 — з славац. ohurny ’магутны, бялізны, грубы’, ohurit ’аглушыць, заблытаць’, але дапускае і прэфіксальны характар a‑. Тады супастаўляюцца таксама рус. гуряться ’паводзіць сябе нахабна’, палаб. *gorniti ’гаварыць’, славац. hurny ’магутны, бялізны, грубы’, серб.-харв. гу́рати ’штурхаць, пхаць’ (гэта супастаўленне зроблена ўпершыню Патабнёй), балг. гурам ’хадзіць’. Пералічэння словы, вельмі далёкія семантычна, трэба размежаваць. Паўднёваславянскія формы звязваюцца з літ. gū́ra ’сутулы чалавек, чалавек, які ходзіць сагнуўшыся’, gū̃rinti ’хадзіць сагнуўшыся’ (Буга, RR, 1, 441), лат. gūrât ’марудна рухацца, ляніцца’ (Эндзелін, KZ, 44, 68), лат. guôrît ’марудзіць, вагацца’, guoris ’гультай, лодар’. Апошнія балтыйскія паралелі непасрэдна звязаны з беларускімі і рускімі словамі. Эндзелін таксама супастаўляе латышскія формы, серб.-харв. гӳритисе ’згібацца’ з ст.-грэч. γυρός ’сагнуты, гарбаты’, нарв. kūra ’згібацца’ і г. д. (Параўн. яшчэ Фрэнкель, 177; Ілліч–Світыч, ВЯ, 1961, 4, 96). Што датычыць семантычнага пераходу ад серб.-харв. гӳрити се ’згібацца’, балг. погурен ’сутулы’ да серб.-харв. гу́рати ’штурхаць, пхаць, туліць’, балг. гурам ’хадзіць’, параўн. сутулы, туліць і туляцца. Польск. ohurstwo, відавочна, з беларускага (г — фрыкатыўнае), а палаб. *gorniti да гэтай лексічнай групы не адносіцца. Такім чынам, формы яшчэ індаеўрапейскія (*gau̯/gu‑r). Рэканструкцыя Львова (*agh‑) неверагодная. Супраць апошняй таксама Трубачоў, Дополн., 3, 121.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́па1, ла́пка ’ступня або ўся нага ў некаторых жывёл і птушак’ (ТСБМ, Сцяшк., Бес., Сл. паўн.-зах., Клім., Яруш., Мат. Гом., Бяльк.) (экспр.) ’нага чалавека’, ’ножка стала, ложка, услона’ (Сл. паўн.-зах., Нас., Шатал.), ’ступня чалавека’ (ігнал., даўг., Сл. паўн.-зах.), ’рука’ (Нас.), даўг. лапка ’кісць рукі’ (Сл. паўн.-зах.), драг. ла́па, ла́пыско ’вялікая ступня’ (Нар. лекс.), ла́па ’расплюшчаны і загнуты канец у некаторых інструментах, прыстасаваных для выцягвання цвікоў’ (ТСБМ, Сцяшк., Мат. Гом.), драг. ’для сцягвання ботаў’ (І. Лучыц-Федарэц; Сл. паўн.-зах.), в.-дзв. ’для абдзірання галовак ільну’ (Шат.), ’зуб у вілах’ (навагр., З нар. сл.), ’ручка ў сасе, плузе’ (Тарн., Смулк., Шатал.; лях., ганц., Сл. паўн.-зах.), ’матыка’ (глыб., Сл. паўн.-зах.), ’чапяла’ (кобр., ДАБМ, к. 251), ’камплект панажоў у кроснах’ (Бяльк., Мат. Маг., Уладз., Мат. Гом.), ’дошчачка ў калаўроце, на якую наступаюць нагой пры прадзенні’, малар. ’стойкі ў калаўроце, паміж якімі знаходзіцца кола’ (Уладз.), лельч. ’водаўдарная дошчачка на вобадзе вадзянога кола’ (ЛАПП), ’шып на канцы бервяна, які ўстаўляецца ў выемку другога бервяна пры звязванні іх у вянец’ (ТСБМ), ’паз у бервяне ў вугле’ (Мат. Гом.), (перан.) ’удар па далоні лінейкай як від пакарання ў дарэвалюцыйнай школе’ (Нас., Бяльк.; маладз., Хрэст. дыял., ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), у выразе: лапамі арацьупірацца, не даваць згоды’ (КЭС, лаг.), ст.-бел. лапица ’след’. Укр. лапа, зах.-укр. ла́ба, рус. лапа ’тс’, смал. лапы ’рукавіцы’, польск. łapa — апрача асноўнага значэння ’нага’ польская моўная тэрыторыя звязваецца з беларускімі значэннямі ’частка калаўрота’, ’панажы ў кроснах’, якія адсутнічаюць у рускіх гаворках; усх.-польск. łaba, каш. łapca (< łapica), чэш. tlapa, мар. dlapa (< прасл. lapa) — t‑/d‑ тут пад уплывам ням. Tatze ’лапа’ (Ільінскі, РФВ, 78, 194), а, паводле Шмілаўэра (Махэк₂, 645), чэш. tlapa — вынік кантамінацыі слав. łapa і ням. Tappe ’лапа’; славац. laba, славен. lapa, якое, паводле Плятэршніка (1, 499), са ст.-слав.; балг., макед. лапа ’нага некапытнай жывёлы’. Прасл. lapa ’ступня, нага некапытных жывёл’ з’яўляецца працягам і.-е. *lāpā ’рука, далонь, лапа’ (Слаўскі, 4, 465), параўн. адпаведнікі з іншых і.-е. моў: літ. lópa ’лапа жывёл, якія не маюць капытоў’, ’кісць рукі, нагі’, лат. lãpa ’лапа’, гоц. lōfa, ст.-ісл. lófi ’далонь’ (Бернекер, 690; Буга, Rinkt., 2, 170; Покарны, 1, 679; Брукнер, 306; Траўтман, 160; Фрэнкель, 339–340; Фасмер, 2, 458). Сабалеўскі (РФВ, 70, 95) без падстаў рэканструяваў прасл. *tlapa зыходзячы з чэш. формы tlapa.

