бра́цца, бяруся, бярэшся, бярэцца; бяромся, берацеся, бяруцца; незак.

1. за каго-што. Хапацца рукамі за які‑н. прадмет, за каго‑н. Калі дзед бярэцца за бараду, гэта значыць, што ён узрушаны, узлаваны. Лынькоў. Бяруся за бліжэйшую ад сябе ручку дзверцаў, спрабую адкрыць. Кулакоўскі. [Млынар] асцярожна кладзе на дно чоўна восці, выкідае ў рэчку рэшткі абгарэлых смалякоў з лучніка, бярэцца за шост і адплывае ад берага, у туман. Барашка.

2. за што. Пачынаць работу, якую‑н. дзейнасць прыладай працы, зброяй. Усе жнеі падняліся ўжо, — адны ваду пілі са збанкоў, другія весела перакідваліся смешкамі, браліся за сярпы. Мележ. Заўсёды ў час пагранічнік бярэцца за зброю. Заўсёды гатовы перамагчы і заўсёды гатовы памерці. Брыль.

3. за што. Прыступаць да чаго‑н., распачынаць якую‑н. дзейснасць. Рана ў калгасе браліся за сяўбу. Адамчык. І заўсёды, што б.. [Аксіння] ні рабіла, за якую б справу ні бралася, у кожным жэсце яе, у кожным руху і слове заўсёды адчувалася жанчына, чулая, пяшчотная, клапатлівая. Васілевіч. Калі ўсе разыходзяцца з хаты, тады Пятро вяртаецца і бярэцца за снеданне. Пестрак.

4. з інф. Збірацца, намервацца, наважвацца зрабіць што‑н. Карніцкі як браўся апрануць кіцель, так і знямеў. Паслядовіч. Хлопцы ўжо ці раз браліся правучыць Сыса. Вітка. Нэлачка бралася плакаць — маці вярнулася да пасцелі. Грамовіч.

5. з інф. Прымаць абавязацельства, адважвацца, умець, магчы зрабіць што‑н. [Забалотны:] — Бяруся правесці сваім лакаматывам цяжкавагавы састаў! Васілёнак. Паважаны чалавек адзін З далёкіх і чужых краін Прыехаў вандраваць па Беларусі, Чаго — сказаць я не бяруся. Крапіва.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паяўляцца, узнікаць. І дзе браліся толькі сілы ў гэтай хударлявай дзяўчынкі! Лынькоў.

7. Разм. Наставаць, пачынацца (пра з’явы прыроды). Зіма бралася нядружна. Дуброўскі. Мароз бярэцца, паціскае, Па лесе лускае, гуляе. Колас. / у безас. ужыв. Бралася на дзень. Бралася на мароз.

8. Разм. Ісці, рушыць, падавацца ў пэўным напрамку, накіроўвацца. Калі.. [дзядзька] даведаўся, што мы едзем паглядзець коласаўскія мясціны, дык прамовіў: — Э-э, тады вам трэба брацца толькі праз Акінчыцы. С. Александровіч. [Алесеву] ўвагу прыцягнула адзінокая постаць, якая віднелася здалёк і сцяжынкаю бралася да сяла. Броўка.

9. Хапаць насадку, лавіцца на вуду, спінінг (пра рыбу). І рыба не хацела брацца ні на блёсны, ні на нажыўку. Брыль.

10. за каго-што. Ліпнуць, прыставаць да каго-чаго. Пад каламі трашчала ламачча, мокрае лісце бралася за колы і мокрая зямля наліпала на шыны, як жаўтаватая жарства. Чорны.

11. за што. Разм. Выказваць старанне, ахвоту да якой‑н. работы. Гадоў пяць таму назад хадзіла вучыцца адна дзяўчынка, адна на ўсю школу. І бралася яна добра, ды захварэла нейк зімою і памерла. Колас. Дзень і ноч сядзіць [меншы сын] з вудаю на рэчцы, за гаспадарку ж ані не бярэцца. Якімовіч.

12. за каго-што. Разм. Заступацца, ручацца за каго‑н.; абараняць. [Сёмка з Рыгорам] браліся адзін за другога, калі хто хацеў аднаго з іх пакрыўдзіць. Гартны.

13. за каго. Разм. фам. Прымаць меры ўздзеяння.

14. чым. Набываць новую якасць, змяняцца; ператварацца ў што‑н. Неба на ўзбалотку ўжо вельмі пасвятлела, нават крыху пачало брацца чырванню. Мележ.

15. Разм. Расці, набірацца сілы. Пшаніца бралася ў рост. □ Вось пачало ў нас расці.. на полі, добра, няхай расце, пасеем яшчэ сёе-тое новае, няхай бярэцца. Кулакоўскі. Усюды.. браліся густыя, у пояс чалавека, травы. Лынькоў.

16. Зал. да браць (у 1–8, 10, 13, 14, 16, 18 знач.).

•••

Брацца за бокі (за жывот) — смяяцца, рагатаць да болю ў жываце.

Брацца (узяцца) за галаву — а) быць вельмі здзіўленым, уражаным чым‑н.; б) своечасова спахапіцца, зразумець.

