напру́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.

1. Зрабіцца пругкім. Мускулы на твары Івана Іванавіча напружыліся, застылі. Гамолка.

2. Сабрацца з сілай, прыкласці намаганне, робячы што‑н. Вялізная рыбіна ўздрыгнула, напружылася і пацягнула за сабою лодку. Ваданосаў. Лейтэнант напружыўся, варухнуў нагамі і тут жа з глухім стогнам упаў на зямлю. Курто.

3. перан. Узмацніцца, павысіцца (аб ступені праяўлення чаго‑н.). Рукі мімаволі моцна сціснулі стрэльбу, слых напружыўся, а вочы да болю ўпіліся ў цемру. Ляўданскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напру́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што.

1. Зрабіць пругкім. Напружыць мускулы. □ Ціма напружыў цела, узмахнуў некалькі разоў рукамі, заграбаючы пад сябе ваду, і зноў пачаў апускацца, слабець. Пальчэўскі.

2. перан. Узмацніць, павысіць ступень праяўлення чаго‑н. (пра памяць, зрок, слых і г. д.). Мазанік напружыла ўсю сваю волю, усю вытрымку і ветліва ўсміхнулася салдату. Пятніцкі. Канстанцін Сяргеевіч напружыў зрок і пазнаў высокую постаць Жэні Коржаня і крыху ніжэйшую Цімы Дакутовіча. Трэцяга ён не ведаў. Шчарбатаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напя́цца, ‑пнуся, ‑пнешся, ‑пнецца; ‑пнёмся, ‑пняцеся; пр. напяўся, ‑пялася; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць тугім, пругкім; нацягнуцца. Трос напяўся. Мускулы напяліся. □ Карп быў вялізны, бо лёска напялася, як струна, а вудзільна сагнулася ў дугу. Рунец. Стары бачыў, як напялася на Яўхімавым твары цвёрдая, дублёная ветрам ды сцюжамі скура. Мележ.

2. перан. Сабраўшы ўсе фізічныя сілы, напружыцца. Конь напяўся, і сані скрануліся з месца. Якімовіч. Язвіцкі наняўся, спрабуючы ўстаць. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разві́цца, -заўю́ся, -заўе́шся, -заўе́цца; -звіўся, -звіла́ся, -ло́ся; зак.

1. Раскруціцца, расплесціся (пра што-н. звітае, завітае).

Вяроўка развілася.

2. Распусціцца (пра пупышкі, кветкі і пад.).

З прыходам цяпла дрэўца прыгожа развілося.

Тады каза разжывецца, як куст разаўецца (прыказка).

3. Відазмяняючыся, знаходзячыся ў працэсе росту, дасягнуць вышэйшай або пэўнай стадыі развіцця.

Усходы добра развіліся.

4. Дайсці да высокай ступені дасканаласці, высокага ўзроўню, найбольшай сілы.

Шырока развілася сучасная літаратура.

Здольнасці развіліся.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць мацнейшым, умацавацца, памацнець.

Мускулы развіліся.

6. Паступова павялічваючыся, узмацняючыся, дайсці да значнай ступені.

З гары развілася вялікая скорасць.

|| незак. развіва́цца, -а́ецца.

|| наз. развіццё, -я́, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

спружы́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак. і (рэдка) зак.

1. Змяняць (змяніць) сваё становішча пад уздзеяннем якой‑н. сілы і вяртацца (вярнуцца) у ранейшае становішча пасля спынення гэтага ўздзеяння; аказваць (аказаць) супраціўленне ціску. Падводная гаць з жэрдак спружыніць пад нагамі. В. Вольскі. — Эх! — уздыхнуў я і зараз жа вылаяўся, бо галінка, якую адпусціў [той, хто ішоў] наперадзе, спружыніла і балюча сцебанула мяне па твары. Карпюк.

2. Разм. Напружваючы, рабіць (зрабіць) пружыністым, пругкім. Спружыніць мускулы. // Напружыўшыся, адштурхоўвацца (адштурхнуцца). Сашка спружыніў абедзвюма нагамі аб дно і крута пайшоў уверх. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ту́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; незак.

Разм. Напружваць мускулы, рабіць фізічныя намаганні. [Бамбала] траціць апошнія сілы, але ўсё-такі пнецца і тужыцца выцягнуць сеці. Скрыган. / у перан. ужыв. А побач другі малы «гейзер», амаль па паверхні, таксама тужыўся парадзіць ваду, але ў яго не хапала сілы, і ён толькі часам выпускаў з сябе сытыя бурбалкі. Караткевіч. // Сканцэнтроўваць увагу, думкі на чым‑н.; старацца прыпомніць што‑н. — Пачакай, як жа хлопчыка звалі, дай божа добрую памяць, — тужылася ўспомніць Хрысціна. Гурскі. Як ні тужыўся Змітрок уразумець, што хацела сказаць жонка ў час іхняй перапалкі, не зразумеў. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разві́ць, -заўю́, -заўе́ш, -заўе́; -заўём, -заўяце́, -заўю́ць; -звіў, -звіла́, -ло́; -зві́; -звіты (да 1 знач.) і -звіты́; зак.