Ла́па2, ла́пка ’галінка хвоі, елкі’ (Нас., Яруш., Сцяшк., Бяльк., Касп., Шат.; глус., Янк. Мат., Сл. паўн.-зах.), ла́пнік ’тс’ (Бяльк.), ’галіна дрэва з лісцем’ (карэліц., лях., ганц., Сл. паўн.-зах.), ’гронка вінаграду’ (карэліц., Шатал.), ганц. ла́пкі ’сцяблы і лісце бульбы’ (ДАБМ, с. 867), ’амяла, Viscum L.’ (Маш.). Рус. ла́пина ’галінка дрэва, дубчык’, ла́па ’тс’, ла́пник, ла́пняк ’шырокія лапы ялін, якімі пакрываюць на зіму двары’. Балтызм. Параўн. літ. lãpas ’ліст’, лат. lapa ’галіны дрэў з лісцем, якія падкладваюцца пад стог ці тарпу’.

*Ла́па3, воўча ла́па, кото́вые (котя́чі) ла́пкі ’ткацкі ўзор, малюнак якога нагадвае след жывёл’ (Уладз.). Параўн. таксама лат. lapa ’узор вязання рукавіц’, укр. лапки́ (мн. л.) ’род узору для вышывання’. Да ла́па1 (гл.).

Ла́па4 ’лапік, латка’ (пін., ДАБМ, 925), ла́пка ’тс’ (езярышч., віц., бярэз., пін., светлаг., ДАБМ, 924–925). Балтызм. Параўн. літ. lõpas ’тс’ (Лаўчутэ, Балтызмы, 117–118). Канчатак ‑а пад уплывам лексемы лата ’латка’. Сюды ж ла́піна ’латка’ (ДАБМ, к. 324), ла́пінка ’тс’ (ДАБМ, с. 924–925; Федар. I, Федар. 3, Сцяшк., Нар. сл.; міёр., Нар. словатв.), ’пустое месца на полі, непакрытае гноем’ (Жд. 2), ’прагаліна’ (Мат. Гом.; міёр., Нар. словатв.); навагр. ла́піна ’ануча’ (Нар. сл.), ’праталіна’ (Некр.), ’невялікая плошча зямлі, на якой расце што-небудзь’ (Жд. 1), ’частка поля, сенажаці ў 4–6 м²’ (Шат.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

круці́ць, кручу, круціш, круціць; незак.

1. каго-што. Прыводзяць у кругавы рух; вярцець. Круціць педалі. □ Два калгаснікі завіхаліся каля сячкарні. Адзін падаваў салому ў жолаб пад зубы і нажы, а другі круціў кола спецыяльна прыстасаванаю ручкаю. Колас. Вада круціла вялікае кола, аж дрыжалі сцены. С. Александровіч. // Разм. Паварочваць у розныя бакі. Ганне Сцяпанаўне падабалася, што Алесь збянтэжана круціць у руках шапку, што ў яго вачах замілаванне да яе дачкі і дакор за яе кпіны. Шыцік. Той [вартаўнік] доўга круціў у руках пропуск. Асіпенка.

