подверга́ться возвр., страд. падвяргацца; однако лучше переводить (и чаще так и переводится) сочетаниями вспомогательного глаг. подвергать и возвратными формами этих соответствий (см. подверга́ть), а также оборотами с другими глаг., в частности, в знач. попадать в какое-л. состояние, положение, становиться предметом какого-л. действия; трапля́ць, папада́ць (у што); падпада́ць (пад што); зазнава́ць (што); зве́дваць (што); перано́сіць (што), цярпе́ць (што, ад чаго); адчува́ць (што);

подверга́ться кри́тике падвярга́цца кры́тыцы (крытыкава́цца);

подверга́ться нападе́нию падвярга́цца напа́ду;

подверга́ться побо́ям быць пабі́тым;

го́род три́жды подверга́лся бомбардиро́вке го́рад тро́йчы быў бамбардзірава́ны (бамбардзірава́ўся);

подверга́ться наказа́нию быць кара́ным, кара́цца;

подверга́ться обсужде́нию абмярко́ўвацца, быць на абмеркава́нні;

подверга́ться обстре́лу абстрэ́львацца, быць пад абстрэ́лам;

подверга́ться опа́сности трапля́ць у небяспе́ку;

подверга́ться влия́нию падпада́ць пад уплы́ў;

больны́е подверга́ются опера́ции хво́рым ро́біцца апера́цыя;

подверга́ться экза́мену экзаменава́цца;

подверга́ться взыска́нию падпада́ць пад спагна́нне, не́сці спагна́нне;

подверга́ться де́йствию луче́й падпада́ць пад дзе́янне прамянёў (праме́няў), адчува́ць на сабе́ дзе́янне прамянёў (праме́няў);

подверга́ться гне́ву падпада́ць пад гнеў, зазнава́ць (зве́дваць, перано́сіць, цярпе́ць) гнеў;

э́та страна́ ча́сто подверга́ется наводне́ниям у гэ́тай краі́не ча́ста быва́юць паво́дкі;

он подверга́ется насме́шкам з яго́ смяю́цца, яго́ бяру́ць на смех;

подверга́ться измене́ниям змяня́цца, быць зме́нным;

подверга́ться сомне́нию бра́цца пад сумне́нне;

подверга́ться штра́фу штрафава́цца;

подверга́ться пы́тке катава́цца;

подверга́ться ри́ску рызыкава́ць.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Лу́чыць ’трапіць, пацэліць’ (ТСБМ, Шат.; КЭС, лаг.; Сл. ПЗБ), ’трапіцца, надарыцца’ (дзярж., Нар. сл.), ’натрапіць, сустрэць’ (ТС; КЭС, лаг.). Укр. лу́чити ’цэліць, прыцэльвацца’, рус. дан., сіб. лучи́ть ’здарацца, дапускаць’, лука́ть ’кідаць што-небудзь’, ’кідаць каменне з прашчы’, уладз., сарат.трапляць у цэль’; у выразе: коли бог лучит ’як бог дасць’, ст.-рус. лучити ’дасягаць чаго-небудзь’, ’знаходзіць, сустракаць’, ’даць’; лучитися ’здарацца, адбывацца’, ’прыйсціся’, ст.-польск. łuczyć ’лучыць’, н.-луж. (nad)łucyś se ’здарацца’, чэш. lučiti ’кінуць’, славац. lúčiť ’тс’; славен. lučíti ’кідаць у цэль’, серб.-харв. lúčiti ’знаходзіць, атрымліваць; сустракаць што-небудзь’, макед. лучи ’кідае’, балг. луча ’намерваюся, цэлю, дапускаю, трапляю ў цэль’, ст.-слав. лоучити ’здарацца’. Прасл. lučiti ’цэліць, кідаць у цэль, трапіць’ > ’дасягаць, атрымліваць, сустракаць’ (Слаўскі, 5, 283–285). Да і.-е. *leuk‑ ’глядзець’ (як і *leuk‑ ’свяціць, блішчэць’). І.‑е. адпаведнікі: літ. láukti, lū́čioti ’чакаць’, suláukti ’дачакацца, атрымаць’, ст.-прус. laukīt ’шукаць’, лат. lũkât ’глядзець, спрабаваць’, nùolũkât ’азірацца, назіраць’, nùo‑lũks ’цэль’, ст.-інд. lókate ’назірае’, lokáyati ’бачыць, аглядае’, lōcanam ’вока’, кімр. go‑lwg ’твар’, llygad ’вока’ (< *lukato‑), ст.-грэч. λεύσσω ’бачу, прымячаю’. Асноўнае значэнне і.-е. *leuk‑ было ’глядзець’, якое ў славян змянілася ў ’глядзець вакол сябе’ > ’знаходзіць, дасягаць’, у балтаў — ’глядзець вакол сябе’ > ’чакаць’, ’шукаць’ (Скок, 2, 324–325; Фасмер, 2, 538; Бязлай, 2, 155; БЕР, 3, 529–530; Шустар-Шэўц, 11, 784).

