карабе́ль, ‑бля, м.

Вялікае марское судна. Ваенны карабель. Акіянскі карабель. Служыць на караблі матросам. □ Па разгойдан[ым] бурлів[ым] моры ішоў горды ў смелым поступе сваім карабель, трымаючы курс на далёкае яснае сонца. Зарэцкі.

•••

Карабель-спадарожнік — касмічны карабель, выведзены на арбіту спадарожніка Зямлі.

Касмічны карабель — лятальны апарат, прызначаны для палёту чалавека ў космас.

Лінейны карабель — вялікі, добра ўзброены ваенны карабель, прызначаны для правядзення буйных аперацый; лінкор.

Паветраны карабель — дырыжабль або цяжкі самалёт.

Спаліць свае караблі гл. спаліць.

[Ад грэч. kárabos.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

выпадко́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’явіўся, узнік выпадкова, нечакана; непрадугледжаны. Выпадковы спадарожнік. Выпадковы госць.

2. Які адбываецца ад выпадку да выпадку, не заўсёды. Выпадковыя наведванні. Выпадковыя заработкі.

3. Не агавораны пэўнымі правіламі, патрабаваннямі. Выпадковы рэпертуар. Выпадковыя назіранні. // Пра чалавека, які займае якое‑н. месца беспадстаўна.

4. Не абумоўлены непасрэднай прычынай. Выпадковы поспех.

5. Учынены без намеру. [Ягупла].. сказаў у прысутнасці прафесара лішняе і хацеў цяпер, каб словы ягоныя прафесар прыняў як выпадковыя. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адле́гласць, ‑і, ж.

1. Прамежак паміж двума прадметамі. За дзедам на некаторай адлегласці пайшлі і яго сыны. Колас. // Адрэзак шляху пэўнай велічыні, працягласці. За мінуту штучны спадарожнік праходзіць велізарную адлегласць. □ Дзімін, відаць, хваляваўся, бо рукі ў яго былі закладзены за спіну і мераў ён адлегласць — крокаў дзесяць туды, крокаў дзесяць назад — таропка, нецярпліва. Карпаў. // Прамежак у часе. Адлегласць доўгую да перамогі Гадамі давялося вымяраць. Аўрамчык.

2. Больш-менш аддаленае месца; далечыня. Перадача электрычнай энергіі на далёкія адлегласці.

•••

Трымаць на адлегласці гл. трымаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нацэ́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.

1. Навесці зброю на цэль; прыцэліцца. Я аблакаціўся на камень, каб быў упор, спакойна нацэліўся і стрэліў. Шамякін. // Накіраваць што‑н. на каго‑, што‑н. Стары.. падняў галаву, нацэліўся позіркам на мае рукі. Ракітны. Дастаў мой спадарожнік фотаапарат з чамаданчыка, нацэліўся на.. домікі, а пасля ўздыхнуў, безнадзейна махнуўшы рукою. Бялевіч.

2. перан. Падрыхтавацца, сабрацца што‑н. зрабіць. Запрыкмеціўшы, што я ўпотай пачаў збіраць свае рэчы, дзядзька Харытон паклікаў мяне ў канюшню, пасадзіў на парозе, памаўчаў і запытаўся: — У дарогу, значыцца, нацэліўся? Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́дбліск, ‑у, м.

1. Адбітае святло; бляск. Водбліск сонца. □ Вячэрняя зара дагарала на захадзе, і водбліскі яе адлюстроўваліся на воднай роўнядзі далёкіх сажалак. Чарнышэвіч. Дзесьці злева гарэла вёска, і на вершалінах дрэў мігцелі водбліскі пажару. Хомчанка. // Адценне колеру, адліў. Паласа вады з цьмяным металёвым водбліскам ляжала перад.. [Шаманскім], як нейкая лінія, як нейкі рубеж. Дуброўскі.

2. перан. Адлюстраванне, след чаго‑н. Пасля грамадзянскай вайны на ўсім яшчэ ляжаў водбліск вялікіх рэвалюцыйных бітваў, яшчэ палаў іх агонь і чулася іх водгулле. Перкін. [Язва:] І вы сёння ззяеце водбліскам славы, як спадарожнік гэтага вялікага свяціла. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

иску́сственный

1. шту́чны; ненатура́льны;

иску́сственные воло́кна шту́чныя вало́кны;

иску́сственные бриллиа́нты шту́чныя (фальшы́выя) брылья́нты;

иску́сственные цветы́ шту́чныя (ненатура́льныя) кве́ткі;

иску́сственный спу́тник шту́чны спадаро́жнік;

2. (притворный) прытво́рны; ро́блены; фальшы́вы; ненатура́льны;

иску́сственный смех прытво́рны (ро́блены) смех;

3. / иску́сственное дыха́ние шту́чнае дыха́нне.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

фанта́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Штосьці неверагоднае, створанае ва ўяўленні. А ноч спускаецца ніжэй і ніжэй на снегавыя абшары, і ўсё наўкол пачынае прымаць воблік невыразнай фантастыкі. Лынькоў. // Паказ з’яў, якія не існуюць у рэчаіснасці; казачная аснова ў творах мастацтва. Спецыфічная ж асаблівасць народнай казкі — фантастыка, выдумка. Чыгрын. // зб. Разм. Літаратурныя творы, у якіх апісаны з’явы і падзеі ў перабольшаным і звышнатуральным выглядзе. Фантастыка Гофмана. Аддзел навуковай фантастыкі ў бібліятэцы.

