Таўсма́ты ’таўставаты; моцна складзены (пра чалавека)’ (ТСБМ), ’прысадзісты, моцны (пра асобу, жывёлу, дрэва)’ (Янк. 1), ’таўставаты’ (Сл. ПЗБ), ’тоўсты’ (Сцяшк.), ’пушысты’ (чырв., З нар. сл.), сюды ж таўсма́ны ’таўставаты’ (Сцяц. Сл.), таўсма́ч ’здаравяк’ (Янк. 3.). Трубачоў (Слав. языкозн. V, 183; Труды, 1, 284), побач з позняй кантамінацыяй (напрыклад, тоўсты і калматы, гл.), разглядае як праславянскі дыялектызм *tъlsmatъ(jь) ад назоўнікаў *tъlsmъ/*tъlsmo, параўн. лат. tulzums ’пухліна’. Ліуканен (Отглаг. сущ., 169–170) лічыць вытворным ад прасл. *tъlsmъ/*tъlsma < *tъlst‑mъ/*tъlst‑ma, старых дзеепрыметнікаў ад *tъlstiti ’рабіць тоўстым’ (гл. таўсціць), што, у сваю чаргу, утвораны ад прыметніка *tъlstъ (гл. тоўсты). Страчаны дзеяслоў з асновай *tъlz‑ меў дакладныя адпаведнікі ў літ. tulžti ’размакаць, разбухаць’, лат. tùlzt ’пухнуць’. На карысць апошняй версіі сведчыць і варыянтнасць фармантаў n/t. Кантамінацыя з тоўсты ў таўстама́ты ’таўставаты’ (карэліц., Нар. лекс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Маля́ўка1, мыля́ўка, маля́ўкі ’малёк, маленькая рыбка, якая толькі што выйшла з ікры’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’дробязь, малеча’ (Бяльк.), рус. маля́вка, кастр., ярасл., валаг. маля́ва, моля́ва ’маленькая рыбка’, тамб., тул. малявка, молявка ’вельмі маленькая істота (рыбка, птушачка, зверына)’, паўн.-дзв., ленінгр. ’галавасцікі’, укр. малявка ’дробная рыба’; бел. маляўка ’рыба гарчак, Rhodeus sericeus amarus’ (Жук., БелСЭ), рус. малявка ’тс’; бел. маля́ўка ’рыба Leucaspius delinateus’ (Жук., 214), рус. маск. малявка ’тс’; бел. маляўка ’рыба гальян звычайны, Phoxinus phoxinus (L.)’, рус., урал., бас. р. Камы малявка ’тс’; польск. malawka, mulawka ’від рыбы’, molawka ’дробная рыбка’. Утварэнне з суфіксам ‑к‑а ад прыметніка ⁺малявы. Параўн. рус. калуж. маля́вочный, маля́вошный ’малыш, малы (у звяртанні да дзіцяці)’, макед. малав ’малы’, серб.-харв. ма̏љавпушысты, які аброс валаскамі, пухам’.

Маля́ўка2 ’хвароба рожа’ (шчуч., Сцяшк. Сл.) утворана ад (на)‑маляваны: плямы на скуры выглядаюць, як памаляваныя. Да малява́ць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

абсы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; зак., каго-што.

1. Пасыпаць, пакрыць каго‑, што‑н. зверху чым‑н. сыпкім. Пад жарты і смех гасцей маладога і маладую абсыпалі жытам, каб былі добрымі гаспадарамі. Васілевіч. // Сыплючыся, раскідваючыся, пакрыць паверхню чаго‑н. Пялёсткі яблынь, збітыя начным цёплым дажджом, густа, амаль набела абсыпалі бераг. Хомчанка. // Пакрыць з усіх бакоў што‑н. Пушысты іней абсыпаў кожную галінку, кожную іголачку елак. Жычка. Вочы.. [жанчыны] былі шэрыя, строгія, валасы абсыпала сівізна. Новікаў. // безас. Пакрыць высыпкай. Губы абсыпала. // Уцяпліць што‑н., абкідаўшы зямлёю. Абсыпаць хату.

2. Абтрэсці што‑н. з чаго‑н. [Мікіта] стаяў, як ук[о]паны, каб не варухнуць нагою, каб не абсыпаць з ботаў на падлогу.. гразь. Галавач.

3. перан.; чым. Шчодра абдаць каго‑н. чым‑н. Абсыпаць падарункамі. Абсыпаць кампліментамі. Абсыпаць пацалункамі.

абсыпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да абсы́паць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пы́шны, ‑ая, ‑ае.

1. Мяккі, пухкі, лёгкі. Ужо бадай усё лісце абсыпалася з дрэў і пышным, стракатым дываном укрыла навакол траву і алеі. Паслядовіч. // Пушысты, густы, мяккі (пра валасы, шэрсць і пад.). [Ядвіся] была ў прыгожай чырвонай кофтачцы, якая вельмі ішла да яе твару, а чорныя і пышныя валасы яе былі перахвачаны чырвонай стужкай. Колас. Рослы юнак з правільнымі рысамі твару.., з пышнай, як капа сена, чупрынай, ён нечым вабіў да сябе. Сабаленка. // З вялікай колькасцю лісця, галін і пад. Сілачом стаіць Дуб разложысты, І здалёк відаць Пышны верх яго. Колас. // Поўны, круглявы (пра чалавека, яго твар). Антон Сафронавіч пачаў жартаваць з жонкі. Прыехала сюды [на курорт] худая, скура ды косці, а цяпер — глядзі, якая пышная дама! Паслядовіч.

2. Раскошны, багаты. Як у замку пышным Баляваў барон, Прыязджалі госці з чатырох старон. Глебка. Патоцкі старанна маскіруе свае пачуцці, загадаўшы наладзіць пышнае пахаванне Бандароўны. Шкраба.

3. Напышлівы (пра мову). Пышныя фразы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)