ле́зці, ле́зу, ле́зеш, ле́зе; лезь; незак.

1. Хапаючыся рукамі і чапляючыся нагамі ўзбірацца, падымацца куды-н. або спускацца ўніз.

Л. на гару.

Л. на дрэва.

2. Пранікаць, уваходзіць куды-н. крадучыся.

Л. ў чужы сад.

3. Пранікаць, забірацца куды-н., унутр чаго-н., а таксама выбірацца адтуль.

Л. ў кішэню.

Л. ў акно.

Л. ў ваду.

4. Настойліва ўмешвацца ў чужыя справы, жыццё і пад., дакучаць (разм.).

Л. не ў сваю справу.

5. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.; звычайна з адмоўем). Змяшчацца, быць у самы раз (пра абутак, адзенне).

Чаравік не лезе на нагу.

6. Насоўвацца, налазіць, спаўзаць.

Шапка лезе на вочы.

7. Надаедліва прыставаць, звяртацца з чым-н. да каго-н. (разм.).

Не лезь ты з такім глупствам.

8. Увязвацца ў што-н. непрыемнае.

Л. ў бойку.

9. Настойліва ісці, праходзіць, рабіць што-н., нягледзячы на забарону, перашкоды, цяжкасці.

10. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выпадаць (пра валасы, поўсць).

11. Імкнуцца стаць кім-н., заняць больш высокую пасаду (разм.).

Л. ў начальнікі.

12. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Распаўзацца, ірвацца.

Сукенка лезе па швах.

Лезці (перціся) на ражон (разм.) — рабіць што-н. рызыкоўнае, загадзя асуджанае на няўдачу.

Лезці ў душу — умешвацца ў чые-н. асабістыя справы, пачуцці, перажыванні.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

незнаёмы, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якога не ведаюць, з якім не сустракаліся раней; невядомы. Дзед Талаш і Мартын маўчаць, не спускаюць з вока незнаёмага чалавека. Колас. Спускацца паблізу на парашуце таксама нельга было.. Давялося выскачыць далекавата ад пляцоўкі над незнаёмымі зараснікамі. Кулакоўскі.

2. Неўласцівы для каго‑н.; чужы. — Калі ты завяла .. [жонку ў бальніцу]? Раніцою ж нічога не было, — сказаў ён незнаёмым самому сабе голасам. Арабей. І вуліца, і людзі, і сонца здаваліся [цётцы Эміліі] новымі, незнаёмымі. Маўр.

3. Які не зведаў, не зазнаў чаго‑н. Светлыя хмаркі — дзеткі прастору — Ціха па небе плывуць, Ім незнаёмы слёзы і гора, Смутак і жаль іх не рвуць. Колас.

4. Які не належыць да ліку знаёмых каго‑н. [Памешчык:] — Ты хто, нешта цябе я не памятаю? — Я таксама з табой незнаёмы... не даводзілася сустракацца... — працадзіў дзед скрозь зубы. Лынькоў.

5. у знач. наз. незнаёмы, ‑ага, м.; незнаёмая, ‑ай, ж. Той (тая), каго не ведаюць, хто не належыць да ліку знаёмых; чужы чалавек. Дзед Аляксей, запытаўшыся «хто там», прапусціў незнаёмага ў кухню. Паслядовіч. — Незнаёмых, сынок, начаваць не пускай. — А як раптам хто свой? — Свой? А ты адгадай, Свой, ці не? Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звіса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Учапіўшыся за што‑н. рукамі, нагамі і пад., вісець у паветры (пра чалавека, жывёл, насякомых). Звісаць з турніка на выцягнутых руках. □ Намалёваны [малпы] так, быццам яны звісаюць, пачапіўшыся хвастом за галінку дрэва. Грамовіч. Звісаюць пад кожнаю кветкай На лапках касматых чмялі. Калачынскі. // Спускацца ўніз, вісець, трымаючыся на чым‑н. адным канцом або канцамі (аб прадметах). Лямпа нізка звісала на дроце — старая, закураная гаспабарова лямпа, да таго яшчэ спавітая тытунёвым дымам. Пестрак. З плота па тоўстых, як канат, сцёблах звісалі жоўтыя гарбузы. Аляхновіч. // Быць апушчаныя ўніз (пра канечнасці, галаву і пад.). Маленькая загарэлая рука Андрэйкі амаль да локця звісае з ложка. Кавалёў. Шчаня нічым не нагадвала аўчарку: ні вушамі, што звісалі ўніз, ні танюсенькім хвосцікам. Шыловіч. // Абвісаць, не аблягаючы плячэй, стану (пра вельмі шырокую вопратку). Адзенне звісала з.. [Чыжыка], відаць былі голыя рубцаватыя лапаткі. Лупсякоў. // Спадаць уніз пасмамі, косамі і пад. (пра доўгую поўсць, валасы). І мядзведзі цяпер выглядалі неяк сіратліва. Поўсць на іх звісала бруднымі касмылямі, бакі пазападалі. Даніленка. На Максімаў лоб звісалі пасмачкі белых кучаравых валасоў. Асіпенка.

