расцерабі́ць, ‑цераблю, ‑цярэбіш, ‑цярэбіць; зак., што.
Расчысціць, вызваліць ад дрэў, кустоў. Іван Леўчык — старшыня калгаса — даўмеўся: каб тое балота не здратавала жывёла, расцерабіць яго, узараць дзірван і засеяць цімафееўкай. Сабаленка. [Танкісты] расцерабілі, падрыхтавалі палянку для танкавага парка. Мележ. // Выкарчаваць, выдаліць з якога‑н. месца. Тыя, каму на сядзібах трапілі палянкі з рэдкім лесам, лічылі сябе шчасліўчыкамі. Яны хутчэй расцярэбяць яго і хутчэй зрубяць зямлянкі-хаткі. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падцёк, ‑у, м.
1. След ад сцякання якой‑н. вадкасці, фарбы і пад. Размазаць падцёкі пэндэлем. □ Потым ударылі маразы, балота пакрылася тоўстай скарынкай каструбаватага, бугрыстага, з жоўтымі падцёкамі лёду. Дамашэвіч. У засені векавых елак, тулячыся да цёмна-шэрых ствалоў з падцёкамі смалы, роўным радам цягнуліся зямлянкі. Курто.
2. Чырвоная або сіняватая прыпухласць на целе ад падскурнага кровазліцця пасля ўдару. Выгляд.. [чалавека] быў страшны. Бледны твар з крывавымі падцёкамі, парваная адзежа. Відно было, што ён перажыў страшную ноч. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напярэ́дадні, прысл. і прыназ.
1. прысл. Непасрэдна перад якім‑н. днём, перад якой‑н. падзеяй. Гарачыня пачала спадаць. Напярэдадні прайшоў дождж, прыбіў пыл, паветра было чыстым і свежым. Шахавец.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «напярэдадні» выражае часавыя адносіны: ужываецца пры ўказанні на перыяд, з’яву, падзею, у неакрэслены прамежак часу перад якімі што‑н. адбываецца. Аднойчы, ужо зусім напярэдадні вызвалення, Толя заехаў у сямейны лагер брыгады і прывязаў.. [каня] каля зямлянкі Нагорных. Брыль. Напярэдадні майскага свята механічны цэх зноў узяў самыя высокія абавязацельствы. Шыцік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
во́ддаль,
1. прысл. На некаторай адлегласці. Крыху воддаль працавала група моладзі. Шамякін. Падыходзім да прыгожага вялікага дома, які стаіць воддаль ад вёскі. Бялевіч.
2. прыназ. з Р. Разм. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, пункта і пад., у адносінах да якога вызначаецца месца знаходжання, становішча каго‑, чаго‑н. А воддаль зямлянкі, акопы і дзоты. Тырчаць кулямёты, зеніткі стаяць. Машара.
3. у знач. наз. во́ддаль, ‑і, ж. Далечыня, далеч. Адны з галасоў гучалі слабей, прыглушаныя воддаллю, другія, бліжэйшыя, усё мацней і выразней. В. Вольскі. Скрытыя воддаллю рысы твару несупынна мяняліся, прымаючы разнастайныя міны. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тру́шчыць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; незак., каго-што.
Разм.
1. Біць, крышыць на дробныя часткі. Ногі рвуцца самі, лезуць у снег, крышаць нешта цвёрдае і хрусткае пад сабою — гэта ступаюць на шкло, трушчаць яго на друзачкі... Пташнікаў.
2. Ламаць, крышыць, разбураць. А міны ўсё вылі і вылі, трушчылі дрэвы, ссякалі галлё, запальвалі зямлянкі. Шамякін. Там, дзе дзік ламачча трушчыць, Дзе мелодый — незлічона, У славутай нашай пушчы — Рай для птушак і вучоных. Панчанка.
3. Знішчаць каго‑, што‑н. [Соміку] яскрава ўявілася, як рушыцца ўніз грузны кавалак, падбірае, камечыць і трушчыць пад сабою Рыгора. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скла́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Звязны, плаўны (пра мову, пісьмо і пад.). Складныя думкі не лезлі ў галаву. Броўка. // Разм. Мерны, рыфмаваны (пра мову). Складныя прыпеўкі. // Разм. Стройны, зладжаны (пра спеў, музыку). Я шчаслівы, што я разам Пяю песні з камсамолам. Пяём песні складным сказам, Ажно рэхі йдуць наўкола! Купала.
2. Добры, удачны. Складнае жыццё.
3. Разм. Добра складзены, зграбны, стройны. Складны хлопец. □ [Васіль] быў нават крыху вышэйшы за мяне, складны ў плячах. Кавалёў.
складны́, ‑а́я, ‑о́е.
