Сур ’смецце’ (Нас., Гарэц., Бяльк.; бялын., Янк. 3.), ’смецце ў ягадах’ (бых., ЛА, 3), ’насечаныя дробныя кавалачкі дрэва’ (ветк., ЛА, 5), су́рʼе зборн. ’смецце’ (Юрч. Вытв.), сур зборн. ’тс’ (бялын., Янк. Мат.; заўвага ўкладальніка: “ужываецца і смецце, але сур мае больш шырокае значэнне”), суры́нка ’парушынка’ (Бяльк.), су́рный (пра хату) ’засмечаны’ (Нас.), сурану́цца ’ўпасці чаму-небудзь дробнаму’ (Бяльк.), суры́ць (сури́ць) ’рабіць смецце’ (Нас., Гарэц.), ’смеціць, растрасаць рэдка гной’ (Юрч. Вытв.). Няясна; арэальна звязана з рус. сор ’смецце’ (звязваецца са сраць, Фасмер, 3, 720) з няяснай фанетыкай: ‑у‑ першапачаткова ў ненаціскной пазіцыі пры дысіміляцыйным аканні ўсходнемагілёўскіх гаворак; бел. сур было запазычана як польск. дыял. sur ’тс’ (Варш. сл., 6, 516); укр. палес. сур ’смецце’ — з беларускай (ЕСУМ, 5, 478). Параўн., аднак, польск. дыял. sor, sur, szurмул, нанос’, што можа быць звязана з szurać ’шараваць, церці з шумам’, параўн. шураць, шургаць, гл. Сумненні адносна паходжання ў Цвяткова, Запіскі, 2, 1, 56. Гл. таксама сурыць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слімаза́рны, слімазу́рны ‘запэцканы слінай; малы, хілы’, ‘марудлівы, дробязны (аб працы)’ (Нас.), слімаза́рны ‘няўдалы, нязграбны’ (Сцяшк. Сл.), ‘плюгавы’ (Янк. 2), ‘мізэрны’ (Сержп.; кам., ЖНС), слемаза́рны ‘ўбогі, варты жалю, слёз’ (Нар. Гом.), слямаза́рный ‘дробны’ (Сл. Брэс.), слімаза́рнік, слімазу́рнік ‘гадкае запэцканае дзіця’, ‘благі працаўнік, рамеснік’ (Нас.), слімаза́рнік ‘неахайны, апушчаны чалавек’ (Чач., Касп., Федар. 4), слімазу́рыць ‘пэцкаць’, ‘марудліва займацца нечым’ (Нас.), слімаза́ ‘плакса’ (КСП). Параўн. укр. арг. шлямаза́рник ‘вучань, што нестаранна піша’, польск. ślamazarny, szlamazarny, ślimazarny ‘павольны; расхлябаны, бездапаможны; вялы’, ślamazara ‘няўклюда, няздара, недарэка’, каш. slamaza ‘марудны, пазбаўлены энергіі чалавек’. Сцяцко (Афікс. наз., 41) слімаза́ разглядае як назоўнік агульнага роду, утвораны пры дапамозе непрадуктыўнага суф. ‑з‑(а), што характарызуе асобу па негатыўнай працэсуальнай прыкмеце, ад слі́маць ‘плакаць’ (КСП) па тыпу раўцірэўза. Да падобнай версіі паходжання каш. slamaza схіляецца Борысь (SEK, 4, 308), мяркуючы пра зыходныя формы *ślimaza, ślimaga, якія пазней зблізіліся з запазычаным ślam < ням. Schlamm ‘глей, мул, гразь’, ад якіх выводзіць польскія словы Брукнер (530). У якасці словаўтваральнай асновы прымаецца *slim‑ ‘слізь, сліна’ < прасл. *slimъ або *slima, гл. SEK, 4, 311; Бязлай, 3, 260; параўн. слім, слімень (гл.). Аднак аргатычнае ўжыванне дапускае і іншую версію паходжання слова ці, ва ўсякім выпадку, уплыў на семантыку славянскага слова з боку яўр.-ням. (ідыш) schlimasel ‘злы лёс’, як гэта меркаваў Карскі (Белорусы, 173). Шульман (Полымя, 1926, 8, 216) лічыць крыніцай беларускага сьлімазальнік ‘пэцкаль, мурза, няўдачнік’ ід. Schlimesalnik ‘тс’. Гл. таксама Альтбаўэр, JP, 17, 49 і наст. Горбач (Арго школярів, 35) украінскі аргатызм выводзіць ад ма́зати, гл. мазаць, і яўр. šlim‑mazzalnik ‘няўдачнік, бедалага’ з ням. schlimm ‘дрэнны’ і яўр. mazzal ‘доля, шчасце’. Сучасны аргатызм шлемазл ‘няўдачнік’ (гл. Евреи Гродно, Гродно, 2000, 118) < ід. Schlafnassel ‘цяжкая, заблытаная сітуацыя, пры якой індывід церпіць прыкрую няўдачу’, што з біблейскага яўр. Schla > Schlau + ід. Massel ‘шчасце’, для якога дапускаецца кантамінацыя з ням. Schlimm ‘дрэнны, паганы’ (Штэрн, Wörterbuch, 189).