сла́ва, ‑ы, ж.

1. Шырокая, ганаровая вядомасць, усеагульнае прызнанне чыіх‑н. заслуг, гераізму, таленту і пад. Клава Патупчык стала вядомай даяркай. У працы непрыкметна прыходзіць і слава. Кавалёў. Мы заслужылі баявую славу, Ішлі ў паход, не спаўшы па начах. Смагаровіч. Аб славе Пушкіна спяваем Сягоння мы на сотнях моў. Броўка. // Пра таго ці тое, што сваімі заслугамі або вартасцямі прыносіць каму‑, чаму‑н. шырокую, ганаровую вядомасць. Герой Сацыялістычнай Працы — слава ўсяго завода. □ Песня [Я. Купалы] стала славаю народа. Вялюгін. Наш родны Мінск, краса і слава Савецкай мілае зямлі. Астрэйка.

2. Вядомасць у якасці каго‑н., у якіх‑н. адносінах. І зноў Шаройка пабыў славу лепшага гаспадара, ужо калгаснага. Шамякін. Дзень за днём Грысева хата набывала ўсё большую і большую славу ў лесе. Кулакоўскі. Не, слава добрага чалавека — гэта ўсё-такі даволі цяжкі абавязак... Скрыган.

3. (звычайна ў спалучэнні з прыметнікамі: «добры», «дрэнны» і пад.). Разм. Агульная думка аб кім‑н., рэпутацыя. [Бандароўна:] — Не такую, ясны пане, Бачыш прад сабою, Што захоча чэсць і славу Прадаваць з табою. Купала. Але тая [дзяўчына] нават і глядзець не хацела ў яго бок: дрэнная слава хадзіла пра Сікорскіх на многія вёрсты наўкол. Ваданосаў.

4. (звычайна з дзеясловамі «хадзіць», «ісці» і пад.). Разм. Чуткі, размовы, погаласка. Па раёну ходзіць слава, што Анісім — мудры дзед. Панчанка. Аб змене чырвонай даўно грыміць слава. Колас. Добрая слава цяпер ідзе пра калгас па свеце. Дуброўскі.

5. Вокліч, які азначае: хвала!, пашана!, гонар! Бліжэй [Паўлюк] падыходзіць, гукае здалёк: — Збавіцелям слава!.. Дзень добры, сынок! Колас. Слава ж табе, маладая дзяржава, Слава на ўсю неабдымную шыр! Глебка. Слава інжынерам і вучоным, Што праклалі ў космас першы след! Панчанка.

•••

Курган Славы гл. курган.

На славу — вельмі добра. Гулянка была наладжана на славу. З’ехаліся госці з усёй ваколіцы. Бядуля.

Слава богу — а) (у знач. вык.) добра; б) (у знач. пабочн.) на шчасце. Дождж, слава богу, прайшоў.

Толькі і славы, што... — толькі гаворыцца так, а на справе інакш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́тны, ‑ая, ‑ае.

Уст. і высок. Ваенны, баявы. Пра камандзіра групы дыверсантаў-разведчыкаў, пра яго ратныя справы расказвалі незвычайныя гісторыі. Сіняўскі. Ратны подзвіг героя ўмацоўвае .. волю [жывых] да працоўных подзвігаў на славу радзімы. Бярозкін. Вышэй ратнага подзвігу ставіць паэт [М. Багдановіч] подзвіг маці. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мро́іць, мрою, мроіш, мроіць; незак., пра каго-што, аб кім-чым і без дап.

Уяўляць у думках, марыць. Ці даўно .. [Захарка] мроіў, як яго дужы і смелы бацька накінецца на ворагаў са стрэльбай у руках. «ЛіМ». Век я пра славу сусветную мрою. Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

укра́сці, украду, украдзеш, украдзе; пр. украў, украла; зак., каго-што.

