адагна́ць, адганю́, адго́ніш, адго́ніць; адгані́; адагна́ны; зак.

1. каго-што. Прагнаць; пазбавіцца ад чаго-н.

А. сабаку.

А. змрочныя думкі (перан.).

2. што. Перамясціць (ветрам, плынню і пад.).

Плынь адагнала лодку.

3. каго-што. Адвесці на ранейшае месца, адправіць куды-н.

А. машыну ў гараж.

4. што. Зрабіць шляхам перагонкі (спец.).

А. шкіпінар.

А. малако.

|| незак. адганя́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е.

|| наз. адго́нка, -і, ДМ -нцы, ж. (да 4 знач.) і адго́н, -у, м. (да 2—4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

дзёгаць, ‑гцю, м.

Цёмная густая смалістая вадкасць, якая здабываецца шляхам сухой перагонкі цвёрдага паліва (драўніны, торфу, каменнага вугалю і пад.). Васіль Лявончык у чым быў на калгасным двары, у тым і пайшоў, толькі забег да рымароў і добра змазаў свае ялавыя боты дзёгцем. Шахавец. Пах сасновай смалы так густа напаіў паветра, што яно ў начной цемры здавалася цягучым, як дзёгаць. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бра́га, ‑і, ДМ бразе, ж.

1. Рошчына з соладу, мукі і бульбы, з якой гоняць спірт. // Адходы пасля такой перагонкі ў выглядзе рэдкага цеста. Каля хлеўчука ў кутку грэўся на сонцы здаравенны вяпрук.., адкормлены брагай. Дуброўскі.

2. Пітво дамашняга вырабу з хмелем і цукрам; бражка. Дацэнт ведаў рэцэпт, як зварыць моцную брагу, такую брагу, што ад трох шклянак чалавек п’яным рабіўся. Колас. [Шаблюк:] — Хадзем, я вас мядовай брагай пачастую. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

куб 1, ‑а; мн. кубы, ‑оў; м.

1. Геаметрычнае цела — правільны шасціграннік, усе грані якога квадраты. Начарціць куб. // Пра што‑н. з формай, выглядам такога шматгранніка. Бетонны куб.

2. Здабытак ад множання якога‑н. ліку самога на сябе два разы; трэцяя ступень ліку.

3. Разм. Кубічны метр. Куб дроў.

[Грэч. kybos.]

куб 2, ‑а; мн. кубы, ‑оў; м.

Пасудзіна цыліндрычнай формы для перагонкі або кіпячэння вадкасці; тытан ​3. То яе бачым са шчоткаю ля падлогі, то з мокраю анучаю ля акон, то ля вялізнага куба, дзе гатавалася вада для студэнтаў. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гнаць, ганю́, го́ніш, го́ніць; гнаў, гна́ла; гані́; незак.

1. каго-што. Прымушаць рухацца ў якім-н. напрамку, прымусова адпраўляць.

Г. авечак.

Г. звера (праследаваць). Г. лес па рацэ (сплаўляць). Паны гналі людзей на работу.

2. каго-што. Прымушаць хутка рухацца, ехаць на вялікай скорасці.

Фурман гнаў каня.

Г. машыну.

3. безас., што. Вельмі хутка расці.

Бульбу гоніць у каліўе.

4. што. Здабываць пры дапамозе перагонкі.

Г. алей.

5. што. Рабіць, пастаўляць хутка, у вялікай колькасці.

Г. план.

Г. прадукцыю.

6. заг. гані(це). Даваць (разм.).

Гані грошы.

7. безас. Моцна слабіць (разм.).

Жывот гоніць.

|| наз. гон, -у, м. (да 1 знач.) і го́нка, -і, ДМ -нцы, ж. (да 1, 2, і 4 знач.).

Г. звера.

|| прым. го́нны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Гонныя галубы.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

вы́гнаць, ‑ганю, ‑ганіш, ‑ганіць; зак., каго-што.

1. Гонячы, прымусіць выйсці, выехаць; выдаліць. Выгнаць жывёлу з хлява. □ На росны поплаў выгналі табун калгасных коней. Бялевіч. Хлапчукі выгналі статак з аборы трошкі раней, каб мець больш часу. Пальчэўскі. Паглядзіце вы на Ціта — Вынес ён у хлеў карыта, І падсвінкаў, і свіней Выгнаў з хаты і з сяней. Крапіва. // перан. Пазбавіцца ад чаго‑н., прагнаць што‑н. Хацелася прычакаць вечара і пайсці ў кіно, каб там хоць на пару гадзін выгнаць з галавы неадчэпныя думкі. Дамашэвіч. // Разм. Звольніць, выключыць. Выгнаць з работы. Выгнаць са школы. // перан. Разм. Вывесці, знішчынь. Выгнаць хваробу. Выгнаць васьмёрку (з веласіпеднага кола).