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кал ’змесціва кішэчніка, якое выдзяляецца пры спаражненні’ (БРС, ТСБМ, Гарэц.), ’вадкі, найбольш моцны гной’ (Шат.), ’гразь’ (Клім.; бяроз., КЭС; драг., Нар. лекс., Нар. словатв., Сцяшк. МГ; бяроз., пін., Шатал.; брэсц., гродз., паўдн. бел., Яшк.), ’замёрзлая на дарозе гразь’ (свісл., Шатал.). Паводле даных новых дыялектных слоўнікаў: ’гразь, гной, бруд’ (беласт., гродз., карэл., свісл., гарад., Сл. паўн.-зах.). Статус слова ў літ. мове не вельмі ясны; тэарэтычна такое значэнне магло развіцца на базе вядомага ў гаворках значэння ’гной’, аднак хутчэй за ўсё тут запазычанне (з польск., з рус.?). У гаворках слова адзначана найбольш часта на паўдн. захадзе. Укр. кал ’гразь; кал; гразь на дарозе, на целе і інш.’, рус. кал (статус у гаворках няясны; СРНГ прыводзіць толькі смал., вяц. кала ’нечыстоты, кал’, арханг. калиться ’спаражняцца’), польск. kał ’кал’, дыял. ’гразь, мул, балота і інш.’, каш. kał ’гразь на дарозе’, славін. ko ’гразь, ціна’, kal ’гразь на дарозе’, н.-луж. kala (статус падазроны), чэш. kal ’вадкая гразь, брудная вада, калужа і інш.’, славац. kal ’брудная вада, вадкая гразь і інш.’, славен. kal ’гразь у калужы і інш.’, серб.-харв. ка̏о, дыял. кал ’гразь, ціна і інш.’, макед. кал ’гразь і інш.’, балг. кал ’гразь і інш.’, ст.-слав. калъ ’гразь, ціна’. У шэрагу слав. моў супадаюць канкрэтныя значэнні тыпу бел., славен., укр. ’гразь на целе’. Прасл. kalъ, далейшыя сувязі няясныя. Трубачоў (Эт. сл., 9, 128) звяртае ўвагу на адзнакі архаізма ў гэтым слове і адсутнасць адпаведніка ў балт. мовах, слова нематываванае на слав. глебе, як і і.-е. *kālo‑s або *kālo‑s‑ на і.-е. глебе. З ліку традыцыйных паралелей можна згадаць ст.-грэч. πηλός, дар. πᾱλός ’гліна; гразь, балота і інш., аднак π‑ у гэтым слове можа ўзыходзіць як да *p, так і да *k​. Думка аб роднаснасці слав. і грэч. лексем належыць Мейе, MCL, 13, 1905, 291–292, а таксама слав. лексемы з лац. squālus ’брудны і інш., гэта паралель іншымі аўтарамі аспрэчваецца па семантычных крытэрыях (Вальдэ-Гофман, 2, 582). Фасмер (2, 163) упэўнена мяркуе аб сувязі са ст.-інд. kāla‑ ’сіня-чорны’; Слаўскі (2, 32) таксама дапускае магчымасць праформы *kāloḥ, што дазваляе суаднесці слав. лексему з іншымі назвамі колеру і плям (тыпу літ. kalýbas, kalývas ’з белай шыяй (аб сабаках)’, лац. cālidus ’з белай плямай на лбе (пра коней)’, ст.-грэч. κηλάς ἀίξ ’каза з плямай’ і інш.). Відавочна, аднак, што найбольш моцны семантычна і фармальна прыклад — ст.-інд. слова — на самой справе або дравідыйскае, або вельмі дэфармаваны, ва ўсякім разе ‑l‑ тут першаснае, гл. Слаўскі, 2, 33; Трубачоў, Эт. сл., 9, 128, дзе спасылка на Майргофера, 1, 203. Трубачоў (там жа) звяртае ўвагу яшчэ і на тое, што ст.-грэч. καλάς лічыцца няясным па паходжанню, што вельмі зніжае яе надзейнасць як паралелі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)