умыва́льнік, ‑а, м.
1. Пасудзіна з кранам або ракавіна з кранам, прызначаныя для ўмывання. У калідорчыку стаяў бляшаны ўмывальнік, а пры ім віселі ручнікі. Колас. Стоячы ўжо над умывальнікам перад люстэркам, Ліда аблівала твар вадой з поўных далоней. Галавач.
2. Разм. Тое, што і умывальня. У першыя дні Саша са сваёй сястрычкай Лідай нават не ведалі, што рабіць ад радасці: насіліся з аднаго пакоя ў другі, заглядвалі ва ўмывальнік, ванную. Даніленка. Я падхапіўся і памкнуўся бегчы ва ўмывальнік. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ярмо́, ‑а; мн. ярмы, ‑аў; н.
1. Драўляны хамут для вупражы рабочай буйной рагатай жывёлы. Употай ад маці Ліда прывучыла карову да ярма. Паслядовіч. Вол мае ўласнае ярмо. Крапіва.
2. перан. Няволя, прыгнёт, уціск. Працоўныя людзі заўжды, зразумей, Да ўлады савецкай гібелі ў ярме. Чарнушэвіч. Крышыце панскае ярмо, браты. Таўлай. Многія краіны Азіі і Афрыкі, якія вызваліліся ад каланіяльнага ярма, .. цвёрда прытрымліваюцца палітыкі міру. «Звязда».
3. Спец. Частка электрычнай машыны, якая злучае паміж сабой яе полюсы.
•••
Цягнуць ярмо гл. цягнуць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ула́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.
1. Станоўча вырашыцца, ажыццявіцца; дайсці да ладу, наладзіцца. І нечакана лёгка ўсё ўладзілася як лепш не трэба. Скрыган. Анатоль .. пачаў развясельваць земляка: — Не бяры так блізка да сэрца, можа, яшчэ ўсё ўладзіцца і сыдзецеся зноў. Пальчэўскі. Думкі кожнага яшчэ беглі наўздагон за сябрамі .. Што іх чакае? Як уладзіцца іх лёс? .. Машара. // Ліквідавацца (пра непаразуменні). Уладзіўся канфлікт.
2. Асталявацца, стварыць неабходныя ўмовы для існавання; уладкавацца. Уладзіцца на кватэры. Уладзіцца з харчаваннем. □ У другім лісце Ліда напісала, што перайшла ў інтэрнат, і папрасіла грошай. Трэба ж было ўладзіцца на новым месцы. Чарнышэвіч. Зямлі пясчанай колькі хочаш, Будуйся, дзе табе зручней, Дзе болей вабіць твае вочы, Ты толькі ўладзіцца ўмей. Колас. // Размясціцца, прыстроіцца. Разаслаўшы плашчы на пясок, мы [турысты] таксама ўладзіліся на пляжы ля самага беражка прыбою. Лынькоў. Людзі ўцякалі. Хто паспеў сесці на цягнік, хто ўладзіўся на машыну, хто ішоў пехатою, закінуўшы на плечы хатуль. Арабей.
3. Разм. Паступіць на работу, вучобу, службу і пад., заняць якое‑н. месца, становішча. [Янку] хацелася сумленна ўладзіцца на працу, быць бліжэй да універсітэта. Асіпенка. Быў [бацька] і за кур’ера, і за швейцара, і за вартаўніка, а пасля ўладзіўся на хлебазавод, дзе і працаваў экспедытарам аж да пенсіі. Васілёнак. Ліда Данілава ўладзілася прасавальшчыцай сена на адной з .. фуражных баз. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нязвы́клы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не ўвайшоў у прывычку, не стаў прывычкай. Ліда паздароўкалася з настаўнікамі і ветліва запрасіла іх у хату. Яна была і задаволена і трох[і] саромелася яшчэ нязвыклай для яе ролі гаспадыні. Колас. // Непрывычны, незнаёмы. Ляцець належала ноччу. Усё ў самалёце было нязвыклае, чужое. Новікаў.
2. Які не звыкся з чым‑н., не набыў прывычкі рабіць што‑н. Коні палахліва стрыглі вушамі, касавурыліся назад і, нязвыклыя да гэткай дзіўнай работы — скародзіць дарогу, — бязладна торгалі пастронкамі. М. Ткачоў.
3. Не такі, як заўсёды. Клара глянула на.. [Васіля] нязвыклым позіркам шэрых вачэй і адразу ж прыкрыла іх доўгімі вейкамі. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перш, прысл.
Спачатку, раней. Перш сварыўся на яго бацька, потым бачыць — нічога не парадзіш, калі ў сына такая ахвота. Якімовіч. [Маці] хацела запаліць святло, але Мікола папрасіў перш завесіць вокны. Федасеенка.
•••
Перш за ўсё — у першую чаргу. Чалавек на зямлі, хто б ён ні быў: воін ці будаўнік, а перш за ўсё сейбіт. Гроднеў.
Перш-наперш — спачатку, перш за ўсё. Калі змены супадалі, то Ліда перш-наперш старалася наведацца на Лёнеў участак. Кулакоўскі.
