шматпудо́вы, ‑ая, ‑ае.
Які важыць шмат пудоў; вельмі цяжкі. Далей пайшло крыху лепш — залівалі падмурак, цягалі шматпудовыя жалезныя стойкі і ўстанаўлівалі іх. Карпаў. Згодзен несці цяжар шматпудовы, Каб паверыла мне, што люблю. Чарнушэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жале́зны, -ая, -ае.
1. гл. жалеза.
2. Які змяшчае ў сабе многа жалеза.
Жалезная руда.
3. перан. Дужы, моцны.
Жалезныя мышцы.
Жалезнае здароўе.
4. перан. Цвёрды, неадступны, стойкі.
Жалезная воля.
Жалезная дысцыпліна.
○
Жалезны век — эпоха ў развіцці чалавецтва, калі чалавек пачаў выкарыстоўваць жалеза ў якасці асноўнага матэрыялу для вырабу прылад працы.
◊
Наесціся жалезнага бобу (разм.) — набрацца цярпення, праявіць упартасць.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
Ляжа́ткі ’планкі ў драбінах воза’ (шчуч., Сцяшк. Сл.; гродз., Сл. ПЗБ). Рус. смал. лежа́тка ’палеглае жыта’, калін. лежато́к ’ляжанка’, ст.-рус. лежатка ’бочка-ляжанка ў адрозненне ад стойкі і чана’. Да ляжа́ць (гл.). Аб суфіксе ‑атк‑а гл. Сцяцко (Афікс. наз., 31).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ла́га, ‑і, ДМ ‑лазе, ж.
1. Часовая падкладка, апора пад што‑н. у форме нятоўстага бервяна, жэрдкі. Перакочваць бярвенне па лагах.
2. Абл. Падваліна. — Нам трэба [лес] на стойкі, на ніжнія вянцы, на лагі, каб падлога не гніла, — пералічваў Сільчанка. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стаі́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да стаіцызму (у 1 знач.). Стаічная філасофія. Стаічная школа.
2. перан. Стойкі, мужны ў жыццёвых выпрабаваннях. Стаічнае рашэнне. // Уласцівы стойкаму чалавеку; мужны. Стаічная вытрымка [Караля] прымушала слухацца і ў той жа час пачынала раздражняць Валю. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Прыно́жак ’дэталь у калаўроце, на якую наступаюць нагой, каб прывесці ў рух кола’ (Скарбы), мн. л. прыно́жкі ’планкі, якія злучаюць ніжнія часткі ножак стала’ (паст., Сл. ПЗБ). Суфіксальная лексікалізацыя словазлучэння пры назе́; параўн. аналагічнае, але з іншай семантыкай рус. дыял. прино́жка ’перакладзіна, якая змацоўвае стойкі ткацкага станка’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
зуба́сты, ‑ая, ‑ае.
1. З вялікімі, вострымі зубамі; з вялікай колькасцю зубоў. Вялікі зубасты шчупак стаяў у вадзе нерухома, як затопленае палена, падпільноўваючы на мелкім месцы верхаводак і сяляў. В. Вольскі.
2. перан. Дзёрзкі, востры на язык. — Славік у мяне зубасты хлапчук, стойкі ў сваіх намерах. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
руб, ‑а, м.
Вузкі край або вузкі бок якога‑н. прадмета. Надарваны голас адбіваўся болем у .. [Лібіным] горле, дранцвелі ногі ад доўгае стойкі, прыціснутай да вострага руба грузавіковай сценкі. Гартны. — Вы-ка-най-це, кажу, гэтыя планы, — дробненька стукаў Гаруноў рубам далоні па трыбуне, — .. хопіць дзяржаве і на працадзень. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Трва́лы ‘моцны, які можа вытрымаць’, трваць ‘працягвацца, існаваць (пра звычай)’, ‘быць ва ўжытку, доўга служыць (пра хамут і інш.)’ (Нас.), трва́ла пагода ‘добрае надвор’е’ (свісл., ЛА, 5), ст.-бел. трвалый ‘моцны, надзейны, стойкі’, трвати ‘трываць’ (1507 г., ГСБМ). Са ст.-польск. trwały ‘моцны, устойлівы, сталы’, ад trwać ‘трываць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 197). Параўн. таксама трыва́лы (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
абвя́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.
1. Тое, чым абвязана што‑н.; павязка. [Дзямід Сыч:] — За малочнай фермай вецер ужо сарваў абвязку з чатырох шафранаў. Паслядовіч.
2. Спец. Прыстасаванне для змацавання частак якіх‑н. канструкцыі, пабудоў і пад. Я падыходзіў да стойкі на пліце, мацаю леваю рукою абвязку, ці добра пагаблявана. Мыслівец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)