чай, -ю, мн. (пры абазначэнні гатункаў) чаі́, чаёў, м.
1. Вечназялёная расліна (дрэва або куст) сямейства чайных, лісце якой выкарыстоўваецца для прыгатавання духмянага напою.
Плантацыі чаю.
Вырошчаваць ч.
2. Высушаныя і асобым спосабам апрацаваныя лісты гэтай расліны, на якіх настойваюць духмяны танізуючы напой.
Зялёны ч.
Заварыць ч.
Купіць пачак чаю.
3. Гарачы напой, настоены на лісці гэтай расліны.
Моцны ч.
Выпіць чаю.
4. Настой на травах, карэннях, кветках і пад., які выкарыстоўваецца пераважна як лекавы сродак.
Ліпавы ч.
Грудны ч.
5. Чаяпіцце, чаяванне.
Запрасіць на ч.
◊
На чай (даваць, браць; разм.) — узнагарода, звычайна грашовая, за дробныя паслугі (афіцыянту, швейцару); чаявыя.
|| прым. ча́йны, -ая, -ае.
Ч. куст.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
Лот 1 — адзінка вагі 12 г (ТСБМ), 16 г (Бес., Бяльк., Яруш., Мат. Гом.). Ст.-бел. лотъ, запазычанае са ст.-польск. lot, якое з ням. Lot ’мера вагі’ < с.-в.-ням. lot < кельц. *(р)loudia ’упадаць’, с.-ірл. lūaide ’свінец, грузіла’ (Фасмер, 2, 522; Булыка, Запазыч., 191; Юрэвіч, Зб. Крапіве, 292; Васэрцыер, 142). Аднак, паводле Крукоўскага (Уплыў, 83), — гэта запазычанне з рус. мовы. Беспадстаўна. Сюды ж лот ’пачак фарбы’ (рагач., беласт., Сл. ПЗБ).
Лот 2 ’жолаб, па якім вада прыводзіцца да кола ў млыне’ (лунін., ЛАПП). Другаснае ад лоток (як рус. зонт ад зонтик). Да латак 1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
вазі́цца, важуся, возішся, возіцца; незак.
1. Катацца. Зімою ў вольны час. [Федзька і Эдзік] вазіліся на санках.., коўзаліся на драўляных самаробных каньках, акутых тоўстым дротам. Пальчэўскі.
2. перан. Разм. Аддаваць многа часу якой‑н. справе; важдацца. Тарас купіў на дарогу пачак папярос за тры капейкі,.. каб не вазіцца з курэннем на холадзе. Колас. — Калі табе з гэтымі гузікамі вазіцца, скідай, я ўмомант прышыю, — рашуча загадвае.. [Алесю] Варвара. Васілевіч. // Гуляць, забаўляцца. [Бацька:] — Славік, мой сын, напэўна, прыбег ужо са школы і вучыць урокі або возіцца са сваімі галубкамі. Кулакоўскі.
3. Зал. да вазіць (у 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
панабіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. чаго. Убіць, наўбіваць куды‑н. многа чаго‑н. Панабіваць гваздоў у сцяну.
2. каго-што. Набіць, напоўніць усё, многае. Панабіваць матрацы саломай. □ А сёння зноў закруціла мяцеліца, пазасыпала праталіны снегам, панабівала яго ва ўсе шчыліны. Дуброўскі. // Разм. Сабраць куды‑н. у вялікай колькасці. Камеры ў .. [астрозе] вялікія і людзей туды панабівалі, як запалак у пачак. Сабаленка.
3. што. Разм. Натрудзіць, стаміць працай. [Сяргей Аляксандравіч:] — Няхай робяць, няхай! Яны рукі свае панабіваюць. Дубоўка.
4. што. Набіваючы, насадзіць усё, многае. Панабіваць абручы на бочку.
5. каго. Набіць, адлупцаваць усіх, многіх.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пстры́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Рэзкі адрывісты ўдар пры разгібанні ўказальнага або сярэдняга пальца, сагнутага вялікім пальцам. Рыгор злавіў.. [Алега] ў канцы калідора, заціснуў галаву пад пахай і пачаў адлічваць дзесяць пстрычак. Ваданосаў. [Міхась] спакойна выцягнуў з кішэні пачак папярос, закурыў і пстрычкаю адкінуў запалку ў куток. Савіцкі.
2. Разм. Пра малую, несур’ёзную жанчыну ці дзяўчыну. [Фрыдхен] возіць штодня вясковае малако ў малачарню, а па паўдні сёй-той бярэ іх коні, наймае. Сама яна тады, зразумела, не едзе. Фрыдхен ездзіла раз, ды баіцца адна, пстрычка гэтая. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
частава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; незак.
1. Піць, есці, курыць тое, чым частуюць. Галя дастала з кішэні плашча невялічкі папяровы згортачак з цукеркамі, купленымі ў краме ў Сялібе, і аддала пляменніку — частуйся, ласун. Ермаловіч. [Глеб Іванавіч] прысеў да стала, дастаў пачак «Нёману», закурыў, прапанаваў гаспадару частавацца. Дуброўскі. // Есці з задавальненнем што‑н. смачнае; есці, піць кампаніяй. Падходзілі да Петраковай талеркі людзі і за падарункі гарэлачкай частаваліся. Гарэцкі. [Яўхім:] — Кланяліся яму [каменю], маліліся і нават у такія святы, як радаўніца, тройца, прыходзілі пад камень частавацца і, адыходзячы, пакідалі трохі ежы. Пестрак.