Узяць цішком, прысвоіць сабе чужое. [Прыбіральшчыца:] — Надоечы я адну дзяўчыну мусіла суцяшаць .. Дакументы і грошы ў яе прапалі. Дзе падзеліся — не знае. Ці ўкралі, ці згубіла — невядома. Грамовіч. // перан. Падманам, інтрыгай прысвоіць, захапіць што‑н. (уладу, славу і пад.). [Лабыш:] Во жулік... Атруціў, забіў, зарэзаў... і абакраў! Славу маю ўкраў!.. Козел. // перан. Выкарыстаць што‑н. за кошт іншых, пазбавіўшы каго‑н. чаго‑н. Трэба біць, біць іх больш, ворагаў, што хочуць украсці .. наша шчасце. Шамякін.

•••

З-пад сучкі яйцо ўкрасці — быць хітрым, вёрткім, з адчайна-зухаватымі выхадкамі.

У бога цяля ўкрасці — быць выключэннем сярод іншых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзіва́к, ‑а, м.

Чалавек з незвычайнымі схільнасцямі, звычкамі, поглядамі; арыгінал (у 2 знач.). — Дзівак, — між сабой гаспадыні гавораць: — Бярэ, што не трэба, патрэбнае дорыць. Лось. Лявон з маленства цягу меў Да тэхнікі, і ў наваколлі Не па сваёй — па людскай — волі Ён славу дзівака займеў. Гаўрусёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Квяліць ’дражніць, крыўдзіць’ (Сл. паўн.-зах., КЭС, лаг., Жыв. сл., З нар. сл., Сцяц., Мат. Гом., Грыг., Янк. БП). У апошняй крыніцы: «Маўчанка не квяліць, але славу вялічыць». Укр. квілити, рус. квелить ’тс’, балг. цвеля ’гнявіць’, серб.-харв. цве́лити ’засмучваць’, славен. cvéliti ’тс’, польск. kwielić ’плакаць’, ст.-чэш. kvieliti ’плакаць, мучыць’, в.-луж. cwělić ’мучыць’. Прасл. kvěliti — каўзатыў да kviliti. Першае мела значэнне ’вымушаць плакаць’, другое — ’плакаць’ (Слаўскі, 3, 488; ЕСУМ, 2, 418; Ваян, RÉS, 37, 156–157). Паралелі за межамі славянскіх моў адсутнічаюць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

памно́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.

1. Зрабіць дзеянне множання. Памножыць сем на дзевяць.

2. Павялічыць колькасць, памер, сілу каго‑, чаго‑н. Расцем усе. Ідуць гады, І сілы ты памнож. Ніколі паншчыне сюды Не павярнуцца больш! Броўка. І славу продкаў і бацькоў Памножым мы ў сотні крат. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

убра́ць, убяру, убярэш, убярэ; убяром, убераце, убяруць; зак., што.

1. і без дап. Сабраць ураджай (сельскагаспадарчых культур). Убраць буракі машынамі. □ [Дзед Паўлюк:] «Надвор’е ж добрае — убяром на славу Корбан.

2. Надаць прыгожы выгляд, упрыгожыць. Убраць партрэты вянкамі. / Пра лісце, іней і пад. Убрала восень навакол Палі і луг страката. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасла́віцца, ‑слаўлюся, ‑славішся, ‑славіцца; зак.

1. Стаць вядомым, славутым; дабіцца славы. Праславіўся дзед Талаш на ўсю Высокую Рудню. Колас. Яе зоркім паглядам, не постаццю гнуткай Праславіўся хлопец, — Праславілі рукі! Броўка.

2. Набыць дрэнную славу, дрэнную рэпутацыю. — Вунь за тым паркам — палац былога душагуба, царскага генерала Антропава, што праславіўся сваёй жорсткасцю з бяззбройным народам. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лі́ра 1, ‑ы, ж.

1. Старажытнагрэчаскі струнны шчыпковы музычны інструмент. // перан. Паэт. Ужываецца як сімвал паэзіі, паэтычнай творчасці. Славу спяваеш ты роднаму краю, Сэрца прыносячы дар, Звонкая ліра твая не сціхае, Наш, беларускі пясняр. Русак.

2. Даўнейшы народны беларускі струнны музычны інструмент з клавішамі і корбай.

[Грэч. lyra.]

лі́ра 2, ‑ы, ж.

Грашовая адзінка ў Італіі і Турцыі.

[Іт. lira.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)