схава́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Замаскіравацца дзе‑н. так, каб нельга было знайсці, убачыць. [Валянцін:] — Вунь нават і лодка .. [браканьера] стаіць на тым баку, а сам недзе схаваўся... Ляўданскі. Ра схаваўся за дрэвам і доўга разглядаў гэтае дзіўнае з’явішча. Маўр. Шпакі і азірнуцца не паспелі, як .. [верабей] ужо схаваўся дзесьці ў кустах. Шуцько. Грыбок нібы накрыўся .. [лістом], каб лепш схавацца. Брыль. // перан. Стаць незаўважаным (пра ўсмешку, пачуцці і пад.). Ледзь прыкметная ўсмешка схавалася за марозным інеем вусоў. Лынькоў. Крывая не заменіцца прамой. Двудушша не схаваецца пад грымам. Дайнека.

2. Аддаліўшыся, перамясціўшыся, перастаць быць бачным; знікнуць з поля зроку. Хлопцы заварожана пазіралі ўслед, пакуль машына не схавалася за ўзгоркам. Гамолка. [Волька] з мамай доўга стаялі і глядзелі ўслед бацьку, аж пакуль яго постаць не схавалася за будынкамі. Марціновіч. Толькі часам, з узгорка, блісне між зелянінай вада і зноў схаваецца. Маўр. / Пра нябесныя свяцілы. Вечарэла, за дальнім пералескам схавалася сонца. Хадкевіч. І месяц схаваўся за хмару. Астрэйка. // Стаць ледзь бачным сярод прадметаў, якія закрываюць, засланяюць што‑н., знікнуць у чым‑н. Недзе паміж пералескавых узгоркаў схавалася, як быццам патанула, невялічкая вёска. Пестрак.

3. Ратуючыся ад праследавання, небяспекі, знайсці сховы. Карчмар ужо хацеў разбудзіць сям’ю і схавацца з імі ў лесе, але позна... Бядуля. Косцік не раз бываў тут [у лесе] і ведаў, дзе найлепш схавацца ў выпадку небяспекі. Паслядовіч. У час арыштаў, што адбываліся ў пачатку 1882 года, некаторым рэвалюцыянерам-падпольшчыкам удалося схавацца. «Полымя».

4. Засцерагчы сябе ад чаго‑н. (страляніны, непагоды і пад.). Схавацца ад дажджу. □ Каб схавацца ад куль, штабныя сталі лепей укладацца на зямлі. Чорны. Заставацца ў адкрытым моры было нельга, да свайго порта было далекавата, і капітан прыняў рашэнне схавацца ў зручнай бухце. Б. Стральцоў. // перан. Ухіліцца ад чаго‑н., пазбегнуць чаго‑н. Дзе ж ратунак? Ад бяды Не схаваешся ж кудысь. Калачынскі. Век жывым звяр’ю не вырвацца І ад помсты не схавацца. Танк. Я не ведаў, дзе схавацца ад сораму. Бядуля.

5. (звычайна з адмоўем «не»). Выпасці з-пад увагі, прайсці па-за ўвагай, астацца незаўважаным. Ад .. погляду [Алесі] не схавалася затаенае засмучэнне маткі. Колас. У абед прыйшоў з бібліятэкі муж, ад яго не схавалася, што .. [Рыта] узбуджана. Навуменка. Відаць, нехта падгледвеў, калі Падбярэцкі ганяў лася. Ад людзей не схаваешся. Пташнікаў.

6. Змясціцца дзе‑н., у чым‑н. вялікім. С вітка такая, што з галавой схаваешся. □ Дык там, брат, такія ямішчы, што нават бацька з галавою схаваецца! Якімовіч. Не год, не год сёлета на жыта! З канём не схаваешся ў ім. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́сца, ‑а, н.

1. Прастора зямной паверхні, якая занята або можа быць занята кім‑, чым‑н. [Насця і Мікалай] прыехалі ў Арэхаўку, ці, правільней, на тое месца, дзе калісьці была вёска. Шамякін. [Мікола:] — Не, нашаму чалавеку лепшага месца няма, як дома, на сваёй роднай зямлі. Якімовіч. // Прастора або пункт, дзе што‑н. адбываецца або размяшчаецца. Праз некаторы час цэлая калона сабралася каля месца аварыі. Кулакоўскі. Сяргей Карага стаў узірацца ў тое месца, адкуль толькі што грымнула гармата. Колас. // Прастора, пункт, прызначаныя для чаго‑н. Месца для начлегу выбралі надзвычай добрае. Лынькоў. Хата-чытальня была тым месцам, дзе збіраліся людзі на сходы, дзе пыталіся газеты. Бядуля. // Пункт, на якім знаходзіцца хто‑, што‑н., з якога пачынаецца або на якім канчаецца рух. Тупаць на месцы. □ Машына рэзка рванулася з месца. Шахавец. Пярэднія коні, як толькі ступілі ў рэчку, уткнуліся мордамі ў ваду і ні лейцамі, ні дубцом нельга было іх скрануць з месца. Ставер. // Пэўная прастора, пункт якой‑н. паверхні. Месца ўдару.