1. што. Раскруціць, расплесці што-н. звітае, завітае.

Р. вяроўку.

2. што. Даць чаму-н. памацнець, узмацніць; паспрыяць узнікненню і ўмацаванню (якіх-н. якасцей, уласцівасцей).

Р. мускулы.

Р. памяць.

Р. цікавасць да навукі.

3. каго-што. Давесці да якой-н. ступені духоўнай сталасці, свядомасці, культуры.

Р. вучня.

Р. грамадства.

4. што. Падняць узровень чаго-н.

Р. прамысловасць краіны.

5. што. З усёй энергіяй разгарнуць што-н.

Р. грамадскую дзейнасць.

6. Паступова павялічваючы, давесці да значнай ступені.

Самалёт развіў вялікую хуткасць.

7. што. Распаўсюдзіць, паглыбіць і пашырыць змест або прымяненне чаго-н.

Р. думку.

Р. свае доказы.

|| незак. развіва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. развіццё, -я́, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

напру́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад напружыць.

2. у знач. прым. Які знаходзіцца ў стане напружання. Напружаныя мускулы. Напружанае цела.

3. у знач. прым. Які праходзіць з напружаннем, з затратай вялікіх сіл. Напружаная праца. Напружаная барацьба. □ Быў самы напружаны час веснавой сяўбы. Новікаў.

4. перан.; у знач. прым. Неаслабны, узмоцнены. Напружаная ўвага. Напружанае чаканне. Напружаная цішыня. □ Карызна слухаў даклад з глыбокай напружанай цікавасцю. Зарэцкі. // З павышанай ступенню ўспрымання. Напружаны слых. Напружанае ўгляданне.

5. перан.; у знач. прым. Нацягнуты, цяжкі, які патрабуе ўрэгулявання. Напружаныя адносіны. Напружаныя абставіны.

6. перан.; у знач. прым. Які выражае напружанне; ненатуральны. Апошнія словы Кандрат вымавіў напружаным шэптам. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напя́ць, ‑пну, ‑пнеш, ‑пне; ‑пнём, ‑пняцё; пр. напяў, ‑пяла; зак., што.

1. Нацягнуўшы, зрабіць тугім. Напяць вяроўку. □ Каля ганка Вайтовіч напяў лейцы, і конь спыніўся. Пальчэўскі. // Зрабіць пругкім; напружыць. Сярмяжка слухаў наіўную шчырасць [Сцяпана] і ўсміхаўся. — Ну, а калі ў армію не возьмуць?.. — Як гэта не возьмуць?.. Гы-ы, — Сцяпан напяў на руках і грудзях мускулы. — Во! Дадзіёмаў. // Нацягваючы або расцягваючы, прымацаваць канцамі да чаго‑н.; раскінуць. Эдзік выцягнуў з сянец цяжкую металічную раму. На яе напялі сетку. Гаўрылкін. На ўзбярэжжы ракі напялі брызентавую палатку — гэты паходны домік усіх будаўнікоў. Грахоўскі.

2. Разм. Надзець што‑н., нацягнуць. [Вячорык] нервовым рухам ухапіў шапку і напяў на галаву. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пату́га1, поту́га ’туга, журба’ (ТС). Да туга́ (гл.). Прыстаўка па‑ і націск на у́ пад уплывам семантычна блізкай лексемы пату́гі2 ’цяжкасці фізічныя’.

Пату́га2, пату́гі ’напружанне ўсіх сіл, напружанае скарачэнне мышцаў’, ’напружаныя намаганні, спробы зрабіць што-н.’, ’хвароба пры родах’ (ТСБМ, Нас.). Укр. поту́га ’сіла моц’, ’войска’, якое, магчыма, з польск. potęga, рус. поту́ги ’напружанні’, по́туг ’цеціва’, кур. поту́жный ’парывісты (вецер)’, ту́жить ’нацягваць’, польск. potęga ’сіла, моц’, tężeć ’цвярдзець’, чэш. tužiti, славац. tužiť ’умацоўваць’. Паўночна-славянскае. Да тугі́ (гл.) > ту́жыцца ’напружваць мускулы’, тужэ́ць ’станавіцца тугім’, патужэ́ць ’пацвярдзець’ (ТСБМ, Некр.). Утворана, як і літ. pãstangos ’патугі, намаганні’ (< pastìngti ’застыць, замерзнуць, задубець’), пры дапамозе прыстаўкі па‑ (< прасл. po‑). Сюды ж патужні ’цяжкі, няўдалы (пра зіму)’ (Доўн.-Зап., Песні), патужны ’моцны (вецер)’, ’шматводны ад поўных прытокаў’, воран. ’ладны, бойкі’ (Сцяшк. Сл.), патужнасць ’сіла, моц’ (Нас.).

Пату́га3, пату́жнасць ’дапамога’ (Нас.), пату́жнік, поту́жникъ ’саўдзельнік, памочнік’, ’здаровы работнік’ (Гарб., Нас.). Семантычна-словаўтваральны сінонім з лексемай по́‑мач (< прасл. pomogtьпаўн.-слав. tǫgъ/tęga). Да пату́га1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)