Такі, што можна складваць дзякуючы рухомаму злучэнню частак. Складны бумажнік. Складное вудзільна. □ Даніла моўчкі выцягнуў з зямлянкі дошкі, дастаў з кішэні драўляны складны метр. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спрацава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які стаў непрыгодны ў працэсе працяглай работы; зношаны. Спрацаваны матор. □ Ля зямлянкі, дзе цяпер жыў Язэп, стаялі тры плугі з абгарэлымі ручкамі і кароткімі спрацаванымі лемяшамі. Асіпенка.
2. Які страціў сілы, здароўе ад непамернай працы; змучаны, змарнелы. А на палях збіраў для пана збожжа Счарнелы, спрацаваны селянін. Гаўрук. Пятрусь і Максім — гэта былі дробныя хлопцы, .. спрацаваныя. Пестрак. // Які моцна стаміўся ад працы. [Гарасім] ішоў цяжкаю хадою зморанага і спрацаванага чалавека. Якімовіч. Спрацаваныя касцы спалі пад капяшкамі духмянага сена моцна і доўга. Машара. // Натруджаны (пра рукі). Старэйшая дачка гладзіць .. худую, спрацаваную руку [мамы] і ціхенька шэпча. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аге́ньчык, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у. Памянш.-ласк. да агонь (у 1 знач.). Каля зямлянкі тут прыветна Гарэў агеньчык чуць прыкметна. Колас. Задрыжалі рукі, і сэрца ўсхадзілася хутка, хутка, калі цьмяны агеньчык запалкі аблізаў па чарзе кожны з шнуроў. Лынькоў.
2. ‑а. Святло ад чаго‑н. у выглядзе кропкі; плямка святла. Зялёны агеньчык тралейбуса. Агеньчык цыгаркі. // перан. Бляск вачэй (звычайна як адлюстраванне якога‑н. унутранага стану чалавека). Зноў успыхнулі ў вачах Любы ранейшыя смяшлівыя агеньчыкі. Васілевіч.
3. ‑у; перан. Захапленне, запал, уздым. Міша Казлоў не любіць высокіх слоў: энтузіязм, камсамольскі агеньчык, працоўны ўздым. Ахвота да працы ў яго — патрэба душы. Мыслівец.
•••
На агеньчык (зайсці, забегчы) — зайсці да каго‑н. мімаходам, убачыўшы ў вокнах святло.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нака́т, ‑а і ‑у, М ‑каце, м.
1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. накатаць (у 1 знач.).
2. ‑а. Рад бярвёнаў, жэрдак і пад., насланых паверх або пад нізам чаго‑н.; насціл. Уздоўж дарогі жаўцелі траншэі, смалістымі канцамі сасновых накатаў бялелі зямлянкі. Ставер. Бліндаж салдацкі ў тры пакаты, І ўсё як трэба ў бліндажы... Калачынскі.
3. ‑а. Слой фарбы на прыладзе для атрымання адбітку на якой‑н. паверхні (на сцяне, паперы і інш.). Тонкі накат фарбы на стэрэатыпе. // Узор на сценах. Праз адчыненыя дзверы ў пакоях відаць быў свежы накат на сценах. Асіпенка.
4. ‑а. Утрамбаваны калёсамі шлях, каляіна. Цвёрды накат дарогі. □ Свежыя пакаты калёс, мноства конскіх слядоў вялі з лясной дарожкі на шлях. М. Ткачоў.
5. ‑у. Спец. Рух па інерцыі.
6. ‑у. Спец. Рух гарматы ўперад пасля аддачы назад пры стрэльбе.
7. ‑у. У більярдзе — спосаб удару, калі шар, якім б’юць, коціцца за шарам, які б’е.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заслані́ць, ‑сланю, ‑слоніш, ‑слоніць; зак., каго-што.
1. Закрыць, загарадзіць сабою або чым‑н. Нізкія і вузкія дзверы зямлянкі засланіла вялікая постаць чалавека. Шамякін. Антось падбег да акна, спіной засланіў разбітую шыбу. Мележ. // Закрыць засланкай (печ). [Люба] загарнула жар, засланіла печ, дастала штосьці з-пад прыпека і пачала вячэраць. Чорны. // перан. Пазбавіць магчымасці чуць, бачыць, разумець і пад. (пра органы пачуццяў). Усё памутнела ў галаве, вочы засланіў нейкі густы змрок. Шчарбатаў. / у безас. ужыв. Слухае маці і нічога не цяміць, як бы ёй розум засланіла. Колас.
2. перан. Адсунуць на задні план. Уражанні першага школьнага дня, здавалася, засланілі ўсе іншыя інтарэсы і падымалі ў хлопцаў настрой. Колас. Іншае, моцнае і радаснае пачуццё засланіла на момант усё астатняе. Якімовіч.
•••
(Увесь) свет засланіць — а) зрабіць жыццё пакутным, бязрадасным. Вайна, як гром, абарвала добрыя надзеі, засланіла цемрай свет. Кавалёў; б) прымусіць забыць пра ўсё на свеце. Дзіця засланіла Клаўдзіі Аляксееўны ўвесь свет. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)