2. чым. Паварочваць з боку ў бок. Гэта думка можа з гадзіну свідравала краўцовы мазгі, ён выцягваў шыю, круціў галавой. Чорны. [Вераб’і] палахліва круцілі з боку ў бок сваімі дзюбамі. Лынькоў.

3. што. Звіваць, скручваць што‑н. Грыцко паспешліва круціў з лазы жгуты і перавязваў імі Святлане ногі вышэй калень, а Міхал стаяў, нахіліўшыся над Зінай. Кулакоўскі. Андрэй і Іван граблямі скручвалі радкі вылежалага лёну, рабілі з іх вялізныя пукі, а Алена круціла доўгія перавяслы і звязвала тыя пукі. Чарнышэвіч. // Скручваць з паперы (цыгарку, папяросу). Ганскі закінуў лейцы на ручку плуга і на хаду пачаў круціць цыгарку. Крапіва. Чарнавус цяжка апусціўся на лаўку, выняў з кішэні кніжачку тонкай паперы, фукнуў на яе і, адарваўшы лісток, пачаў круціць папяросу. Кулакоўскі. // Завіваць, перабіраючы пальцамі. Пад ялінай стаяў, Вус круціў у кручок Паляўнічы-фарсун, Лапатун і дзівак. Бядуля.

4. каго-што. Прыдаваць віхравы рух чаму‑н. Завіруха круціла пасмы снегу, хапалася закрыць сумную пустату халоднай беллю. Мележ. // без дап. Узнімаць снег, пыл і пад.; месці (пра завіруху і пад.). Круціла і замятала дарогу мяцеліца. Васілевіч. Завіруха круціць. Маразы Грукаюць, аж дуб стары гудзе. Бялевіч.

5. Разм. Ухіляцца ад прамога адказу; хітрыць, шальмаваць. — Нешта ты круціш, хаваешся ад нас. Кожны вечар у скверы тырчыш. Навуменка. // Спрытна выходзіць з якога‑н. становішча. — Круціць, нягоднік. Хоча вывернуцца. Новікаў. Гаспадар — кулак багаты, — Як заўсёды, стаў круціць, Толькі б меней заплаціць. А. Александровіч. // Жульнічаць. — А мы нічога, Мацвей Сцяпанавіч, мы толькі правучылі тут трохі аднаго, каб не круціў болей у картах. Лынькоў.

6. з кім. Разм. Быць у любоўных адносінах, сувязях з кім‑н. — Трымаешся за спадніцу Герасімовічышкі... Твая Варка даўно круціць з Данілам, а ты мне вочы колеш, — і Рыгорка ўедліва разрагатаўся. Дуброўскі.

7. каго. Разм. Караючы, цягаць за вушы, валасы. — Ты што ж гэта, злодзей ты, зневажаеш старэйшых? — ціха, з прыціскам і крыху нараспеў прыгаварвае Цімохаў бацька і круціць сына за вуха. Колас.

8. перан. Разм. Па-свойму распараджацца, камандаваць кім‑н. — Пэўна, заслужаны, калі так крута круціць. Быкаў.

9. што. Рабіць свердлам дзіркі ў чым‑н. Круціць дзіркі.

10. перан.; звычайна безас. Балюча пранізваць што‑н., прычыняць рэзкі боль. — Круціць усяго, ўзнімае з ложка, кідае ў бяздонне... Падварочвае пад грудзі. Хапаюць колькі, не дыхнуць. Пташнікаў.

•••

Круціць галаву каму — а) заблытваць, збіваць з толку. — Ой, сынок, не круці ты мне галаву. Васілевіч; б) прывабліваць, улюбляць у сябе. [Люба] завіхаецца ля кожнага хлопца. І не тое, што каб сур’ёзна, а так, абы галаву каму круціць. Лынькоў.

Круціць галаву над чым — старацца зразумець, вырашыць што‑н.

Круціць мазгамі (галавою) — тое, што і варушыць мазгамі (галавою) (гл. варушыць).

Круціць носам — адмаўляцца, упірацца, выказваць незадавальненне.

Круціць раман з кім — знаходзіцца ў любоўных адносінах; фліртаваць.

Круціць рукі каму — сілай загінаць рукі за спіну і звязваць іх.

Круціць хвастом — а) хітрыць, крывадушнічаць; б) легкадумна паводзіць сябе, гуляць з многімі (пра жанчыну).

Як ні круці — нягледзячы ні на што, у любым выпадку, пры любых абставінах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)