2. Нахіляцца, перагінаючыся цераз што‑н. (пра людзей). Маці звісае над калыскай. Дзеці звісаюць з поручняў галовамі ўніз. □ [Крамарэвіч] ціха гаварыў з Колем, які трымаўся за яго шыю і звісаў тварам з пляча. Чорны. // Згінаючыся, нахіляцца ўніз; павісаць (пра вецце, галіны і пад.). Гнуткія галіны, што звісалі ледзь не да самай зямлі, пры лёгкім ветрыку ціха шумелі. Даніленка. Саломку выгнуўшы дугою, Звісае колас над зямлёю. Колас.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Быць размешчаным, навісаць над кім‑, чым‑н. Пасівелыя яліны, гнілое карэнне ды вялізныя камяні звісалі над чорным бяздоннем. Шашкоў. Нізка звісала свінцовае неба. Ракітны.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Трымацца ў паветры нерухліва або расплываючыся, ахінаючы што‑н. Над возерам слаўся туман. Доўгія пасмы яго кудзеляй звісалі над вадой. Сіняўскі.

5. перан. Узнікаць, пагражаючы каму‑н. (пра небяспеку, бяду і пад.). Чуе Цімох — і над ім Звісае няўхільная кара. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ле́зці, лезу, лезеш, лезе; пр. лез, ‑ла; заг. лезь; незак.

1. Хапаючыся рукамі і чапляючыся нагамі, карабкацца, узбірацца, падымацца ўверх або спускацца ўніз. Лезці на дрэва. □ Немцы лезлі ўгару па ўсходах. Чорны. [Яначка] ідзе ў хату, лезе на печ і лажыцца плячыма на чарэнь. Крапіва.

2. Забірацца куды‑н., у што‑н., пранікаць унутр чаго‑н. Андрэй хапае каласнік і зноў лезе ў паравозную кабіну. Васілёнак. Уся белая, лезла ў акно чаромха. Васілевіч. // Паўзком, сагнуўшыся, пранікаць куды‑н., а таксама выбірацца адтуль. Лезці пад стол. Лезці з пограба. □ Адзін за адным [рабочыя] з вялікімі перасцярогамі лезлі пад падлогу. Лынькоў. // Уступаць, улазіць у што‑н.; забірацца. [Мірон:] — Эх, не хочацца зноў лезці ў сцюдзёную ваду! Маўр. [Тата] збірае грыбы і ўсё лезе туды, дзе густа стаяць калючыя ёлачкі. Брыль. // Глыбока апускацца, ўлазіць у што‑н. мяккае; грузнуць. Ногі [быкоў] у зямлю лезуць. Колас. Мох прарваўшы, коні капытамі Лезлі ўсё глыбей у глей густы. Бялевіч. // Пранікаць куды‑н. Дым з камінка лезе ў вочы. Колас. З балот хмарамі плылі камары і надакучліва лезлі ў вочы, вушы, упіваліся ў лоб, абсядалі рукі. Новікаў. // перан. Пранікаючы, назойліва дакучаць (пра гук, пах і пад.). Акрамя шуму ветру, больш нічога не лезла ў вушы. Дамашэвіч.

3. Пранікаць, уваходзіць куды‑н. тайком, крадучыся (з мэтай грабяжу, забойства). Усю ноч [Койферу] трызнілася, што хтосьці паўзе да дома, рэжа вартавых і лезе праз акно да яго. Шамякін.

4. Забірацца рукой унутр чаго‑н. Лезці за пазуху. Лезці ў кішэню.

5. (звычайна з адмоўем). Уваходзіць, змяшчацца. Грэбень не лезе ў валасы. Шафа не лезе ў дзверы. Кнігі не лезуць у партфель. // Надзявацца, быць якраз (пра абутак, адзенне). Чаравік не лезе на нагу. □ Рука гарэла, як у агні, набухала, не лезла ў рукаў сарочкі. Лынькоў. Абяцаная шапка на вушы не лезе. Прыказка.

6. Прабівацца, выбівацца наверх. Глядзелі мы, як з моху лезе За грыбам грыб у летні час. Бялевіч. У гародчыку пад акном лезуць з-пад прызбы зялёныя парастачкі дзікай вяргіні. Пташнікаў. // перан. Настойліва ўзнікаць, з’яўляцца (пра думкі, пачуцці і пад.). Лезла ў грудзі крыўда, Матчын стогн і крык. Бядуля. Баязліваму страх у вочы лезе. Прымаўка.

