шах 1, ‑а, м.

Тытул манарха ў некаторых краінах Усходу. // Асоба, якая носіць гэты тытул. [Даніла Платонавіч:] — Прачытаў гэтыя вершы шах, уладар краіны, і паклікаў паэта. Шамякін.

[Перс. šāh — цар.]

шах 2, ‑а, м.

У шахматнай гульні — нападзенне якой‑н. фігуры або пешкі на караля праціўніка. — А мы, — сказаў Ігнат, — канём аб’явім шах. Корбан.

•••

Вечны шах — безупынныя нападзенні адной або некалькіх фігур на караля праціўніка, ад якіх кароль не можа пазбавіцца і вымушаны паўтараць адны і тыя ж хады.

[Перс. šāh — цар.]

шах 3, выкл.

1. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння шумных адрывістых гукаў. [Толік] перахапіў далонню палатно касы на сярэдзіне, каб лягчэй было падтачыць і — ужо глушэй азвалася рэха: Шах! Шах! Шах! Капыловіч. Чутно было, як правальваўся пад дзядзькавымі нагамі снег: шах! шах! шах! М. Стральцоў. — Шах-шах, шах-шах, — праходзілі.. [салдаты] роўнымі радамі. Арабей.

2. у знач. вык. Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. шахаць — шахнуць. На спіну ўпаў, гатовы к бою, І — шах арла ён [заяц] з усіх сіл! Колас. Глянуў скоса страшны шах — Галованька з плячэй — шах. Вітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скачо́к, ‑чка, м.

1. Хуткае перамяшчэнне цела адштурхоўваннем ад якога‑н. пункта апоры. Зрабіўшы з дзівоснай лёгкасцю некалькі скачкоў, уладар статка апынуўся каля маладога аленя. В. Вольскі. Пад акном мільганула шапка паліцыянта. Скачок цераз плот у густы вішняк, а ззаду крык: — Стой! Стой! С. Александровіч. // Такое перамяшчэнне як від спартыўнага практыкавання. Скачок у даўжыню. Скачок з парашутам. Апорныя скачкі. □ Толькі цяпер Баравік зірнуў на масток, што ўзвышаўся над зямлёй, як сапраўдны трамплін для лыжных скачкоў. Шыцік.

2. Рэзкае змяненне чаго‑н. без паступовага пераходу. Скачок тэмпературы. Скачкі ў настроі.

3. Хуткі пераход з аднаго якаснага стану ў другі. Наша Радзіма пад кіраўніцтвам партыі камуністаў за кароткі гістарычны тэрмін зрабіла гіганцкі скачок ад адсталасці да прагрэсу. «Звязда». Пры ўсёй паступовасці, пераход ад адной формы руху да другой заўсёды застаецца скачком, рашаючым паваротам. Энгельс.

4. Імклівае перамяшчэнне, пераход, што адбываецца ў адзін прыём, без перапынку. За апошнія суткі брыгада зрабіла скачок на поўдзень, і батальёну, у які ўваходзіў танк Раманенкі, была пастаўлена задача: да вечара вызваліць яго роднае сяло. Шамякін.

•••

Зацяжны скачок — скачок з парашутам, пры якім парашут доўга яе раскрываецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Карачу́н ’заўчасная смерць’ (Нас.), ’смерць, канец’ (Мал.), ’нешта пакрыўленае’ (Клім., Нар. лекс.), ’крывое і сукаватае дрэва’ (Нар. лекс.), ’нізкарослы чалавек’, «Сіціўрат, або Карачун, Зюзя — падземны цар, казачны бог марозаў, які нёс смерць» (Кіркор). Разнастайнасць семантыкі слоў, якія прыводзяцца, робіць рэканструкцыю першаснага значэння даволі цяжкай. Паралелі з іншых славянскіх моў амаль не дапамагаюць вырашыць гэту задачу: рус. карачун ’заўчасная смерць’, ’злы дух, чорт, дэман’, ’пост перад калядамі’, ’святочны абрад, каляды’, ’сонцаварот зімовы’ (іншыя значэнні яшчэ больш няпэўныя), славац. kračun ’каляды’, балг. крачун ’свята летняга і зімовага сонцавароту’. Уражвае тое, што слова зафіксавана амаль толькі ва ўсх.-слав. мовах, прычым украінскія паралелі ненадзейныя. Семантыка ўмоўнай рэканструкцыі korčunъ дэманструе тры тыпы значэнняў: ’зімовы сонцаварот’ (сюды таксама ’каляды’), ’летні сонцаварот’ (відаць, называўся krěsъ: серб.-харв. крѐсови ў тым значэнні) і міфалагічная істота — ’злы дух, падземны цар, уладар маразоў, смерць’. Лёгка заўважыць унутраную сувязь двух першых значэнняў, ’крывое сукаватае дрэва’ зафіксавана толькі ў беларускіх паралелях, якое, паводле нашых меркаванняў, адносіцца да іншай лексемы korkъ (гл. карачкі) (Казлова, Этимология, 1982). Што датычыць лексемы з міфалагічным значэннем, то мы не схільны яе ўзводзіць ні да korkъ ’нага’, ні да korčiti (гл. Трубачоў, Эт. сл., 11, 56–58). Рус. карачун ’дзіця, якое поўзае’ або балг. крачун ’вялікая нага’, з нашага пункту погляду, звязана з korkъ і korčiti, а не з карачун у міфалагічным значэнні. Арэал распаўсюджання для апошняга сведчыць хутчэй аб яго іншамоўным паходжанні. Прапанаваная нядаўна гіпотэза можа, як нам здаецца, праліць святло на паходжанне слова. Паводле гэтай гіпотэзы, балг. крачун і рум. craciun ’каляды, свята зімовага сонцавароту’ ўзыходзяць да алб. kërcun ’пень, цурбан’, што тлумачыцца рытуальным спальваннем пня падчас зімовага сонцавароту (Чабэй, Studime filologjike, 1964, 1, 61; Дзясніцкая, Слав. языкозн., 1978, 169). Рум. crǎciun, укр. крачун, славац. kračun у рамках карпацкай міграцыі з поўдня, аб чым сведчыць геаграфія распаўсюджання слова і фанетыка ўкр. паралелі. Пад гэтым адносна познім працэсам праглядваюцца старажытныя моўныя сувязі бел.-рус. лексемы ў міфалагічным значэнні. Гэтыя сувязі мелі месца да метатэзы плаўных і іх можна кваліфікаваць толькі ў плане ўсходнебалканскай міграцыі славян (VI ст. н. э.). Для больш старажытнага перыяду застаецца магчымасць (улічваючы албанскую лексіку) палеабалканскага паходжання славянскіх слоў у палескім арэале. Параўн. яшчэ Дзясніцкая, там жа, 168–170.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)