2. Выдаліць сілай, прагнаць. Выгнаць акупантаў.

3. пераважна безас. Паспрыяць хуткаму росту каго‑, чаго‑н. [Васіль:] — Эх, але ж і выгнала.. [сасну], нібы само сонца за галлё цягнула!.. Шамякін.

4. Разм. Выпрацаваць; зарабіць. Чалавек дзесяць штодзень з самага ранку ўжо звоняць косамі, спяшаюцца выгнаць сваю норму. Дамашэвіч. [Чумак:] — Каб яшчэ Ігнатку на гэтую справу паставіць! Удвух можна сотню ў дзень выгнаць. Савіцкі.

5. Спец. Здабыць шляхам перагонкі. Выгнаць бочку шкіпінару.

•••

Выгнаць абзу (спец.) — стругаючы, зняць абзу, састругаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зато́р 1, ‑у, м.

1. Скучанасць людзей, транспарту або іншых прадметаў, якія перамяшчаюцца ў адным напрамку, а таксама затрымка руху ў месцах такой скучанасці; пробка (у 2 знач.). Пранесліся савецкія бамбардзіроўшчыкі, неўзабаве ў галаве калоны пачуліся выбухі. Утварыўся затор. Гурскі. Каб рэгуліроўшчык ведаў, што там затор, «пробка», ён бы ўсе машыны пусціў у аб’езд, па другой вуліцы. Жычка. // Скопішча крыг на рацэ вясной, бярвення ў час лесасплаву і пад. Воддаль чуліся гулкія выбухі — гэта ўзрывалі заторы [лёду] ля моста і ніжэй па рацэ. Хадкевіч. Увесь лес, які ішоў з вярхоўяў ракі, трэба было прапусціць так, каб ні адно бервяно не засталося на беразе і каб не ўтваралася затораў. Чарнышэвіч.

2. перан. Разм. Затрымка ў рабоце. — Не вырас яшчэ свой лес, а таму і з будаўніцтвам заторы. Лупсякоў.

зато́р 2, ‑у і ‑а, м.

Спец.

1. ‑у. Сумесь, прызначаная для браджэння пры вырабе гарэлкі, піва і інш.

2. ‑а. Колькасць брагі, якая пераганяецца за адзін раз для атрымання гарэлкі, а таксама гарэлка, атрыманая ў выніку такой перагонкі. Радзівон выгнаў.. аж два заторы. Прыдалася гарэлка добрая. Сачанка. — Выгналі адзін затор, я хапануў першака — і мора па калена. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адагна́ць, адганю, адгоніш, адгоніць; зак., каго-што.

1. Сілай або пагрозай прымусіць адысці ад каго‑, чаго‑н., перамясціцца. Адагнаць сабаку. □ Мухі і сляпні Не давалі спакою каню, атакуючы яго з усіх бакоў, і Марцін час ад часу саскокваў з драбінкі, каб адагнаць іх. Мележ. Карніцкаму не спадабалася, як ваююць Барсук і Віхор. Адзін падсцерагаў акупантаў каля сваіх зямлянак і нікуды не вылазіў, другі стараўся, колькі ў яго ставала сілы, адагнаць ворага ад сябе як мага далей. Паслядовіч. // Перамясціць (ветрам, плынню і пад.). Баіцца ён [дзядуля], каб не сплылі [дзеці] на чоўнах тых далёка, — адгоніць вецер караблі ў акіян шырокі. Дубоўка. // перан. Пазбавіцца ад чаго‑н. (ад якіх‑н. думак, пачуццяў, унікнуць якога‑н. фізічнага стану). Каб адагнаць сон, яна [Марылька] устала, прабеглася па беразе, аднак праз нейкі час паўтарылася тое ж самае. Кулакоўскі.

2. Адвесці, загнаць каго‑, што‑н. у якое‑н. месца. [Жылінскі:] — Мяне амаль кожную гадзіну завуць да тэлефона і ўсё пытаюцца, колькі я трактараў адагнаў на станцыю і пагрузіў на платформы. Сіўцоў. // Вярнуць, прымаць, адвесці на ранейшае месца. Адагнаць машыну ў гараж. □ Васіль падвёз Ніну да самага яе двара, потым адагнаў каня на канюшню, распрог і пайшоў дадому. Гаўрылкін.

3. Разм. Аддзяліць, праводзячы баразну, мераючы; адсякаючы, адшчэпліваючы, адбіць. Пойдзем разам з намі сёння, На узгорку, пры, гайку, Пяць гектараў мы адгонім, На цябе і на дачку. Броўка.

4. Спец. Здабыць шляхам перагонкі. Адагнаць шкіпінар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перагна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак.

