напя́ць, ‑пну, ‑пнеш, ‑пне; ‑пнём, ‑пняцё; пр. напяў, ‑пяла; зак., што.
1. Нацягнуўшы, зрабіць тугім. Напяць вяроўку. □ Каля ганка Вайтовіч напяў лейцы, і конь спыніўся. Пальчэўскі. // Зрабіць пругкім; напружыць. Сярмяжка слухаў наіўную шчырасць [Сцяпана] і ўсміхаўся. — Ну, а калі ў армію не возьмуць?.. — Як гэта не возьмуць?.. Гы-ы, — Сцяпан напяў на руках і грудзях мускулы. — Во! Дадзіёмаў. // Нацягваючы або расцягваючы, прымацаваць канцамі да чаго‑н.; раскінуць. Эдзік выцягнуў з сянец цяжкую металічную раму. На яе напялі сетку. Гаўрылкін. На ўзбярэжжы ракі напялі брызентавую палатку — гэты паходны домік усіх будаўнікоў. Грахоўскі.
2. Разм. Надзець што‑н., нацягнуць. [Вячорык] нервовым рухам ухапіў шапку і напяў на галаву. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)