7. Насоўвацца, налазіць. З грукатам і звонам адна на адну лезлі цыстэрны. Федасеенка. [Вецер] сагнаў хмары ў адно месца, і яны лезлі адна на адну, ачышчаючы неба. Чорны. // Спускацца, спаўзаць, дрэнна трымацца. [Хлапчук] вёў за сабой старога, выглядаючы дарогу з-пад шапкі-кучомкі, што лезла на вочы. Ракітны. / Пра валасы, кудзеркі. Чорныя кольцы валасоў растрапаліся, прыліпалі да лба, лезлі ў вочы. Васілевіч.

8. перан. Разм. Настойліва ісці, праходзіць, пранікаць куды‑н., нягледзячы на забарону, перашкоды, цяжкасці. Дзянікінцы лезлі назойліва, лезлі ўпарта, як раненыя драпежныя звяры, і нічога не магло іх стрымаць, бо тая пазіцыя, якую займалі чырвоныя, была незвычайна важная. Колас. // Імкнуцца прыняць удзел, умяшацца (у бой, бойку, сварку і пад.). Лезці ў спрэчку. □ Меў .. [Кулага] гонар ці быў такі сарамлівы, але ў гутарку ніколі не лез, а ўсё толькі слухаў. Шахавец. // Неадабр. Умешвацца (у чыё‑н. жыццё, чужыя справы і пад.). [Шмульке:] — Ты слесар, Бруно, там твая і работа. У другое не ўмешвайся, не лезь, не заўважай. Лынькоў. — Не лезь не ў свой клопат, — скрывіўся Сева і .. сціснуў кулакі. Карпаў. // Настойліва, назойліва звяртацца з чым‑н. да каго‑н., прыставаць, дакучаць. [Саламон:] — Перастань! Не лезь з глупствам! Бядуля.

9. Разм. Імкнуцца стаць, зрабіцца кім‑н., заняць больш высокае становішча, пасаду. Лезці ў начальнікі. □ Я — салдат, радавы і ў страі і ў паэзіі. Да высокіх пасад не імкнуся, не лезу я. А. Вольскі.

10. Выпадаць (пра валасы, поўсць). Валасы лезуць.

11. Разм. Распаўзацца, рвацца (пра тканіну, скуру і пад.). Сукенка лезла па швах.

•••

Аж вочы на лоб лезуць гл. вока.

З горла лезе (валіцца, прэ) — мець вельмі многа чаго‑н. Пільнуй панскае дабро, а ў князя Радзівіла яно і так з горла лезла, не вартуючы. Лужанін.

Кусок (кавалак) у горла не лезе гл. кусок.

Лезці к чорту ў зубы — рашацца на што‑н. небяспечнае для жыцця.

Лезці (перціся) на ражон — рабіць што‑н. рызыкоўнае, загадзя асуджанае на няўдачу.

Лезці на сцяну — моцна раздражняцца, злавацца.

Лезці не ў сваё карыта — умешвацца не ў свае справы.

Лезці пад рукі каму — перашкаджаць каму‑н. працаваць, займацца чым‑н.

Лезці (вылузвацца) са скуры — старацца з усіх сіл.

Лезці сляпіцаю (асою) у вочы — назойліва прыставаць; дакучаць. Была, толькі адна бяда — машкара. І ўдзень і ўночы стаяла яна над галавою, лезла сляпіцай у вочы... Капыловіч.

Лезці ў бутэльку — раздражняцца, злавацца на каго‑н. (часта беспадстаўна).

Лезці ў бяду — апынацца ў цяжкім, крытычным становішчы.

Лезці ў вочы — а) старацца быць увесь час на віду, назойліва тырчаць перад вачыма; б) быць асабліва прыкметным, кідацца ў вочы. У .. [Мікуця] усё замітусілася ў ваччу, і ён толькі ўвесь час, пакуль хадзілі па ўсіх прамысловых, індустрыяльных і тэхнічных павільёнах выстаўкі, без плана і сістэмы азіраўся на ўсё адразу, што лезла ў вочы навокал яго. Чорны; в) назаляць чым‑н. [Сухалета:] — Што ты мне з гэтым мяшком у вочы лезеш? Вітка.

Лезці ў галаву — неадчэпна з’яўляцца ў памяці.

Лезці ў душу чыю — умешвацца ў чые‑н. асабістыя справы, пачуцці, перажыванні.

Лезці ў пятлю (вяроўку) — рызыкаваць жыццём; шукаць на сябе згубы.

На вочы лезці — імкнуцца быць заўсёды на віду.

Не лезе ў галаву — тое, што і не ідзе ў галаву (гл. ісці).

Не лезці ні ў якія вароты — быць ні на што не падобным.

Пішчом лезці — намагацца з усяе сілы, магчымасці.

У горла (у рот) не лезе што — няма ніякага жадання з’есці што‑н.

Хоць у пятлю лезь — аб пачуцці адчаю, бяссілля ад немагчымасці што‑н. зрабіць, каб выйсці з цяжкага становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)