набра́ць, -бяру́, -бярэ́ш, -бярэ́; -бяро́м, -бераце́, -бяру́ць; -бяры́; -бра́ны; зак.

1. што і чаго. Паступова беручы, узяць нейкую колькасць чаго-н.; назбіраць.

Н. кніг у бібліятэцы.

Н. кош грыбоў.

2. Зачарпнуць, напоўніць чым-н.

Н. вады ў вёдры.

3. каго-што. Наняць, прыняць.

Н. рабочых.

Н. вучняў.

4. што. Скласці з друкарскіх літар тэкст або надрукаваць яго пры дапамозе камп’ютара.

5. што. Саставіць з некалькіх лічбаў, знакаў.

Н. нумар тэлефона.

6. што і чаго. Дасягнуць якой-н. ступені ў сваім развіцці, руху і г.д.

Самалёт набраў вышыню.

Н. хуткасць.

7. што і чаго. Атрымаць у выніку спаборніцтва, экзаменаў і пад.

Н. дзесяць балаў.

8. чаго. Купіць, набыць.

Н. тканіны на сукенку.

Набраць сабе ў галаву (разм.) — умацавацца ў якой-н. думцы, многа думаць пра што-н.

|| незак. набіра́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; наз. набіра́нне, -я, н. (да 3 і 4 знач.).

|| наз. набо́р, -у, м. (да 1—6 знач.).

Здаць кнігу ў н.

Н. у ліцэй.

Н. вышыні.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

рабо́тнік, ‑а, м.

1. Чалавек, заняты работай; працаўнік. І на жніве, і на малацьбе паказаў [старшыня] аднавяскоўцам тое ўмельства хлебароба, якое жыве, не памірае ў сэрцы добрага работніка праз доўгія гады. Бялевіч. Дзед Баўтрук работнік сумленны. Гарачкі ў рабоце не пароў, а рабіў паважна, але гладка і акуратна. Колас. // Той, хто можа выконваць работу, працаваць. «Які з цябе работнік, — гаварылі гаспадары. — Вецер свісне, дык упадзеш». Бядуля.

2. чаго або які. Той, хто пастаянна працуе дзе‑н., прафесійна займаецца якой‑н. дзейнасцю. Партыйны работнік. Работнікі сельскай гаспадаркі. Работнікі друку. □ Работнікі музея любоўна захоўваюць усё, што звязана з жыццём Леніна. «Звязда». Работнік літаратуры і мастацтва нямала і нядрэнна расказалі аб подзвігах і героях фронту і тылу. Брыль.

3. Той, хто абслугоўвае каго‑н. сваёй працай. Наняць работніка. □ [Бародзіч:] — Мы не проста чужыя, панятыя работнікі, мы робім .. самі на сябе. Чорны. Забегаліся вятры — служакі-гаротнікі: Ніхто не ідзе да зімы ў работнікі. Тармола. // Наёмны сельскагаспадарчы рабочы; парабак. — На лішняга работніка грошай у мяне няма, а падсвінкі аж зямлю грызуць ад голаду... Бажко.

•••

Наменклатурны работнік — работнік, які значыцца ў спісе кіруючых асоб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

снять сов.

1. в разн. знач. зняць, мног. пазніма́ць;

снять карти́ну со стены́ зняць карці́ну са сцяны́;

снять сли́вки с молока́ зняць вяршкі́ з малака́;

снять пальто́ зняць паліто́;

снять ша́пки зняць (пазніма́ць) ша́пкі;

снять вопро́с с пове́стки дня зняць пыта́нне з пара́дку дня;

2. (кожу, шкуру) зняць, мног. пазніма́ць, злупі́ць, мног. пазлу́пліваць, садра́ць, здзе́рці, мног. паздзіра́ць;

3. (взять в наём) наня́ць;

го́лову снять галаву́ зняць;

как руко́й сняло́ як руко́й зняло́;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

верх м.