Лучы́ць1 ’яднаць, злучаць’ (ТСБМ), лу́чыць ’сябраваць’ (смарг., Сцяшк. Сл.), лучы́цца ’злучацца, далучацца, прыставаць да кампаніі’ (ТСБМ; КЭС, лаг.), ’сватацца’ (віл., Сл. ПЗБ). Укр. лу́чи́ти, лучи́тися ’тс’, ст.-рус. лучиты ’аддзяляць, расшчапляць’, лучитися ’аддзяляцца; уцякаць, аддаляцца’; польск. łączyć ’злучаць, яднаць, кантактаваць’, ’злучацца ў пары’, каш. ląčëc ’тс’, ’сутыкацца’, łǫčënë ’заручыны’, з XV ст. з’яўляецца значэнне ’аддзяляць, раздзяляць’, сілез. ’развівацца, заставацца’; н.-луж. łucyś ’з’яднаць, звязваць’, łycyś se ’здарацца’, чэш. loučiti ’дзяліць, разлучаць’, loučiti se ’пакідаць’, славац. lúčiť ’аддзяляць’; славен. lǫčiti (se) ’тс’, ’адрознівацца’, ’раздвойвацца (аб дарозе)’, серб.-харв. лу́чити се ’аддзяляць, адлучаць (цяля)’, ’зганяць у адно месца, напр., свіней’; макед. лачам ’аддзяляю’, ’адлучаю дзіцё ад грудзей’, ’аддзяляць ад асадку’, балг. лъча́ ’тс’, лъча се ’аддзяляцца, быць збоку, пазбягаць людзей’, ст.-слав. лѫчити ’аддзяляць, раз’ядноўваць’. Прасл. lǫčiti ’гнуць, згінаць’ — гэта значэнне часткова захавалася ў чэш. lúčiti se ’згінацца, хіліцца’, славен. lǫ́čiti ’гнуцца’, а пасля ў слав. гаворках адбылося развіццё значэння ў двух процілеглых кірунках: ’аддзяляць, раздзяляць’ ⟷ ’злучаць’ (Слаўскі, 5, 77–79). Уплывалі на гэта і прэфіксы дзеяслова. З’яўляецца першасным ітэратывам да прасл. lękti ’гнуць, выгінаць, скрыўляць’. Адпавядаюць лексеме лучыць літ. lankýti ’наведваць’, ’згінаць, схіляць’, lánkioti ’абыходзіць’, lankúoti ’гнуць, рабіць гнуткім’, лат. lùocît ’нахіляць, накіроўваць’ (Фасмер, 2, 537–538; Шустар-Шэўц, 11, 784; БЕР, 3, 565–566 з л-рай).

Лучы́ць2 ’калоць рыбу ноччу васцямі пры святле пучка лучыны’ (полац., З нар. сл.). Да луч3 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гавары́ць, ‑вару, ‑ворыш, ‑ворыць; незак.

1. Валодаць вуснай мовай. Дзіця пачало гаварыць рана. // Вымаўляць, выгаворваць гукі мовы, словы, фразы. Манера гаварыць. Гаварыць з акцэнтам. □ Нешта сціскала глотку і не давала гаварыць. Шамякін. // Валодаць якой‑н. мовай. Гаварыць па-руску. Гаварыць па-нямецку.

