Прыкара́скацца ’прывязацца, прычапіцца, прыстаць’ (Байк. і Некр., Растарг., Янк. 1, Ян.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад кара́скацца ’карабкацца’ (гл.) з развіццём (зменай) семантыкі; параўн. аналагічнае зах.-бранск. прикара́скаться ’прычапіцца да некага дакучліва’. Бяспрэфіксны дзеяслоў надзейнай этымалогіі не мае. Спроба яшчэ Брукнера (219) звязаць з кара́сь, паўтораная таксама ЭСБМ (4, 264), выглядае зараз этымалагічным кур’ёзам. Падаецца, што лагічней бачыць тут рэгрэсіўную дысіміляцыю выбухной групы ‑[пк]‑ у кара́бкацца > ‑[ск]‑ у кара́скацца, абумоўленай, магчыма, экспрэсіўным ужываннем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прысу́ха1 ’каханая, любая’ (ТСБМ), ’прыгажуня, чараўніца’ (Мат. Гом.). Параўн. укр. присо́хнути ’адчуўшы сімпатыю, прыхільнасць да некага, надта пакахаць яго’, рус. дыял. прису́ха ’каханы чалавек; прыгажуня’, ’чараўніца’. Гл. наступнае слова.

Прысу́ха2 ’злая (міфічная) істота’; ’звышнатуральная сіла’ (Інстр. 2, Мат. Гом.). Утворана ад прысушыць ’прыманіць варажбой, прымусіць каго-небудзь сохнуць ад кахання’ (ТСБМ, Сл. Брэс., Мат. Гом.), гл. сушыць. Параўн. рус. дыял. прису́ха ’прыварожванне, чараўніцтва; вядзьмарства’; укр. прису́шений ’прычараваны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перахрысці́ць ’балюча ударыць’ (люб., Нар. словатв.). Да пера- (гл.) і хрысці́ць, гукапераймальнага паводле паходжання: магчыма, суадносіцца з прасл. *xvorstati, параўн. экспрэсіўныя ўтварэнні хра́снуць ’моцна выцяць’, хра́снуцца ’ўпасці, паваліцца, моцна стукнуўшыся’, дыял. (драг.) хроснуты ’ўдарыць’ і хво́снутысь ’ударыцца’, рус. хворостыть, чи‑хво́стить ’моцна сцёбаць’, польск. chróstać, н.-луж. kšostaś, в.-луж. chrósćić, чэш. chrastiti і chřastati ’грукаць дзвярыма’, ’біць некага палкай’ (гл. Махэк₂, 206 і 207): другасна (іранічна) атаясамлена з хрысці́ць (гл.), перахрысці́ць ’перажагнаць, палажыць крыж (рукою)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прысві́стваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Суправаджаць свістам спевы, танцы; пасвістваць (у такт чаму‑н.). Янка браўся рукою за падагнутую нагу Лабановіча, а Лабановіч за Янкаву, а на другой назе яны скакалі, як вар’яты, прысвістваючы або падпяваючы ў такт скокам. Колас.

2. Пасвістваць, свістаць. Аслабелы Шнураў, седзячы на канапе, захроп, прысвістваючы. Гурскі. Цёхкае салавей, прысвіствае дрозд і, як заўсёды, укладае некага спаць перапёлка. Сачанка. У полі моцна прысвістваў сыраваты вецер, балюча секлі твар сняжынкі. Мыслівец.

3. Гаварыць з прысвістам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уху́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Адзець у што‑н. цёплае, загарнуць, абгарнуць з усіх бакоў. І слова не змагла выгаварыць Зося.. Ухутала дзіця і выйшла з пакоя. Крапіва. Надзя адчула холад, ухутала ногі сенам і посцілкай, якая ляжала ў перадку саней. Бураўкін. Паслухмяная машына бегла роўна, весела звінеў матор, тугі паток стрэчнага паветра страляў брызентам, якім грузчыкі старанна ўхуталі тры такарныя станкі. Б. Стральцоў. / у перан. ужыв. Пільнавалі хмары некага, каб ухутаць яго сваёй мультановаю посцілкаю. Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хлам, ‑у, м., зб.