1. каго-што. Прымусіць перайсці з аднаго месца на другое; перамясціць. Перагнаць табуны на лепшую пашу. □ Маёр загадаў усе плыты перагнаць у вусце рачулкі, замаскіраваць іх у чароце. Няхай. Навальніца была нядоўга, яе вельмі хутка бокам перагнаў вецер. Сачанка. // Гонячы, прымусіць перайсці, перамясціцца цераз што‑н., куды‑н. Перагнаць статак цераз чыгуначны пераезд. Перагнаць лодкі на другі бераг. □ Спачатку перагналі цераз ручаёк кароў. Следам за імі, падкасаўшы да калень, перайшоў Грыша. Пальчэўскі. // Разм. Гонячы, мінуць, прапусціць які‑н. пункт.

2. каго-што. Рухаючыся хутчэй, апярэдзіць; абагнаць. Алена падхапілася і пабегла .. Але праз некалькі крокаў яе перагналі другія партызаны. Шамякін. // перан. Дасягнуць большых поспехаў у параўнанні з кім‑н., выйсці ўперад у якіх‑н. адносінах. Надоі малака ў іх кароў пайшлі ўверх. Цяпер часта можна было чуць, як Ганна Тамашкевіч гаварыла: — Ого, Тоня, сёння ты перагнала ўсіх — сто пятнаццаць літраў маеш. Шчарбатаў.

3. што. Раскласці, расшчапіць на састаўныя часткі пры дапамозе перагонкі (у 1 знач.); зрабіць перагонку. Перагнаць нафту. Перагнаць малако. // Разм. Ачысціць перагонкай. Перагнаць спірт. // перан. Разм. Перавесці што‑н. у іншы стан, у іншыя велічыні, знакі і пад. У гэтую раніцу быў замаразак, але сонца ўзнялося высакавата, паспела прыгрэць зямлю, перагнаць шэрань на траве ў расу. Дуброўскі. [Навум:] — Ён табе і стог сена вылічыць, і капец абмерае і кілаграмы ў пуды перагоніць. Ермаловіч.

4. каго. Надта стаміць, замучыць яздой. [Бурак Ціхон да Хрысціны:] — Вось і я! Добры дзень у хату! Я даваў табе каня На вяселле к брату? Конь ледзь ногі прывалок, Каня перагнала. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гнаць, ганю́, го́ніш, го́ніць; пр. гнаў, ‑ла; незак., каго-што.

1. Прымушаць рухацца ў якім‑н. напрамку. Гнаць статак у поле. □ Асенні вецер гнаў па небе разарваныя хмары, ён ачышчаў ад іх неба. Чорны. // Забіваць, уганяць у што‑н. Гнаць цвік у сцяну. // Разм. Прымусова пасылаць, адпраўляць куды‑н. Гвалтам цар гнаў людзей па бітву з невядомым ворагам. Бядуля. // Праганяць, выганяць. Гнаць ворагаў з роднай зямлі. // Разм. Накіроўваць рух чаго‑н., весці кіруючы. Гнаць плыты па рацэ. // безас. Разм. Хутка ісці куды‑н. Куды цябе гоніць?

2. Прымушаць хутка рухацца, наганяць. Мы ехалі нейкай незнаёмай дарогай, спыняліся ў лесе і зноў гналі коней. Асіпенка. // Весці (аўтамабіль, поезд і пад.) на вялікай скорасці. А цягнік усё ішоў... І трывожны сігнал, І масты, і засады мінуў ён даўно. За вярстою вярсту Камісар яго гнаў. Глебка. // перан. Рабіць што‑н. хутка і многа, прымушаючы да гэтага сябе ці каго‑н. [Марыля], як рабіла на полі, дык больш за ўсіх работу гнала. Чорны.

3. і без дап. Праследаваць, ісці па слядах звера. Гнаць зайца. Сабака добра гоніць. // перан. Уст. Прыгнятаць, праследаваць, мучыць. Хоць нядоля мяне гнала, Усё ж мне сілы не зламала. Колас.

4. безас. Вельмі хутка расці. Сасну гоніць уверх.

5. Здабываць пры дапамозе перагонкі. Гнаць дзёгаць. Гнаць алей. // Выклікаць выдзяленне чаго‑н. Гнаць пот. / у безас. ужыв. Гоніць сліну.

6. Працуючы чым‑н., рабіць, утвараць. Гнаць пракос. □ Цяпер пад трактар плуг бы столямешны, Каб гнаць барозны шырынёю ў гоні. Аўрамчык.

7. Разм. Моцна слабіць (пра жывот).

8. звычайна ў ф. заг. гані́(це). Даваць. Гані тры рублі.

•••

Гнаць мятлою — груба выганяць.

Гнаць у магілу (труну, на той свет) — мукамі даводзіць да смерці.

Гнаць у шыю (карак, каршэнь) — а) груба выганяць; б) прымушаць хутка рабіць што‑н., падганяць. Не спяшайся, ніхто цябе ў каршэнь не гоніць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)