2. што і без дап. Выражаць вусна якія‑н. думкі, паведамляць факты і інш. Гаварыць праўду. Гаварыць прамову. □ Ад усяго сэрца і душы гавару табе шчырае слова, вялікі мой, гераічны і слаўны беларускі народзе. Купала. Гаворыць Сцёпка і на Алёнку не глядзіць, каб па вачах яго не пазнала, што ён трохі туману напускае. Колас. // Раіць, загадваць, навучаць. Вучылася Наташа ўвесь час выдатна і выконвала ўсё, што гаварылі настаўнікі. Шамякін. — Не хадзі, табе гавару, не хадзі... — шаптала .. [Вера] сухімі бяскроўнымі вуснамі. Лынькоў. // Расказваць, паведамляць пісьмова або ў друку (пра аўтара, гісторыю, летапісца і інш.). З. Бядуля сваім творам гаварыў чытачу, што трэба ўмець пад прыемнай знешняй маскай пазнаваць драпежны твар ворага. Кудраўцаў. // Паведамляць, перадаваць якую‑н. думку сваім зместам (пра кнігі, дакументы, надпісы і пад.). Абвестка на сцяне дома гаварыла, пра што будзе сход. Чорны. // перан. Выражаць сабой, паказваць на якія‑н. думкі, пачуцці. Калі каханне — гавораць вочы Тугой і шчасцем выразней слоў. Чарнушэвіч. Апошнім чытаў вершы сціплы на выгляд хлопец па прозвішчу Заранік. Прозвішча нічога не гаварыла слухачам. Хадкевіч. // Падказваць, прадказваць (пра адчуванні і пад.). А мыслі і сэрца гавораць — Не вер яму [ваяку-прыблудзе], рыжаму, не! Колас.

3. Весці гутарку, размаўляць з кім‑н. — Вы мне, таварыш Кавалькевіч, толькі прыемнасць зробіце, калі са мною пра гаспадарку гаварыць будзеце. Бядуля. Да світання Мы з табою Гаварылі, Сэрца сэрцу Назаўсёды Падарылі... Дзеружынскі. // Абгаворваць каго‑, што‑н., абмяркоўваць што‑н. [Жлукта:] Таварышы, я зусім не хачу, каб пра мяне гаварылі, што я блатмайстар які-небудзь. Крапіва. // неазначальна-асабовы (у 3 ас. мн.). Ходзяць чуткі, кажуць. Не воўк работа, як гавораць, І ў лес яна не пабяжыць. Колас.

4. Выражаць сабой што‑н., сведчыць аб чым‑н., паказваць на што‑н. Яны аж стракацелі ў вачах, гэтыя ўмоўныя значкі, якія гаварылі аб партызанскіх атрадах, вазах. Лынькоў.

5. перан. Праяўляцца ў чыіх‑н. паводзінах, учынках, словах і пад. Гэта не я гавару — гора маё гаворыць. З нар. [Наталля:] Я тут не вінавата. Гэта ваша маладосць гаворыць у вас. Крапіва.

•••

Гаварыць на карысць каго-чаго — служыць доказам, пацвярджэннем дадатных якасцей каго‑, чаго‑н.

Гаварыць на розных мовах — не разумець адзін аднаго.

Гаварыць у рукутрапляць у тон чыёй‑н. размове, падтрымліваць чыю‑н. думку, погляд.

Да трох не гавары каму — пра зласлівага строгага чалавека, які не церпіць пярэчанняў.

(Ды) што (і) гаварыць — доказаў не патрабуецца, і так зразумела.

Кроў гаворыць гл. кроў.

