разгарадзі́цца, ‑раджуся, ‑родзішся, ‑родзіцца; зак.

1. Аддзяліцца адзін ад другога якой‑н. перагародкай. Разгарадзіцца з суседам парканам.

2. Разм. Разбурыцца, знішчыцца, ліквідаваць (пра загароды, перагародкі). Вось разгарадзіцца граніца, Бо панскі лад, вер, не даўгі. Колас.

3. Разм. Абнесці загародай вялікую плошчу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лёкай, ‑я, м.

Уст. Лакей. Хацеў Сцёпка проста ў панскі дом ісці, ды лёкай спыніў: — Ты чаго тут, валацуга, цягаешся! Якімовіч. — Што гэта па нагах такі холад ідзе? — здзівілася Агрыпіна. — А-а-а, пану старасту лёкаі спатрэбіліся, не можа за сабою зачыніць дзвярэй... Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

двор¹, двара́, мн. двары́, дваро́ў, м.

1. Участак зямлі пры доме, хаце паміж гаспадарчымі будынкамі.

Выйсці з хаты на д.

2. Сялянскі дом з усімі будынкамі каля яго; асобная сялянская гаспадарка.

Вёска на сорак двароў.

3. Маёнтак (гіст.).

Панскі д.

4. Гаспадарчы цэнтр сельскагаспадарчага прадпрыемства.

Жывёльны д.

Птушыны д.

Манетны двор — дзяржаўнае прадпрыемства, дзе адбываецца чаканка манет і вырабляюцца ордэны, медалі і інш.

Заезны двор — памяшканне пры дарозе для начлегу з месцам для коней.

На дварэ — на адкрытым паветры, не ў хаце.

Ні кала ні двара ў каго (разм.) — няма нічога.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

змяня́ць 1, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да змяніць.

змяня́ць 2, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

Разм. Зрабіць абмен чаго‑н. на што‑н.; абмяняць, памяняць. — Я на панскі капялюш Брыль свой не змяняю. Колас.

•••

Змяняць быка на індыка; змяняць гаршкі на гліну — памыліцца ў разліках, з дрэннага выбраць горшае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыганя́ты, ‑ага, м.

Слуга памешчыка, які наглядаў за працай сялян у час прыгону; цівун. Шмат чаго бачылі на сваім вяку старыя бярэзіны. Бачылі, як сцябаў селяніна бізуном панскі прыганяты. Галавач. // Разм. Наглядчык. Калючы дрот фашысцкіх канцлагераў, катаванні, голад, здзекі, парабкоўства ў нямецкіх прыганятых — усё гэта давялося паспытаць, «вывучыць» аўтару. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фаэто́н, ‑а, м.

1. Лёгкі экіпаж з адкідным верхам. Поезд наганяе другую фурманку, фаэтон, у які запрэжана пара коней. Галавач. Трохі паводдаль ззаду стаяў панскі фаэтон, запрэжаны параю коней. Мурашка. // Кузаў легкавога аўтамабіля, у якім можна адкрываць верх і здымаць бакавіны.

2. Птушка сямейства весланогіх, якая жыве ў трапічных морах.

[Грэч. Phaethōn — сын бога Сонца.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бяздо́льны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае шчаслівай долі; няшчасны. Ад родных ніў, ад роднай хаты У панскі двор дзеля красы Яны, бяздольныя, узяты Ткаць залатыя паясы. Багдановіч. Той час мінуў, калі ў бядзе і скрусе Рабом палоскі вузкай і сахі Быў люд бяздольны даўняй Беларусі — Жыхар нізін, балот і пушч глухіх... Звонак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зброд, ‑у, М ‑дзе, м., зб.

Разм., пагард. Бязладнае зборышча выпадковых людзей. Усякі зброд. □ Вам імпануе гэты зброд? — спытаў [Альшэўскі] у Марысі, паказваючы на дзядзькоў, што сядзелі непадалёк. Бажко. // Пра шкодных, небяспечных для грамадства людзей. Панскі зброд. Фашысцкі зброд. □ І калі яшчэ не пакаралі — Пакараем той крывавы зброд, Тых, што чалавецтва абакралі На мільёны год. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на́йміт, ‑а, М ‑міце, м.

1. Наёмны работнік; парабак. Так, жыў сабе [Караневіч], .. як найміт, нават не звіў сабе ніякага гнязда. Скрыган.

2. перан. Той, хто з карыслівымі намерамі служыць чыім‑н. мэтам, хто прадаўся каму‑н. Панскі найміт. □ Мы лічым сваім абавязкам выкрываць подлых апосталаў новай сусветнай бойні і іх наймітаў у асобе здрадлівых пісак і псеўдавучоных. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакаёўка, ‑і, ДМ ‑еўцы; Р мн. ‑ёвак; ж.

Уст. Служанка, якая прыбірала пакоі і выконвала некаторыя іншыя работы. Аднойчы .. [пані] пажадала мець, апрача пакаёвак, хлопчыка для пабягушак. Якімовіч. Сястра.. Раманоўскага Марыля служыла ў .. маёнтку пакаёўкай, а потым ахмістрыняй. С. Александровіч. Здарылася так, што Максім пакахаў пакаёўку Ганку — простую сялянскую дзяўчынку, узятую на службу ў панскі двор. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)