Перш чым (злучнік часавы) — перад тым як, да таго як. Дзён пяць блукаў Антось па навакольных вёсках і хутарах, перш чым натрапіў на след пана. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кра́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Рухаць, варушыць. Нямнога выйшла нас тады На бераг, Ледзь кратаў я Параненай рукой... Ставер. Заяц.. неяк смешна кратаў раздвоенай губой, насцярожана стрыгучы вушамі. Шахавец.
2. каго-што. Дакранацца да каго‑, чаго‑н.; чапаць. — Глядзі, твой бацька прыйшоў, — раптам кратае Жорыка за рукаў Ромка. Даніленка. Ліхаманкава гарэлі вочы, пальцы правай рукі.. нервова краталі шчаку. Лынькоў.
3. каго-што. Абл. Выклікаць якія‑н. пачуцці; кранаць. Некалькі хвілін у хаце было ціха, нібы яна была пустая. Што адчувала Ліда, Лабановіч не ведаў. Здавалася, што ўсё гэта яе мала кратала. Колас. Апусцелыя палі і лугі навявалі сум. Але ўсё гэта Халусту не кратала. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
акуну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Апусціцца ў ваду на некаторы (звычайна кароткі) час. Ліда раней за ўсіх зайшла на глыбокае месца, акунулася і паплыла. Шамякін. Калі мы самі ўрэшце адважыліся акунуцца, адразу зразумелі, чаму так мала плыўцоў на гэтым гарачым беразе. Лынькоў. // перан. Быць ахопленым чым‑н.; апусціцца ў што‑н. Праваднік уключыў электрыку, і купэ акунулася ў бледна-зялёнае святло. Васілевіч. Мы выйшлі з сада на сенажатную дарогу і акунуліся ў сінія, шаўковыя туманы. Пестрак.
2. перан. Поўнасцю аддацца якой‑н. справе. Восенню 1904 года Алаіза Пашкевіч пераехала ў Вільню, каб у губернскім горадзе акунуцца ў рэвалюцыйныя справы. С. Александровіч.
•••
Акунуцца з галавой у што — поўнасцю аддацца якой‑н. рабоце, дзейнасці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няво́льнік, ‑а, м.
1. Раб, прыгонны. [Музыкант] слухаў расказы аб [радзіме] ад свайго дзеда, некалі вывезенага сюды на караблі нявольнікаў. Лынькоў. Рукамі нявольнікаў насыпаны .. высокі вал, выкананы глыбокія азёры, канавы, напоўненыя вадою, якія абкружаюць палац Радзівіла. Бялевіч.
2. Зняволены. І раптам Ліда Сцяпанаўна зразумела: гоняць [арыштаваных] да супрацьтанкавага рова.. Яна аглянулася, ці няма якой магчымасці ўцячы, але немцы шчыльным ланцугом абкружылі групу нявольнікаў. Шчарбатаў.
3. перан.; чаго. Чалавек, які знаходзіцца пад уплывам, уладаю чаго‑н. Нявольнік сваіх пачуццяў. □ Чалавек — не нявольнік прыроды, а яе гаспадар, правільней, старэйшы брат, які бязмежна яе любіць і якому яна аддае ўсё, што можа, са сваіх багаццяў. Клімковіч. Са светлай радасцю і з незразумелай трывогай я ўбачыў, што раблюся нявольнікам гэтай чароўнай паненкі. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазастава́цца, ‑стаецца; ‑стаёмся, ‑стаяцеся, ‑стаюцца; зак.
1. Застацца дзе‑н., не пакінуць якога‑н. месца — пра ўсіх, многіх. Ліда тым часам сустракалася з такімі, як сама, маладымі хлопцамі і дзяўчатамі, што пазаставаліся ў горадзе. Кавалёў. // Не перайсці ў наступны клас — пра ўсіх, многіх.
2. Не перастаць быць якім‑н. — пра ўсё, многае або ўсіх, многіх. Дзверы пазаставаліся адчыненымі.
3. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Захавацца, уцалець — пра ўсё, многае. Пазаставаліся сляды ўсюды.
4. Апынуцца ў якім‑н. стане — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Пазаставаліся дзеці сіротамі. □ Плата і штраф былі такія, што людзі .. пазаставаліся голыя. Чорны.
5. Апынуцца ззаду, збоку — пра ўсё, многае або ўсіх, многіх. Коннікі пазаставаліся ззаду.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цалава́ць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; незак., каго-што.
Дакранацца вуснамі да каго‑, чаго‑н., выказваючы пачуццё любві, удзячнасці, ласкі пры сустрэчы, на развітанне і пад. Маці абняла свайго сынка і пачала яго цалаваць. Чарнышэвіч. Вясёлая, бестурботная Ліда гуляла на сваім дворыку, занялася за кацяняткам, лавіла яго, туліла да шчакі, штось ласкавае гаварыла яму і цалавала. Колас. Перад тым, як пайсці з дому, .. [Змітрок] зноў шчыра пацалаваў сястру, як некалі цалаваў маці... Ваданосаў. / у перан. ужыв. Ляцеў насустрач хмельны ад шчасця, чысты вецер, цалуючы родныя твары, поячы салдат ранішняй свежасцю і водарам. Мележ. Калышуцца Прыпяці хвалі, Цалуюць пясок залацісты. Нядзведскі.
•••
Цалаваць рукі і ногі — вельмі прасіць, маліць. — Ён [ляснік] мне рукі і ногі цалаваў, абы я пусціў яго жывога. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)