Каду́шка1 ’невялікая кадзь, кадка’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг.; палес., З нар. сл.; Касп., Маш., П. С., Сержп., Сержп. Грам., Сцяц. Нар., Сцяшк., Яруш.), ’кадаўб’ (палес., З нар. сл.), ’маленькая цыліндрычная каробачка, зробленая з бярозавай ці вішнёвай кары (змацаваная «ў замок») з накрыўкай; у кадушку насыпалі соль ці накладвалі масла, калі ехалі на сенажаць, у дарогу’ (брэсц., З нар. сл.), ’вялікіх памераў ёмістасць для мукі’ (слонім., КЭС), ’выдзеўбаная скрыня на дне калодзежа’ (калінк., Нар. сл.), ’рыбалоўная стаўная пастка з двума процілеглымі глухімі заходамі (ніцяная або з лазы)’ (палес., Крыв.), ’тоўстая жанчына’ (Мат. Маг.), кадуша ’тс’ (Мат. Маг.). Слова вядома ў рус. літар. мове і ў гаворках, што можна разглядаць як сумесную інавацыю (яна ўтворана памянш. суфіксам ад кадь, гл. кадзь) або як пранікненне слова разам з пашырэннем рэаліі. Звяртае на сябе ўвагу рус. дыял. кадушка ’састаўная частка рыбалоўнай снасці — венцера: абруч з нацягнутай на яго сеткай’, аднак меркаваць аб нейкай роднаснасці слоў нельга па розных прычынах. Маг. кадушка ’тоўстая жанчына’ можна разглядаць як утварэнне ад кадушка з трансфармацыяй суфікса ў выніку экспрэсіўнага характару слова або ў выніку замены яго на іншы, больш падыходзячы суфікс, параўн. вядомае на гэтай тэрыторыі гаваруша ’асоба, якая любіць пагаварыць’.

Каду́шка2 ’ўтулка (у коле)’ (браг., Шатал.). Утворана ад кадушка1 (перанос паводле падабенства), на магчыма больш шырокую геаграфію слова ўказвае брэсц. кадыця ’тс’ (гл. там жа прыклады іншых пераносаў).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калужа́нка, калу́жынка ’кошык’ (Мат. Гом.). У іншых беларускіх крыніцах не адзначаецца, аднак сумнявацца ў дэфініцыі як быішам няма прычыны, няглсдзячы на непераканаўчыя ілюстрацыі. Параўн.: «Ой якія добрыя яблыкі стаяць у калужанцы. У цябе новая калу́жынка такая харошчая» (Мат. Гом., 199). Нягледзячы на супадзенне фармальна і па акцэнтуацыі з калужына. ’лужына’ суаднесці гэтыя лексемы, як здаецца, нельга. З магчымых паралелей звяртаюць на сябе ўвагу адзначанае Далем рус. усх.-сіб. калуга ’кошык, кашолка’ і больш блізкае фармальна тамб. калужка ’драўлянае самаробнае выдзеўбніце блюда’. Не выключана, што сюды неабходна аднесці і арханг., халмаг. калуга ’драўляная скрыня, рыбнік з прарэзамі, зроблены ў выглядзе лодкі, які выкарыстоўваецца для перавозкі жывой рыбы па вадзе’; на гэту рэалію назва магла перайсці з больш даўняга плеценага вырабу. У такім выпадку’, нягледзячы на іншую суфіксацыю, гэты прыклад неабходна кваліфікаваць як больш дакладны адпаведнік у параўнанні з калужка ’драўлянае блюда’. Апошнюю лексему, відаць, неабходна супастаўляць з вядомай назвай драўлянай міскі (у рус. гаворках калга, калгашка, калган, калгушка, колган і да т. п.). Беларускія і паўн.