1. (род. ве́рху) в разн. знач. верх;

в. гары́ — верх горы́;

фу́тра з суко́нным ве́рхам — шу́ба с суко́нным ве́рхом;

2. только мн., муз. верхи́;

у яе́ до́бра гуча́ць вярхі́ — у неё хорошо́ звуча́т верхи́;

3. (род. ве́рха) (верхняя часть предмета) верх; (у шляпы — ещё) ту́лья ж.;

наня́ць в. да́чы — снять верх да́чи;

узя́ць в. — взять верх;

в. даскана́ласці — верх соверше́нства;

з ~хам — с ве́рхом;

це́раз в. — че́рез край;

чый в. — чей верх;

мой (твой, яго́, яе́ і г.д.) в. — мой (твой, его́, её и т.д.) верх

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

набра́ць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; заг. набяры; зак.

1. што і чаго. Паступова беручы, узяць нейкую колькасць чаго‑н. Набраць бярэмя дроў. □ Раніцою Галіна з мужам пайшла ў ток. Трэба было ссыпаць у мяшкі звеяны ўчора авёс і набраць авечкам мурагу. Галавач. // Назбіраць нейкую колькасць чаго‑н. Набраць у лесе ягад. □ Гэта той самы бярэзнік, дзе летась наш дзядзька, ходзячы па грыбах, напаў на неруш і набраў цэлую сявеньку выдатных баравікоў-бярозавікаў. Колас.

2. каго-што і чаго. Узяць, захапіць з сабою. Набраць у машыну пасажыраў. □ [Грэчка] зойдзе да жонкі, набярэ хлеба, сала і перасядзіць навалу. Мележ. // Зачарпнуць, напоўніць чым‑н. Набраць вядро бензіну. □ Часавы раздзеўся, набраў у кварту вады і стаў умывацца. Чорны. Мікодым, зірнуўшы на дзіця, спалохаўся, хуценька набраў на рыдлёўку зямлі і засыпаў ёю лужынку. Сабаленка. // Уцягнуць, увабраць у сябе. [Андрэй] набраў як мага больш, паветра ў лёгкія і апусціўся на дно. Скрыпка.

3. што і чаго. Прыняць, узяць у нейкай колькасці. Набраць заказаў. Набраць работы на дом.

4. чаго. Купіць, набыць. Набраць матэрыі на касцюм. Набраць гавару на боты. □ [Люба:] — А глядзі, якую мы з таткам табе ляльку прывезлі і якую сукенку набралі! Васілевіч.

5. каго-што. Навербаваць, наняць, прыняць. Набраць рабочых. Набраць вучняў. // Вярбуючы, наймаючы, стварыць. Набраць войска. Набраць атрад. Набраць групу.

6. чаго (пераважна з адмоўем). Здабыць, набыць, знайсці, каб хапіла на што‑н. Нам грошай столькі не набраць. □ Дзе ж мне набраць было сіл На гучную песню мажору. Глебка.

7. што і чаго. Дасягнуць якой‑н. ступені ў сваім развіцці, руху і г. д. Вясенні дождж сады абмыў, І цвет набрала вецце. Пушча. І раптам — думка: а што, калі віхура набярэ сілы, сарве кран з упораў і перакуліць. Гарбук. Машына лёгка адарвалася ад узлётнай паласы і імкліва набрала вышыню. Алешка.

8. што. Скласці з асобных частак што‑н. цэлае. Набраць паркет. □ Такі букет восенню ў лесе можа набраць толькі дзявочая рука. Пташнікаў. // Саставіць з некалькіх лічбаў. знакаў. [Андрэй] падышоў да тэлефона, узяў трубку, набраў нумар. Васілёнак. Міхал падышоў да стала і, спяшаючыся, набраў патрэбны нумар тэлефона. Карпаў. // Скласці з друкарскіх літар (тэкст). Набраць кнігу. □ [Купала:] Рабочыя набралі.. [артыкул] зноў. Вітка.

9. чаго і што. Атрымаць у выніку спаборніцтва, экзаменаў і пад. Набраць найбольшую колькасць ачкоў. Набраць патрэбную колькасць балаў.

•••

Набраць сабе ў галаву — тое, што і убіць сабе ў галаву (гл. убіць).

Як вады ў рот набраць — нічога не гаварыць, маўчаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)