2. Мясцовасць. Парэчча — месца неблагое, і поле там не так пустое. Колас.

3. Прастора, на якой можна размясціцца; прастора, прызначаная для каго‑н. Жыгалка сышоў са сцэны і сеў на сваё месца. Гурскі. Поезд спыніўся, а Канстанцін Пятровіч усё яшчэ сядзеў на сваім месцы. Васілёнак. // Памяшканне для адной асобы ў інтэрнаце, гасцініцы і пад. Анатоль Котаў, ведаючы, што ў гасцініцы ўсе месцы заняты, прапанаваў пасяліцца ў інтэрнаце. Дадзіёмаў.

4. Урывак, частка літаратурнага, мастацкага або музычнага твора. Рыгор прагна.. і засаб некалькі разоў прачытаў паказанае месца. Гартны. [Гудовіч:] Адно месца ў арыі ўсё ніяк не ўдавалася. Крапіва.

5. перан. Становішча, якое займае хто‑н. у чым‑н. (грамадскім жыцці, спорце і пад.). Заняць першае месца ў спаборніцтвах. Знайсці сваё месца ў жыцці. □ Мы камуністы, і наша месца ў баі. Няхай. Адам Мігай, якому перадалі новы трактар, заняў першае месца ў МТС. Шамякін. // Становішча, якое займае што‑н. у чым‑н. У сэрцы не было ўжо месца ні любасці, ні каханню, ні няёмкасці. Мурашка.

6. Разм. Служба, работа, пасада. Вакантнае месца. □ [Костусь:] — Ідзі, дзядзька Ёсель, займай месца старшага брыгадзіра ў сталярні. Чорны. У пачатку навучальнага года мне прапанавалі месца інспектара нашага райана. Васілевіч.

7. Спец. Адзін прадмет багажу. Дастаўка кожнага месца ад порта да поезда каштуе 200 франкаў. Філімонаў.

•••

Дзіцячае месца — тое, што і плацэнта.

Лобнае месца (гіст.) — узвышэнне, з якога ў старажытнасці аб’яўляліся царскія ўказы і на якім адбываліся пакаранні смерцю.

Агульнае месца — прапісная ісціна, збіты выраз.

Балючае месца — пра тое, што ўвесь час хвалюе, мучыць; пра чый‑н. слабы бок.

Ведаць (знаць) сваё месца гл. ведаць.

Вочы на мокрым месцы гл. вока.

Вузкае месца — слабы, ненадзейны ўчастак у якой‑н. справе.

Да месца — якраз калі трэба, дарэчы.

Душа не на месцы гл. душа.

Жывога месца няма гл. няма.

З месца на месца — з аднаго месца на іншае.

З месца ў кар’ер (у галоп) — адразу, не марудзячы, без падрыхтоўкі.

Каб мне з гэтага месца не сысці гл. сысці.

Мазгі не на месцы гл. мозг.

Месца пад сонцам — права на існаванне.

Мокрае месца застанецца — ужываецца як пагроза расправіцца з кім‑н.

На голым месцы — там, дзе пуста, нічога няма. Невялікае селішча Скіп’ёўскае Пераброддзе ўзнікла на голым месцы пры вялікім Скіп’ёўскім лесе адразу пасля рэвалюцыі. Чорны.

Нагрэць месца гл. нагрэць.

На месцы — там, дзе што‑н. адбылося ці будзе адбывацца. Справа з будаўнічымі матэрыяламі вырашаецца на месцы. Брыль.

На месцы злачынства — у момант, калі робіцца нешта нядобрае, заганнае (злавіць, застаць і пад.).

На (самым) відным месцы — на месцы, якое кідаецца ў вочы.

На (сваім) месцы — адпавядае свайму прызначэнню.

На тым самым месцы сесці гл. сесці.

Не да месца — калі не трэба, недарэчы.

Не знаходзіць (сабе) месца гл. знаходзіць.

Не месца — не павінна быць.

Ні з месца — а) не рухацца, стаяць нерухома; б) перан. у тым жа становішчы, на тым жа ўзроўні.

Паставіць каго на (сваё) месца гл. паставіць.

Пустое месца — пра чалавека, ад якога няма ніякага толку, ніякай карысці, або з якім ніхто не лічыцца. Сядзіць вось за сталом часамі значны чын. Спрабуй, скажы яму, што ён — пустое месца. Корбан.

Стаць на (сваё) месца гл. стаць.

Сухога месца няма гл. няма.

Таптацца на (адным) месцы гл. таптацца.

Уступіць месца гл. уступіць.

Цёплае месца — аб даходнай службе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)