-рус. прыклады дазваляюць узнавіць аснову кал‑, хаця, відавочна, поўнасцю выключыць іншай магчымасці нельга. Значэнне асновы пакуль што неабходна разумець як ’плецены выраб’, пры гэтым, відавочна, назва характарызавала або яго форму, або нейкую спецыфічную прымету. Дакладных адпаведнікаў у іншых слав. мовах намі не выяўлена, аднак калі дапускаць архаічнасць утварэння, усх.-слав. прыклады можна параўнаць з каш. (славін.) kalizńa ’пустое, нежылое памяшканне’ і, магчыма, больш падыходзячае па семантыцы рус. с.-ур. калспа ’гняздо собаля ў кучы ламачча’, разглядаючы іх як роднасныя на узроўні асноў. Пры гэтым рускі прыклад не вельмі ясны фармальна, а зах.-слав. — семантычна, што не дазваляе лічыць гэтыя супастаўленні надзейнымі. Калі разглядаць прыведзеныя лексемы як усходнеславянскія, можна паспрабаваць разгледзець іх як дэрываты ад каlъ падобныя фармальна да рус. наўг. калюх ’пасудзіна для адыходаў (з якой звычайна кормяць свойскіх жывёл)’ (як вытворнае ад fta/ъ гэта слова разглядае Трубачоў, Эт. сл., 9, 125, аднак з іншай матывацыяй). Магчыма, архетып рэаліі (калужанка, калуга) неабходна разумець як плецены выраб, аблеплены, абмазаны глінай. Пацвердзіць гэта цяжка, хаця як на нейкі аналаг можна спаслацца на ўтворанао іншым спосабам серб.-харв. каленица ’сноп саломы, змочаны растворам гліны, які ўжываецца для пакрыцця даху’, ’гліняная міска’, чэш. дыял. kalenec ’тс’. Рус. алан. колисанка ’кошык, абмазаны гноем і абліты вадой, прыстасаваны катацца з горак’, пск., цвяр., кастрам. колыжка ’невялікі вазок’, тульск., раз. ’калыска’ і паводле тлумачэння Даля «лубяное лукошко или плетюшка» (ярасл., вяц.). Паходжанне гэтых лексем зразумелае, параўн., напрыклад, рус. тульск. колиска ’плеценая калыска для дзіцяці’ або ярасл. колышка ’плецены кошык’, ’плецены кошык для cena’, ’вялікі дрэннай работы кошык для бульбы і да т. п.’, каляз., цвяр.каробачка з бяросты, пасудзіна для вады’. Відавочна, што назва плеценай калыскі магла пераносіцца на іншыя плеценыя вырабы. Не выключана, што ў выпадку з бел. лексемай назіраецца падобны працэс. Словаўтварэнне можна тлумачыць як вынік субстытуцыі суфікса (пры зацямненні ўнутранай формы?);⇉першапачаткова, магчыма, чыста фанетычны працэс (калыб‑ калуб‑), хаця не выключана, што была толькі мена суфікса.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́ка ’труна для мошчаў святых’ (ТСБМ), ’дамавіна’ (Ласт.). Параўн. рус. ра́ка ’склеп, каўчэг, куфэрак’, ст.-рус. рака ’куфэрак з мошчамі святых’, палаб. rakåi/råtʼåiкаробачка, скрыня’, чэш. rakev ’труна’, славац. rakev ’скрыня’, славен. raka ’магіла, склеп’, rakev ’труна’, серб. ра̏ка ’пахавальны склеп’, ’выкапаная магіла’, балг. ра́ка ’куфэрак з мошчамі святых’, ст.-слав. рака ’тс’. У беларускую мову трапіла, імаверна, з ц.-слав. мовы. Як і paкавіна2 (гл.), узыходзіць да *raky з метатэзай *ork‑ > *rak‑, што можа ўспрымацца як пранікненне з германскіх, параўн. гот. arka, ст.-в.-ням. arahna/archa, звязаныя з семантыкай ’зачыняць’ і роднасныя да лац. arco ’каўчэг’, arca ’скрыня, склеп’ < arceō ’зачыняю, затрымліваю’ (Праабражэнскі, 178; Фасмер, 3, 437–439; БЕР, 6, 169–170; ESJSt, 12, 746). Гл. таксама Жураўлёў, Язык и миф, 204 (з літ-рай).