2. Зал. да частаваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распра́віць, ‑праўлю, ‑правіш, ‑правіць; зак., што.
1. Разгладзіць, зрабіць роўным. Нічыпар паклаў пачак на стол, акуратна расправіў кожную паперку. Асіпенка. [Анісся], дрыготкімі пальцамі расправіла выцерты шоўк. Лынькоў. // Размясціць правільна. Расправіць складкі.
2. Напружыўшы мышцы, выпрастаць, выцягнуць (часткі цела). Пан узяў рог пакручасты, Пазалочаны, блішчасты, Важна выставіў нагу, Галаву крыху адкінуў Ды расправіў грудзі, спіну І ў ражок той — тру-гу-гу. Колас. [Рыбак] скінуў з карка авечку, паклаў на яе бок карабін і з палёгкай расправіў намуляныя плечы. Быкаў. // Падняўшы, выцягнуўшы, разгарнуць (рукі, крылы і пад.).
•••
Расправіць крылы (плечы) — праявіць усе свае сілы, здольнасці; дзейнічаць рашуча, смела, энергічна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Пі́ка 1 ’зброя ў выглядзе дрэўка з вострым металічным наканечнікам, дзіда’ (ТСБМ, Бес., Нас., Шат., Бяльк., віл., Сл. ПЗБ), пікаю ’стралой ляцець (падаць)’ (ТС). З польск. pika (якое з франц. pique ці з ням. Pike ’піка’) альбо з рус. (ст.-рус.) пика ’тс’, якое з ням. ці франц. моў ад швейцарцаў: менавіта яны ўвялі ў XV ст. піку як абавязковую зброю пехацінцаў; з канца XVI ст. у Маскоўскай дзяржаве пачынаюць служыць наёмныя войскі (Адзінцоў, Этимология–1975, 86–90), — абедзьве лексемы з італ. picca ’тс’ (Праабражэнскі, 2, 57; Фасмер, 3, 260). Сюды ж свісл. піка́сты ’з вострымі канцамі’ (Сцяшк. Сл.).
Пі́ка 2 ’твар’ (Нас.). Гл. пы́ка ’тс’.
Пі́ка 3 ’пачак, стос’ (ТС). Відаць, у выніку перастаноўкі складоў з кі́па.
Пі́ка 4 ’масць у картах’, пі́чка ’карта піковай масці’ (Нас.). Гл. пі́кі 1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Такава́ць ’падклікаць спевам і рухамі самку ў перыяд спарвання (пра глушца і цецерука)’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.; віц., Яшк. Мясц.), токова́ць ’тс’ (ТС). Укр. токува́ти, рус. токова́ть, польск. tokować ’тс’ (з XVIII ст.), каш. tokowac ’праяўляць жаданне супакоіць праявы хцівасці (пра суку)’, в.-луж. tokać (з чэшскай мовы: Шустар-Шэўц, 1512), чэш. tokat ’прывабліваць самку (пра цецерукоў)’, старое tokovati, славац. tokať ’тс’. Выводзіцца паходжанне слова ад гукаў, якія самцы ўтвараюць падчас любоўнай узбуджанасці (Міклашыч, 358; гл. таксама Махэк₂, 646; Рэйзак, 665); гукі самца-глушца параўноўваюць са шчоўканнем пазногця аб няпоўны пачак запалак (Федз.–Доўб., 37–38, 44). Параўн. акрамя чэшскіх і славацкіх дзеясловаў рус. пск. то́кать ’тукаць, стукаць, пастукваць’, таксама ’(пра цецерукоў) такаваць’, укр. то́кот ’сэрцабіццё’, токота́ти, токоті́ти ’мерна і часта стукаць’ і н.-луж. пераноснае tokotaś, tokontaś ’увесь час спатыкацца, хістацца’. Словаўтварэнне, як у кукаваць (гл.); адносіны да ток 5 ’такаванка, такавішча (птушак)’ (гл.), з якога выводзілі дзеяслоў Брандт (РФВ, 25, 29–30) і Брукнер (573), застаюцца нявысветленымі. Гл. таксама Борысь, 637.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
падрабі́ць 1, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., што.
1. Зрабіць што‑н. фальшывае. Падрабіць дакументы. Падрабіць почырк. □ [Сяргей:] Ёсць у вёсцы такія ўмельцы, у кузні так [кляймо] падробяць, што не адрозніш ад сапраўднага, графскага. Машара. // Зрабіць падобным да чаго‑н. Наогул жа, калі салавей пяе — гэта цуд. І чалавеку дасюль не ўдалося ні толкам перадаць, ні падрабіць яго. Лужанін. — А ну, падрабі мой голас! — казаў пан з усмешкай. Бядуля.
2. Разм. Вяжучы, дабавіць яшчэ трохі; падвязаць. Падрабіць панчоху.
3. Зарабіць дадаткова, падзарабіць. Не прывыкаць [Сцяпану] рабіць, ведае, як з зямлёй абыходзіцца, а, дзе трэба, то і граматай падрабіць зможа. Мележ. Антон скоса зірнуў на пачак. Модныя, аднак, заўсёды папяросы курыць [Шпілеўскі]. Мабыць, недзе падрабіў ужо. Савіцкі.
падрабі́ць 2, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., што і чаго.
Раздрабіць усё, многае; надрабіць у нейкай колькасці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)