Брацца загрудкі (за чубы) — задзірацца, даходзіць да сутычкі.

Брацца (узяцца) за гуж — пачынаць якую‑н. сур’ёзную справу.

Брацца за зброю — пачынаць узброеную барацьбу супраць каго‑, чаго‑н.

Брацца (узяцца) за розум — стаць на правільны шлях.

Брацца (прымацца) ў разлік — улічвацца, брацца пад увагу.

Брацца ў рожкі — адчуць сілу, пачаць выяўляць сваю самастойнасць, спрачацца з кім‑н.

Брацца ў сілу — пачынаць хутка расці, буйна развівацца; усталёўвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пусці́ць, пушчу, пусціш, пусціць; зак.

1. каго-што. Перастаць трымаць, утрымліваць рукамі каго‑, што‑н.; выпусціць. Стася ціха, але рашуча папрасіла: — Зелянюк, пусці маю руку. Я пайду. Зарэцкі. [Дзед] пусціў вёслы і выхапіў з-пад сябе дошчачку дарожкі. Брыль. // Перастаць трымаць дзе‑н., даць волю. Сам прыстаў трымаў .. [Адася Гушку] перад сабою нешта гадзін са тры, а пасля пусціў, загадаўшы сваім людзям не спускаць яго залішне з вока. Чорны. Ды лепш бы ўсё яны забралі, Пусцілі б толькі іх [палонных] жывых. Колас. // Дазволіць або даць магчымасць пайсці, паехаць і г. д. куды‑н. Пусціць у адпачынак. □ [Сястра] хацела пайсці разам з .. [Міколкам] у лес, але маці не пусціла: трохі прыхворвае малая. Лынькоў. // Даць магчымасць пасвіцца, выпусціць на пашу (пра жывёлу). І куды толькі не забярэцца.. [Цімох] са сваім статкам! І на ягаднік пагоніць, і па бары на верасы пусціць, і ўсе лужкі перабярэ. Колас. Гадзін праз дзве работы [Міхал] выпраг каня і пусціў на паплавец. Чорны.

2. каго-што. Дазволіць каму‑н. прайсці, увайсці куды‑н.; упусціць. Гэта я! Пусці! Яшчэ не верыш? Дык на ганак выбежы хутчэй. Танк. Мне ўдаецца ўгаварыць пляменніка спачатку падстрыгчыся — непадстрыжанага, маўляў, у магазін не пусцяць... Каршукоў. // Памясціць, пасяліць, здаючы ў найм памяшканне. Але браты нечага не падзялілі, і малодшы Шнур падаўся цераз раку. Цяпер ён шукаў хаты. І Харытоня пусціў яго ў сваю. Чыгрынаў. — Ці не пусцілі б вы ў .. [другую палавіну хаты] хлопца аднаго на які месяц ці два. Дроў мы неяк прыдбаем. Зарэцкі.

3. каго-што. Паслаць, накіраваць куды‑н. з якой‑н. мэтай. Трымаліся два дні, але раніцай трэцяга немцы пусцілі танкі. Навуменка. [Васіль:] — Трэба было абавязкова ўвосень выкарчаваць пні... Цяпер пусцілі б камбайн, жняяркі... Шамякін. // Даць магчымасць або прымусіць рухацца, перамяшчацца якім‑н. чынам. Гаспадар выцягнуў плуг з зямлі і пусціў плытчэй. Чорны. Наганяць шкадаваў, а пусціў паволі — і так утаміўся конь. Гартны. // Надаць пэўны ход, кірунак (размове, справе і пад.). Пусціць справу на самацёк. □ Маладая.. не раз пачынала гаворку, старалася аднавіць і пусціць яе ў ранейшае бесклапотнае рэчышча, але муж непадкупна маўчаў. Ракітны.

4. што. Кінуць, прымусіць рухацца ў якім‑н. напрамку. Схапіў Янка лук і пусціў стралу ў шуляка. Якімовіч. З воданапорнай вежы заўважылі крыкуна, пусцілі па ім некалькі куль. Хомчанка. // Выпусціць, даўшы магчымасць цячы, распаўсюджвацца. Пусціць газ. □ Праўда, .. [састаў] быў невялікі, з пяці вагонаў і платформы, але калі Лёдзя захацела была абысці яго, машыніст пусціў пару і даў кароткі свісток. Карпаў. Архіп сеў, пусціў дым у столь і загаварыў. Пестрак. // Быць прычынай чаго‑н., выклікаць што‑н. Падзьмуў ветрык, пусціў па вадзяным люстэрку рабацінне. Шыцік. Выплыў месяц з-за небасхілу і пусціў доўгі пералі[віс]ты бляск цераз усё мора. Кулакоўскі.

5. што. Прывесці што‑н. у дзеянне, у рух; прымусіць дзейнічаць. Пусціць аўтаматычную лінію. Пусціць пласцінку. □ Ахопленая трывогай, .. [Арына] таропка падсунула табурэтку, залезла на яе, завяла гадзіннік, пусціла маятнік. Карпаў. // у спалучэнні са словамі «аўтобус», «цягнік», «трамвай» і пад. Устанавіць пэўныя шляхі зносін. Пусціць тралейбус у мікрараён.

