Мяце́ж ’стыхійнае, узброенае паўстанне’ (ТСБМ, Яруш., Сл. ПЗБ), ’разбой, сумятня, знішчэнне’, ’завея, мяцеліца’ (ТС), мяцежа́ ’паўстанне’ (валож., Сл. ПЗБ), мяцежыць ’трывожыць, прыводзіць у замяшанне’ (Нар. Гом.). Укр. меті́ж, ст.-чэш. mětež, славац. mätež ’сумятня’, славен. mȇtež ’бура, мяцеліца’, серб.-харв. ме́теж, макед. метеж, балг. мете́ж, ст.-слав. многомѧтеѫенъ, чэхаслав. мѧтежь ’мяцеж’. Прасл. mętezь: mętezь (Варбат, Слав. языкозн. VII Междунар. съезд, M., 1973, 95), утворанае ад męsti (рус. мясти́ ’прыводзіць у сумятню’, ст.-рус. мясти ’перамешваць’ (XII ст.), ’блытаць’, ’падбухторваць’, ’мітрэнжыць’, ’грэбаваць’, н.-луж. měsć, в.-луж. mjasć, чэш. másti, славац. miasť, славен. mę́sti ’тс’, серб.-харв. ме́сти ’збіваць масла’, ме́сти се ’блытацца, бударажыць’) (Бернекер, 2, 44; Фасмер, 3, 31 і 32; Скок, 2, 413; БЕР, 3, 767).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
вірлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Які віруе, бурліць. Вірлівы паток. □ След вірлівы вясла за кармою бяжыць. Зарыцкі. // Вірысты. Дняпро шырокі, вірлівы, увесь у поймах. Лупсякоў.
2. перан. Бурлівы; кіпучы. З вагона, калі пачалася сумятня пасажыраў, я выйшаў.. і апынуўся ў вірлівай людской гушчыні. Сабаленка. Вірлівая маладосць і чыстае сумленне не давалі.. [Ліпанавай] заседжвацца на адным месцы. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́ніка, ‑і, ДМ ‑ніцы, ж.
Непераадольны жах і разгубленасць, якія авалодалі чалавекам або мноствам людзей. Трапляліся асобныя людзі, якія страцілі ад страху ўсякі розум, якія кідаліся ў паніцы проста ў зубы ворагу. Лынькоў. // Перапалох, сумятня, выкліканыя гэтым жахам. У сяле трашчалі выстралы і матацыклы, мітусіліся, бегаючы ўзад і ўперад, салдаты і паліцаі.. Паніка ў варожым стане была ў поўным разгары. Якімовіч.
[Ад грэч. panikos — раптоўны, моцны — пра страх, да якога, паводле міфічных паданняў, даводзіў людзей бог Пан.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
завіру́ха, ‑і, ДМ ‑русе, ж.
1. Моцны вецер розных напрамкаў з сухім снегам; мяцеліца, завея. А завіруха гудзела, памятала гурбы, прыкрывала снегам чорныя галавешкі пажарышча. Лынькоў. Лютавала ранняя суровая зіма: трашчалі марозы, вылі снежныя завірухі. Шамякін.
2. перан. Разм. Неспакой, сумятня, бязладзіца. Ваенная завіруха падхапіла і Ганну, закінула яе ў далёкі ўральскі горад. Марціновіч. Звінелі кілішкі. Пры ўсёй гэтай завірусе пан Чарнецкі аднак не выпускаў з віду сваю дачку. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Сумато́ха ’забурэнне, непакой; мітусня, беганіна’ (Пятк. 2, Цых.), ’мітрэнга’ (талач., ЛА, 5); сюды ж сумато́хніцкі ’мітуслівы, хуткі’ (Сцяшк. Сл.). Запазычана, хутчэй за ўсё, з рус. сумато́ха ’тс’, параўн. сумятня, гл. Параўн., аднак, укр. дыял. сумату́ха ’задуменнасць, маркотлівасць’, польск. дыял. sumatocha‑swat ’на ўсходнеславянскіх землях: асоба, абавязаная весяліць маркотную маладую на вяселлі’, якія ўтвораны ад сум, сумота, гл. ЕСУМ, 5, 474. Польскае слова запазычана з беларускай ці ўкраінскай (Варш. слоўнік, 6, 511).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ту́мул ‘шум, вэрхал’ (мін., Цыхун, вусн. паведамл.), ст.-бел. тумультъ, тумултъ, тумолтъ, тулмутъ ‘гвалт, зборышча, сумятня’ (1595 г., ГСБМ, Карскі 1, 390). Запазычана са ст.