2. Нешта нерэальнае, нездзяйсняльнае. Узяць білеты на касмічны лайнер І паляцець у госці к марсіянам... Фантастыка? А колькі год мінула, Як першы спадарожнік стартаваў? Грахоўскі.

[Ад грэч. phantastikē — здольнасць уяўляць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кмець ’селянін без зямлі, які мае ўласную хату з садзікам’ (Федар.), «подлыя кмеці» ў Багушэвіча (Дасл. (Гродна), 1967, 39), ’воін у старажытнай Русі’ (ТСБМ). Ст.-бел. кметь ’селянін’ < польск. kmieć (Булыка, Запазыч., 157). Укр. кметь, кміть ’селянін, просты чалавек’, рус. кметь ’тс’, ст.-рус. къметь ’воін’, балг. кмет ’войт, гарадскі галава’, серб.-харв. кме̏т ’селянін’, славен. kmèt ’тс’, польск. kmieć ’селянін, багаты гаспадар’, чэш. kmet ’селянін, дзед’, славац. kmeť ’тс’, в.-луж. kmjeć ’першы селянін, галава’. Прасл. kъmetь традыцыйна выводзіцца з лац. comes, comitisспадарожнік, таварыш’ (параўн. нар.-лац. cometia ’акруга’) (Фасмер, 2, 261; Слаўскі, 2, 279). Больш прывабнай здаецца іншая версія (хоць яна лічыцца менш пераканаўчай: параўн. ЕСУМ, 2, 472), якая асноўваецца на супастаўленні са ст.-грэч. κομήτης ’селянін’, κώμη ’сяло, гарадскі раён’ (Біркенмайер, JP, 21, 174–176). Грэчаскае значэнне цалкам супадае са славянскім, чаго нельга сказаць аб лацінскім. Лац. comes, comitis фанетычна таксама не цалкам адпавядае прасл. kъmetь. Хутчэй за ўсё трэба меркаваць аб старажытным лексічным пранікненні з адной з палеабалканскіх моў. Пакуль што нельга вызначыць, з якой.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зямля́, -і́; мн. зе́млі, зяме́ль, Д зе́млям, ж.

1. (у тэрміналагічным значэнні — з вялікай літары). Трэцяя ад Сонца планета, якая круціцца вакол сваёй восі і вакол Сонца.

Месяц — спадарожнік Зямлі.

2. Суша (у адрозненне ад воднай або паветранай прасторы).

На гарызонце маракі ўбачылі зямлю.

Адрознівацца як неба ад зямлі (вельмі моцна, рэзка).

3. Глеба, верхні слой кары планеты Зямля, паверхня.

Апрацоўка зямлі.

Хадзіць па зямлі.

4. Рыхлае цёмна-бурае рэчыва, што ўваходзіць у састаў кары нашай планеты.

З. з пяском і глінай.

5. Тэрыторыя, якая знаходзіцца ў чыім-н. уладанні, карыстанні.

Калгасная з.

Цалінныя землі.

6. Краіна, дзяржава (высок.).

Беларуская з.

|| памянш.-ласк. зяме́лька, -і, ДМ -льцы, ж. (да 3—5 знач.; разм.) і зямлі́ца, -ы, ж. (да 3—5 знач.; разм.).

|| прым. зяме́льны, -ая, -ае (да 5 знач.), земляны́, -а́я, -о́е (да 3 і 4 знач.) і зямны́, -а́я, -о́е (да 1 і 2 знач.).

Зямельны ўчастак.

Зямельныя работы (работа па ўпарадкаванні насыпаў, каналаў і пад.). Зямны шар.

Зямная вось.

Зямны паклон — нізкі паклон як выказ глыбокай павагі, удзячнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

раке́та, ‑ы, ДМ ‑кеце, ж.

1. Напоўнены піратэхнічнай сумессю снарад, які пасля выстралу ярка свеціцца ў паветры і ўжываецца для феерверкаў і светлавых сігналаў. Усё вакол грымела і грукатала, ракеты асвятляла хмызняк і балота. Краўчанка. Дзесьці непадалёку ўжо ўзвіваліся сігнальныя ракеты нямецкіх патрулёў. Лынькоў.

2. Лятальны апарат з рэактыўным рухавіком. Лунай жа горда над усёй планетай, Як першы госць, як першы наш дазор, Імклівая касмічная ракета, Рубінавым святлом крамлёўскіх ясных зор. Хведаровіч. // Баявы снарад, які прыводзіцца ў дзеянне рэактыўнай сілай. Фугасная ракета.

3. Невялікае пасажырскае судна на падводных крылах.

•••

Балістычная ракета — ракета дальняга дзеяння, якая рухаецца па балістычнай траекторыі пасля спынення дзеяння рухавіка.

Глабальная ракета — ракета, здольная данесці баявы зарад у любы пункт зямнога шара.

Звышдалёкая ракета — міжкантынентальная ракета.

Ракета-зонд — беспілотная ракета з радыёперадатчыкам для перадачы навуковай інфармацыі з космасу або з вялікіх вышыняў на Зямлю.

Ракета-носьбіт — шматступеньчатая балістычная ракета для вывядзення ў космас штучных спадарожнікаў Зямлі, касмічных караблёў, аўтаматычных міжпланетных станцый і пад.

Ракета-спадарожнік — кіруемы ракетны баявы снарад, выведзены на арбіту спадарожнікам Зямлі.

[Іт. rocchetta.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)