эпі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да эпасу (у 1, 2 знач.). Паэма «Янук Сяліба» [М. Танка] — эпічнае палатно, дзе праўдзіва паказваецца жыццё беларускай вёскі ў першыя гады Вялікай Айчыннай вайны. «Беларусь». // Які напісаны ў форме эпасу, з’яўляецца эпасам. Эпічная песня. Эпічны твор. □ Якуб Колас з’яўляецца паэтам шырокага літаратурнага дыяпазону, выдатным празаікам, творцам вялікіх эпічных паэм. «Полымя». Творы паэта [М. Танка].. узбагацілі ўсе яе [беларускай літаратуры] вельмі разнастайныя паэтычныя жанры, пачынаючы ад эпічнай сюжэтнай паэмы і канчаючы лірычнай мініяцюрай. Бугаёў. // Уласцівы эпасу. Эпічны стыль. □ Янка Купала змог жыва і адчувальна перадаць эпічную шырыню і глыбокую народнасць, фальклорную аснову «Слова аб палку Ігаравым». Палітыка. Любіў Максім Багдановіч народную песню за яе меладычнасць, эпічны размах і лірычную цеплыню. Майхровіч. // Поўны значнасці, гераізму, які можа быць адлюстраваны ў народным эпасе. Эпічны працоўны гераізм Аляксей Максімавіч Горкі раіў браць савецкім пісьменнікам у аснову сваёй творчасці. «Полымя».

2. Спакойны, не ўсхваляваны; без эмоцый. — Чаму не хочаш? — мяне здзіўляе ўжо не самы адказ, мяне здзіўляе эпічны Шуркаў тон. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́брацца, ‑беруся, ‑берашся, ‑берацца; зак.

1. Пераадольваючы або абмінаючы перашкоды, выйсці, выехаць, вылезці адкуль‑н.; прабіцца цераз што‑н. Выбрацца з натоўпу. Выбрацца з-пад абломкаў. □ Партызаны цяпер пачалі адыходзіць у лес. Там, не даходзячы да вёскі, можна было выбрацца балотнымі зараснікамі на ўзгоркаватае поле. Чорны. Аўтобус прапоўз міма [дамоў], выбраўся з загару машын, паімчаў хутчэй. Асіпенка.

2. перан. Разм. Выйсці з цяжкага становішча. Выбрацца з бяды. Выбрацца з даўгоў. □ [Мясцком].. дапамагаў сялянству выбрацца з векавечнай цемры, распачаць новае, прыгожае жыццё. Шынклер.

3. Выселіцца, пераехаць з дамашнім скарбам у другое памяшканне, месца; перабрацца. Выбрацца на другую кватэру. □ Хто-ніхто выбраўся па хутар і цяпер сяліба пуставала. Галавач. Жыхароў у мястэчку амаль не было, Яны выбраліся ў шалашы. Навуменка.

4. Падрыхтавацца да выезду, пераходу; сабрацца. Выбрацца ў далёкую дарогу. □ Пасля поўдня Уладзік з дзядзькам Антосем выбраліся ехаць у лес. Чорны.

5. Разм. Знайсці магчымасць, час пайсці, паехаць куды‑н. Выбрацца ў кіно. □ Куды, старая, выбралася з дому? Праведаць сына? Ці паклікаў зяць? Гілевіч.

•••

Выбрацца сухім з вады — тое, што і выйсці сухім з вады (гл. выйсці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мой, майго́, м.; мая́, маёй, ж.; маё, майго́, н.; мн. мае́, маі́х; займ. прыналежны да я.

1. Які мае адносіны да мяне, належыць мне. Мае гады. Мая хата. Мае кнігі. □ Мой час па-рознаму бяжыць: То з гулам, як вясновы гром, То ціхенька, нібы ручай. Лось. [Туляга:] Шчырую праўду кажу вам, паверце майму вопыту. Крапіва. Мой дом — амшалай пушчы сховы, Сяліба ясеняў, сасон. Купала. // Які ажыццяўляецца мною. [Булай:] — Браць ад абсталявання ўсё, што яно можа даць, і нават больш. Такі мой загад. Шыцік. // у знач. наз. маё, майго́. Тое, што з’яўляецца маёй уласнасцю, уласцівасцю, асаблівасцю. Маё — мне, а чужога не трэба. // Які мае адносіны да мяне як члена якога‑н. калектыву; які належыць мне разам з іншымі; які складаецца з каго‑н., уключаючы і мяне. Цвіце, каласіцца мой край, Ці сонейка захад, ці ўсход. Купала. [Враніслаў:] — Усе нашы людзі абвясцілі бязлітасную партызанскую вайну гітлераўцам... Твая дапамога патрэбна майму атраду. Якімовіч.

2. Які належыць мне па сваяцкіх, сяброўскіх і пад. адносінах. [Міхась:] — Мой бацька добры. Паглядзіш. Ён будзе табе рады. Якімовіч. На Дняпры, на правай кручы, Друг мой кіеўскі жыве. Бялевіч. — Гэта мой стары прыяцель, дзед Талаш, у яго я жыў на кватэры, — сказаў.. [камандзір] да вайскоўцаў. Колас. / Пры зваротках. [Скуратовіч:] — Бачыце рэчку? Яна шырэе нейк раптам. Яшчэ каля майго хутара — гэта толькі .. ручаіна. А тут, пане мой, бачыце, шырэй. Чорны. // у знач. наз. мой, майго́; мая́, маёй. Муж, гаспадар; жонка, гаспадыня. [Старая:] — А ты, родненькая, пабудзь трошкі ў нас. Зараз павінен мой вярнуцца, дык скажы, што мы з Волькаю ў Дымаўку пайшлі. Крапіва. // у знач. вык. Пра любімага чалавека, мужчыну, пра любімую жанчыну. — Я ўсё акуратна прыгатую, ты толькі звяжаш у клумак што патрэбнейшае, а там праз момант — і ты мая на векі вечныя. Купала.

3. Уласцівы мне; такі, як у мяне. Мой характар. У сына мая паходка.

4. Той, пра каго ідзе размова (з пункту погляду аўтара). Даніла, мілы мой Даніла! Ох, натварыў сабе ты бед! Колас.

•••

Божа мой; божухна мой! гл. бог.

Мой (твой, яго, яе і г. д.) верх гл. верх.

На маё (яго) выйшла гл. выйсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)