6. каго-што. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае; зрабіць што‑н. з чым‑н.; выкарыстаць з якімі‑н. мэтамі, якім‑н. чынам. Пусціць на продаж. Пусціць на племя. □ — Ну, а з пусткаю што будзе? Сеяць ярыною? Ці ў папар на лета пусціш? — Грышкаў брат пытае. Колас. Пільню Бама пусцілі даўно ўжо на злом. Зарыцкі. — Прадаць тое-сёе, канешне, не шкодзіць. Скаціну якую пусціць на кірмаш, малатарню можа збыць на ўсякі выпадак, да пары да часу. Мележ. // Разм. Выдаткаваць на што‑н. Праз паўгода цягне [Міхась] у хату музыку. Што зарабіў на рамонце аўтамашыны тое і пусціў на радыёлу. Б. Стральцоў.

7. што. Разм. Разнесці (чутку, пагалоску), зрабіць вядомым што‑н. Парашыў .. [пан] прадаць лес. Пусціў пагалоску, і пачалі прыязджаць купцы аглядаць лес. Якімовіч. Нехта пусціў сярод дзетдомаўцаў чутку, быццам у дупле дуба жывуць змеі. Пальчэўскі. // Сказаць (звычайна што‑н. вострае). Пусціць жарт. □ Вострачы мянташкай касу, Ганнін Васіль пусціў услед грабельнікам: — Сюды, бабкі, падналяжам разам. Васілевіч.

8. што. Даць парасткі, карані (пра расліны). Над страхою звісаў сук-рагач ад вярбы. Другі, адломаны, валяўся ў гародчыку. Даўно, бо пусціў атожылле, прырос. Пташнікаў.

9. Разм. Не вытрымаўшы напружання, цяжару, перастаць утрымліваць што‑н. — А ў мяшку ці шво пусціла, ці дзірка ў пару не агледжана. Прыехаў, а тут і малоць няма чаго. Арочка.

10. Разм. Адтаяць. Немцы загналі.. [Зіну] ў балота, якое месцамі пусціла ўжо, і чалавек правальваўся аж з галавой. Карпюк. // безас. Пра адлігу. Снегам было пацеру[шы]ла трохі зверху. А гэта зноў пусціла, зноў цёпла стала і мокра. Чорны.

•••

Не пусціць на парог (на вочы) — не прыняць у сябе дома, не дазволіць прыйсці ў свой дом.

Пусціць (з) агнём (дымам) — спаліць.

Пусціць з торбаю (па свеце) — давесці да жабрацтва.

Пусціць казла ў агарод — дапусціць каго‑н. туды, дзе ён можа нашкодзіць; дапусціць каго‑н. да таго, з чаго ён хоча мець выгаду.

Пусціць карэнне (карані) — а) трывала, надоўга абаснавацца дзе‑н., абзавесціся гаспадаркай. Разросся грынюкоўскі род, нібы тыя сосны ў барку над ракой, глыбока пусціў карэнне ў зямлю дзядоў і прадзедаў. «Работніца і сялянка»; б) набыць сілу, стаць пастаянным; укараніцца. Партызанскі рух пусціў глыбокія кар[ан]і ў народзе акупіраваных зямель. Колас.

Пусціць (паслаць) кулю ў малако — не папасці ў цэль пры стральбе.

Пусціць на вецер — растраціць дарэмна.

Пусціць на свет — нарадзіць, даць жыццё.

Пусціць па белым свеце — нарадзіць і, не давёўшы да самастойнасць выправіць у людзі.

Пусціць пад адхон — выклікаць крушэнне (цягніка).

Пусціць пыл (дым, туман) у вочы — стварыць ілжывае ўражанне, выстаўляючы сябе, сваё становішча ў лепшым выглядзе, чым ёсць на самай справе.

Пусціць (сабе) кулю ў лоб — застрэліцца.

Пусціць слязу — заплакаць.

Пусціць у дзела — прымяніць, выкарыстаць.

Пусціць у зіму (на зіму) каго — пакінуць на племя (пра свойскую жывёлу).

Пусціць у паветра — узарваць.

Пусціць у работу — даць прымяненне чаму‑н.

Пусціць у расход каго — расстраляць, знішчыць.

Пусціць у ход — а) прымяніць што‑н. (пра інструмент, зброю і пад.). Хлопцы ішлі і насцярожана азіраліся, гатовыя ў любы момант пусціць у ход зброю. Новікаў; б) выкарыстаць які‑н. сродак, прыём і г. д. Я слухаю дзядзьку: «Глядзі, якім стаў ён! Яго пачынае падтрымліваць сход. Хварэе, бач, ён за грамадскія справы І нават пусціў самакрытыку ў ход». Прыходзька.

Пусціць (чырвонага) пеўня — зламысна падпаліць (чыю‑н. хату, маёмасць і пад.).

Пусціць юшку — ударыць, збіць да крыві.

Хоць з ветрам пусці — такі лёгкі, што можа паляцець з ветрам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)