-польск. tumult ‘тс’, ‘шум, гам, гоман, галас, неспакой’, якое з лац. tumultus ‘тс’, ‘бунт’ (Булыка, Лекс. запазыч., 41); мінская гарадская форма, відаць, праз ід. tuml ‘глум, галас, мітусня, вэрхал, гоман’, што да с.-в.-ням. tumel ‘шум, неспакой, зборышча’ (Астравух, Ідыш-бел. сл., 808).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Турбі́на ‘рухавік, які выкарыстоўвае рух вады, пары ці газу’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Вруб.), ‘вялікае кола ў вадзяным млыне’ (Скарбы₂). Праз рус. турби́на ці польск. turbina ‘вярчальны рухавік’ з франц. turbine ‘тс’ (Арол, 4, 118 — з ням. Turbine), якое штучна было ўтворана на аснове формы Р. скл. turbinis (SWO, 1980, 783; ЕСУМ, 5, 679) ад лац. turbō ‘вір, віхор, віхура, бура, вярчэнне’ ці turbineus ‘віхравы’, роднасных ст.-грэч. τύρβη ‘бязладдзе’, лац. turba ‘сумятня, натоўп’ (Чарных, 2, 272; Даза, 732).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
мітрэ́нга, ‑і, ДМ ‑рэнзе, ж.
Разм. Трывога, неспакой, сумятня, разлад. Там, на суседскім агародзе, перапалох, мітрэнга. — Анютка, галубка! Пакліч свайго Васіля, няхай бярэ пілу і сякеру і хутчэй бяжыць сюды!.. — на ўсю сядзібу лямантуе баба Алімпа. Васілевіч. [Грасыльда:] Заснуць я, сын, тады не магла. Такая мітрэнга ў вёсцы .. [Бацьку] у штаб да Міхала цягалі, на калені ставілі, аўтамат чорны да грудзей прыстаўлялі. Пташнікаў. Мітрэнга цэлая ўзнялася пасля слоў чарнявага.. Усе паўставалі, хто сядзеў. Ігнась паспрабаваў загаманіць, але яго не слухалі. Гаварылі ўсе. Мурашка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Мітрэ́нга, мітрэнг̌а, мітрэнка, в.-дзв. мітрэга ’трывога, хваляванне, непакой, сумятня, разлад, турбота, шум, перапалох, перашкода, прыгода’, бялын. ’вечарынка, бяседа’ (ТСБМ, Нас., Касп., Янк. 1, Бір. Дзярж., Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ; гродз., З нар. сл.; рагач., КЭС; бялын., Нар. сл.), стол. замытрэ́шка ’непакой’ (Вярэніч, вусн. паведамл.), мітрэнжыцца, мітрэнжыць, ваўк. мярэжыць, чэрв. мітрэжыцца, трак. мітранг̌аваць ’трывожыць, адчуваць непакой, недамаганне’, ’марудзіць’, мітрэнжанне ’сварка’, ’перашкода’ (Нас., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл., Нар. лекс.). З польск. mitręga ’перашкода’, ’цяганіна’ (Шатэрнік, 158; Пальцаў, Лекс. і грам., 38; Кюнэ, Poln., 77), якое ўтварылася пры дапамозе суф. ‑ęga ад mitr‑, роднаснага з mitwać ’блытаць’ mituś — гл. мі́тусь.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
тлум, ‑у, м.
Разм.
1. Адурэнне, замарачэнне. Нарэшце знік запал, знікла цікавасць, застаўся адзін балючы тлум у мазгах, быццам заліў нехта іх растопленым волавам. Зарэцкі.
2. Шум, гоман, сумятня. [Канстанцін Міхайлавіч:] — Але імяніннік мае права не з’явіцца. Дый .. [Фадзееў], мусіць, сумысля нідзе не паказваецца, не хоча віншавальнага тлуму. Лужанін. Аніс узняўся і, махаючы шапкай, каб суцішыць тлум, на ўвесь голас закрычаў: — Можна і раней, чым за сем год, гэтага дасягнуць. Дуброўскі. У .. пакойчыку пахла друкарскай фарбай, сюды даносіўся той шматгалосы тлум, якім кожны дзень жыла рэдакцыя. Навуменка.
3. Шумлівы натоўп людзей. З чамаданам у руках паціснуўся .. [Лабановіч] на станцыю ў густым патоку людскога тлуму. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)