Непатрэбныя старыя рэчы. На базары мне добра былі вядомы сцежкі да будак, дзе на століках, сярод рознай старызны і хламу, ляжалі і перакупленыя ў некага кнігі. Скрыган. Толькі [дзед Іван] паспеў замаскіраваць патайнік розным хламам і вярнуцца ў хату, як уварваліся фашысты. Зуб. // перан. Разм. Што‑н. нікчэмнае, агіднае. — Хлопцы, хлам — з дарогі! Я еду... — Чаркашын аж дрыжаў, як перагрэты матор у машыне. На хату выбеглі Вярбіцкі ў цюбецеечцы і Калясень, узялі Акцызніка за рукі, за ногі і павалаклі да дзвярэй — на вуліцу. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увіва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да увіцца.

2. Разм. Вярцецца каля каго‑, чаго‑н., неадступна хадзіць за кім‑н. У хаце, аднак, было ціха, толькі кот, відаць, увіваўся каля некага і вымагаў спажыву. Кулакоўскі. // Дагаджаць каму‑н., дамагаючыся чаго‑н. [Іван Фёдаравіч:] — Малайчына, Магнат... Твой гэты Шмыг нешта ўвіваецца каля старшага майстра. Мыслівец. Ля начальніка ўвівайся, Кожны крок яго прадбач. Ён смяецца — ты ўсміхайся, Ён надзьмецца — ты заплач. Корбан. // Пастаянна знаходзіцца пры кім‑н., заляцацца да каго‑н. Адэля прыгожая, дык хлопцы ля яе і ўвіваюцца. Савіцкі.

3. Зал. да увіваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

не́хта (род., вин. не́кага, дат. не́каму, твор., предл. не́кім) мест. неопр. кто́-то; (некий человек — ещё) не́кто;

н. пасту́каў у акно́ — кто́-то постуча́л в окно́;

мне здало́ся, што вы гавары́лі з не́кім — мне почу́дилось, что вы говори́ли с ке́м-то;

падышо́ў н. ў чо́рным — подошёл не́кто в чёрном

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

сарамаці́ць, ‑мачу́, ‑маці́ш, ‑маці́ць; незак., каго.

1. Дакараць, выклікаючы пачуццё сораму. А настаўнік, нічога не ведаючы, думае, што Ганька падглядвае, і сарамаціць яе... Васілевіч. Калі хто спрабаваў сарамаціць, ушчуваць вырадка — біць яго цяпер, вядома, баяліся, — Пэпік апраўдваўся. Сачанка. Маці заступілася за сына, яна схапіла Хведара за руку і пачала сарамаціць. Пальчэўскі.

2. Ганьбіць, няславіць. Першай, мабыць, даведалася Халімоніха, прынесла вестку ад некага з суседак, зразу ж стала сарамаціць, клясці Ганну. Мележ. [Дзімін:] — Вам, Кашын, трэба праспацца. Я пазваню зараз, каб падрыхтавалі пасцель. Не сарамаціце бацьку. Карпаў. Пражыў ты [Бамбал] хораша век, дык пасядзі і хораша адпачні, не дзяцінься, не сарамаці сябе. Скрыган.

3. Прыводзяць у замяшанне, бянтэжыць, канфузіць. Сарамаціць вучня заўвагамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

натра́піцца, ‑плюся, ‑пішся, ‑піцца; зак.

Разм.

1. Выпадкова сустрэцца, трапіцца. Мабыць, я доўга блукаў бы па гэтых дарогах і сцежках, як у дрымучым лесе, калі б чалавек, якога я хацеў перш-наперш убачыць, не натрапіўся мне сам. Хадкевіч. Пачыналася квартальная справаздача, старшы наш бухгалтар Наўроцкі збіраўся пасля яе пайсці на пенсію, трэба было даць яму некага ў памочнікі. Якраз на гэты час натрапіўся Собіч. Скрыган. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выпадкова знайсціся. [Любе] натрапілася ў рукі адна рэч. Гэта быў зусім змяты і пацёрты заклеены канверт. Чорны.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выдацца, выпасці; надарыцца. Прымаючы ў сваю групу чалавека, Алёша пытаў у яго: — Гарэлку п’еш?.. — Калі натрапіцца, — адказваў часам.. хлопец. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)