Што ні гавары — нягледзячы ні на што, у любым выпадку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хава́цца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Забірацца куды‑н. так, каб іншыя не бачылі, не маглі знайсці. У пушчах, у нетрах трушчобы, балот Хаваецца люд непакорны. Колас. [Дзямід:] — У гэтую пару аленя цяжка ўбачыць, хіба толькі выпадкова. Ён цяпер хаваецца. В. Вольскі. Танкі ўжо не хаваліся і не манеўравалі, яны секлі перад сабою агнём. Чорны. // Прыкрывацца чым‑н. зверху. Міколка хаваўся пад коўдру.., паказваючы адтуль толькі кончык носа. Лынькоў. // Доўга не паказвацца, не трапляць на вочы каму‑н., пазбягаць непажаданых сустрэч. Дзяўчына ўсё яшчэ помсціла за тыя тайныя кароткія прыезды ці можа за тое, што.. [Антанюк] так доўга хаваўся ад яе. Шамякін. // перан. Ухіляцца ад чаго‑н., спасылаючыся на каго‑, што‑н. [Студэнт Рак] любіў хавацца за цытаты, якіх ведаў безліч. Дамашэвіч. // Разм. Унікаць чаго‑н., імкнуцца стаяць убаку ад чаго‑н. Хавацца ад даручэнняў. □ [Корань:] — Трэба, каб людзі сцераглі! Каб ахоўвалі, біліся за праўду, а не хаваліся за яе... Ваданосаў. // Шукаць укрыцця (ад дажджу, сонца і пад.). Хавацца ад дажджу. □ Сонца пачынае прыпякаць. Але хавацца ад яго куды-небудзь у цянёк не хочацца. Васілёнак. Хаваюцца ў гавань параходы, — Ад буры не чакай дабра. Корбан. // перан. Разм. Выдаваць сябе не за таго, кім ёсць на самай справе; маскіравацца. Даміра падазраваў, што за псеўданімам хаваецца Закружскі паштавік Дземідзенка. Асіпенка. [Кашын:] — Столькі год [начальнік слуцкай паліцыі] пад чужым прозвішчам хаваўся.. Адданым.. прыкідваўся і рацыяналізатарам быў, гад! Карпаў. // перан. Мецца ўнутры, выяўляцца праз душэўны стан чалавека. У глыбокіх шэрых вачах Пятра Аляксеевіча хавалася лагодная ўсмешка. П. Ткачоў. Максім быў маўклівы, і за маўклівасцю яго недзе глыбока ў душы хавалася чуласць. Брыль. Прыгожай.. [Анэту] назваць нельга было, але ў ёй хавалася нешта чыста жаночае, пакорлівае і прывабнае. Чарнышэвіч.

2. перан. Разм. Рабіць што‑н. скрытна, не выяўляць сваіх намераў, думак, пачуццяў. [Таня] недаверліва паківала галавой. — Навошта вы хаваецеся ад мяне, тата? Ці ж я не бачу? Я ўсё бачу. Шамякін. // Заставацца незаўважаным. У ... [Турсевіча] была тонкая назіральнасць, і ніводная рыска, тыповая драбніца не хавалася ад яго вока. Колас.

3. Знаходзіцца не ў полі зроку, ледзь прыкметна выступаць з-за засланяючых прадметаў. Нізкаваты, з зачыненымі аканіцамі, дом хаваўся ў глыбіні невялікага саду. Шыцік. Вялікае, ужо няцёплае сонца хавалася за недалёкім лесам. Карпаў. // Быць нябачным у чым‑н. (высокай расліннасці, глыбокай вадзе і пад.). Чухноўскі пачаў так дыміць люлькаю, што аж хаваўся ў дыме. Пестрак. // Заключацца ў чым‑н., не выяўляючыся знешне. Напісаць мастацкі твор... Як лёгка і проста вымаўляюцца гэтыя словы. А колькі працы, хваляванняў, радасці, пакут, расчараванняў хаваецца за імі! Шкраба. За скупым расказам Веры Вітушка хаваецца не адна смелая дыверсія на чыгунцы, не адзін жорсткі бой, не адна рызыкоўная аперацыя. Дзенісевіч.

4. Разм. Знаходзіцца, захоўвацца дзе‑н. У гэтай будыніне хаваліся галоўныя калгасныя прадукты: зерне, бульба і гародніна. Колас. Астап Канапелька.. зняў шапку, дзе заўсёды хавалася яго люлька і капшук з самасеем. Лынькоў. Абрусы, ручнікі, пасцілкі, квяцістыя андаракі, кофты, жакеты — усё хаваецца ў чорнай вялізнай скрыні. Асіпенка. // Быць прыгатаваным, зберагацца на пэўны выпадак. Для Івана ў хаце заўсёды хаваецца паўлітэрка. Навуменка.

•••

Хавацца адзін за аднаго — выяўляць нясмеласць, баяцца адказнасці.

Хавацца за чужую спіну — імкнуцца прыкрыцца чыім‑н. аўтарытэтам.

Хавацца ў кусты — ухіляцца ад адказнасці.

Хавацца ў цень — старацца перачакаць што‑н. непрыемнае ў зацішным месцы; ухіляцца ад чаго‑н., адседжвацца.

хава́цца 2, ‑аецца; незак.

Зал. да хаваць ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)