Рака́ ’прыродны вадаём, які пастаянна цячэ’ (ТСБМ, Бяльк.), рэка́ (ашм., Сл. ПЗБ; ТС), параўн. укр. ріка́, рус. река́, польск. rzeka, в.-луж. rěka, палаб. rʼéka, чэш. řeka, славац. rieka, славен. reka, серб. ре́ка, харв. rijéką, балг. река́, ст.-слав. рѣка. Большасць этымалогій адносіць прасл. *rěka да і.-е. *erei‑ ’цячы’, параўн. ст.-інд. rayah/ráyas ’струмень’, rīyatē ’рухаецца, пачынае цячы’, ri‑ ’даць цячы’, rī‑ ’цячы’, rīti‑ ’рака’, rītís ’рух, бег’, retas ’цячэнне’, rīnas ’той, што цячэ’, с.-ірл. rīan ’рака, дарога’, с.-н.-ням. rîn ’ток вады’, гальск. Renos ’рака Рэйн’, венг. Rajna ’тс’. Традыцыйна звязваецца з прасл. *rěj‑ati ’цячы’, *rei‑/*roi‑ > *roika > *rěka (Фасмер, 3, 464 з аглядам папярэдняй літ-ры). Рэшткі дыфтангічнага вымаўлення *rej‑/*roj‑ у некаторых слав. мовах, напрыклад, харв. rijeka, яшчэ больш пацвярджаюць гэту тэорыю. Брукнер (461) параўноўвае польск. rzeka з польск. zdrój ’крыніца’ < *roj‑ ’усё, што выцякае, пырскае’. Параўн. таксама праро́й ’праліўны дождж’ (бяроз., Шатал.), рус. дыял. заройный дождь ’залева’, ст.-рус. нарои ’раз’юшанасць, імкненне’. Адсюль рака можа азначаць не проста тое, што цячэ, а што цячэ бурліва, імкнецца, рве (Этимология–1978, 98), таму звязана з рынуць, рынуцца ’імкліва кінуцца’, рус. рвение ’імкненне’, нарыв ’тое, што імкнецца прарвацца’, рьяный ’імклівы’, што таксама ад праслав. *roj‑/rьj‑/*rьu‑. Параўноўваючы лац. rīvŭs ’паток, струмень’ з прасл. *rěka следам за Марцінэ (Word 12, I, 3), Мартынаў (БЛ, 5, 64–65) узнаўляе развіццё: прасл. *rěka < *roi‑u‑ka < і.-е. *roi‑u‑/*rei‑u > лац. rīvŭs. Важна, што лац. rīvŭs адначасова азначае і ’канал’, параўн. ням. rinnen ’цячы, працякаць’, а Rinnen ’жолаб, канава’. У гаворках сустракаецца атаясамліванне назвы ракі і рэчышча: рэчанне ’рака і рэчышча’, за рэчаннем ’за ракой’, параўн. таксама рача́ліна ’месца стоку талай і дажджавой вады’ (навагр., Нар. словатв.), гл. Можна меркаваць, што рака, як і ручай, азначалі роў, а не паток вады, і належалі да этымалагічнага гнязда з каранямі *rъv‑/*rū‑ > *ryti/*rъvati ’рваць’; тады *ryti < *rūti < *routi/*roiti ’рыць’, а не ад *rějati ’цячы’. Адсюль *rěka < *roi‑ka ’тое, што прарывае зямлю’, а не ’тое, што цячэ па зямлі’, параўн. рус. маск. ру́тина ’глыбокае месца ў рацэ’. Лявіцкі (2, 88) мяркуе, што герм. rain з семай ’мяжа, край леса, край канавы’ з’яўляецца пашырэннем і.-е. *rei‑/*roi‑ ’драпаць, рэзаць, секчы’, што абвастрае ў *roi‑ka > *rěka семантыку ’мяжа’, а гэта функцыя спрадвечна была ёй уласціва. Пры розных версіях слова ўзыходзіць да адной і.-е. базы *rei‑/roi‑, што магло азначаць ’рваць, рыць’ і ’цячы, імкнуцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)