неве́жа м., ж.

1. (о мужчине) недаліка́тны, -нага м., няве́тлівы, -вага м.; (о женщине) недаліка́тная, -най ж., няве́тлівая, -вай ж.; (грубиян) грубія́н, -на м.; (грубиянка) грубія́нка, -кі ж.;

2. разг., уст., см. неве́жда.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

гру́бы, ‑ая, ‑ае.

1. Вялікі, тоўсты. Лавы з грубых дошак. □ Калі ўспыхвае пражэктар і ярка асвятляе яе твар, людзі бачаць, што левая шчака яе зрэзана грубымі шрамамі. Шчарбатаў. // Які складаецца з асобных частак, элементаў вялікага памеру. Бубновіч была ўжо сталая жанчына з грубым тварам і вялікімі рукамі. Карпюк.

2. Цвёрды, каляны, шурпаты на дотык. Грубая шэрсць. □ Гаспадар прынёс мне старую світку і бялізну з грубага сялянскага палатна. Анісаў. Рукі [Мікодым] меў вузлаватыя і грубыя, рукі чалавека, які працаваў некалі на цяжкай працы. Машара.

3. Проста зроблены, недасканала або няўмела апрацаваны. Грубая мэбля. □ Я прывык пісаць і есці За сталом бацькоўскім, грубым. Панчанка. // Недастаткова тонкі, няўмелы. Грубая работа.

4. Няветлівы, некультурны, рэзкі. Грубае абыходжанне. Грубае слова. □ [Гарлахвацкі:] Працуем мы, трэба сказаць, проста як коні, выбачайце за грубае параўнанне. Крапіва. Гарасім думаў, што Андрэй не такі ўжо закаранелы грэшнік, якім ён лічыў яго дагэтуль, толькі грубы, рэзкі. Чарнышэвіч.

5. Рэзкі, непрыемны на слых (пра гукі, голас і пад.). Тады пачуўся сярдзіты, грубы голас: — Ну хто там яшчэ? Мікуліч.

6. Не зусім дакладны, прыблізны. Грубы падлік. Грубая ацэнка магчымасцей.

7. Які выходзіць за межы элементарных правіл, заслугоўвае асуджэння. Грубая памылка. Грубае парушэнне законнасці.

8. ‑ая. Абл. Цяжарная (пра жанчыну). — Нікому ж толькі не кажы .. Яна ж ужо грубая. Баранавых.

•••

Грубая ежа гл. ежа.

Грубыя кармы гл. корм.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ту́мар1 ‘багацей, багатыр’ (Нас., Байк. і Некр., Сцяшк., Буз., Мядзв., Нар. Гом., Рэг. сл. Віц., Бяльк., Юрч. Сін.), ‘пануры, нелюдзімы чалавек’ (Зайка Кос.), ‘самастойны, сур’ёзны чалавек’ (мёрск., ЖНС), ‘ваўкаваты, упарты чалавек’ (віл., Нар. сл.), ту́мыр ‘пахмурны чалавек, кулак’ (Буз.), ту́марка ‘багачка’ (Нас., Байк. і Некр.), ту́мырка ‘тс’ (Юрч.). Сюды ж таксама вытворныя ту́марнік ‘шчаслівы і задаволены ўсім чалавек’ (полац., Нар. лекс.), ‘негаваркі чалавек, няветлівы’ (маладз., Гіл.), ‘ваўкаваты, упарты чалавек’ (віл., Нар. сл.), ‘чалавек закрыты, ціхі, але здольны на ліхое’ (Аляхн.), ‘маўчун’ (лаг., Жыв. сл.), ‘пануры чалавек, нелюдзень’ (Вушац. сл., Варл., Сл. ПЗБ), ‘нелюдзь, хто пазбягае людзей’ (мядз., лаг., ЛА, 3), тума́рнік ‘вельмі маўклівы чалавек’ (Жд. 3, Буз.). Укр. палес. ту́мар ‘багаты чалавек, кулак’, рус. ту́мар ‘тлум’, ту́маром ‘разам, гуртам’, смален. тума́рь ‘скнара, скупы; багач’. Нягледзячы на шырокае распаўсюджанне, застаецца цьмяным па паходжанні. Насовіч (Нас., 644) разглядаў як слова, што ўзыходзіць да тма ‘тысяча’ (гл. цьма), тлумачачы семантыку рус. тысячник ‘багаты чалавек’, параўн. ту́мырства ‘багацце’ (Юрч. СНЛ). Бузук (ЗІФВ УАН, 13–14, 279), разглядаючы бел. тумар, мяркуе пра корань тум‑, да якога адносіць і ўкр. тума́ ‘хмуры, маўклівы чалавек’, што, мажліва, узыходзіць да праформы *tou̯m‑/*teu̯m‑, з якой можна звязаць і корань тьм‑, што часткова падмацоўвае этымалогію Насовіча. Першаснае значэнне ‘цёмны’ тлумачыць як названыя назоўнікі, так і назву рэчкі Тумараўка каля Бабруйска (там жа), параўн. і ўкр. дыял. ту́марка ‘яма ў возеры, глыбокая яма ў балоце’ (Чарапанава, Геогр.), паводле ЕСУМ, 5, 675 — не яснае па паходжанні. Параўн. таксама тумны, гл. Незразумелыя адносіны да цімярнік ‘вельмі скупы чалавек’ (гл.), з якім можа быць звязана рус. тюмир ‘пануры, нелюдзімы’, якое Равінскі (Черног., 2, 3) параўноўвае з серб. тму̀ро ‘хмура, змрочна’, гл. Петравіч, Зб. радова Педагошке академије у Никшићу, 1975–1976, 5–6, 66. Сюды ж рус. дыял. тюми́рь ‘замкнуты, негаваркі чалавек’ (СРНГ).

Ту́мар2 ‘вялікі кавалак’ (Скарбы). Відаць, да ту́мар1 з семай ‘багацце’, ‘многа’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)